9 Жніўня

Агрэсія як кропка сустрэчы. Калі канфлікт збліжае (+відэа)

Меркаваннi
3 0 59
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У агульнапрынятым уяўленні канфлікт – штосьці страшнае. Варта людзям давесці сітуацыю да адкрытага супрацьстаяння – і лічы, што адносіны незваротна сапсаваныя. Амаль усе, напэўна, чулі: «будзь разумнейшым», «не сварыся», «абы ціха было». Вось мы і маўчым. Да таго часу, пакуль не здараецца сапраўдны некантралюемы выбух назапашаных за гады эмоцый. І тады ў тартарары ляціць і сяброўства, і адносіны, і ранейшыя дамоўленасці, і наогул усё добрае. Своечасова распачаты адкрыты канфлікт можа не толькі праясніць сітуацыю і дазволіць удзельнікам спрэчкі сумленна выказаць сваю пазіцыю, але і часам дапамагае нам стаць бліжэй адно да аднаго.

Пра тое, якім чынам канфлікты працуюць нам на карысць і як правільна весці сябе «на полі бою», разважаюць эксперты нашай пастаяннай рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны».

Фальшывая ветлівасць альбо жывая злосць?

«Толькі ворагі кажуць адно аднаму праўду. Сябры і закаханыя, заблытаўшыся ў павуціне ўзаемнага абавязку, хлусяць бясконца». На жаль, Стывен Кінг не перабольшвае. Імкнучыся захаваць добрыя адносіны, многія лічаць сваім абавязкам душыць любую незадаволенасць, абы заставацца на «пазітыўнай хвалі». Мы нашпігоўваем адно аднаго ветлівасцю, якая з часам робіцца шырмай. Пазбаўленыя сапраўдных жывых і розных пачуццяў стасункі ператвараюцца ў фармальнасць. Спрабуючы захаваць добрыя адносіны і зберагчы іх ад «негатыву», мы губляем самую іх сутнасць.

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Канфлікт – неад'емная частка нашага жыцця. Мы ўсе народжаныя са сваімі патрэбамі, жаданнямі, пачуццямі. І яны не заўсёды супадаюць з патрэбамі іншых. Гэта нармальна. Для мяне як чалавека, які працуе ў сферы псіхалогіі, канфлікт – гэта не пра разбурэнне, а стварэнне і магчымасць рухацца наперад. Такі маленькі крызіс. Калі ўзнікае напружанне, яго можна вырашыць па-рознаму: схавацца за сваімі звыклымі абаронамі і застацца ў пазіцыі зачыненай ракавіны. Або пастарацца ўбачыць і зразумець іншага чалавека. Часта, калі людзі злуюцца адзін на аднаго, канфліктуюць, пачынаеш разгортваць сітуацыю – і аказваецца, што хочуць яны зусім іншага: цеплыні, быць заўважанымі, кахання. Тыя, хто канфліктуе, падобныя да замежнікаў, якія не ведаюць мовы адзін аднаго. Наша праца заключаецца ў тым, каб перакладаць тое, што кожны ўдзельнік спрэчкі сапраўды хоча сказаць. Гэты навык не заўсёды сфарміраваны ў адносінах. Часам трэба паспрабаваць стаць на бок іншага чалавека і зразумець, што ён хоча данесці.

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Як падысці да канфлікту так, каб здарылася прымірэнне ці хаця б каб кожны змог данесці свой пункт гледжання? З чаго пачаць? Самае галоўнае, зразумець свой стан: «цяпер я злы і не хачу ні з кім размаўляць», «мне вельмі сумна і цяжка казаць пра сябе» і г.д. Канфлікт – кропка сустрэчы і прасоўвання наперад. Гэта месца для таго, каб данесці сваю праўду да іншага і пачуць яго пазіцыю. Бо мы ходзім і прад'яўляемся свету ружовай і прыгладжанай часткай, усё спрабуем вырашыць мірным шляхам. А тыя важныя пачуцці (злосць, раздражненне), якія лічацца негатыўнымі і якія асуджаюць, дзесьці прыгнечаныя. Каб сказаць пра ўласную злосць, пачуць у свой бок не зусім прыемны тэкст, павінен быць давер. І ў гэтым сэнсе канфлікт – адна з самых высокіх кропак даверу іншаму. Можа, пасля яго мы і разыдземся на пэўны час, але добра, каб хапіла сілы зноў судакрануцца. Насамрэч людзі, калі прамаўляюць злосць адзін аднаму, плачуць, адчуваюць палёгку проста нават ад таго, што выказаліся.

Прыглушаная злосць разбурае знутры

Жыццё ў стане халоднай вайны толькі здаецца больш спакойным і прадказальным. Насамрэч ільвіная доля сіл у абодвух удзельнікаў адносінаў сыходзіць на падаўленне эмоцый. І часцей за ўсё ад недаказанасці ў першую чаргу пакутуе сэксуальная сфера, кудысьці сыходзіць эмацыянальная блізкасць.

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Часта рэкамендую парам, якія прыйшлі да мяне на прыём, дома пабіцца падушкамі і пакрычаць адзін на аднаго. Самае дзіўнае, што пасля гэтага паміж імі і сэкс з'яўляецца, і чуць пачынаюць адзін аднаго. Калі негатыўныя эмоцыі доўга не мелі выйсця, разрадка можа прынесці палёгку. Галоўнае тут – не дапускаць узаемных абраз і імкнуцца гаварыць пра сябе, пры дапамозе «Я-пасланняў». Напрыклад, не: «Ты чэрствы і бяздушны» (такі пасыл будзе ўспрыняты як абраза. А чалавек такі ўжо ад прыроды, што на агрэсію ён рэагуе тым жа). Лепей сказаць пра сябе: «Я адчуваю злосць, калі мае патрэбы ігнаруюцца».

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Канфлікт дазваляе нам убачыць адзін аднаго такімі, якія мы ёсць на самай справе. Ён пра праўду. І чым больш я буду назапашваць эмоцый, якім павінен быць выхад («Ай, не скажу. Пашкадую», «Ай, нязручна»), тым больш разбуральнымі могуць быць наступствы. У агрэсіі ёсць два спосабы звароту: вонкі або ўнутр, у сябе. Жыццё з такім рэзервуарам зусім не ў радасць. У нашай культуры не асабліва вітаецца агрэсія. Гэта сумна. Думаю, што з гэтым шмат у чым звязана ранняя смяротнасць. Чым больш маўчым, назапашваем у сабе, тым больш даводзіцца піць піва, гарэлкі, хавацца ў гаражах. Агрэсія, якая магла б быць накіраваная на рашэнне праблемаў, проста застаецца ў чалавеку і руйнуе яго знутры. Меней за ўсё шанцуе людзям, якія лічацца добрымі. Бо і яны адчуваюць самыя розныя пачуцці, а вось адрэагаваць іх не могуць.

Канфлікт на працы. Што рабіць?

А што рабіць, калі канфлікт адбыўся на працы? Ці дарэчы тут разважаць пра пачуцці і рэфлексаваць?

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
У такой сітуацыі прама выказваць свае эмоцыі сэнсу не мае, гэта нават можа пагоршыць становішча. Калі на кон пастаўлена пасада, грошы, дзелавыя інтарэсы, важна браць паўзу, каб выдыхнуць. Усвядоміць свае пачуцці (крыўду, злосць і г.д.), гэта ўжо дапаможа лепей разумець сябе. Каб выпусціць пару, можна выпіць шклянку вады, палічыць да 10, пагаварыць з сябрамі. Нявыказаная эмоцыя ўсё роўна застанецца. Таму можна выплюхнуць яе ў спорце, пайсці на псіхатэрапію і г.д. А ўжо пасля таго, як эмоцыі ўлягліся, пажадана пайсці на дыялог і дзейнічаць з халодным розумам.

Кідацца высвятляць адносіны пры кожнай, нават самай нязначнай нагодзе, вядома, ніхто не заклікае. Але і звычка насіць у сабе гадамі тоны нявыказанай агрэсіі цягне за сабой з'яўленне хваробаў, адсутнасць сіл і жадання штосьці рабіць у гэтым жыцці наогул. Не баяцца канфліктаў і годна паводзіць сябе ў іх – цэлае мастацтва. Дапамагчы такі навык можа як у асабістым жыцці, так і на працы. Бо канфлікт – непазбежны, але ён зусім не азначае заканчэнне. Аднак заўсёды – ажыўленне і пераход на новы віток.

Відэа – Генадзь Сукач.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

3 0 59

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх