8 студзеня
08.01.2019

Адвакат: «Каб зменшыць колькасць медычных памылак, трэба паглядзець на прыклад з авіяцыі» (+ відэа)

logo
Меркаваннi
127 0 246
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чаго не стае ў беларускім заканадаўстве, каб эфектыўна абараняць правы пацыентаў і лекараў? Сваё меркаванне выказвае адвакат, кандыдат юрыдычных навук Віталь Каляда.

Наколькі нам вядома, вы абаранялі інтэрна, супраць якой была заведзена крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў. У прэсе пісалі, што яна выпадкова пракалола лёгкае пацыенту, робячы ўкол, што прывяло да ўскладненняў. Многія лекары тады абураліся тым, што крымінальная справа наогул была заведзена, бо любая маніпуляцыя мае дапушчальны адсотак ускладненняў. Займаючыся гэтай і іншымі медычнымі справамі, ці ўбачылі вы прававыя супярэчнасці альбо прабелы ў нашым заканадаўстве?

Медычная памылка – актуальнае пытанне. Гэты тэрмін ніяк не ўрэгуляваны ў беларускім заканадаўстве. І таму справы, якія тычацца неналежнага выканання медыкамі сваіх абавязкаў, да часу дэталёвага ўрэгулявання будуць у пэўнай праўнай лакуне. Трэба заканадаўча праясніць, што такое медычная памылка, у якіх выпадках яна цягне грамадзянскую адказнасць, у якіх гэта відавочны крымінал, а калі проста казус. Гэта не адзіны тэрмін, які трэба дбайным чынам урэгуляваць. Напрыклад, незразумела, што такое «якасная медычная дапамога», а якая «няякасная». На мой погляд, у справах, якія тычацца медычных памылак, павінна быць максімальная дэталізацыя і канкрэтызацыя.

Эксперты мусяць быць асобнай «кастай»

Законам аб ахове здароўя прадугледжана незалежная медыцынская экспертыза. Ці працуе гэтая норма на практыцы? Як павінна быць у ідэале?

На мой погляд, судовая экспертыза як інстытут перажывае пэўную сур’ёзную крызу па ўсяму свету. Давер да экспертаў як да ісціны ў апошняй інстанцыі змяншаецца. Я магу патлумачыць чаму. У любой галіне навукі ёсць відэлец варыяцый, калі можна павярнуць так, а можна па-іншаму. Таму назваць меркаванне эксперта стоадсоткавай ісцінай не выпадае. У нас, ды і шмат дзе яшчэ заканадаўча замацавана, што ніякі доказ не мае загадзя перавагі і вызначанай вартасці адносна іншых доказаў. Але дэ-факта часта атрымліваецца, што заключэнне эксперта – «царыца доказаў». Калі іншы бок (або пацярпелы, або абвінавачаны) нязгодны, нельга адмаўляць у правядзенні другой экспертызы з іншымі экспертамі. Бо новая экспертыза можа як раз паказаць наяўнасць гэтага відэльца. У Англіі, дарэчы, па медычных справах гэта нядаўна абмяркоўвалі тамтэйшыя практыкі, – суд заўсёды дазваляе прадставіць альтэрнатыўны вынік экспертызы і нармальна ставіцца да канкурэнцыі экспертаў і супярэчнасцяў у заключэннях адмыслоўцаў.

Што тычыцца нашай практыкі медычных экспертыз, у мяне выклікае пытанне статус экспертаў. У штаце Міністэрства аховы здароўя ёсць галоўныя спецыялісты, звычайна прызнаныя аўтарытэтамі ў пэўнай галіне медыцыны. У іх у падначаленні, хай сабе можа і ўскосна, знаходзяцца ўсе астатнія спецыялісты гэтай службы. І калі следчы, напрыклад, прызначае галоўнага спецыяліста Мінаховы здароўя экспертам па справе, давайце прыкінем шансы, што нехта з ніжэй стаячых калег не пагадзіцца з ягонымі высновамі. Наўрад ці яны будуць спрачацца супраць свайго начальства. Эксперт можа разбіваць меркаванне іншага эксперта толькі, калі ён роўны яму па статусу, то бок не знаходзіцца з ім у вертыкальных адносінах. Мне здаецца, што галоўныя эксперты міністэрства павінны быць па-за сферай экспертызы, каб выключыць такія аспекты.

У ідэале медычныя эксперты ўсё ж такі павінны быць некай асобнай «кастай», а не практыкуючымі лекарамі. На Захадзе ёсць такі тэрмін «паліцэйскі доктар». Гэтыя спецыялісты часта навучаюцца асобна ад лекараў. Такі падзел, напэўна, дазваляе мінімізаваць фактар прафесійнай салідарнасці.

Не паліцэйскі нагляд, а прафесійны разбор

Людзей часта абурае не сама медычная памылка або халатнасць, а тое, што яе пачынаюць хаваць, і даказаць нешта немагчыма. У Расіі Следчы камітэт прапанаваў увесці ў Крымінальны кодэкс новы артыкул «Ўтойванне інфармацыі аб парушэнні аказання медыцынскай дапамогі». Ці патрэбны такі артыкул нам?

Я не аматар такой ідэі. Калі асоба са службовай ці асабістай зацікаўленасці фальшуе дакументы і ўтойвае інфармацыю, каб прыцягнуць яе да адказнасці дастаткова існуючых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Я лічу, што тут справа не ў юрыспрудэнцыі. Трэба адказаць на пытанне, чаму не выгодна вызнаваць медычныя памылкі, і ўбраць альбо мінімізаваць гэты фактар арганізацыйна. Можа, чалавек баіцца, што неяк пацерпіць прафесійна ці не выканае нейкія паказчыкі. Тады трэба не рабіць лекараў закладнікамі статыстыкі і ўвесці права на памылку, бо ўсе мы людзі. Права на памылку – гэта не тое, што лекар можа забыць інструмент у пацыенце, прыйсці пьяным на аперацыю ці выпісваць у рэцэпце нейкую лухту. Рэч пра тое, што лекары часта сутыкаюцца з сітуацыямі рызыкі, і калі нешта здарылася не так, гэта не заўсёды іх віна, якая падляжыць адмысловаму пакаранню.

Трэба разумець, што медычныя памылкі не толькі пытанне юрыспрудэнцыі і сацыялогіі, яно закранае і эканоміку. Уявім, напрыклад, сітуацыю, што ў краіне было 0,1 % медычных памылак, а стала 5 %. Пацыенты натуральна звяртаюцца ў суд, які прызначае нейкае адшкадаванне з бюджэту. На мой погляд, у медыцыне ёсць куды вытрачаць бюджэтныя грошы, і калі не прадугледзець асобную графу бюджэта «кампенсацыі пацыентам», то выплаціць іх можна будзе толькі за кошт іншых накірункаў бюджэтнага фінансавання. Тады атрымліваецца, што трэба страхаваць прафесійную рызыку. На маю думку, без увядзення інстытута страхавання будзе вельмі складана зрабіць медычную сістэму, здольную выплачваць медычныя адшкадаванні (Сёння наша заканадаўства прадугледжвае толькі дабравольнае страхаванне прафесійнай рызыкі медработнікаў. І адміністрацыі медычных устаноў робяць гэта з пазабюджэтных сродкаў. – Рэд). Канешне, натуральна ўзнікне пытанне, дзе лекарам узяць грошы на страхоўку? З заробку? Гэты варыянт, пэўна, выклікае пратэст медычнага персанала. Тады зноў жа перакладаць на пацыента? Можа, даць яму магчымасць у існуючай бясплатнай дзяржаўнай сістэме аказання меддапамогі набываць нейкую дадатковую «страхавую картку», якая будзе гарантаваць выплату кампенсацыі за шкоду здароўю, калі нешта здарыцца? Гэта пытанне для эканамістаў і фінансістаў.

Нядаўна ў нас у гасцях быў рэаніматолаг Андрэй Вітушка, які выказаў ідэю, як паменшыць адсотак урачэбных памылак: замацаваць у Кодэксе медычнай этыкі норму, калі лекар абавязаны дзяліцца з калегамі адмоўным досведам, каб лекары вучыліся на чужых памылках, а не на сваіх. Як юрыст выкажыце сваё меркаванне эфектыўнасці такой нормы.

У адвакатаў таксама ёсць прафесійныя памылкі. Але я, напрыклад, псіхалагічна не гатовы прызнацца ў іх на вялікую аўдыторыю. І думаю, што шмат з маіх калег і лекараў таксама. Такое замацаванне на практыцы не пашкодзіць, але і шмат карысці не прынясе. Але што слушнае ў гэтым меркаванні? Ёсць добры прыклад у авіацыі. Калі здараюцца авіякатастрофы ці нейкія інцэдэнты, абавязкова вядзецца грунтоўнае раследванне і выпрацоўваюцца рэкамендацыі, як гэтага магчыма было пазбегнуць. Такая служба разбору палётаў магла б існаваць і ў медыцыне. Але яна не павінна пераўтварыцца ў карпаратыўны паліцыйны ворган. Яе задача – не прыцягнуць прафесіянала да адказнасці, а прааналізаваць памылкі, зрабіць высновы і выдаць пэўныя рэкамендацыі.

Права сказаць «Я не магу»

Чаму яшчэ могуць узнікаць медычныя памылкі? На маю прыватную думку, часта бываюць сытуацыі, калі лекар не ведае, што рабіць. Давайце казаць шчыра, усе мы як прафесіяналы розныя. Два лекары могуць быць розныя ў сваёй кваліфікацыі. Нехта пастаянна сутыкаецца з нечым новым, расце як спецыяліст, а нехта сядзіць на двух-трох тыповых выпадках, добра з імі спраўляецца, але ягоны далягляд звужаецца. І калі ён сутыкаецца з нечым невядомым, такому чалавеку нельга закідаць, што ён не змог дапамагчы. Няўжо кожнага прымушаць чытаць увечары кніжкі на ангельскай мове ці глядзець медычны ютуб? Проста кожны спецыяліст павінны мець права сказаць – гэта занадта складана для мяне, калі ласка, паклічце іншага спецыяліста. І каб пасля яго не закідалі скаргамі, што гэта невук, якога трэба звольніць з працы. Не трэба гэтага. Чалавек, наадварот, шчыра прызнаўся, што ягоных кампетэнцый не хапае, ён зрабіў гэта дзеля пацыента.

Трэба намагацца ствараць такія ўмовы, якія б дазволілі паставіць здароўе пацыента на першае месца.

Фота і відэа - Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

127 0 246

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх