17 студзеня
17.01.2020

Абдымаемся актыўна! Асабліва – 21-га чысла! :)

logo
Думкі ўслых
136 0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Але як жа цікава бывае ў жыцці… Чыясьці памылка дае штуршок думкам. І нават больш за тое – разважанням у фармаце «Думкі ўслых». Таму калі б яны не здараліся, іх варта было б (даруйце за каламбур!) прыдумаць. Просты прыклад. Руска-беларускі перакідны каляндар на працоўным стале. Перагортваю лісточкі ў спадзяванні знайсці што-небудзь цікавае. А вось і яно. 17 студзеня – Міжнародны дзень абдымкаў (ён жа – Сусветны дзень абдымкаў і проста – Дзень абдымкаў). Фіксуючы цікавостку, гартаю лісточкі далей…

Дзень абдымкаў. Абдымкі дачкі і таты.

А сюрпрайз!!! 21 студзеня – Міжнародны дзень абдымкаў!!! Ну, і??? На чыім баку праўда? І дзе складальнікі-рэдактары-карэктары памыліліся? Вядома ж, запытваюся ў Сусветнага Розуму ў выглядзе сеціва. Ага, усё ж 21-га студзеня гэты дзень святкуюць. І яшчэ – 4 снежня. Але не два разы на месяц з інтэрвалам у некалькі дзён.

Зрэшты, менавіта дзякуючы гэтай памылцы маё вочы запыніліся на даце 17-га студзеня. Таму давайце пра абдымкі і іх карысць для здароўя сёння. Але ў галаве будзем трымаць і 21-га студзеня! Каб ужо наабдыма-а-а-а-а-аацца! 🙂

Памятаю, у мінулыя гады не аднойчы рабілася сведкай (толькі сведкай! 🙂 ) флэшмобаў у падземным пераходзе станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» і непадалёк ад Камароўкі. Калі студэнты і студэнткі з таблічкамі «Абдыму бясплатна» прапаноўвалі гэта зрабіць абсалютна незнаёмым людзям. І большасць, як ні дзіўна, згаджалася!

Дзень абдымкаў. Абдымкі. Флэшмоб.

– А давайце абдымемся! – лёгка так і непасрэдна звяртаецца хлопец да жанчыны ў гадах.

– А давайце! – гэтак жа нязмушана згаджаецца яна.

Эх, мне б такую лёгкасць і нязмушанасць! Але даволі насцярожаная на той час, проста абыходжу «тусоўку». Па шчырасці, не памятаю, якое гэта было чысло і ці быў гэта Дзень абдымкаў. А можа, проста акцыя ў любы іншы дзень. Галоўнае – падараваць сваё цяпло незнаёмцу і атрымаць ад яго тое ж. Дзіўнавата, але… Мае права на жыццё, ці не так?

Перафразуючы вядомае: і які ж чалавек не любіць абдымацца?! 🙂 У любым узросце, пры любым сацыяльным статусе і пасадзе. Але падчас нашага шалёнага жыцця, бывае, нават на абдымкі не знаходзіцца часу. Дык вось чаму б гэтаму дню і не нагадаць нам пра іх?! Што можна і нават – трэба!

Дзень абдымкаў. Абдыкмі дарослай дачкі і маці.

Хочаце – верце, хочаце – не, але нават шматлікія даследчыкі сцвярджаюць, што, апрача абмену душэўным цяплом, шчырыя сяброўскія ці любячыя абдымкі павышаюць імунітэт (!), узровень гемаглабіну ў крыві, а артэрыяльны ціск, наадварот, паніжаюць, як і ўзровень стрэсу. Плюс адчуванне абароненасці, падтрымкі і нават… своеасаблівы «элексір даўгалецця»!

Вядома ж, не трэба ўспрымаць усё літаральна настолькі, каб, паабдымаўшыся з кімсьці, адразу хапацца за танометр і вымяраць артэрыяльны ціск. Ды і абдымацца трэба не таму, што карысна для здароўя, а таму, што вы адчуваеце патрэбу падараваць іншаму сваю цеплыню і блізкасць.

Дзень абдымкаў. Абдымкі дарослага сына і таты.

Не-не, мы не будзем паглыбляцца ў хімічна-фізічныя працэсы абдымкаў і прыгадваць пра сератанін, аксітацын ды эндарфіны! 🙂 Хаця медыцынскі складнік тут, безумоўна, прысутнічае. Проста хочацца нагадаць пра цікавае меркаванне. Для таго, каб пачувацца шчаслівым, самадастатковым, упэўненым у сабе, трэба абдымацца… 8 разоў на дзень і болей!

Вядома ж, пра абдымкі можна расказваць шмат і рознае. Толькі адна маленькая заўвага: яны сапраўды могуць лячыць, калі вы абдымаеце блізкіх, родных, любімых людзей. А каб абдымацца з незнаёмымі, вы, па-першае, павінны ставіцца да чалавека альбо прыязна, альбо хаця б нейтральна. А па-другое, павінны быць гатовымі пусціць яго ў вашу асабістую прастору.

Так што абдымаемся, сябры, абдымаемся! Актыўна – пачынаючы з 17-га альбо чакаючы 21-га студзеня. Гэта ўжо як вырашыце.

Дзень абдымкаў. Абдымкі мужчыны і жанчыны.

Галоўнае – не пужацца, калі раптам у аўторак абсалютна незнаёмыя людзі будуць прапаноўваць вам: «А давайце абдымемся!» Яны проста будуць святкаваць  Дзень абдымкаў і старацца ашчаслівіць імі як мага больш людзей. І, магчыма, нават выратуюць кагосьці – ад суму, нуды, дэпрэсіі… Абдымаемся, сябры, абдымаемся! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

136 0 48

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх