12 Кастрычніка
12.10.2017

Чатыры этапы выяўлення эрозіі шыйкі маткі

logo
30+ Захоўвай прыгажосць
50 0 9
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Змест:

Паводле ацэнак спецыялістаў, кожная другая жанчына чуе ў кабінеце гінеколага вердыкт: эрозія шыйкі маткі. Часта гэта адбываецца таму, што любое пачырваненне на гэтым органе выклікае насцярожанасць. Для нас жа гэта абазначае адно: дыягназ можа і не пацвердзіцца, але старанная праверка патрабуецца абавязкова!

Пра распаўсюджаную жаночую праблему Здаровыя людзі пагаварылі з урачамі гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 Мінска.

Жанна Раманчук
Загадчыца клініка-дыягнастычнага аддзялення (Гарадскога цэнтра планавання сям'і) гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 Мінска
Ірына Богдан
Урач кабінета паталогіі шыйкі маткі гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 Мінска
да зместу

Сімптомы паталогіі шыйкі маткі

 Прычына частых захворванняў шыйкі маткі абумоўлена анатамічна – гэтая частка маткі выступае ў похву, таму схільная да інфіцыравання.

Ёсць нюанс: хвароба можа працякаць абсалютна бессімптомна.

Варта насцярожыцца, калі заўважыце незвычайныя вылучэнні (асабліва крывяністыя), якія з'яўляюцца адразу пасля палавога акту альбо ўзмацняюцца пасля яго.

Урачы б'юць трывогу: усё часцей анкалогія сустракаецца ў моладзі.

Жанна Раманчук
Загадчыца клініка-дыягнастычнага аддзялення гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 Мінска
Калі яшчэ 10 гадоў таму сярэдні ўзрост узнікнення рака шыйкі маткі быў каля 40 гадоў, то сёння ён «перайшоў» у больш маладую ўзроставую групу – да 35 гадоў. І, на жаль, мае больш агрэсіўнае цячэнне. Жанчыны старэйшага ўзросту наведваюць урача больш рэгулярна і часта, такім чынам, паталогія шыйкі маткі выяўляецца і лечыцца на больш ранніх стадыях.
да зместу

Што такое эрозія?

Сапраўдная эрозія — дэфект слізістай абалонкі, то бок участак без эпітэлію.

Прычыны ўзнікнення эрозіі

  • Запаленчыя захворванні шыйкі маткі. Часцей віруснага (герпетычнага) паходжання.

  • Траўміраванне падчас выкарыстання бар'ерных і хімічных кантрацэптываў  (прэзерватыва, каўпачка, дыяфрагмы і інш.), а таксама сперміцыдаў (мазі, свечак, што забіваюць сперматазоіды).
  • Няўмелае, неакуратнае спрынцаванне.
да зместу

Дыягнастуем эрозію

Вызначыць эрозію можна толькі на прыёме ва ўрача-акушэра-гінеколага.

Этап 1. Агляд шыйкі маткі

Спачатку ўрач вонкава агледзіць стан палавых органаў, затым увядзе ў похву люстэрка. Гэта самае непрыемнае, але патрываць можна.

Вонкава бачныя толькі самыя грубыя парушэнні. Каб зразумець іх прыроду, неабходныя больш дбайныя даследаванні (пашыраная кальпаскапія).

Пасля агляду ўрач возьме мазкі на флору і цыталогію.

Этап 2. Цыталагічнае даследаванне

Цыталогія – навука аб клетках. З дапамогай цыталагічнага даследавання можна даведацца пра асаблівасць клетак паверхні шыйкі маткі. Рабіць цыталагічнае даследаванне трэба штогод, нават калі нічога не турбуе і шыйка маткі падаецца здаровай.

Памятайце: жаночыя праблемы часта выяўляюцца ўжо ў запушчаным стане толькі таму, што ніяк не праяўляюць сябе. Западозрыць іх на ранніх стадыях можа толькі ўрач.

Ірына Богдан
Урач кабінета паталогіі шыйкі маткі гарадскога клінічнага радзільнага дома № 2 Мінска
У Беларусі паспяхова ўводзіцца «залаты стандарт» гэтага даследавання – вадкасная цыталогія. Пры выкарыстанні гэтай тэхналогіі матэрыял для даследавання спачатку змешваюць з адмысловым растворам. Ён аддзяляе клеткі эпітэлію ад забруджванняў. Такім чынам, вынік атрымліваецца больш дакладным, выявіць праблему можна максімальна рана. Даследаванне рэкамендаванае ўсім жанчынам ад 25 да 65 гадоў. У заходніх еўрапейскіх краінах і ЗША, колькасць жанчын, якія робяць яго, блізкая да 100%. Там атрымалася дасягнуць поспехаў у ранняй дыягностыцы перадпухлінных паталогій і раку шыйкі маткі. Бо пры своечасовым выяўленні рак шыйкі маткі можа быць вылечаны ў 98% выпадкаў. У нашай краіне методыка пакуль даступная толькі ў асобных камерцыйных цэнтрах. Плануецца распрацоўка эфектыўнай скрынінгавай праграмы з паўсюдным выкарыстаннем вадкаснай цыталогіі.

Этап 3. Кальпаскапія

Гэта даследаванне шыйкі маткі пад адмысловым мікраскопам (кальпаскопам).

Пашыраная кальпаскапія – тое ж самае, але з папярэдняй апрацоўкай участка шыйкі маткі растворамі, у склад якіх уваходзіць 3% воцатнай кіслаты і ёду.

Існуе і лічбавая кальпаскапія, калі малюнак органа для зручнасці ўрача выводзіцца на манітор камп’ютара. Карцінку можна захаваць, каб пасля адсочваць стан і змены слізістай шыйкі маткі ў працэсе лячэння.

Этап 4. Біяпсія

Гэта ўзяцце часткі тканкі для гісталагічнага (мікраскапічнага) даследавання. З яго дапамогай і ставяць канчатковы дыягназ. Працэдуру праводзяць з дапамогай спецыяльных біяпсійных шчыпцоў, радыёнажа (апаратам «Сургітрон»), электрапятлёй альбо скальпелем. Пры гэтым важна, што працэдура бязбольная і робіцца даволі хутка.

Часам урач-акушэр-гінеколаг можа не толькі ўзяць узор тканкі шыйкі маткі, але і выдаліць тыя ўчасткі, дзе выяўлены анамальныя змены.

да зместу

Што трэба ведаць пра біяпсію?

  • робіцца пры ўмове адсутнасці інфекцый палавых шляхоў. Калі вынікі мазкоў на флору благія, урач спачатку прызначыць лячэнне, а затым яшчэ раз зробіць кантрольны мазок;
  • адбываецца пад кантролем кальпаскопа, што дазваляе максімальна дакладна абраць пашкоджаны ўчастак;
  • пасля працэдуры могуць быць невялікія крывяністыя вылучэнні. Пераймацца з гэтай нагоды не варта, яны самастойна праходзяць на працягу некалькіх дзён;
  • на працягу тыдня пасля біяпсіі трэба берагчы шыйку маткі – не жыць палавым жыццём, не падымаць цяжкага, не спрынцавацца.

На падставе біяпсіі ўрач абірае метад лячэння эрозіі шыйкі маткі.

Нягледзячы на тое, што паталогія шыйкі маткі – распаўсюджаны стан, якім нельга грэбаваць. Тым больш, што праходзіць паталогія можа абсалютна бессімптомна. Сучасныя даследаванні (вадкасная цыталогія, лічбавая кальпаскапія) дапамогуць паставіць дыягназ на самых ранніх стадыях, калі з ёй лёгка будзе зладзіць з мінімальнай рызыкай для здароўя.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

50 0 9

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх