26 Чэрвеня
26.06.2020

Асвод і медыкі нагадалі пра небяспеку ўжывання алкаголю ў спякоту

logo
Навiны
152 013
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гарачае надвор'е прымушае шукаць выратаванне ад пякучых промняў сонца ля вадаёмаў і ў цяністых месцах. На жаль, такі адпачынак часцяком не абыходзіцца без ужывання спіртных напояў. Прадстаўнікі Асвод і Міністэрства аховы здароўя папярэджваюць, што такое баўленне часу можа скончыцца траўмамі і нават гібеллю людзей.

Адкаголь у гарачыню нельга. Калі вада – бяда.

Небяспечны градус

У гарачае надвор'е пашыраюцца сасуды, пачашчаецца сэрцабіцце. Пачынаецца актыўнае потавыдзяленне, закліканае астудзіць цела. Таму ў спёку так хочацца піць. Але ці ўсе напоі падыходзяць дзеля наталення смагі?

Нарколагі тлумачаць: спаталяць смагу алкагольнымі напоямі падчас спякоты небяспечна. Алкаголь для расшчаплення ў арганізме нават у звычайных тэмпературных умовах патрабуе вялікай колькасці вады (менавіта таму пасля ўжывання вялікай колькасці спіртных напояў адчуваецца сухасць у роце і баліць галава).

Ужыванне алкаголю ў спякоту недапушчальнае ні ў якіх колькасцях, адзначае загадчыца амбулаторнага наркалагічнага аддзялення № 2 гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Вікторыя Котава.

Алкаголь і гарачыня несумяшчальныя.

Вікторыя Котава, загадчыца амбулаторнага наркалагічнага аддзялення № 2 гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера:

– У спякоту нават слабаалкагольныя напоі запускаюць пэўныя біяхімічныя працэсы, якія вядуць да абязводжвання, што, у сваю чаргу, прыводзіць да згушчэння крыві, павышае рызыку тромбаўтварэння, спрыяе парушэнню артэрыяльнага ціску і сардэчнага рытму. Грозныя наступствы гэтага – інфаркт ці інсульт, ажно да смяротных вынікаў.

Паводле слоў спецыяліста, у спякоту трэба піць і піць шмат, напрыклад, мінеральную ваду без газу. Алкаголь жа стварае дадатковую нагрузку на сасуды і сэрца, якія і без таго вымушаныя актыўна працаваць для астуджэння цела.

Як адзначыла Вікторыя Котава, існуе такое паняцце як культурнае спажыванне. Разам з тым, бяспечна ўжываць спіртныя напоі могуць толькі саматычна здаровыя людзі, у якіх няма блізкіх сваякоў з сіндромам залежнасці ад алкаголю або іншых псіхатропных рэчываў.

Бяспечныя дозы, па вызначэнні СААЗ, – 3 дозы ў суткі для мужчын і 2 дозы для жанчын. Адна доза – колькасць спіртнога напою, у якім утрымліваецца 10 мл чыстага этанолу. Гэта прыкладна 25 мл моцнага напою, 150 мл сухога віна, 75 мл віна тыпу партвейн, піва – 250-300 мл. Пры гэтым павінна быць два дні на тыдзень, вольныя ад алкаголю. І яшчэ адзін нюанс: прынцып падсумоўвання ў дадзеным выпадку не працуе, напрыклад, тыдзень не піў, а потым ужыў усё за раз.

Вада не церпіць безадказнасці

Старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на вадзе Анвар Ігамбердыеў распавёў, што, па дадзеных Асводу, сёлета на вадзе ўжо загінула 136 чалавек, з іх у алкагольным стане – 48.

Анвар Ігамбердыеў, старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на вадзе:

– Асноўнай прычынай надзвычайных сітуацый з'яўляецца грэбаванне мерамі бяспекі. Пагаршальным фактарам з'яўляецца ўжыванне спіртных напояў. Статыстыка надзвычайных здарэнняў такая, што 65% загінулых на вадзе былі ў стане алкагольнага ап'янення. І гэтыя лічбы практычна не змяняюцца з году ў год.

Вада не толькі радасць, але і небяспека, нагадвае Анвар Ігамбердыеў. Адпачываючы ля вадаёмаў, нельга выпускаць з-пад увагі сваіх дзяцей, не варта катацца на тых жа матрацах або іншых, не прызначаных для гэтага сродках, ныраць у незнаёмых месцах, скакаць з мостаў, купацца ў нецвярозым стане, далёка заплываць.

Прадстаўнікі Асводу адзначаюць, што ў стане алкагольнага ап'янення чалавек перастае адэкватна ацэньваць сітуацыю і свае сілы, яму хочацца бравіраваць, яму «мора па калена». Напрыклад, трапляючы на цячэнне, ён пачынае плыць супраць яго і хутка губляе сілы. Нагадалі ратавальнікі і пра ахоўныя камізэлькі, якія трэба не толькі апранаць пры катанні на лодках, але і зашпільваць, каб пры падзенні ў ваду не выскачыць з яе.

Сярод небяспечных для адпачынку месцаў прадстаўнікі Асводу адзначылі тыя, дзе збіраецца шмат людзей. У гэты спіс увайшлі таксама рэкі з хуткай плынню, халоднай вадой, мелавыя абводненыя кар'еры.

Ратавальнікі раяць! Адпачывайце ў месцах, дзе ёсць ратавальнікі, дзяжурыць медыцынскі работнік і абсталяваныя пляцоўкі для адпачынку, абследуецца дно вадаёмаў. А таксама ўстрымайцеся ад ужывання алкагольных напояў. У такім выпадку адпачынак не скончыцца траўмамі і няшчаснымі выпадкамі, а пакіне толькі прыемныя ўражанні.

І памятайце: у гарачае надвор'е не знаходзьцеся доўга пад прамымі сонечнымі промнямі, у душным памяшканні. Піце шмат вадкасці, перыядычна рабіце перапынак на адпачынак. Калі вы адчулі недамаганне, галаўны боль, галавакружэнне, слабасць і моташнасць, пераходзьце ў цень ці прахалоднае памяшканне.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

152 0 13

Глядзіце таксама
Наверх