9 Ліпеня
09.07.2019

Чым дапаможа выязная служба хоспісаў (+адрасы)

logo
Догляд за цяжкахворымі
3 0 77
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі дзейнічае 8 хоспісаў для дарослых, а таксама адкрытыя аддзяленні паліятыўнай медыцынскай дапамогі ў 24 стацыянарах – усяго 431 ложак. Але акрамя стацыянара існуюць выязныя патранажныя службы, якія аказваюць дапамогу дома. Хто можа на яе разлічваць і на якіх умовах, журналісту партала Здаровыя людзі распавяла галоўны ўрач ДУ «Бальніца паліятыўнага догляду «Хоспіс» г.Мінска Наталля Наркевіч.

Зараз у краіне дзейнічаюць 11 выязных патранажных службаў (ВПС): у Брэсце, Пінску, Баранавічах, Віцебску, Оршы, Гомелі, Гродне, Мінску, Магілёве і Бабруйску.

Каму аказвае дапамогу ВПС?

Пад апеку ВПС прымаюцца інкурабельныя пацыенты, пераважна з анкалагічнай паталогіяй, прагназуемая працягласць жыцця якіх не перавышае 1 год.

 
Наталля Наркевіч
Галоўны ўрач ДУ «Бальніца паліятыўнага догляду «Хоспіс» г.Мінска
Інкурабельныя пацыенты – гэта людзі, якім ужо не паказанае спецыяльнае лячэнне, а можна аказаць толькі сімптаматычнае і купіраваць сімптомы, якія пагаршаюць якасць жыцця на тэрмінальнай стадыі захворвання. У першую чаргу – хранічны болевы сіндром. Людзі не павінны пакутаваць ад болю. Таму нават калі пацыенты працягваюць атрымліваць, да прыкладу, хіміятэрапію, але пры гэтым пакутуюць ад болю, яны таксама могуць стаць падапечнымі ВПС. Пад апеку службы трапляюць пацыенты тэрмінальнай стадыяй ВІЧ-інфекцыі, пацыенты з гангрэнай, калі ім не паказана аперацыя або яны адмовіліся ад яе, з хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх, цяжкімі пролежнямі і іншымі паталагічнымі сімптомамі парушэння гамеастазу (млоснасць, ваніты, анарэксія, запоры, удушша, ацёкі).

Як патрапіць пад апеку ВПС?

Рашэнне аб прыняцці пад апеку прымаецца на падставе накірунку ўстановы аховы здароўя, пад наглядам якой знаходзіцца пацыент.

 
Наталля Наркевіч
Галоўны ўрач ДУ «Бальніца паліятыўнага догляду «Хоспіс» г.Мінска
Паліклінікі, бальніцы або анкадыспансэры высылаюць нам накірунак, пасля чаго наш рэгістратар звязваецца з пацыентам або яго сваякамі і вызначае час выезду ўрача. Доктар на месцы ацэньвае стан пацыента, і ў залежнасці ад гэтага вызначаецца колькасць візітаў патранажнай сястры. Гэта можа быць, напрыклад, два разы на тыдзень ці раз на месяц, часам досыць і тэлефоннага кантролю. Гэта значыць, каб патрапіць пад апеку ВПС, жадання пацыента і яго сям'і недастаткова – неабходны накірунак установы аховы здароўя.

Якую дапамогу аказвае медсястра ВПС?

Медыцынская сястра патрануе пацыентаў і выконвае ўрачэбныя прызначэнні:

  • агляд пацыента з ацэнкай сімптомаў;
  • перавязкі, апрацоўка стамійных адтулінаў, катэтараў, дрэнажаў;
  • ін'екцыі лекавых сродкаў пры аказанні неадкладнай дапамогі па прызначэнні ўрача;
  • санацыя верхніх аддзелаў дыхальных шляхоў;
  • катэтарызацыя мачавога пузыра, пастаноўка ачышчальных клізмаў;
  • выкананне медыцынскіх маніпуляцый з выкарыстаннем шпрыцавага дазатара, электраадсмоктвальніка, канцэнтратара кіслароду;
  • навучанне родзічаў навыкам догляду пацыента, дзеянням у выпадку яго смерці.

 
Наталля Наркевіч
Галоўны ўрач ДУ «Бальніца паліятыўнага догляду «Хоспіс» г.Мінска
Хачу падкрэсліць, што ВПС – гэта планавая дапамога: служба не выязджае як «хуткая» і не замяняе сабой паліклініку. Усе прызначэнні ўрача ВПС перадаюцца ў паліклініку па месцы жыхарства пацыента. Льготныя рэцэпты нашы ўрачы не выпісваюць. Ін'екцыі для купіравання болю штодня нашы медсёстры не робяць: гэта ў кампетэнцыі медперсаналу паліклінікі. Участковы ўрач таксама мае права на прызначэнне абязбольвальных лекавых сродкаў, не абавязкова чакаць візіту доктара ВПС. Да прыкладу, у медсястры выязной службы нашага хоспіса аднамомантна пад апекай знаходзіцца каля 50 пацыентаў у палове раёнаў Мінска. Таму для аказання якаснай дапамогі пацыентам неабходна цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі ўстановамі аховы здароўя і сацслужбамі.

Гэта платна ці бясплатна?

Уся дапамога – бясплатная. Гэта канцэпцыя паліятыву – бязвыплатнасць і даступнасць, кажа эксперт.

Ці прадастаўляе ВПС медабсталяванне ў карыстанне?

Пацыенты з анкалагічнай паталогіяй, якія маюць патрэбу ў рэспіраторнай падтрымцы, па прызначэнні ўрача забяспечваюцца кіслародным канцэнтратарам (пры яго наяўнасці) па дамове бязвыплатнай арэнды з хоспісам. На такіх жа ўмовах прадугледжана забеспячэнне пры неабходнасці прадметамі догляду, якія ёсць у наяўнасці: супрацьпролежневая сістэма, судна, мочапрыёмнік, кубак Эсмарха, падкладны круг і інш.

Колькі па часе можна знаходзіцца пад апекай ВПС?

 
Наталля Наркевіч
Галоўны ўрач ДУ «Бальніца паліятыўнага догляду «Хоспіс» г.Мінска
Наша служба з падапечнымі да канца. Гэта можа быць і год, і два – колькі спатрэбіцца для забеспячэння годнага догляду пацыента.

ДАРЭЧЫ

Дзе аказваюць паліятыўную медыцынскую дапамогу дарослым?

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

3 0 77

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх