19 Сакавіка
19.03.2020

Атапічны дэрматыт вачыма алерголага

logo
Навiны
140 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Праблеме атапічнага дэрматыту ў дзіцячай практыцы сёння адведзенае адно з цэнтральных месцаў: колькасць дзяцей з захворваннямі скуры расце, а паталогія ўсё часцей прымае цяжкія і хранічныя формы. У той жа час у асяроддзі абывацеляў атапічны дэрматыт часцяком успрымаецца няйначай, як праява алергіі. Жывучасць міфа забяспечваюць і шматлікія калямедыцынскія крыніцы, паказваючы на алергічную прыроду захворвання. Але ці так гэта насамрэч?

Атапічны дэрматыт.

Ці можна пацвердзіць або абвергнуць атапічны дэрматыт лабараторнымі аналізамі? Ці ёсць сэнс прытрымлівацца строгай дыеты? Наколькі эфектыўныя пры атапічным дэрматыце антыгістамінныя прэпараты? Прапануем нашым чытачам сумленны і аб'ектыўны погляд на праблему з пазіцыі вядучага эксперта ў галіне алергалогіі – загадчыка алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўнага пазаштатнага дзіцячага алерголага Міністэрства аховы здароўя, кандыдата медыцынскіх навук Дзмітрыя Бузы.

Алергічны кампанент у атапічным дэрматыце

Пэўны час таму атапічны дэрматыт сапраўды лічыўся кампетэнцыяй алерголагаў. І тлумачылася гэта даволі проста. Алергія імкліва «маладзее», а скура – той орган, які адным з першых рэагуе на ўздзеянне алергену: сухасцю, лушчэннем, пачырваненнем, высыпаннямі. Асноўнай крыніцай, якая правакуе негатыўную рэакцыю, лічыліся прадукты харчавання. Таму ў побыце атапічны дэрматыт і жорсткая дыета да гэтага часу ідуць у адной звязцы.

Атапічны дэрматыт. Дыета.

Аднак апошнім часам адбыліся вялікія змены ў падыходах да гэтай паталогіі, метадаў яе дыягностыкі і лячэння. З пункту гледжання медыцыны, атапічны дэрматыт сёння расцэньваецца як хранічнае запаленчае захворванне скуры, абумоўленае генетычна апасродкаваным фактарам – схільнасцю скуры да сухасці і раздражненняў.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Пры любых захворваннях ёсць паняцце «трыгеры» – фактары, якія запускаюць абвастрэнне. Трыгерам можа быць і алерген. Але з агульнага лiку дзяцей, якія пакутуюць ад атапічнага дэрматыту, алерген як трыгер выступае толькі ў 20 – максімум 30%. Прычым чым старэйшае дзіця, тым доля алергічнага кампанента меншая. У падлеткаў і дарослых ён наогул адыгрывае вельмі нязначную ролю.

Чым меншае дзіця, тым больш актуальная алергія. Пры гэтым яна правакуе праявы атапічнага дэрматыту не больш чым у 30% выпадкаў. Разам з тым, часцей за ўсё ў якасці трыгераў выступаюць неалергічныя фактары:

  • кліматычныя ўмовы надвор'я;
  • празмерная вільготнасць або сухасць паветра;
  • вірусныя інфекцыі;
  • стрэс;
  • потавыя выдзяленні;
  • адзенне з непрыдатных матэрыялаў і многія іншыя.

Атапічны дэрматыт. Прычыны і сімптомы.

Гэта значыць, у большасці выпадкаў атапічнага дэрматыту пошук алергена – задума абсалютна бессэнсоўная, як і захаванне строгай дыеты з вялікай колькасцю абмежаванняў.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Раней выдзялялі такое захворванне, як эксудатыўна-катаральны дыятэз, вельмі распаўсюджанае сярод дзяцей першага года жыцця. Гэты тэрмін ужо не выкарыстоўваецца, а пачырваненне шчок расцэньваецца, як пачатковая праява атапічнага дэрматыту. Адпаведна, практычна ў кожнага другога дзіцяці ва ўзросце да 1 года назіраюцца хаця б мінімальныя праблемы з боку скуры. Гэта абумоўлена асаблівасцямі скуры немаўлятаў – яна тонкая, адчувальная, схільная да раздражненняў. Падчас сталення малыша скура робіцца больш грубай, менш успрымальнай да вонкавых уздзеянняў. Напрыклад, атапічны дэрматыт сустракаецца ўсяго ў 5-10% падлеткаў і не больш чым у 2% дарослых.

Сімптомы і дыягностыка атапічнага дэрматыту

Атапічны дэрматыт. Агляд нованароджанага ўрачом.

Праявы атапічнага дэрматыту, іх лакалізацыя ў залежнасці ад узросту істотна адрозніваюцца, таму ў дзіцячай практыцы прынятая класіфікацыя формаў захворвання:

  • Немаўляцкая – дзеці ад нараджэння да 2 гадоў. Скура схільная да мокнуці і пачырванення. Вобласць пашкоджання даволі шырокая. Класічныя лакалізацыі: твар (гіперэмія шчок або «палаючыя» шчокі), вонкавыя паверхні суставаў, жывот і г.д.
  • Дзіцячая – дзеці ад 3 да 12 гадоў. Запаленчы працэс лакалізуецца пераважна ў скурных складках: шыя, унутраныя паверхні рук і ног, пахвінная вобласць, а таксама на павеках.
  • Падлеткавая або дарослая – дзеці ад 13 да 18 гадоў. Пераважае выяўленая сухасць і патаўшчэнне скуры, лушчэнне. Яркія праявы, як правіла, адсутнічаюць.
 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Адной з ускосных прыкметаў схільнасці скуры да сухасці, раздражнення і, як следства, фарміравання ў будучым атапічнага дэрматыту выступае таксічная эрытэма. Яна праяўляецца, як правіла, у першыя суткі жыцця дзіцяці і дыягнастуецца яшчэ ў радзільні.

Трэба адзначыць, што атапічны дэрматыт па праявах шмат у чым падобны да іншых скурных захворванняў, у прыватнасці, да псарыязу. Для таго, каб дакладна вызначыць дыягназ, праводзіцца так званая дыферэнцыяльная дыягностыка.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Адзін з самых галоўных крытэрыяў атапічнага дэрматыту – сверб скуры. Гэта значыць, захворванне адносіцца да дэрматозаў, якія свярбяць. Калі пры наяўнасці сыпу, пачырванення, лушчэнняў свербу скуры няма, дык наўрад ці гаворка ідзе пра атапічны дэрматыт.

Пры выяўленні ў дзіцяці высыпанняў і пачырванення скуры неабходна перш за ўсё звярнуцца да педыятра, падкрэслівае эксперт. Скурныя праявы могуць быць звязаныя з інфекцыяй. У кампетэнцыі педыятра вырашыць пытанне пра неабходнасць кансультацыі вузкага спецыяліста.

Нярэдка агульных рэкамендацый па догляду скуры аказваецца дастаткова і кансультацыя дэрматолага ці алерголага не патрэбная. У адваротным выпадку пацыент накіроўваецца да дэрматолага, які праводзіць дыферэнцыяльную дыягностыку і пры пацверджанні дыягназу атапічнага дэрматыту прызначае адэкватнае лячэнне. У большасці выпадкаў яно зводзіцца да вонкавай тэрапіі.

Калі ў спецыяліста ёсць здагадкі, што маюць месца алергічныя трыгеры альбо ёсць пэўныя спадарожныя захворванні, якія правакуюць абвастрэнне, пацыента паралельна вядуць некалькі сумежных спецыялістаў: педыятр, дэрматолаг, гастраэнтэролаг, алерголаг. Дзіця з атапічным дэрматытам, калі яно знаходзіцца на дыспансерным уліку, дэрматолаг і алерголаг назіраюць і аглядаюць рэгулярна, не радзей за адзін раз на год.

 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Бацькі часта крыўдзяцца: доктар з намі пагаварыў, паглядзеў дзіця і паставіў дыягназ «атапічны дэрматыт». Пры гэтым не прызначыў ніякага аналізу. Неабходна ўнесці яснасць: атапічны дэрматыт – чыста клінічны дыягназ, выстаўляецца на падставе клінічных праяў і сабранага анамнэзу. Ніводнае лабараторнае абследаванне не пацвердзіць і не абвергне гэты дыягназ.

Па словах Дзмітрыя Бузы, лабараторныя абследаванні апраўданыя толькі ў тым выпадку, калі неабходна:

  • выключыць іншую паталогію пры правядзенні дыферэнцыяльнай дыягностыкі;
  • выключыць фактары, якія падтрымліваюць цячэнне атапічнага дэрматыту (наяўнасць глісных інвазій; захворванняў страўнікава-кішэчнага тракта, напрыклад, гастрыту ці наяўнасць хелікабактар пілоры і інш.);
  • вызначыць алергічныя трыгеры, калі на тое ёсць падставы. У гэтым выпадку праводзяцца тэсты на алергію.
 
Дзмітрый Буза
Загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, к.м.н.
Але трэба разумець, што тэсты на алергію ніяк не ўплываюць на пастаноўку дыягназу і тактыку лячэння атапічнага дэрматыту. Яны толькі даюць інфармацыю пра тое, які менавіта алерген правакуе абвастрэнне захворвання, і, адпаведна, які прадукт неабходна выключыць з рацыёну. Мне нярэдка даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, калі атапічны дэрматыт у дзіцяці абвастраецца, напрыклад, узімку і ўвосень, а ўвесну і ўлетку прыкметаў захворвання няма. Але бацькі ўсё роўна просяць знайсці алерген. Даводзіцца звяртацца да логікі: калі ёсць алергія на харчовы прадукт, дык яна выяўляецца круглы год і не залежыць ад сезону.

Пра тое, як лечаць атапічны дэрматыт і ці можна папярэдзіць развіццё захворвання, чытайце ў наступным матэрыяле.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

140 0 24

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх