24 Снежня
24.12.2019

Які водар у Новага года? Пахі Новага года альбо духі ў падарунак

logo
Адчувай шчасце
205 0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заплюшчыце вочы і ўдыхніце глыбей...

Чым пахне гэты час для вас?

Можа, мандарынамі, цукеркамі і імбірным пернікам?.. А можа свежай ігліцай, снегам і шампанскім?..

Гэта пах Новага года! Ён зусім побач…

Духі на Новы год у падарунак.

Часам хочацца захаваць водар свята на ўсе зімовыя месяцы (а можа і летам зрэдку даставаць «чароўны куфэрак», каб вяртацца ў навагоднюю казку). І майстры парфумерных спраў ужо ўсё прыдумалі! Змяшалі, разлілі і запячаталі – засталося толькі вызначыцца з выбарам і падарыць каханаму чалавеку (ці сабе) той самы непаўторны водар Новага года!

Хто з'еў усе мандарынкі?

Забаўна, але мандарынавыя ноты ёсць у самых вядомых парфумерных дамоў і прадстаўлены як у жаночай, так і ў мужчынскай парфуме, прычым вельмі вядомай. Не верыце?

Дарэмна! Вось, напрыклад, парфумаваная вада Coco Mademoiselle Chanel. У ёй ёсць і мандарын, і апельсін, і ваніль... Але пры гэтым пах настолькі яркі і радасны, што ў ім хочацца кружыцца і танчыць. Гэтая мадэмуазэль шалёна любіць жыццё, і для яе кожны дзень – маленькае свята. Вядома, гадоў праз пяць-дзесяць яна «пасталее», палюбіць класіку (скажам, «Шанэль №5»), а пакуль можна дазволіць сабе крыху больш, чым іншыя... Каб было, што распавесці ўнукам!

У пару ёй – мужчынскі водар таго ж брэнду, Allure Homme Sport Cologne Sport Chanel. Тыя ж цытрусавыя, мандарын, апельсін, лімон, грэйпфрут, а яшчэ спецыі, кедр і яловая смала. Трохі падобны да Dior Homme Cologne ад Christian Dior, але ў апошнім ёсць яшчэ какава, лаванда, касач і скура... Узімку з ваўнянага швэдра адчуваецца проста шыкоўна.

У Christian Dior ёсць і жаночая «мандарынка» – Miss Dior (new). Італьянскі мандарын, егіпецкі язмін, ружа, пачулі і мускус. Сакавітасць Мадэмуазэль ад Шанэль і амброва-мядовы шлейф, толькі вось Дыёраўская міс больш пернікавая і цягучая, хаця і не менш какетлівая і высакародная.

У вас сапраўды няма алергіі на мандарыны?

Тады абавязкова паспрабуйце цытрусавы фужэрны водар ад Guerlain - Aqua Allegoria Mandarine Basilic – мандарын і базілік – яго асноўныя інгрэдыенты. Асвяжае, бадзёрыць, іскрыцца, як зімовае сонца.

Калі ж у зімовы дзень захочацца памарыць пра лета, убачыць мядовыя сны, дык самы час звярнуць увагу на Poeme ад Lancome. Сапраўдны парфумны антыдэпрэсант з нотамі чорнай парэчкі, слівы, персіка, водарам мімозы, нарцысу, фрэзіі, язміну, геліятропу, туберужы і апельсінавай квецені. Цудоўна «садзіцца» на футра... Камусьці нагадае букет кветак, камусьці калядны пернік, але не заўважыць яго дакладна немагчыма, як і забыцца на яго.

Дарэчы, пра пернікі…

Back to Black by Kilian – водар, які могуць насіць і мужчыны, і жанчыны. У яго кампазіцыі не толькі пернікі, але і шафран, кардамон, каляндра, мускатны арэх, белы мёд, міндаль, ваніль, вішня... Яго час – зіма. Месца – цёплая коўдра і крэсла перад камінам. Лёгкі дымок, ноты кедра і сандала нагадаюць вам пра ўтульныя зімовыя вечары нават пасярод лета.

А вось адчуць сябе маленькай дзяўчынкай у чаканні цуду дапаможа Pink Bouquet Moschino. Лёгкая слодыч малінавых цукерак, ананас, персік і –так-так! – той самы калядны імбірны пернік!

Імбір ёсць і ў Miracle ад Lancome, у ім таксама выявяцца мандарыны, але з лёгкімі пудравымі ноткамі.

Не пашкадавалі імбіру з чырвонымі ягадамі і ў Ginger Musk ад Montale. Гэта вінтажны аксамітны водар, які нагадвае пра Венецыянскі карнавал.

Што яшчэ кладуць у пернікі? Міндаль, напрыклад. Самы «смачны» міндаль, па водгуках аматараў парфумы са стажам, у Etro Heliotrope. Акрамя таго, у ім ёсць геліятроп, касач, язмін, талуанскі бальзам і ваніль. Словам, выдатная магчымасць папесціць сябе салодкім, не парушаючы дыеты.

Для аматараў шакаладу падыдзе водар Chocolate Greedy Montale. Кава, какава, ваніль, бабы тонка, горкі апельсін і сухафрукты. Выдатная замена кубачку кавы з любімай слодыччу. Мінус – водар шакаладнага печыва так падобны на сапраўдны, што ўстрымацца ад дэсерту практычна немагчыма!

Не можаце без пралінэ – падарыце сабе парфуму La Vie Est Belle ад Lancome, CH Carolina ад Herrera або Angel ад Mugler. Соладка? Так! І пры гэтым ніякіх лішніх калорый!

Усім шампанскага!

Для тых, у каго Новы год асацыюецца з гэтым іскрыстым напоем, падыдзе Gucci Premiere Eau de Toilette. Водар і для асаблівага выпадку, і на кожны дзень. Адкрываецца акордамі марачнага шампанскага, бергамоту і флёрдаранжу, працягваецца букетам ружы, фрэзіі і язміну, скурай, дрэвам і пачулі ў базе. Пачуццёвы, ап'яняльны і святочны, нібы крыштальны келіх, поўны шампанскага…

Але што б вы ні ўзялі, памятайце, што водар лепш пратэсціраваць не на блотары, а на ўласным запясці. На скуры кожнага чалавека парфума раскрываюцца па-рознаму, і тут важна слухаць сябе, так што…

Заплюшчыце вочы і ўдыхніце глыбей…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

205 0 36

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Шэф-рэдактар беларускай версіі партала. Член Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Наверх