7 Ліпеня

Лазня як панацэя ад розных хвароб – міф ці праўда?

Уставай з канапы
66 0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лячэнне экстрэмальнымі тэмпературамі набірае папулярнасць. У гэтым выпадку самы даступны з «награвальных» метадаў аздараўлення – лазня. Але вось спадзявацца на тое, што яна вылечыць любую хваробу, не варта. У некаторых выпадках наведванне лазні можа сур'ёзна нашкодзіць. Дзе праўда, а дзе міфы, Здаровым людзям распавялі прафесіяналы лазневага мастацтва Генадзь Мароз і Сняжана Каўрыга.

Ці дапаможа наведванне парной вылечыцца ад любой «напасці»?

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі, прафесійны парыльшчык па версіі «РусПар», бронзавы прызёр чэмпіянату свету па паранні 2011 года, арганізатар штогадовага лазневага свята «Лазенькі», суддзя міжнароднай катэгорыі па лазневым мастацтве
Лазня лечыць здаровых. Калі вы з высокай тэмпературай на пачатку захворвання прыйшлі ў лазню, дык можаце не сумнявацца: на наступны дзень не здолееце падняцца з ложка. Аднак калі ваша прастуда ідзе на спад і тэмпература цела ўжо нармальная, дык наведванне лазні будзе спрыяць акрыянню. У якасці аднаго з варыянтаў загартоўвання лазня карысная і для людзей, якія часта і доўга хварэюць.
 
Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога цэнтра здароўя г.Мінска, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Лазневае цяпло можа нашкодзіць людзям, у якіх маюцца: запаленчыя захворванні верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў; артэрыяльная гіпертэнзія; ішэмічная хвароба сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда); кардыяміяпатыя рознага генэзу; прыроджаныя або набытыя парокі сэрца; анкалагічныя захворванні; парушэнні згусальнасці крыві; тромбафлебіт; вянозная недастатковасць ніжніх канечнасцяў ды інш.

Пры паталогіі нырак неабходна пазбягаць перагрэву, каб не выклікаць абвастрэнне хранічнага працэсу. Для правільнай работы жоўцевага пузыра лазневыя працэдуры рэкамендуюцца, а вось людзям з абвастрэннем язвавай хваробы яны супрацьпаказаныя. Лазня адназначна супрацьпаказаная цяжарным у першым трыместры. Надалей жанчына можа наведваць лазнева-аздараўленчы комплекс, але вельмі асцярожна і ў ашчаджальным рэжыме, абавязкова пасля кансультацыі са сваім гінеколагам.

Лазня як сродак прафілактыкі розных захворванняў

 
Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога цэнтра здароўя г.Мінска, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Гэтае сцвярджэнне мае месца быць. Напрыклад, для паляпшэння стану скуры лазневыя працэдуры – ідэальны варыянт. Разгладжваюцца зморшчыны, пашыраюцца і ачышчаюцца поры. Скура робіцца гладкай і шаўкавістай. За кошт вялікай страты вадкасці паляпшаецца кровазварот ва ўсім арганізме. Пасля штодзённых псіхалагічных і фізічных нагрузак рэгулярнае наведванне лазнева-аздараўленчага комплексу дазваляе расслабіцца і аднавіць працаздольнасць.

Дабратворны ўплыў лазні на сардэчна-сасудзістую сістэму вядомы, аднак для гэтага трэба паступова прывучаць сябе да ўсіх відаў лазневых працэдур.

Пры паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы неабходна ўзважана падыходзіць да свайго фізічнага стану і ніколі не рызыкаваць. Перад наведваннем лазнева-аздараўленчага комплексу абавязкова наведайце ўрача i парайцеся, што з прапанаваных працэдур будзе для вас карысным ці хаця б не нашкодзіць.

Кантраст тэмператур у лазні, ці настолькі ён добры?

 
Генадзь Мароз
Прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі лазневага мастацтва (МАЛМ) у Беларусі, прафесійны парыльшчык па версіі «РусПар», бронзавы прызёр чэмпіянату свету па паранні 2011 года, арганізатар штогадовага лазневага свята «Лазенькі», суддзя міжнароднай катэгорыі па лазневым мастацтве
Кантраст добры, калі ён робіцца правільна і да месца. Неабходна паступова прывучаць сябе да рэзкай змены тэмператур. Прагрэліся трошкі – значыць, пасля можна прыняць летні душ, ледзь мацней – астудзілі сябе прахалоднай вадой, а вось калі ваша цела ўжо дастаткова моцна прагрэлася, тут ужо можна і ў купель нырнуць, і ў снезе ўзімку пакачацца. І яшчэ адзін важны момант: акунацца трэба цалкам з галавой, інакш ёсць верагоднасць атрымаць кровазліццё ў мозг за кошт звужэння сасудаў цела.

Пахудзенне з дапамогай лазні – міф?

 
Сняжана Каўрыга
Кіраўнік Гарадскога цэнтра здароўя г.Мінска, урач-валеолаг, спецыяліст па нутрыцыялогіі
Так! Гэта яшчэ адна памылка! З дапамогай лазні губляецца вадкасць, але не спальваецца тлушч. Вядома, лазня стымулюе ўсе абменныя працэсы, паляпшае лімфа- і кровазварот, што ў цэлым спрыяльна адбіваецца на арганізме. Аднак гэтага мала, каб пахудзець. Патрабуецца комплексны падыход. Абавязкова спалучайце лазню з фізічнымі нагрузкамі і правільным харчаваннем.

Устойлівы вынік будзе, калі наведванне лазні стане вашым ладам жыцця, а не часовай маніпуляцыяй.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

 

66 0 40

Журналіст, радыёвядучая.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх