28 Жніўня
28.08.2019

Аналіз на фрагментацыю ДНК сперматазоідаў: як гэта дапаможа нарадзіць дзіця

logo
Патрэбны доктар
4 0 55
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі здараюцца выкідышы альбо замірае цяжарнасць, часта ўсё спісваюць на слабае здароўе жанчыны. Але гэта не так. Эмбрыён можа не прыжыцца з-за генетычных дэфектаў сперматазоідаў. Па гэтай жа прычыне магчымае і мужчынскае бясплоддзе. Добрая навіна ў тым, што сёння такую «паломку» можна своечасова выявіць і спрыяльна паўплываць на сітуацыю.

Для гэтага ўрачы рэкамендуюць здаць аналіз на фрагментацыю ДНК сперматазоідаў. Каму варта прайсці гэтае даследаванне і як змяніць сваё жыццё, каб нарэшце стаць бацькамі, разбіраемся са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта, супрацоўнікам «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны».

Што паказвае аналіз?

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Па вялікім рахунку, самае важнае ў сперматазоідзе – гэта генетычны матэрыял. Але з-за розных негатыўных фактараў ДНК сперматазоідаў можа «ламацца». Адбываецца яе фрагментацыя, парушэнне цэласнасці, па сутнасці, мутацыя. Калі такі пашкоджаны сперматазоід патрапіць у яйцаклетку, зачацце можа надысці, але з-за генетычных дэфектаў эмбрыён будзе нежыццяздольным: цяжарнасць замрэ на ранніх тэрмінах або здарыцца выкідыш. Фрагментацыя ДНК сперматазоідаў можа быць і прычынай мужчынскага бясплоддзя. Стандартная спермаграма не паказвае генетычную паўнавартаснасць сперматазоідаў, таму яе можа быць недастаткова, каб разабрацца ў глыбінных прычынах праблемы. Аналіз паказвае, колькі працэнтаў сперматазоідаў маюць дэфектную ДНК. Лічыцца, што калі працэнт фрагментаванай ДНК меншы за 25, сперма фертыльная, значыць, усё добра. Калі паказчык перавышае 25%, ужо могуць быць праблемы з зачаццем і выношваннем. Чым паказчык фрагментацыі ніжэйшы, тым лепей. Але важна разумець, што не існуе мужчын з нулявой фрагментацыяй. Не трэба раней часу панікаваць, убачыўшы ў аналізе генетычныя «паломкі», вынікі павінен трактаваць урач.

Каму паказаны аналіз?

Нагодай для даследавання могуць стаць:

  1. Мужчынскае бясплоддзе з нявызначанай прычынай (ідыяпатычнае бясплоддзе). Паводле статыстычных дадзеных, ад 15 да 40% мужчын з такой формай бясплоддзя маюць ДНК-фрагментацыю.
  2. Шматразовыя выкідышы.
  3. Няўдалыя спробы інсемінацыі і ЭКА.
  4. Варыкацэле (варыкознае пашырэнне венаў насеннага канаціка, што прыводзіць да парушэння вянознага адтоку і перагрэву сперматазоідаў).

Таксама нельга не ўлічваць уплыў фактараў рызыкі, удакладняе эксперт.

Што гэта за фактары рызыкі?

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
У нашым грамадстве прынята лічыць, што ў жанчыны якасць яйцаклетак пагаршаецца пасля 35 гадоў, а мужчына захоўвае фертыльнасць на працягу ўсяго жыцця. Але сучасныя даследаванні кажуць, што да 40 гадоў генетычная якасць сперматазоідаў таксама падае. Таму, калі патэнцыйны тата ўжо ў сталым узросце, лепей праверыцца.

Сярод шкодных звычак асноўны фактар рызыкі – курэнне, бо ў тытунёвым дыме ўтрымліваюцца цяжкія металы, якія наўпрост руйнуюць якасць спермы.

Доўгае ўстрыманне таксама можа пагаршаць генетычную паўнавартаснасць сперматазоідаў. У 2017 годзе было праведзенае маштабнае даследаванне, якое даказала, што ўстрыманне больш за 5 дзён выклікае павышэнне фрагментацыі ДНК сперматазоідаў.

У Беларусі каля 20% параў сутыкаюцца з бясплоддзем. Штогод у больш за 5000 жанчын здараюцца выкідышы. Сучасныя даследаванні кажуць пра тое, што ў бясплоднасці мужчынскі фактар раўназначны жаночаму, таму абследавацца трэба дваім і адначасова.

Сярод іншых фактараў рызыкі атлусценне, цукровы дыябет, інфекцыйныя і анкалагічныя захворванні, прафесійныя шкоднасці – праца са свінцом, кадміем і іншымі таксінамі. А таксама пастаянны перагрэў. Таму нашэнне вузкай бялізны і абаграванне сядзення машыны таксама негатыўна ўплываюць на якасць сперматазоідаў.

Калі гэтыя рызыкі прысутнічаюць, лепей зрабіць аналіз загадзя, каб паспець адкарэктаваць лад жыцця і пазбегнуць праблем у будучым.

Ці можна вылечыць разрыў ДНК сперматазоідаў?

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Фрагментацыя ДНК – складаны працэс, і неяк мэтанакіравана паўплываць на яго мы не можам, лекаў ад гэтага таксама пакуль няма. Але мы можам ліквідаваць фактары рызыкі і тым самым павысіць генетычную якасць спермы. Напрыклад, калі гэта варыкацэле, неабходна зрабіць аперацыю. Даказана, што пасля аперацыі якасць сперматазоідаў паляпшаецца.

Адмовіцца ад курэння, нармалізаваць масу цела, пазбегнуць кантакту з таксінамі, харчовым пластыкам BPA, добра харчавацца, паўнавартасна спаць, весці рэгулярнае палавое жыццё – усё гэта ў сілах чалавека.

Для паляпшэння спермы ўрачы сёння актыўна прызначаюць антыаксідантныя комплексы: вітаміны А, С, Е, селен і інш. Але ў 2018 годзе Еўрапейскае таварыства рэпрадукцыі чалавека і эмбрыялогіі правяло вялікае даследаванне. І аказалася, што істотнай розніцы паміж антыаксідантамі і плацэба няма. Гэтыя комплексы не пашкодзяць, але значна палепшыць якасць спермы не змогуць, падкрэслівае эксперт.

Чым дапамогуць рэпрадуктолагі?

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Калі паказчыкі фрагментацыі памежныя, каля 27-28%, мы даем рэкамендацыі па нармалізацыі ладу жыцця, прызначаем некаторыя фізіяпрацэдуры. Напрыклад, добры эфект дае курс працэдур у баракамеры. Калі ж мы бачым, што працэнт парываў ДНК сперматазоідаў высокі, лепей не губляць часу і паспрабаваць маніпуляцыі, якія змогуць дапамагчы. У першую чаргу можна паспрабаваць ІКСІ. Гэты метад лячэння бясплоддзя дазваляе «злавіць» сперматазоід і змясціць яго прама ў цытаплазму яйцаклеткі. Таксама можна зрабіць тэстыкулярную біяпсію – забор сперматазоідаў непасрэдна з тканак яечка. У гэтым няма нічога страшнага, аперацыя робіцца пад наркозам і дазваляе атрымаць сперматазоіды лепшай якасці. Гэта прыносіць добрыя вынікі. Нядаўна ў нашым Цэнтры быў пацыент са зніжанай канцэнтрацыяй спермы і выяўленай ДНК-фрагментацыяй. Мы зрабілі яму тэстыкулярную біяпсію, атрымалі некалькі добрых якасных сперматазоідаў (хаця ў норме іх канцэнтрацыя павінна вымярацца ў мільёнах), выкарысталі іх для працэдуры ІКСІ і атрымалі доўгачаканы вынік. Хачу падкрэсліць для мужчын, што ДНК-фрагментацыя – гэта не прыроджаная паталогія. Гэта значыць, сперматазоіды выпрацоўваюцца якасныя, проста ў працэсе выспявання і транспарціроўкі яны могуць «ламацца». Але гэта папраўна!

Як адбываецца забор спермы для аналізу?

Матэрыял здаецца дакладна гэтак жа, як пры стандартнай спермаграме – шляхам мастурбацыі ў стэрыльную ёмістасць. Гэта робіцца непасрэдна ў клініцы, бо важна захаванне тэмпературнага рэжыму і стэрыльнасці. У Цэнтры рэпрадуктыўнай медыцыны, да прыкладу, пакой для здачы аналізу напрамую злучаны акенцам з лабараторыяй.

Перад здачай аналізу мужчына павінен быць здаровым, не прымаць антыбактэрыяльныя і супрацьвірусныя прэпараты, на працягу тыдня не ўжываць спіртное, 1-2 дні захоўваць палавы спакой.

Аналіз на фрагментацыю ДНК сперматазоідаў робіцца некалькі працоўных дзён. Калі ёсць неабходнасць атрымаць вынікі максімальна хутка, гэта магчыма за некалькі гадзін. Усё залежыць ад мэты здачы.

Кошт аналізу ў Цэнтры рэпрадуктыўнай медыцыны – 110 рублёў.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

4 0 55

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх