1 Ліпеня
01.07.2017

ЦАЦА. Гісторыя пра сланяня, якое не хацела быць таўстаскурым

logo
Казкатэрапiя з Таццянай Сiвец
25 0 220
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Шаноўныя бацькі, прапануем вам чытаць гэтую казку разам з дзецьмі, абмяркоўваць яе, а таксама дасылаць на адрас healthypeoplebel@gmail.com малюнкі герояў – яны абавязкова стануць ілюстрацыямі гэтай гісторыі!

Тата слон з гонарам казаў: “У нас, сланоў, надта тоўстая скура... Нас дужа цяжка ўшчыкнуць...”

– А навошта некаму нас шчыкаць, – дзівілася сланяня Цаца.

– Ну... Напрыклад, каб зрабіць нам балюча...

– А навошта некаму рабіць нам балюча?

Тата слон шумна ўздыхнуў і пачасаў хобатам лоб.

– Розныя бываюць абставіны... Ідзі, Цаца, пагуляй лепш, не пераймайся!

Цаца ішла гуляць, але ўвесь час думала: навошта некаму рабіць ёй балюча? Яна ж анікога не крыўдзіць... 

– Ай! – пачулася з пад ног. – Ты ледзь мяне не раздушыла! Як не сорамна! Ідзе такая вялікая і не глядзіць... Канечне, хто нас, маленькіх, заўважыць...

Цаца схамянулася, вушы ў яе сталі чырвоныя-чырвоныя, яна зірнула ўніз і пабачыла мурашку.

– Выбачай, калі ласка, – шчыра сказала Цаца. – Я задумалася...

– Пра што ж ты так задумалася? – мурашка змяніла гнеў на цікаўнасць.

– Я думала пра тое, чаму трэба рабіць балюча...

– Не трэба мне рабіць балюча! – піскнула мурашка і схавалася за лісток.

– Я і не хачу, – пачала тлумачыць Цаца, адхіляючы лісток хобатам, – гэта тата сказаў, што нехта можа зрабіць балюча... І што ў нас, сланоў, дужа тоўстая скура... А ў вас, мурашак?

– Не... – засумнявалася мурашка. У мяне скура тоненькая, як і я сама. А вось табе не пашкодзіла б крыху схуднець, я лічу. Хаця гэта маё прыватнае меркаванне, канечне. Але ж я хачу табе лепш... – мурашка асмялела і вылезла з-пад лістка.

– Значыць, быць маленькай лепш, чым вялікай? – засумнявалася Цаца.

– Так, – мурашка засмяялася. – Канечне.

– Атрымліваецца, быць мурашкай – лепш, чым сланом...

– Натуральна! – запэўніла мурашка.

– А што трэба, каб стаць мурашкай? – зацікавілася Цаца.

– Трэба... Трэба быць, як я... Мець такія ж тонкія лапкі і гнуткую талію...

Сланяня агледзела свае ногі і засмучана запытала:

– А іначай – ніяк?

– Ніяк, – непахісна сказала мурашка.

– Тады я не магу быць мурашкай... Гэта сумна...

– Сумна, – пагадзілася мурашка. – А як гэта, быць сланянём? – раптам зацікавілася яна.

– Ну... Гэта... Гэта... – сланяня сумелася. – Ведаеш, я ніколі не задумвалася!

Яны ўважліва паглядзелі адна на адну.

– А давай... – разам сказалі яны і засмяяліся.

– Давай ты навучыш мяне быць такой, як ты... Дужай, разважлівай... – прапанавала, адсмяяўшыся мурашка. 

– А ты – такой... – грацыёзнай і жвавай, – заківала сланяня.

– Добра, – пагадзіліся абедзве.

– Ад гэтага моманту я буду мурашкай, – прамовіла Цаца і крутанулася на адной назе, ледзь не ўпаўшы.

Мурашка адбеглася крыху, надзьмула шчокі і сказала як мага гучней:

– А я цяпер – сланяня!

Атрымалася ў яе, праўда, крыху пісклява. Але мурашка была задаволеная. Ёй падалося нават, што і яна сама стала большаю і дужэйшаю.

– А што цяпер? – Цаца зацікаўлена пазірала на сяброўку. – Што ты звычайна робіш?

– Я бегаю!

– Тады я пабегла… – Цаца сарвалася з месца і панеслася з усіх ног. Момант – і мурашка ўжо згубіла яе абрысы па-за дрэвамі. Толькі чула тупаценне: “туп–туп–туп”… Праз колькі хвілін затупацела зусім блізка, галава Цацы паказалася з кустоўя.

– Ну, дзе ты? Пабеглі разам!

Мурашка зірнула на запыханую Цацу і адмоўна пакруціла галавой.

– Не, даражэнькая. Я ж цяпер сланяня. Таму я буду рухацца паволі… –
Мурашка, нетаропка перабіраючы лапкамі, наблізілася да сяброўкі. – А яшчэ лепей, каб ты мяне панесла. Бо я за табой не паспяваю цяпер – такая ты хуткая!

Цаца нахілілася, каб мурашцы было зручна забрацца ёй на спіну.

– Вось так значна лепей. Я нават бачу, што адбываецца там, у самым канцы сцяжыны… Як добра быць вялікай!

– А я затое магу бегаць, – сланяня зноў сарвалася з месца. І мурашцы давялося трымацца вельмі моцна, каб вецер не скінуў яе са спіны Цацы.

– А–а–а–а–й! Асцярожна! Ты мяне ледзь не згубіла… Мурашкі ж не толькі бегаюць!

Цаца прыпынілася і павярнула галаву да сяброўкі.

– А што яшчэ яны робяць?

– Носяць розныя пруткі ды хваінкі, каб будаваць мурашнік…

– Такія, напрыклад?

Цаца прымерылася вокам да невялікае хвойкі, якая расла побач, абхапіла яе хобатам і пацягнула.

– Нашто шкоду робіш?! – раптам прагучала над вухам. Вельмі строга і незадаволена прагучала, трэба сказаць. Нават мурашка скацілася са спіны Цацы ад неспадзяванкі. Сланяня выпусціла дрэўца.

– Хто тут? – на два галасы спалохана выгукнулі сяброўкі. 

– Я тут, – перад імі на зямлю апусцілася прыгожая птушка з доўгай дзюбай і ў чырвонай шапачцы (вы, канечне, адразу пазналі Дзядзьку Дзятла).

Сланяня з мурашкай таксама пазналі яго і пачалі тлумачыць, перабіваючы адна адну.

– Вы разумееце, мне трэба зрабіць мурашнік…

– Мы вырашылі памяняцца…

– Цяпер я – мурашка…

– А я – сланяня…

– Чакайце! Вы нічога не пераблыталі? – Дзядзька Дзяцел строга агледзеў сябровак. – Ты – сланяня. А ты – мурашка…

– Не! Я сланяня!

– А я – мурашка!

– Нічога не разумею, – залыпаў вачыма Дзядзька Дзяцел.

Мурашка ўзабралася на галінку перад яго дзюбай.

– А што тут незразумелага? Вось, паглядзіце… Я вялікая і дужая…

– А я – маленькая і слабая… – сланяня сарамліва прытулілася да дубочка. Дубочак падазрона затрашчаў і Цаца хуценька адхінулася…

– Мы вырашылі даведацца, як гэта – быць зусім іншай… Але такой, як заўжды хацелася…

Дзядзька Дзяцел паківаў, у задуменні шчоўкнуў дзюбай і весела зірнуў на сябровак.

– Ну, калі так, то канечне… Вялікай мурашцы – вялікі мурашнік… Але нашто ж дрэўцы ламаць – вунь колькі сучча-ламачча ўсялякага ляжыць…

І насамрэч воддаль ляжала цэлая гара сухіх галін і трэсак – амаль гатовы мурашнік.

– Ого! Якраз тое, што трэба! – узрадавалася Цаца. – І насіць не давядзецца!..

– І мне, вялікай, месца хопіць, – падтрымала мурашка, заскокваючы з галінкі на спіну Цацы.

– Дзякуй, Дзядзечка Дзяцел! – на бягу выгукнулі сяброўкі.

– Ну-ну… – пасміхнуўся дзяцел і ўзняўся на высокае дрэва. Яму стала цікава, што ж будзе далей.

 

***

 

Цаца з мурашкай падбеглі да кучы – не КУЧЫ, бо яна была дужа вялікая. Нават сланяня глядзела на яе знізу ўверх.

– А здалёк здавалася малою… – здзіўлена прашаптала Цаца.

– Здалёк усё падаецца меншым, чым на самай справе, – мурашка паспрабавала паглядзець на вяршыню кучы – для гэтага ёй давялося ўстаць на заднія лапкі, галава ў яе закружылася – і яна ўпала на спіну.

– Вох, – ты ўпэўнена, Цаца, што тут хопіць месца для вялікай мяне?

– Зараз праверым! – Цаца смела рушыла ў самую сярэдзіну кучы.

ТРЭСЬ!

АЙ!

СТОЙ!

У самай сярэдзіне гучна затрашчала і на кучу выскачыла… 

– Якая мілая! – прашаптала Цаца.

– Прыгожая… – зачаравана падтрымала яе сяброўка.

– Хто? Я?! Мілы?!! Ды самі вы… МІЛЫЯ!!! А я страшны! Зубасты! Ікласты! Кіпцюрасты! Вавёрк!

– Вавёрка? – перапытала Цаца.

– Вавёрк!!! – пранізліва запішчэла рудзенькая істота.

– Таму што хлопчык? – здагадалася мурашка.

– Таму што – звер! 

Вавёрк паказаў маленькія вострыя зубкі – два. І напяў кулачкі, як баксёр.

– Я нікога не баюся! Я ўвогуле самы смелы ў гэтым лесе… І ў гэтым свеце! Вось! – Вавёрк тупнуў лапай, галінка пад ім зламалася і ён скаціўся прама пад ногі Цацы.

– Вы павінны баяцца мяне! Вы ж мяне баіцеся, праўда? – звярок няўпэўнена зазірнуў у вочы Цацы.

– Так, я баюся… Я ж маленькая… – перамінаючыся з нагі на нагу сказала сланяня.

– А я – вялікая і дужая. Я цябе не баюся! – падскокваючы на спіне ў Цацы, заявіла мурашка.

Вавёрк здзіўлена пачасаў лапкай за вухам і паглядзеў на мурашку ўважліва.

– Ты ўпэўненая?

– У тым, што я цябе не баюся?

– У тым, што ты вялікая і дужая…

– Канечне! Ты што, не бачыш? – Цаца падтрымала мурашку.

– Ха–ха–ха! – вы жартуеце… Вавёрк пакаціўся са смеху. – Як мурашка можа быць вялікай і дужай? Я яшчэ разумею – сланяня!..

– А вось і не – я якраз пяшчотная і слабая… – не пагадзілася Цаца.

– Ты? Слабая?! Ды ты вунь якая… Вялікая! І ногі ў цябе вялікія, і вушы… І сама ты – ВЯ–ЛІ–КА–Я!

– Не праўда! – ад крыўды з вачэй Цацы пакаціліся слёзы. – Я не… Не… Вя–я–ялікая–а–а–а!..

Цаца заплакала ўголас, закрываючыся вушамі…

– Канечне, не!.. – мурашка пайшла ў наступ на Вавёрка. – Мала што ён гаворыць! Нічога ты не вялікая! І вушы ў цябе… – мурашка агледзела вушы Цацы, – нармальныя вушы! На свае хай паглядзіць!

Яна пачала наскокваць на Вавёрка. Так што той, разгублены, пачаў адступаць ад яе.

– Не дам крыўдзіць маленькіх!

Цаца перастала румзаць і захапленнем пазірала на сяброўку.

– Якая ты смелая!..

– Канечне! Калі я была маленькая, дык я ўсіх баялася, а цяпер няхай мяне баяцца! – ваяўніча заявіла мурашка.

– А можна я цябе не буду баяцца? – няўпэўнена запытала Цаца.

– Натуральна! Мы ж сябры! Я, наадварот, цяпер абараняць цябе буду… Ад усялякіх там… – мурашка фыркнула ў бок Вавёрка. Цаца павесялела.

Вавёрк нерашуча наблізіўся да мурашкі.

– А можна я таксама буду з вамі сябраваць?

– Не! – катэгарычна заявіла мурашка.

– Чаму?

– Таму што ты пакрыўдзіў маю сяброўку… Цаца, ты ж не хочаш з ім сябраваць, праўда?

– Ну... – сланяня са шкадаваннем паглядзела на разгубленага Вавёрка.

– А калі я… Гэта самае… Прабачэння папрашу, а? – Вавёрк з надзеяй зазірнуў у вочы Цацы.

– Які хітры! – мурашка ажно падскочыла. – Папросіць ён!..

– Так! Я прашу… Даруй мне, калі ласка… А? – Вавёрк перавёў позірк з Цацы на мурашку.

Сланяня ўздыхнула.

– Добра… Я дарую…

– Ладна… Даруем табе, – злітасцівілася і мурашка. – Толькі глядзі! Каб больш маленькіх не крыўдзіў!

– Не буду… – Вавёрк адмоўна пакруціў галавой. – А што вы тут хацелі рабіць?

– Хацелі збудаваць вялікі мурашнік… – патлумачыла Цаца. – Для нас…

– Каб усім месца хапіла, – падтрымала мурашка.

– А можна я буду вам дапамагаць? – прапанаваў Вавёрк.

– Хіба не! – узрадавалася Цаца. – Разам жа весялей…

І яны пачалі складаць з сухіх галінак вялікі-вялікі мурашнік.

Праўда, Цаца, як маленькая, насіла па пары трэсачак, а мурашка цягнула адну вялізную палку, даўжэйшую за яе ў некалькі разоў. Вавёрк імкнуўся на дапамогу і той, і той, але ў выніку больш перашкаджаў… Вельмі хутка ўсе стаміліся і вырашылі зрабіць невялічкі перапынак.

– Так мы доўга будзем будаваць… А хутка дождж пойдзе, – гледзячы на хмарнае неба заўважыў Вавёрк.

– І што ты прапануеш? Каб я насіла цэлыя бярвёны? – ваяўніча, хаця яшчэ задыхана, азвалася мурашка.

– А я больш падымаць не магу, – уздыхнула сланяня і пачала абмахвацца вухам.

– Не! У такой няпростай справе не варта ўсё рабіць самім, – патлумачыў Вавёрк. Ён напружыўся і закрычаў на ўсю моц:

– МІХАСЬ МІХАСЕВІЧ!!!

Ад крыку шышка на бліжэйшай хвоі не ўтрымалася і ўпала. Упала яна не абы куды, дарэчы. А на галаву вялікага мядзьведзя, які вылез з берлагу, што быў адразу за Кучай, заспана пачухаўся, агледзеў кампанію і глыбакадумна запытаў: 

– Ну?

– Ік!.. Ік!.. Ік!..

Вавёрк напэўна хацеў нешта сказаць, але на яго напала ікаўка.

Таму прыходзіць да цямы і тлумачыць усё давялося Цацы і мурашцы. А Вавёрк у гэты час з усяе сілы імкнуўся надзьмуць шчокі і затаймаваць подых (правераны сродак ад ікаўкі).

Мядзьведзь не звярнуў увагі на тое, хто тут большы-меншы (ён дакладна ведаў, што самы дужы звер у лесе – гэта ён, а ўсё астатняе яму было неістотна), але супраць перабудовы Кучы ў жытло тыпу мурашнік Міхась Міхасевіч запратэставаў рашуча.

– Вы што гэта задумалі, бэйбусы, маю летнюю хатку пад свае гульні скарыстаць? Не, я не згодны!

– Але ж нам вельмі трэба… – паспрабавала ўлагодніць мядзьведзя Цаца. – Мы ненадоўга…

– Ага, ненадоўга! Мой стрыечны брат з поўначы – белы мядзьведзь – таксама казаў, на канікулы прыехаў… Летась! Так што не пераконвайце – мне гэтае лецішча і самому патрэбнае.

– А як жа мы? – ад роспачы ў Вавёрка нават ікаўка прайшла.

– А вы… Ідзіце адсюль! Хутка дождж пойдзе! Дадому! А тое бацькам вашым раскажу, чым вы займаецеся!

Мядзьведзь выціснуў малых з палянкі, упарадкаваў Кучу і схаваўся пад ёй.

Адышоўшы так, каб яго не пачулі, Вавёрк злосна засакатаў:

– Вы паглядзіце на яго! Дачнік! Лецішча ў яго! Сваяк з Поўначы!.. Ды ў таго сваяка скура цямнейшая, чым у мяне! Ну, я ім пакажу! Яны ў мяне…

Вавёрк не мог прыдумаць пагрозу адначасова дужа страшную і выканальную для сябе… Нічога не прыходзіла  ў галаву, таму ён проста раздражнёна скакаў уперад па сцяжынцы. Цаца і мурашка ледзь за ім паспявалі. Так яны зайшлі даволі далёка. Прынамсі, Цаца так далёка ў лесе ніколі не была…

– Дзе мы? – мурашка заазіралася.

– Мы заблукалі? – занепакоілася Цаца.

– Ха! Што б вы без мяне рабілі, малечы! Спакойна! Я вас выведу!

Але нечага ў голасе Вавёрка бракавала… Магчыма, упэўненасці?..

 

Працяг будзе…

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

25 0 220

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Шэф-рэдактар беларускай версіі партала. Член Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Наверх