29 Снежня
29.12.2018

Ад ёлкі – да сасны, ад лапак – да букетаў

logo
Думкі ўслых
86 0 15
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Якіх толькі навагодніх дрэўцаў за столькі дзесяцігоддзяў у нас дома не было! Ёлка натуральная, ёлка штучная, ёлка самаробная – з пластыкавай бутэлькі і галінак... У залежнасці ад настрою, жаданняў, запытаў і магчымасцяў яны перыядычна мяняліся. Таму кожны Новы год у гэтым плане быў не сумным. А што датычыцца года мінулага, дык да нас у госці нават сасна завітала! Ну, ці хвоя – як каму больш падабаецца.

...Вось штосьці летась у дваццатых чыслах снежня раптам прыйшла мне ў галаву думка: «Хачу паставіць дома жывую сасну!» Што? Адкуль? Чаму? Не ведаю... Ніколі сасны ў нас на Новы год не было.  Хаця некаторыя знаёмыя распавядалі менавіта пра гэтае дрэўца ў якасці навагодняга. Асабліва, калі ў некаторых мясцовасцях ёлкі проста не раслі...

У дзяцінстве ў нас былі толькі жывыя ялінкі, па якія хадзілі ў лес. Затым доўгі час – ёлка штучная ў зале і букеты з яловых ды хваёвых лапак ва ўсіх пакоях і кухні. Упрыгожаныя, зразумела. А тут штосьці мяне, як кажуць, пераклініла...

Ціхенька агучыла сваю просьбу добрай знаёмай, асабліва не спадзеючыся... І-і-і-і-і-і... Мне падаравалі сасну!!! Першы раз у жыцці падаравалі навагодняе дрэўца! Адразу скажу: высеклі яе ў тым месцы, дзе яна расці не павінна. А значыць, пад сякеру трапляла ў любым выпадку. Ёсць у леснікоў такія мясціны: пад лініямі электраперадач і не толькі.

Паўдня сасна ляжала непадалёк ад уваходу, вольна раскінуўшы галіны. А мы ўсе ледзь не з прабачэннямі ціснуліся міма. Затым усё ж агульнымі намаганнямі дрэўца заняло месца ў вядры з зямлёй, а затым «ускараскалася» на стульчык.

«І вось яна, прыгожая, на свята тут прыйшла-а-а-а...» – напявала я, ходзячы вакол і думаючы: «А як жа яе ўпрыгожыць???» Павесіла гірлянду, уключыла... Не, не падабаецца. Разоў дзесяць перавешвала так і гэтак. Кінула, як ёсць.

Дацягнуўшыся, надзела вершаліну. Затым прыйшла чарга шарыкаў. Банцікі чырвоныя... Трохі тонкай мішуры... І вось ён – рэлакс! Уключыць гірлянду, легчы на канапу і пазіраць знізу... Проста цуд! А які водар!

Затое калі прыйшоў час сасну прыбіраць... А стаяць у мяне навагоднія дрэўцы традыцыйна доўга – ажно да Вадохрышча, 19 студзеня... Тое прыбіранне мне запомнілася надоўга. Ажно да гэтага Новага года хапіла тых уражанняў!

Таму сёлета – ёлка штучная і толькі штучная! Дастала з лоджыі, разагнула і распушыла галіны, упрыгожыла ў чырвона-жоўтай гаме... Ну ляпата ж! І практычна без ніякіх намаганняў і высілкаў. І плюс букеты з лапак. Свежанькія. У кожнай вазачцы – адна яловая лапка і дзве хваёвыя. Па-а-а-ахнуць! Як у дзяцінстве!

А якое навагодняе дрэўца жыве ў вас?!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

86 0 15

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх