1 Лютага
01.02.2019

Што такое цыгун і чым ён карысны?

logo
Уставай з канапы
17 0 89
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вы чулі слова «цыгун»? Ведаеце, у чым сутнасць гэтай кітайскай аздараўленчай гімнастыкі? Спрабавалі ёю займацца? Калі хаця б на адно з пытанняў вы адказалі адмоўна, гэты матэрыял для вас. Вы даведаецеся, што гэта за практыка, каму рэкамендавана займацца нескладанымі практыкаваннямі і як да цыгун адносяцца яго прыхільнікі і медыцынскія работнікі. А раптам гэта тое, што вы даўно шукаеце, каб стаць здаравейшымі?

Лячэбная энергія цы

Слова «цыгун» ( «чы-гонг») азначае працу з энергіяй, з патокамі жыццёвай сілы. Цы – адно з важных філасофскіх паняццяў у Кітаі. Лічыцца, што менавіта правільны рух патокаў энергіі ў целе робіць яго здаровым, а чалавека – спакойным і ўраўнаважаным. Сістэма накіравана на гарманізацыю праз некалькі аспектаў: вызначаныя плаўныя рухі, правільнае дыханне і медытатыўныя тэхнікі. Злучэнне гэтай тройкі дае эфект канцэнтрацыі і павышае сілу духу.

цигун

Цыгун узнік на аснове розных рэлігійных вучэнняў, і дагэтуль некаторыя даследчыкі лічаць яго комплексам таемных ведаў з даасізму і будызму. Але цікавасць да ўсходніх практык у сучасным свеце з'явілася ўжо дакладна не з-за жадання спасцігнуць філасофію, а хутчэй з-за пошуку спосабаў пазбегнуць хвароб.

Займайцеся тут і цяпер!

Практыка цыгун вельмі даступная, выконваць практыкаванні можна ў любым месцы. Не трэба спецыяльнага забеспячэння або экіпіроўкі, галоўнае – зручнае адзенне, якое не сцягвае цела. Для некаторых практыкаванняў не патрэбны нават дыванок. Усе позы і рухі вельмі простыя, не патрабуюць суперрасцяжкі і не нагружаюць суставы. Гэта павароты, прысяданні, нахілы, якія кожны, хто займаецца, робіць да сваёй мяжы. У цыгун няма духу спаборніцтва, кожны параўноўвае сябе толькі з учарашнім сабой. Практыка падобная да ёгі, але больш простая.

Самыя папулярныя комплексы цыгун:

  • «восем кавалкаў парчы» (практыкаванні, дзе напружанне чаргуецца з расслабленнем);
  • «шэсць лячэбных гукаў» (вымаўленне-прапяванне на выдыху);
  • «пяць жывёл гуляюць» (імітацыя рухаў звяроў);
  • «практыкаванні для мышцаў і сухажылляў».

Села батарэйка? Зараджаем!

У цыгун мноства напрамкаў. Практыкі могуць быць хуткімі, дынамічнымі, хаця рухі ў цыгун адрозніваюцца плаўнасцю, лёгка і натуральна пераходзяць адзін у другі. Ёсць статычны цыгун, калі чалавек прымае адно палажэнне і застывае ў ім на нейкі час. Так можна лепш сканцэнтравацца на сабе. Выкарыстоўваюцца ў практыцы пастукванні, папляскванні, тэхнікі самамасажу.

 
Аляксандр Пілавец
Паслядоўнік школы Чжун Юань цыгун, інструктар цыгун
Цыгун дапамагае чалавеку «зарадзіць унутраныя батарэйкі». Займаючыся ім, можна давесці да ладу арганізм і псіхіку. Павялічваецца энергетычны рэсурс, арганізму прасцей змагацца з хваробамі і стрэсамі, ён самавылечваецца. Практыкаванняў цыгун мноства, чалавек любога ўзросту і пры любым стане здароўя можа знайсці штосьці менавіта для сябе. Аднак на вынік можна разлічваць толькі тады, калі заняткі будуць рэгулярнымі.

Аляксандр Пілавец лічыць, што здароўе неабходна аднаўляць цэласна, не змагацца з нейкім адным захворваннем, а шукаць больш глыбокія прычыны іх узнікнення.

цигун

Падтрымка, але не панацэя

Афіцыйная медыцына, не адмяняючы карысці цыгун, прытрымліваецца крыху іншага меркавання.

На думку ўрача-рэабілітолага, загадчыцы аддзялення медыцынскай рэабілітацыі паліклінікі №1 Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Чахоўскай, цыгун добра выкарыстоўваць для прафілактыкі некаторых хвароб і ў іх комплексным лячэнні. Але нельга пры гэтым ігнараваць традыцыйныя медыцынскія веды.

 
Святлана Чахоўская
Урач-рэабілітолаг, загадчыца аддзялення медыцынскай рэабілітацыі паліклінікі №1 Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы
Тыя, хто займаецца цыгун, пазітыўна адгукаюцца аб гэтай лячэбнай кітайскай практыцы. Асабліва людзі сталага ўзросту, для якіх недапушчальныя вялікія фізічныя нагрузкі. Яны аздараўляюцца, адцягваюць увагу ад стрэсаў, знаходзяцца ў добрым настроі. Даследаванняў пра цыгун пакуль няшмат, але даказана, што ў комплексным лячэнні гімнастыка дапамагае пры артэрыяльнай гіпертэнзіі. Цыгун высока ацэнены як лячэбная фізкультура пры паражэннях суставаў, для аднаўлення пасля траўмаў. Ёсць нават комплексы практыкаванняў цыгун для людзей з залішняй вагой. Але пры гэтым дадзеная ўсходняя практыка не панацэя, нельга засяроджвацца на ёй адной, выключаючы медыкаментознае лячэнне, фізіяпрацэдуры, рэфлексатэрапію. Не рэкамендуецца займацца цыгун пры абвастрэнні хранічных захворванняў, а пры паражэннях суставаў і пазваночніка, падбіраючы комплекс практыкаванняў, трэба абавязкова пракансультавацца з урачом.

Усходнія практыкі ў апошні час шырока распаўсюджваюцца ва ўсім свеце. Тое, што і беларусы пачынаюць асвойваць кітайскую гімнастыку цыгун, – нядрэнная тэндэнцыя. Бо добра ўсё тое, што здароўю ў плюс.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

17 0 89

Наверх