4 Лістапада

Праверка на туберкулёз. Дыяскінтэст

Без катэгорыі
89 0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Змест:

З васьмігадовага ўзросту бацькам дзяцей і падлеткаў для дыягностыкі туберкулёзу прапануюць зрабіць адмысловы скурны тэст – так званы дыяскінтэст. А як жа звыклая ўсім проба Манту, спытаеце вы? І ў чым розніца?

За тлумачэннямі Здаровыя людзі звярнуліся да Жанны Крывашэевай.

 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры фтызіяпульманалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Адразу хачу адзначыць, што дыяскінтэст – гэта такі ж скурны тэст, як і проба Манту. И задача ў яго прыкладна тая ж: даць адказ на пытанне, ці інфіцыравана дзіця мікабактэрыямі туберкулёзу ці не, ці ёсць прыкметы актыўнасці інфекцыі ў арганізме. Гэта неабходна для таго, каб своечасова прызначыць лячэнне.

Зрэшты, некаторыя адрозненні паміж пробай Манту і дыяскінтэстам усё ж такі ёсць…

«Бабулька» проба Манту і «навічок» дыяскінтэст

Пробу Манту ўрачы выкарыстоўваюць каля 100 гадоў. І за гэты час яна не страціла сваёй актуальнасці. Але і ў яе ёсць свае плюсы і мінусы. Калі дзіця было нядаўна прышчэпленае вакцынай БЦЖ альбо БЦЖ-М, проба Манту ў палове выпадкаў аказваецца памылковастаноўчай.

 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Яшчэ некалькі гадоў таму, калі ў дзіцяці была ўпершыню зарэгістраваная станоўчая проба Манту, яму прызначылі доўгае прафілактычнае лячэнне супрацьтуберкулёзнымі прэпаратамі. Але мы разумелі, што практычна ў кожнага другога дзіцяці прычына станоўчай пробы Манту была не ў інфіцыраванні туберкулёзам звонку.

Даведка: Станоўчая рэакцыя на туберкулінавую пробу можа назірацца ў прышчэпленых супраць туберкулёзу дзяцей ва ўзросце да 5-6 гадоў. У большасці выпадкаў гэта лічыцца нормай. Вынік дыяскінтэсту ў такіх дзяцей заўсёды адмоўны.

да зместу

Знайсці адрозненні

Дыяскінтэст быў распрацаваны расійскімі навукоўцамі і ў 2008 годзе афіцыйна зарэгістраваны ў Расіі. Праз чатыры гады гэты тэст прайшоў клінічныя выпрабаванні ў нашай краіне, і з 2014 года ён выкарыстоўваецца ў Беларусі для дыягностыкі туберкулёзу.

Пробу Манту выкарыстоўваюць для дзяцей да 7 гадоў. Ад 8 да 17 для дыягностыкі туберкулёзу штогод робяць дыяскінтэст. Ён можа быць пастаўлены і даросламу, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.

 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Чалавек можа быць інфіцыраваны мікабактэрыямі туберкулёзу, але не хварэць. Значыць, арганізм самастойна спраўляецца з інфекцыяй, і яна знаходзіцца ў латэнтным (спячым) стане. Калі «сіл» у імунітэту недастаткова, захворванне ўступае ў актыўную фазу.

Станоўчы вынік дыяскінтэсту будзе ў тых дзяцей, у якіх туберкулёзная інфекцыя актыўная. Станоўчая рэакцыя на пробу Манту можа быць і ў хворых, і інфіцыраваных, і прышчэпленых вакцынай БЦЖ.

Дыяскінтэст робяць дзецям і падлеткам, якія адносяцца да груп рызыкі па развіцці туберкулёзу:

  • пражываюць у сям'і, дзе ёсць хворыя на туберкулёз;
  • ВІЧ-інфіцыраваныя;
  • знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы;
  • з сем'яў бежанцаў, імігрантаў;
  • знаходзяцца ў калектывах закрытага тыпу (напрыклад, інтэрнатах).
 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Дзецям і падлеткам, у якіх хворыя на туберкулёз лёгкіх члены іх сям'і, а значыць рызыка заразіцца і захварэць найбольшая, пробу Манту альбо дыяскінтэст робяць двойчы на год.
да зместу

Вам зрабілі тэст. На што трэба звярнуць увагу

Месца ўколу можа свярбець. Дарэчы, гэта адна з прыкмет таго, што чалавек інфіцыраваны мікабактэрыямі туберкулёзу. Разам з тым, сверб можа справакаваць ваўнянае адзенне альбо кофта з доўгім пухнатым ворсам. Такія рэчы лепш не апранаць. Мыць рукі пасля пастаноўкі дыяскінтэста можна і трэба.

Ацэньваецца вынік візуальна праз 72 гадзіны. З дапамогай лінейкі вымяраецца папярочны памер ушчыльнення (папулы) альбо пачырванення (гіперэмія). Адмоўным тэст прызнаецца ў выпадку, калі ў месцы ўвядзення прэпарата бачная толькі кропка ад уколу альбо ўтварыўся «сіняк».

 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
На месцы ўвядзення прэпарата можа назірацца пачырваненне скуры. Гэта сумніўны вынік, за такім пацыентам мы назіраем. Калі ж на месцы ўвядзення ўтварылася ўшчыльненне (папула) любога памеру чырвонага, а часам і барвовага колеру, гэта станоўчая рэакцыя на дыяскінтэст. Дзіцяці прызначаюць рэнтгенаўскі здымак органаў грудной клеткі, лабараторныя аналізы.

Дарэчы, у здаровага дзіцяці ў норме вынік тэсту часцей за ўсё адмоўны (у 95% дзяцей).

да зместу

Супрацьпаказанні да тэсту

1. Самае галоўнае супрацьпаказанне – індывідуальная непераноснасць прэпарату. Напрыклад, у мінулым годзе вам зрабілі дыяскінтэст, і рэакцыя арганізма была надзвычай «бурнай» – паднялася высокая тэмпература, з'явіўся ацёк рукі ці сып па ўсім целе. У такіх выпадках уводзіць прэпарат больш нельга. Калі ў мінулым падобная рэакцыя была на пробу Манту, дыяскінтэст таксама проціпаказаны.

2. Дзіця хварэла на пнеўманію, бранхіт альбо толькі перанесла іншую цяжкую інфекцыю. Перад пастаноўкай дыяскінтэсту трэба пачакаць месяц, да поўнага аднаўлення дзіцяці. Разам з тым, пасля лёгкіх прастудных захворванняў тэст можна праводзіць адразу пасля выздараўлення.

 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
У экстраных сітуацыях, калі гаворка ідзе пра тое, каб выключыць ці пацвердзіць туберкулёз, дыяскінтэст можа быць выкарыстаны пры дрэнным самаадчуванні і высокай тэмпературы ў дзіцяці (напрыклад, у хворых на плеўрыт альбо менінгіт).

3. Карантын у школе, дзіцячым садку альбо хто-небудзь з членаў сям'і хворы на грып. Тэрміны пастаноўкі дыяскінтэсту будуць перанесеныя.

4. Прэпарат дзіцяці ўводзіць не будуць у перыяд абвастрэння хранічных захворванняў і розных алергічных рэакцый (бранхіяльная астма, нейрадэрміт, экзэма і інш.).

 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Дзецям і падлеткам, якія пакутуюць ад харчовай альбо медыкаментознай алергіі, мы ў некаторых выпадках рэкамендуем пяць дзён да і два дні пасля дыяскінтэсту прапіць курс супрацьалергічных прэпаратаў. Гэта неабходна для таго, каб вынік быў больш дакладным.

Алергічныя рэакцыі на дыяскінтэст здараюцца, але рэдка. Менавіта таму пасля ін'екцыі, як і пасля любой іншай алергапробы альбо прышчэпкі, варта абавязкова пачакаць 30 хвілін ля працэдурнага кабінета.

Туберкулёз часта пачынаецца незаўважна. Таму не варта цягнуць з візітам да ўрача, калі:

  • дзіця моцна схуднела;
  • хутка стамляецца і стала моцна пацець;
  • па незразумелай прычыне доўга трымаецца павышаная тэмпература;
  • кашаль доўгі час не праходзіць;
  • павялічыліся лімфавузлы.
 
Жанна Крывашэева
Галоўны пазаштатны дзіцячы фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
У такіх выпадках, асабліва калі вынік дыяскінтэсту апынуўся станоўчым, а здымак лёгкіх у норме, абавязкова трэба абследаваць дзіця далей. Гэта могуць быць прыкметы пазалёгачнага туберкулёзу, які дыягнастуецца нашмат больш складана. Урач-педыятр альбо фтызіятр прызначыць неабходныя лабараторныя аналізы, УГД і іншыя інструментальныя даследаванні.
89 0 58

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх