13 Снежня
13.12.2019

Андрэй за ўсіх мудрэй?! Варожым на нарачонага!

logo
Думкі ўслых
156 0 73
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Так, сёння не толькі пятніца, 13-га, што для тых, хто верыць у прымхі, само па сабе насцярожана і падазрона (ці не так?!), але і Андрэеў дзень (Андрэй зімні, Андрэй-варажбіт, Андросы). А значыць, усіх Андрэяў – з імянінамі! 🙂

Вернікі сёння ўшаноўваюць памяць апостала Андрэя – аднаго з 12 вучняў Хрыста, брата апостала Пятра. А па народных традыцях дзяўчаты варожаць на нарачонага.

Па народных прыкметах, калі сёння пойдзе снег (і не будзе раставаць), дык праляжыць яшчэ 110 дзён! Цікава-цікава… Што толькі на сёння ні абяцаюць сіноптыкі. І магчымы-такі мокры снег. І магчымы дождж. І нуль градусаў… Ну, паглядзім-пабачым-паназіраем.

А пакуль апошнім часам вечарамі-начамі-раніцамі такое прыемнае надвор’е ў нас, з лёгкім марозікам… І гуляем жа перад сном, гуляем! Памятаеце пра карысць такіх прагулак?!

Заадно апоўначы (!) падыходзім да калодзежа. З дзвюма мэтамі. Першая (для дзяўчат) – гукнуць у яго імя каханага і ўважліва прыслухацца да водгукаў. Мне ажно цікава зрабілася: а што адтуль павінна прагучаць, а?! 🙂

Другая (у прынцыпе, для ўсіх цікаўных, і не толькі апоўначы, а проста ў Андрэеў дзень, ці вечар, ці ноч Андрэеву) – паслухаць ваду. У калодзежы, на рэчцы ці возеры… Асабліва, калі на вадаёмах было хаця б тонкае ледзяное покрыва.

Нашы продкі казалі: «Калі ціха ў калодзежы на дне – быць цёплай зіме, а пачуеш дзіўныя гукі – на маразы і буры, беды ды завірухі». Што тычыцца вадаёмаў – «Калі не хвалюецца, ціхая вада – будзе роўная зіма, а шумная вада – сцюжа ды завеі».

Андрэещ дзень. Народныя прыкметы.

Вось вы якую ваду хочаце пачуць?! Асабіста я за такую, каб паказвала на нармалёвую зіму! Са сцюжамі, завеямі ды маразамі (умеранымі), але толькі без дажджоў, слаты ды бруду… І бедаў нам не трэба, ну калі ласка!!!

Дарэчы, сёння жанчынам забараняецца ткаць і матаць ніткі. Паводле даследчыкаў народных звычаяў, гэтая забарона павінна захоўвацца ўжо да самага Новага года. Што, вядома ж, крыху дзіўнавата. А чым яшчэ было займацца сялянкам доўгімі зімовымі вечарамі? Падчас вячорак? Але раней настолькі за гэтым сачылі… Каб усе абрады ды звычаі захоўваліся…

Ну, сёння-то, у Андрэеў дзень, даўней моладзь гуляла ды варажыла. Напрыклад, дзяўчаты бегалі пад вокны суседзяў, каб пачуць, пра што размаўляюць у хаце. А пасля тлумачылі гэта ў прымяненні да замужжа.

Андрэеў дзень. Варажба.

Яшчэ – «засявалі» насенне канапель у хаце, прыгаворваючы: «Святы Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць». Ну, і самае нескладанае дзеянне – пакласці на ноч пад падушку запіску з імем каханага і просьбай, каб ён уначы прысніўся.

А вось якая добрая прыкмета для ўсіх ад нашых продкаў! Калі напярэдадні Андрэевага дня добра папарыцца ў лазні, дык цэлы год хварэць не будзеш! Толькі, вядома, пра такую прыкмету і ведаць трэба зараней. Бо ў лазні ж выпаліць трэба было ўчора… А можа, хтосьці, не ведаючы нават, гэта і зрабіў?! Тады вам прыемны бонус! 🙂

І засталося яшчэ ўзгадаць пра паходжанне імя «Андрэй» ды паглядзець, якія рысы характару ўласцівыя яго носьбітам. А вось праўда тое ці не – вырашаць вам, шаноўныя сябры!

Паходжанне імя звязваюць са Старажытнай Грэцыяй, са словам «андрас», што значыць «мужчына», «чалавек». Таму Андрэй – найперш мужны і смелы. Па сцвярджэнні даследчыкаў, рысы характару Андрэяў залежаць… ад пары года, у якую яны нарадзіліся.

Так, Андрэй вясновы – літаратар і прамоўца, летні – самы вясёлы з усіх, душа кампаніі, восеньскі – мае матэматычны склад розуму, зімовы – мастацкія здольнасці. Яшчэ восеньскі і зімовы Андрэі не даруюць падману ды здрадніцтва, у іх лёгка атрымліваецца пераконваць людзей.

Ну што, ці пазнаў тут хто сябе?! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

156 0 73

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх