21 Снежня

Чыста жаночае пытанне. Цыстыт: прычыны, сімптомы, фактары рызыкі

Жыццё з анкалогіяй
152 0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кожная трэцяя жанчына ў свеце хаця б раз у жыцці хварэла на цыстыт, кожная другая зведала розныя балючыя адчуванні, звязаныя з мочаспусканнем, падобныя да сімптомаў гэтага захворвання. Існуе меркаванне, што частата выпадкаў цыстыту перавышае распаўсюджанасць прастудных захворванняў.

Пра сімптомы, прычыны, фактары рызыкі і лячэнне цыстыту журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавёў загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, уролаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый Тарэндзь.

Жаночая хвароба

Цыстыт, ці, як яго яшчэ называюць, няўскладненая інфекцыя ніжніх мачавых шляхоў, – «прэрагатыва» жанчын. У мужчын падобнае захворванне сустракаецца вельмі рэдка, і прычына таму – анатамічныя асаблівасці мужчынскага арганізма. Мочаспускальны канал у мужчын больш доўгі і вузкі, размешчаны ўдалечыні ад кішэчніка, які можа стаць крыніцай інфекцыі. У жанчын урэтра шырокая і кароткая, яе даўжыня не перавышае 34 см. Гэтая асаблівасць жаночага арганізма і з'яўляецца адным з фактараў, які спрыяе захворванню. Менавіта таму 99% пацыентаў з цыстытам – жанчыны.

 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Анатамічныя асаблівасці жаночага арганізма спрыяюць таму, што інфекцыя праз мочаспускальны канал пранікае ў мачавы пузыр.

Асноўным узбуджальнікам інфекцыі ў мачавым пузыры з'яўляецца кішэчная палачка (Escherichia coli) і яе ўрапатагенныя штамы. Гэты мікраарганізм з'яўляецца нармальным насельнікам тоўстага кішэчніка і ў норме не выклікае ніякіх запаленчых змяненняў у страўнікава-кішэчным тракце. Цыстыт правакуюць урапатагенныя штамы Escherichia coli (віды кішэчнай палачкі, якія здольныя выклікаць запаленне мачавых шляхоў).

 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Улічваючы, што гэты мікраарганізм, у асноўным, распаўсюджаны ў кішэчніку, ён у вялікай колькасці ёсць на скуры пахвіны, вакол похвы і анусу. Такім чынам, ён здольны пранікаць у мачавы пузыр: з дапамогай варсінак і фімбрый мікроб прымацоўваецца да клетак слізістай, пранікае ў іх і затым выклікае запаленне.
да зместу

Першыя прыкметы цыстыту

Болевыя адчуванні ўнізе жывата ў вобласці мочаспускальнага канала, звязаныя непасрэдна з актам мочаспускання, – першая прыкмета цыстыту. Прычым боль можа турбаваць на працягу ўсяго акта мочаспускання, альбо ўзмацненне болевых адчуванняў можа адбывацца напрыканцы. У некаторых выпадках жанчына можа адзначаць, што ў мачы з'явілася прымешка крыві. Гэта сведчыць пра тое, што слізістая мачавога пузыра запалёная настолькі, што апошняе яго скарачэнне прыводзіць да яе надрыву і пашкоджанню дробных сасудаў.

да зместу

Фактары рызыкі развіцця цыстыту

Развіццю цыстыту спрыяе шэраг фактараў. Сярод іх:

  • пераахаладжэнне (звязана са зніжэннем імунітэту);
  • аслабленне арганізма іншымі інфекцыямі;
  • празмерная сэксуальная актыўнасць, у тым ліку частая змена партнёраў;
  • выкарыстанне прэзерватываў са сперміцыдамі;
  • постменапаўза;
 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
У выніку гарманальных змяненняў у жаночым арганізме ў гэты перыяд змяняецца стан слізістых абалонак, іх ахоўныя ўласцівасці зніжаюцца, пакутуе мясцовы імунітэт. Усё гэта ў сукупнасці спрыяе ўзнікненню інфекцыі. У жанчын дзетароднага ўзросту гарманальныя змены, якія адбыліся ў сілу якіх-небудзь абставінаў (напрыклад, з-за гінекалагічных праблем), таксама могуць стаць прычынай развіцця цыстыту.
  • анамаліі развіцця мочапалавых шляхоў;
  • моцны эмацыянальны стрэс;
  • спадчыннасць.
 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Калі ў маці ў анамнезе былі праблемы з узнікненнем інфекцый мачавога пузыра, вострыя альбо хранічныя цыстыты, то рызыка захварэць у яе дачкі ў 2,5 раза вышэй у параўнанні з іншымі жанчынамі.

У некаторых выпадках жанчына на наступны дзень або праз дзень пасля палавога акта мае балючыя адчуванні пры мочаспусканні, і гэта «вельмі падобна да цыстыту». Магчыма, у гэтай сітуацыі мае месца анатамічная асаблівасць размяшчэння вонкавай адтуліны ўрэтры.

 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Калі вонкавая адтуліна ўрэтры размешчана больш глыбока ў похве, палавы акт з'яўляецца сур'ёзным фактарам рызыкі. Гэта павялічвае верагоднасць пранікнення мікраарганізмаў у мочаспускальны канал і мачавы пузыр. У некаторых выпадках такім пацыенткам выконваецца аператыўнае ўмяшанне па карэкцыі мочаспускальнага канала. Гэта аперацыі, якія дазваляюць падоўжыць урэтру для таго, каб знізіць верагоднасць інфіцыравання.
да зместу

Востры і хранічны цыстыт. Дыягностыка і лячэнне

Вострым цыстыт лічыцца, калі запаленне ў мачавым пузыры ўзнікае не часцей за 1 раз на год або ў некалькі гадоў. Прыкладна ў 80-85% выпадкаў прычынай захворвання з'яўляецца кішэчная палачка. Пацыентцы прызначаюцца адпаведныя антыбактэрыяльныя прэпараты. Часам тэрапія можа быць дапоўненая супрацьзапаленчымі лекавымі сродкамі, прэпаратамі на расліннай аснове. Як правіла, курс лячэння доўжыцца тры дні.

Хранічны цыстыт – хранічная рэцыдывіруючая інфекцыя ніжніх мачавых шляхоў. Захворванне ўзнікала 2 разы за апошнія 6 месяцаў альбо 3 разы за апошні год. 

 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Такая частата эпізодаў абвастрэння хваробы гаворыць пра хранічны рэцыдывіруючы цыстыт. У гэтай сітуацыі трэба высветліць, якая прычына выклікае чарговае абвастрэнне. Для гэтага жанчыне неабходна выканаць бактэрыялагічнае даследаванне мачы. Правілы здачы мачы на пасеў наступныя: пасля туалета вонкавых палавых органаў з дапамогай мыла і праточнай вады (без выкарыстання антысептыкаў і іншых сродкаў, якія валодаюць супрацьмікробнай актыўнасцю) у стэрыльны посуд здаецца сярэдняя порцыя мачы. Матэрыял на працягу гадзіны павінен быць дастаўлены ў бактэрыялагічную лабараторыю.

На падставе гэтага аналізу, растлумачыў эксперт, урачы змогуць высветліць, які ўзбуджальнік выклікае захворванне і да якіх антыбіётыкаў ён адчувальны. Часцяком узбуджальнік хранічнай інфекцыі ўстойлівы да пэўных антыбактэрыяльных прэпаратаў. Менавіта таму важна падабраць «правільны» антыбіётык. Курс лячэння хранічнага цыстыту – прыкладна 7 дзён.

Жанчыны, у якіх дыягнаставаны хранічны цыстыт, павінны таксама прайсці абследаванне ў гінеколага. Часта сімптомы іншых захворванняў, у тым ліку інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, падобныя да праяў цыстыту.

 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Пад «маркай» цыстыту могуць хавацца і іншыя хваробы. У першую чаргу гэта тычыцца хранічнай формы захворвання. Калі яна дае пра сабе ведаць часта, акрамя стандартнага абследавання жанчыне варта прайсці УГД нырак і мачавога пузыра, выключыць іншыя прычыны і хваробы, ажно да анкалагічных.

У большасці выпадкаў цыстыт добра паддаецца тэрапіі антыбіётыкамі і ў 90% жанчын сыходзяць практычна ўсе сімптомы. Аднак ёсць адзін нюанс. Нават пасля прыёму ўсяго курсу антыбіётыкаў яшчэ нейкі час могуць заставацца сімптомы цыстыту, бо змены, якія адбыліся ў мачавым пузыры, хутка не праходзяць. Разам з тым, гэта не павінна з'яўляцца падставай для таго, каб самастойна працягваць антыбактэрыяльную тэрапію.

 
Дзмітрый Тарэндзь
Загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, уролаг, к.м.н.
Так, у большасці жанчын праявы цыстыту сыдуць на фоне антыбіётыкаў на працягу некалькіх дзён, але ў некаторых могуць і застацца. Таму разам з антыбіётыкамі мы часам прызначаем нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, камбінаваныя прэпараты расліннага паходжання, якія валодаюць супрацьзапаленчым дзеяннем, здымаюць ацёк і боль.

Калі, нягледзячы на поўны курс лячэння, сімптомы захоўваюцца больш за 4-5 сутак, – гэта падстава яшчэ раз наведаць урача. Магчыма, варта правесці дадатковыя аналізы і змяніць тактыку лячэння.

да зместу

Ускладненні цыстыту

Часам інфекцыя набывае працяглы і вялацякучы характар. Ёсць такія формы цыстыту, калі слізістая ў мачавым пузыры набывае ўласцівасці арагавелага эпітэлію.

У некаторых выпадках у выніку паўторных інфекцый слой спецыяльнага рэчыва (гліказамінагліканы), які пакрывае слізістую мачавога пузыра, парушаецца і гэта можа прывесці да таго, што праз некаторы час мачавы пузыр паменшыцца ў памерах.

У выніку частых цыстытаў інфекцыя можа стаць прычынай піяланефрыту – запалення ныркі.

Асноўнай прычынай ускладненняў цыстыту з'яўляецца адмова або адтэрміноўка звароту па кансультацыю да спецыяліста – уролага. Самастойнае лячэнне ў большасці выпадкаў прыводзіць да павелічэння частаты рэцыдываў і, як следства, да развіцця вышэйзгаданых ускладненняў.

да зместу

Як папярэдзіць цыстыт

Асноўныя меры прафілактыкі зводзяцца да таго, каб:

  • не пераахалоджвацца;
  • насіць бялізну з натуральных тканін;
  • старацца ўжываць шмат вадкасці, напоі з высокім утрыманнем кафеіну пажадана выключыць;
  • варта мачыцца пры першых пазывах, а не цярпець;
  • старайцеся падмываць прамежнасць пасля апаражнення кішэчніка;
  • гігіенічныя працэдуры рабіце па кірунку ад вульвы да анусу;
  • перад палавым актам старайцеся падмыць геніталіі;
  • калі ёсць магчымасць, не карыстайцеся бар'ернымі сродкамі кантрацэпцыі (прэзерватывы, похвавыя дыяфрагмы), аддайце перавагу аральным кантрацэптывам;
  • калі ў вас менапаўза, то можна карыстацца мясцовымі гарманальнымі сродкамі (крэмы, гелі з эстрагенамі) пасля кансультацыі з гінеколагам, бо яны зніжаюць частату рэцыдываў інфекцыі;
  • знайдзіце сабе надзейнага ўролага.
152 0 17

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх