3 студзеня
03.01.2018

Глеб Бенцыоўскі: «Часта людзі аддаюць скейт бясплатна, каб захаваць спадчыну»

logo
Трэніруйся
32 0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Здаровыя людзі» схадзілі ў госці да мінчаніна Глеба Бенцыоўскага, каб паглядзець унікальную калекцыю скейтбордаў і артэфактаў у яго хатнім «Скейт-музеі СССР». 

Як усё пачыналася

Цяперашні кіраўнік грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя скейтбордынгу» правёў на дошцы амаль 30 гадоў.

«Я пачаў катаць у 1988 годзе, – успамінае Глеб. – Падчас летніх канікул на Каўказе бабуля падарыла мне скейт. Потым я вярнуўся ў Мінск, дзе скейтбордынг стаў для мяне дваровым захапленнем».

З мясцовай тусоўкай скейтараў, якая пачала складвацца яшчэ ў 1979 годзе, Глеб пазнаёміўся пасля прагляду культавага фільма «Дасягаючы немагчымага».

«У 1989-м выйшлі адразу два фільмы пра скейтараў – «Сутыкненне» і «Дасягаючы немагчымага». Гэта быў вынас мозгу! Паўтары гадзіны скейтбордынгу на вялікім экране. Да гэтага часу іх пераглядаю», – распавядае суразмоўца.

Пасля чарговага прагляду «Дасягаючы немагчымага» ў сталічным кінатэатры «Мір» Глеб пазнаёміўся з мясцовымі скейтарамі, якія «пасля кіно сунуліся кудысьці на тусоўку і запрасілі мяне на Акадэмку». Раён Акадэміі навук для савецкіх аматараў дошак з колцамі быў месцам збору і трэніровак.

«Я жыў на ўскрайку Мінска – Захадзе-3. У 1989 годзе дабрацца адтуль да Акадэміі навук – гэта амаль паўтары гадзіны з некалькімі перасадкамі. Таму часцей за ўсё атрымлівалася прыязджаць толькі па выхадных. Але адлегласць ніколі не з'яўлялася перашкодай для хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыязджалі адусюль», – кажа Глеб.

На Акадэмцы, дзе была выдатная асфальтавая дарожка, фантан «Ванна», вялікая пляцоўка «пад калонамі», каталі элементы фрыстайлу, слалома, ладзілі футбол на скейтах. У добрыя часы там можна было ўбачыць да 100 чалавек за раз. А па начах скейтары перамяшчаліся на спуск каля стадыёна «Дынама». Яшчэ былі «Раўбічы» з выдатнай лыжа-ролернай трасай. Туды выязджалі катаць даунхіл з начлегам на выхадныя.

Развал СССР і пасля за ім цяжкая эканамічная сітуацыя практычна загубілі скейтбордынг на ўсёй постсавецкай прасторы.

«У Мінску катала ў лепшым выпадку чалавек шэсць. Трэба было вучыцца, працаваць. Але мы ўсё роўна знаходзілі час сустракацца», – апісвае тыя часы Глеб.

 

Але да канца 1990-х скейтбордынг у сталіцы адрадзіўся.

«Апафеозам можна лічыць прыкладна 2000-ы. Мы трэніраваліся ў Мінску на плошчы Якуба Коласа (насупраць філармоніі) і людзі ў чарзе чакалі магчымасці зрабіць які-небудзь уласны трук», – распавядае Глеб.

У часы СССР у многіх гарадах былі арганізаваны клубы і секцыі «па інтарэсах», ладзілі спаборніцтвы, абмен вопытам з аднадумцамі, выезды за мяжу і г.д. У нашай краіне ўсё рухалася на імгненным энтузіязме.

Глеб усведамляў неабходнасць аб'яднаць аднадумцаў пад дахам адной арганізацыі, чыімі статутнымі мэтамі былі б папулярызацыя і развіццё скейтбордынгу. У 2008 годзе ёй стала МГА «Мінскі скейтборд клуб «Дэстроер», які вырас пазней у ГА «Беларуская федэрацыя скейтбордынгу». Праз год пры ёй адкрылася школа скейтбордынгу, дзе вучаць катацца на дошках. За гады існавання Федэрацыі зрабілі вялікую працу і шматлікія вынікі бачныя «простым вокам».

Захаваць спадчыну

Ідэя стварыць музей, прысвечаны савецкаму скейтбордынгу, з'явілася ў Глеба яшчэ ў 2005 годзе, як «даніна памяці» яго дзяцінству і маладосці, што ён правёў на дошцы.

«Многія пытаюцца, як у мяне з'яўляюцца дошкі. Частка – мая, частка – маіх сяброў. Потым знаёмыя пачулі. Я ўвесь час «палюю» на ўсялякіх барахолках, вышукваю тое, што мяне цікавіць. Як правіла, кошты за скейт у залежнасці ад іх стану і накладу там складаюць 10-20 рублёў. І тое з усімі можна пагутарыць», – распавядае Глеб.

Часта людзі, якія самі былі скейтарамі ў часы СССР, калі дазнаюцца пра калекцыю, аддаюць дошкі бясплатна альбо дапамагаюць іншымі спосабамі, каб захаваць спадчыну. Такіх людзей Глеб адзначае на музейнай Дошцы Пашаны.

 

«Але ёсць і адваротны бок медаля: калі чуюць, што гэта – для «Скейт-музея СССР», то цана на лот узлятае каласальна. Чамусьці ў некаторых ёсць цвёрдае перакананне, што музей выдатна спансіруюць, і я гатовы выкідаць велізарныя грошы за скейтборды. Але гэта не так».

Экспазіцыю, якая зараз месціцца ў яго ўласнай гасцёўні, Глеб папаўняе з сямейнага бюджэту. Балазе, яго жонка ідэю разумее і падтрымлівае, паколькі сама захапляецца скейтбордынгам.

«Але бюджэт таксама не гумовы. Часта даводзіцца адмаўляцца ад чагосьці з-за аб'ектыўных абставінаў. Напрыклад, на барахолцы адна дама з Казахстана ўпэўнена просіць за скейтборд 200 долараў без уліку няпростай лагістыкі, абгрунтоўваючы цану тым, што, калі не прадасць, то будзе вазіць на ім бульбу», – адзначае ён.

Ад «Ленінскай кузні» да поўнага кастама

Тым не менш, за некалькі гадоў калекцыя перарасла ў сапраўдны музей з больш чым 300 экспанатаў, сярод якіх большая частка – скейты, зробленыя ў розны час і нават у розных краінах.

«Скейтборды, якія выпускаліся ў СССР, самаробкі, замежныя скейты, артэфакты, дакументы. Яшчэ ёсць кнігі па гісторыі скейтбордынгу і архіў постсавецкіх замежных часопісаў па тэме», – пералічвае Глеб.

Самаробныя скейты – тыповая з'ява для падлеткаў і моладзі, якія пачыналі катаць у нашых шыротах у 1970-1980-я гады.

«Бум самаробкаў звязаны з дэфіцытам добрых скейтбордаў. На досвітку 1980-х іх не было ў продажы, а да канца 1980-х яны не адказвалі патрэбам савецкіх скейтбардыстаў. Таму скейт рабілі з таго, што змаглі дастаць, пачынаючы ад частковай замены дэталей да поўнага кастама. Многія мае сябры – Саша Страдывары ў Мінску, Дзяніс Мархасін у Маскве, Стас Міраненка ў Харкаве, іншыя энтузіясты – метадам спроб і памылак рабілі досыць сур'ёзныя самаробныя скейтборды, саматужным чынам адлівалі падвескі, колы», – успамінае суразмоўца.

Прамысловы выпуск скейтбордаў першай сярод рэспублік СССР наладзіла Эстонія, дзе ў канцы 1970-х у горадзе Выру пачалі вытворчасць ролікавых дошак Rula, што па-эстонску азначае «каціцца». А да сярэдзіны 1980-х скейтборды выпускаліся паўсюдна – у Расіі, Украіне, Латвіі, Эстоніі і нават у Казахстане і Кіргізіі. На некалькіх заводах запусцілі вытворчасць і ў Беларускай ССР – у Магілёве, Пінску і Жыткавічах. Былі як культавыя мадэлі, што складана было дастаць, так і канструкцыі, якія вельмі аддалена нагадвалі тыповы скейтборд.

«У ЗША, на радзіме скейтбордынгу, вытворчасць была прыватнай і арыентаванай на спажыўца, таму мадэлі мадэрнізаваліся кожны месяц, ішоў пошук інавацый, што вяло да пастаяннай эвалюцыі скейтборда, як спартыўнага інвентару і сродку руху – тлумачыць Глеб. – У нас жа вытворчасць была планавай, плюс канверсія, калі рабіць скейтборды магло абароннае прадпрыемства. Напрыклад, Андропаўскае вытворчае аб'яднанне машынабудавання вырабляла скейтборды «Скат», больш вядомыя як РПОМ-АПОМ, Кіеўскі суднабудаўнічы завод «Ленинская кузница» – скейтборды «Вираж», Магілёўскі завод «Техноприбор» – «Спринт», станкабудаўнічы завод у Краматорску – «Донбасс» і «Восток». І такіх прыкладаў шмат».

Аглядаючы хатнюю выставу можна прасачыць эвалюцыю вонкавага выгляду скейтаў. Ад кавалка дошкі з ролікавымі колцамі ў 1950-х да сучасных скейтбордаў, якія формай вельмі блізкія да сноўборда – з загнутымі да верху канцамі.

«Эвалюцыя звязана са з'яўленнем новых стыляў і трукаў у розных стойках. Савецкія скейтборды былі арыентаваныя на слалом і фрыстайл, таму мелі накіраваную альбо сіметрычную форму. Хоць кікноуз (загін дошкі) і магчымасць змены колавай базы ў савецкіх скейтаў з'явіліся раней, чым у амерыканскіх», – тлумачыць Глеб.

Да сярэдзіны 1990-х большасць беларускіх скейтараў каталі на савецкіх дошках, якія выпускаліся вялізнымі накладамі.

«У 2009 годзе я ўбачыў у краме «Матрешка» на Камароўцы пінскі скейт «Кузлитмаш». Аказваецца, яны правялі інвентарызацыю, знайшлі на складзе дзесяць штук гэтага цуду, што застаўся з часоў СССР, і вырашылі выставіць на продаж, прычым па кошце эквівалентным 50 доларам. Натуральна, прыйшлося купіць», усміхаецца Глеб

Канадскі клён супраць казахстанскага металу

Акрамя формы скейтаў, музей прапануе ацаніць разнастайнасць матэрыялаў, з якіх іх рабілі. Гэта і тэксталіт, і пластык, і метал, і дрэва ...

 «Класікай лічыцца сем слаёў канадскага клёну – падоўжнае і папярочнае спалучэнне. Гэта аптымальныя па вазе, гнуткасці і тарсіённай калянасці дошкі. Падвескі – з алюмінію, колы – з паліурэтану. Да гэтага Штаты прыйшлі ў пачатку 1980-х. Хоць эксперыменты былі заўсёды: спрабавалі рабіць дэкі з алюмінію, з аргматэрыялаў, пластыку, але ад апошняга адмовіліся яшчэ ў канцы1970-х, таму што ён не трымаў ногі і не адказваў патрэбам для выканання трукаў папулярнага тады вертыкальнага скейтбордынгу», – тлумачыць Глеб.

І паказвае найбольш цікавыя экспанаты. Напрыклад, самаробны скейт з коламі ад ролікавых канькоў. Яго Глеб зрабіў разам з бацькам свайго сябра па чарцяжах з часопіса «Юны тэхнік». Дарэчы, схемы зборкі ролікавых дошак даволі часта друкавалі ў савецкай прэсе і кнігах.

Альбо вось скейтборд, які прамыслова выпускаўся ў Казахстане, металічны і ўжо вельмі мудрагелістай формы.

«Па тэхнічных умовах вырабу ўсё, што мае адну плоскасць-платформу для пастаноўкі ног, дзве падвескі нахільна-паваротнага тыпу і чатыры колы з'яўляецца скейтбордам», – тлумачыць магчымасць з'яўлення такога цуду Глеб.

Цікава разглядаць і скрынкі ад скейтбордаў, і папяровыя этыкеткі на дошках. Гэтыя артэфакты найбольш каштоўныя, бо іх яшчэ паспрабуй знайдзі.

Скейт-выставы і пастаянная экспазіцыя

На жаль, хатні музей Глеба даступны толькі яго сябрам і знаёмым. Але экспазіцыю ўжо некалькі разоў дэманстравалі публіцы. Тройчы яе паказвалі ў Маскве – падчас выставы Faces & Laces (2011 год), кантэст 365 Practice Days (2013 год) і фестывалю S-FEST (2017 год), дзе яна карысталася вялікай увагай публікі. У Мінску калекцыю дэманстравалі на выставе MotoVeloExpo 2017 і Recast Moto Fest 2017.

«У мяне ёсць жаданне выстаўляць экспазіцыю і далей, дзяліцца з людзьмі гісторыяй, ведамі, эмоцыямі, успамінамі. Напрыклад, у адзін з дзён міжнароднага фестывалю экшн-фота і кіно S-FEST прайшла мая лекцыя-экскурсія па гісторыі савецкага і сусветнага скейтбордынгу. Яна сабрала поўную залу ў Музеі Масквы, а значыць, тэма шырокай аўдыторыі цікавая. У планах – выстава летам 2018 года ў Мінску, калі атрымаецца знайсці партнёраў, зацікаўленых у такога кшталту мерапрыемстве», – удакладняе Глеб.

Не першы год ён у пошуках памяшкання, дзе можна было б арганізаваць экспазіцыю і адкрыць яе для ўсіх.

«Неабходна памяшканне плошчай не менш за 20-30 кв.м, таму што толькі скейтбордаў у мяне 141, без уліку некалькіх валізак з артэфактамі і візуальным складнікам. А яшчэ дзесьці трэба захоўваць фонды», – кажа ён.

Размясціць экспанаты Глеб хацеў бы прыгожа, каб наведвальнікі маглі ўбачыць, як развіваўся скейтбордынг у СССР, а затым і ў Беларусі.

«Але ўсё ўпіраецца ў фінансавыя абавязацельствы – арэнду, камунальныя плацяжы і г.д. А «Скейт-музей СССР» – гэта некамерцыйная сацыяльна-культурная ініцыятыва. Я б хацеў захаваць гісторыю нашага скейтбордынгу, не толькі як маладзёжнай субкультуры, але і як алімпійскага віду спорту. Вядома, неабходныя сродкі, каб належным чынам аформіць экспазіцыю і падтрымліваць яе ў працоўным стане, папаўняць», – кажа энтузіяст.

Аптымальны варыянт для музею – мець сур'ёзнага партнёра, які дапамагаў бы ў вырашэнні такіх пытанняў. Дарэчы, Глеб падтрымлівае цесныя кантакты з калегамі з CША – Morro Bay Skateboard Museum і SkateLab Skateboard Museum & Skateboarding Hall of Fame, а таксама з Германіі – Berlin Skateboard Museum.

«Мы рэгулярна сустракаемся, абменьваемся скейтбордамі і артэфактамі. Так, у кожным з гэтых музеяў ёсць скейтборды СССР, а ў мяне захоўваецца першы прамыслова выпушчаны скейт з ЗША – Roller Derby # 10, першы нямецкі Rollbrettl і яшчэ некалькі ўнікальных для гісторыі сусветнага скейтбордынгу артэфактаў, – распавядае Глеб. – Усе гэтыя музеі маюць партнёраў. У ЗША – у асноўным гэта камерцыйныя структуры, у Германіі – дзяржаўныя. Яны падтрымліваюць не толькі дзейнасць музеяў, але і дапамагаюць ім арганізоўваць выставы, іншыя мерапрыемствы».

«Я адкрыты да любых адэкватных прапаноў і умоў, – дадае ён. – Важна, каб партнёр разумеў, што ў гэта ўкладзена душа. Хочацца, каб пастаянная экспазіцыя ў Мінску выглядала адпаведна. Бо сталіцу наведваюць не толькі госці з былых рэспублік СССР, але і вялікая колькасць замежнікаў, і ім дакладна будзе цікава ўбачыць гэты ўнікальны музей».

Будзем спадзявацца, што ў Глеба ўсё атрымаецца. А пакуль можна прагуляцца па «Скейт-музею СССР».

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

32 0 13

Наверх