1 Жніўня

Без бар'ераў. Рэпартаж з адкрыцця залы інклюзіўнага кросфіту ў Лідзе

Трэніруйся
2 0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ліда – раённы цэнтр у Гродзенскай вобласці – па праву лічыцца адным з самых інклюзіўных населеных пунктаў Беларусі. Днямі тут прайшла падзея, якая ўмацавала пазіцыі горада ў рэйтынгу і пацвердзіла яго права называцца камфортным месцам для пражывання людзей з рознымі фізічнымі магчымасцямі. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы, з музыкай, песнямі і выдатным настроем была адкрытая спартыўная зала інклюзіўнага кросфіту.

Журналісты інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сталі сведкамі яркай падзеі ў жыцці лідчан.

Ініцыятыва заахвочваецца!

Будні дзень і разгар летніх вакацый не сталі перашкодай для таго, каб на пляцоўцы каля Лідскай комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №4 сабралася вялікая колькасць мясцовых жыхароў. Разам не толькі вырашаць праблемы, але і радавацца поспехам – у гэтым лідчане прынцыповыя і паслядоўныя.

Павіншаваць гараджан са святам і ўзяць удзел ва ўрачыстым разразанні чырвонай стужачкі прыехалі кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Берэнд дэ Граот, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віталь Невера, каардынатар праектаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ААН Кірыл Сцежкін і старшыня Лідскага міжраённага аб'яднання грамадскай арганізацыі «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» Аляксандр Аўдзевіч.

Трэба заўважыць, што кожны з іх прадстаўляў тыя арганізацыі і структуры, якія маюць непасрэднае дачыненне да з'яўлення ў Лідзе інклюзіўнай спартзалы.

Усё пачалося з ідэі Аляксандра Аўдзевіча. Ён прапанаваў арганізаваць у Лідзе спартыўную залу, дзе маглі б займацца людзі розных узростаў, з розным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі, у тым ліку з абмежаванымі магчымасцямі.

Прапанова была прадстаўлена на конкурс ініцыятыў «Будзь здаровы!», які ладзіцца ў Беларусі з 2016 года Праграмай развіцця ААН у рамках праекта БЕЛМЕД. Тое, што ініцыятыва «Інклюзіўны кросфіт» апынулася ў ліку пераможцаў са 104 заявак, пададзеных на конкурс у 2018 годзе, было цалкам чаканым.

 
Берэнд дэ Граот
Кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі
Такія праекты паказваюць накірунак, у які бок нам трэба развіваць грамадства ў будучым. Бо іх мэта – забяспечыць усім людзям без выключэння высокую якасць жыцця. Вельмі важна, каб рэалізацыя падобных праектаў ажыццяўлялася не ў фармаце дабрачыннасці, а была натуральнай патрэбай грамадства. Пры актыўнай ініцыятыве грамадзян і падтрымцы органаў улады, пры ўзаемным і цесным супрацоўніцтве можна вырашыць шматлікія праблемы і рэалізаваць праекты, накіраваныя на задавальненне патрэбаў розных груп і слаёў насельніцтва.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віталь Невера. Ён падкрэсліў, што адкрыццё спартзалы інклюзіўнага кросфіту – лепшае пацвярджэнне таго, што няма нічога немагчымага, калі ёсць ідэя і жаданне ўвасобіць яе ў жыццё. Мясцовыя ўлады маюць намер і ў далейшым падтрымліваць сацыяльна значныя ініцыятывы. Віталь Невера выказаў упэўненасць, што зусім хутка Ліда стане самым інклюзіўным горадам, а з яго возьмуць прыклад іншыя гарады і пасёлкі Беларусі.

Праект «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД) фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН, СААЗ, ЮНІСЭФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы конкурсам ініцыятыў «Будзь здаровы!» у рамках праекта БЕЛМЕД ва ўсіх абласцях краіны рэалізуюцца 25 розных інавацыйных ідэй. Вось толькі некаторыя з іх: забеспячэнне фельчараў ФАПаў электрароварамі, абсталяванне варкаўт-комплексаў з рэальнымі і віртуальнымі трэнерамі, навучанне дзяцей Правілам дарожнага руху і асновам бяспечнай жыццядзейнасці на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, арганізацыя майстар-класаў па здаровым харчаванні і г.д.

Пасля сімвалічнага разразання чырвонай стужкі асноўнае дзейства перамясцілася непасрэдна ў спартзалу.

Задавальненне для ўсіх, магчымасці для кожнага

Невялікае памяшканне ледзь змясціла ўсіх жадаючых. Але дзеля майстар-класа па кросфіту, які правёў трэнер Віктар Захар'еў, госці гатовыя былі цярпець пэўныя нязручнасці. У звычайныя дні трэніроўкі арганізуюцца так, каб ні ў каго не выклікаць дыскамфорту і сарамлівасці, пры гэтым каб усе тыя, хто займаецца, былі пад наглядам вопытнага трэнера і маглі разлічваць на яго дапамогу.

Трэнажорнае абсталяванне ў зале ўстаноўленае такім чынам, каб выканаць усе прынцыпы кругавых трэніровак, і ўключае элементы гімнастыкі, кардыянагрузкі, сілавыя і практыкаванні на трываласць.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Старшыня Лідскага міжраённага аб'яднання грамадскай арганізацыі «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў»
Разам з тэхнолагамі завода-вытворцы мы прымалі непасрэдны ўдзел у распрацоўцы трэнажораў, каб зрабіць іх больш універсальнымі і адаптаваць пад патрэбы і магчымасці людзей з абмежаваннямі. Напрыклад, лесвіцы і турнікі забяспечаныя дадатковымі ручкамі для зручнага карыстання людзям на калясцы, вяслярны трэнажор пераабсталюецца літаральна адной рукой дзеля рознага віду практыкаванняў... Такія трэнажоры ў краме вы дакладна не купіце.

Магчымасць выбару ступені нагрузкі, варыябельнасць трэніровачных праграм дазваляюць займацца ў кросфіт-зале літаральна ўсім: дарослым і дзецям, людзям з абмежаванымі магчымасцямі і без іх, прафесіяналам у спорце і тым, хто толькі спрабуе сябе ў сістэме кругавых трэніровак.

Індывідуальнасць трэніровак у інклюзіўнай кросфіт-зале мае прынцыповае значэнне, лічыць першы ў Беларусі кросфіт-трэнер на інваліднай калясцы Віктар Захар'еў. Таму да ўласнай падрыхтоўкі і трэніровачнага працэсу падыходзіць вельмі адказна.

Віктар не пачатковец у спорце, у мінулым ён актыўна займаўся цяжкай атлетыкай. Але для таго, каб трэніраваць іншых, некалькі месяцаў праходзіў спецыяльную падрыхтоўку на базе сталічнага спартыўнага клуба «Панда».

 
Віктар Захар’еў
Інклюзіўны кросфіт-трэнер
У аснове нашых трэніровак – класічны накірунак кросфіту, але комплекс кругавых практыкаванняў для людзей з інваліднасцю мы прадумваем, улічваючы іх індывідуальныя асаблівасці. Гэта толькі здаецца, што людзі на калясках – аднолькавыя. Насамрэч у кагосьці слабае месца – паяснічны аддзел пазваночніка, у іншага, напрыклад, грудны. Аднаму можна зрабіць акцэнт на кардыянагрузцы, іншаму – на вісах і хаджэнні на турніку... Пры складанні плана трэніровак такія моманты абавязкова ўлічваюцца.

Бліскучы майстар-клас па кросфіту, які Віктар паказаў разам са сваёй вучаніцай, 9-гадовай Насцяй Кульпекшай, прайшоўшы за лічаныя хвіліны ўсё кола практыкаванняў на трэнажорах, выклікаў апладысменты і непрыхаваныя воклічы захаплення. Той выпадак, калі неабмежаваныя магчымасці чалавека – не проста метафара і яркі мастацкі вобраз, а цалкам адчувальная адрэналінавымі мурашкамі па целе рэальнасць.

Інклюзіўная кросфіт-зала працуе ў рэжыме дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і адчыненая штодня за выключэннем выхадных. Пакуль трэніроўкі бясплатныя для ўсіх, але для людзей з інваліднасцю магчымасць займацца бязвыплатна будзе захаваная і ў будучым, абяцаюць арганізатары.

Дарэчы, побач з залай па ўсіх канонах безбар'ернага асяроддзя абсталяваная і фітнэс-саўна, дзе можна зняць напружанне і расслабіцца пасля інтэнсіўнай трэніроўкі. Але, на думку Аляксандра Аўдзевіча, не толькі гэты прыемны бонус павінен зацікавіць каля 200 інвалідаў-калясачнікаў, якія пражываюць у самой Лідзе.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Старшыня Лідскага міжраённага аб'яднання грамадскай арганізацыі «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў»
За той час, што кросфіт-зала працавала ў тэставым рэжыме, некаторыя нашы хлопцы з інваліднасцю змаглі не толькі падкачаць мышцы, але нават сустрэць у спартзале свае другія паловы. Гэта значна больш, чым мы ўсе хацелі атрымаць ад гэтага праекта!

Фота – Віталь Гіль.

Відэа – Валянціна Мохар, мантаж – Генадзь Сукач.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

2 0 25

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх