12 Мая

Ці бяспечная электронная цыгарэта? Разважаем са спецыялістам

Без азартных гульняў
177 0 93
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Спрэчкі пра небяспеку электронных цыгарэт не сціхаюць з моманту з'яўлення апошніх. Разам з тым, папулярнасць гэтай прылады для палення расце. І калі частка «прыхільнікаў» электроннай цыгарэты “парыць”, таму што модна і нібыта бясшкодна, іншыя пазіцыянуюць працэс як эфектыўны сродак адмовы ад тытунекурэння.

Ці бяспечная насамрэч электронная цыгарэта і ці дапаможа яна кінуць паліць, Здаровыя Людзі разбіраліся разам з нашым экспертам — Уладзімірам Пятровічам Максімчуком.

 
Уладзімір Максімчук
Загадчык сектара наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук

Што такое электронная цыгарэта?

Электронная цыгарэта — гэта прылада, якая працуе па аналогіі з інгалятарам. Падчас удыху ў арганізм трапляе вадкасць у выглядзе пару. Адчуванні пры гэтым узнікаюць практычна тыя ж, што і пры ўдыханні дыму звычайнай цыгарэты. Вадкасцю для курэння запоўненыя спецыяльныя картрыджы, якія пасля выкарыстання мяняюцца альбо запраўляюцца зноў. У складзе вадкасці вытворцам можа быць дададзены ці не дададзены нікацін. Менавіта адсутнасць гэтага рэчыва, а таксама прадуктаў гарэння, якія вылучаюцца пры курэнні звычайных цыгарэт, і ёсць галоўны аргумент, які прыводзяць аматары электронных цыгарэт на сваю карысць.

Разам з тым, электронныя цыгарэты, у адрозненне ад звычайных, не сертыфікаваныя. Таму адназначна казаць пра тое, што яны не наносяць шкоды, не зусім карэктна. Наяўнасць адпаведнага сертыфікату прадугледжвае кантроль утрымання таго ці іншага складніка. У звычайных цыгарэтах «доза» дакладна рэгламентаваная Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ). Электронныя цыгарэты не прайшлі адпаведных выпрабаванняў СААЗ, а толькі былі пратэставаныя некаторымі незалежнымі даследчымі арганізацыямі. Агульнага меркавання пра бяспеку электронных цыгарэт у свеце няма.

Электронная цыгарэта складаецца з:

  • святлодыёда, які імітуе «агеньчык» цыгарэты;
  • акумулятара і мікрапрацэсара;
  • сэнсара;
  • распыляльніка і картрыджа з вадкасцю.

Як працуе электронная цыгарэта

Вадкасць, якая запраўляецца ў электронную цыгарэту, набываецца асобна і можа ўтрымліваць араматызатары. У яе складзе — змяшаныя ў розных прапорцыях прапіленгліколь і гліцэрын, а таксама нікацін, якога, як ужо адзначалася, можа і не быць.

У складзе традыцыйнага «напаўняльніка» для электронных цыгарэт:

  • 55–62% прапіленгліколю;
  • 30–35% гліцэрыну;
  • 0–3,6% нікаціну;
  • 2–4% араматызатараў;
  • вада ў пэўнай канцэнтрацыі.

Прапіленгліколь — гэта вязкая празрыстая вадкасць, якая практычна не пахне, мае крыху саладжавы прысмак, валодае гіграскапічнымі ўласцівасцямі (здольнасць рэчываў паглынаць вадзяныя пары з паветра). Прапіленгліколь дазволены да ўжывання ў якасці харчовай дабаўкі. Ён досыць шырока выкарыстоўваецца ў розных сферах прамысловай вытворчасці, у тым ліку харчовай, касметычнай і фармацэўтычнай. Прапіленгліколь часткова выводзіцца з арганізма ў першапачатковым выглядзе, а тое, што застаецца, ператвараецца ў малочную кіслату, якая засвойваецца арганізмам.

Гліцэрын таксама з'яўляецца вадкасцю без колеру і ўжываецца ў прамысловасці. Разам з тым, у працэсе дэгідрадацыі, прасцей кажучы, абязводжванні, гліцэрын робіцца таксічным, асабліва для дыхальных шляхоў.

Разбіраемся ў дэталях

На першы погляд, усё проста. Заправіў картрыдж духмянай вадкасцю, паліш і нават здароўю не шкодзіш… Але не ўсё так адназначна. Так, з аднаго боку, шкодныя рэчывы, якія ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца ў звычайных цыгарэтах, перастаюць паступаць у арганізм. Адзначаецца нават паляпшэнне самаадчування.

Разам з тым, большасць вытворцаў дадаюць у склад вадкасці нікацін. Адбываецца элементарная замена адной цыгарэты на другую, хіба што электронную. Гэта значыць, што канчаткова развітацца са шкоднай звычкай не атрымаецца. Бо менавіта нікацін выклікае прывыканне, а значыць, арганізм усё адно будзе патрабаваць новую дозу гэтага рэчыва.

Варта ўлічваць, што ўдыханне пару і дыму адрозніваюцца па сваёй сутнасці. Пар не дастаўляе таго пачуцця «насычэння», як дым. Таму чалавек, якія аддае перавагу электроннай цыгарэце, паліць нашмат часцей або выбірае больш «моцную» вадкасць у картрыджы.

Дык усё-ткі шкода ці бясшкоднасць?

Паводле даследаванняў расійскіх навукоўцаў, пар, які ўдыхае курэц электронных цыгарэт, агрэсіўна ўздзейнічае на лёгкія, можа прыводзіць да развіцця такога захворвання, як эмфізэма. Адмоўна ён адбіваецца і на здароўі людзей, якія знаходзяцца побач з курцом.

Эмфізэма лёгкіх — цяжкае захворванне, пры якім альвеолы, а з іх складаецца лёгачная тканка, перарасцягваюцца і страчваюць здольнасць скарачацца. Гэта прыводзіць да таго, што працэсы насычэння крыві кіслародам і вывядзення з яе вуглякіслага газу парушаюцца.

Да высновы, што электронная цыгарэта нічога, апрача шкоды, не дае, прыйшлі і амерыканскія спецыялісты. Супрацоўнікі Адміністрацыі па Использование электронных сигареткантролі за харчовымі прадуктамі і лекавымі сродкамі (Food and Drug Administration — FDA) выбарачна правялі аналіз картрыджаў для запраўкі электронных цыгарэт. Даследаванне паказала наяўнасць у іх канцэрагенных рэчываў, якія спрыяюць развіццю анкалагічных захворванняў. Акрамя таго, рэальны склад вадкасці не заўсёды адпавядаў таму, што быў заяўлены вытворцам. Напрыклад, у безнікацінавым складзе быў знойдзены нікацін.

 
Уладзімір Максімчук
Загадчык сектара наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук
Пры курэнні нікацін трапляе ў лёгкія і хутка пранікае ў кроў. Ён спрыяе звужэнню крывяносных сасудаў, а гэта прыводзіць да таго, што наш галаўны мозг ды іншыя органы адчуваюць кіслародны голад. Асабліва небяспечна гэта ўплывае на стан людзей ва ўзросце 45–50 гадоў, бо ў некалькі разоў павялічваецца рызыка інсульту. Пад уздзеяннем нікаціну сценкі сасудаў робяцца тонкімі, губляюць эластычнасць, што з'яўляецца адной з прычын развіцця захворванняў сэрца і нырак, атэрасклерозу сасудаў.

У нашай краіне ў санітарных нормах і правілах няма патрабаванняў да паказчыкаў бяспекі электронных прылад, прызначаных для палення. Атрымліваецца, што той, хто набывае электронную цыгарэту, цвёрдай упэўненасці ў іх бясшкоднасці не мае.

Не дапаможа такая цыгарэта і канчаткова пераадолець жаданне «падыміць». Курэнне не толькі фізічная, але і псіхалагічная залежнасць. І замяніўшы звычайную цыгарэту на больш арыгінальную і сучасную, не перастанеш быць курцом. Дарэчы, з меркаваннем, што электронная цыгарэта — гэта не спосаб адмовіцца ад курэння, а ўсяго толькі змена «атрыбута», згодныя псіхолагі і нарколагі.

Прадаваць электронныя цыгарэты забаронена ў 13 краінах свету. У больш як 50 — іх абарот рэгулюецца. Выкарыстоўваць гэтыя прылады ў памяшканнях нельга ў 30 краінах. Так, напрыклад, рэклама, продаж і распаўсюджанне электронных цыгарэт забароненыя ў Аўстраліі, Аргентыне, Грэцыі, Бельгіі, Бразіліі, Фінляндыі, Канадзе, Тайландзе, Мексіцы і ААЭ.

За ці супраць...

Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступае супраць выкарыстання электронных цыгарэт. У дакладзе СААЗ, прысвечаным электронным прыладам «дастаўкі нікаціну», гаворыцца пра тое, што электронная цыгарэта наносіць такую ж шкоду арганізму чалавека, як і курэнне.

У нашай краіне плануецца ўвесці шэраг забаронных мер, якія тычацца рэкламы і продажу электронных сістэм для палення. Гэтую ініцыятыву падтрымаў і Кіраўнік дзяржавы. Зараз праект адпаведнага дэкрэта вынесены на грамадскае абмеркаванне.

У прыватнасці, асобам, якія яшчэ не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, падобныя сістэмы для курэння прадаваць не будуць. Бо менавіта маладыя людзі, спасылаючыся на бясшкоднасць электронных цыгарэт, з'яўляюцца іх актыўнымі выкарыстальнікамі. Але ўздзеянне нікаціну ніхто не адмяняў, і з часам такая даніна модзе можа прывесці да развіцця тытунёвай залежнасці, пераходу на курэнне цыгарэт звычайных.

 
Уладзімір Максімчук
Загадчык сектара наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук
Электронная цыгарэта — сур'ёзная пагроза здароўю, бо на сёння няма канчатковых высноў аб уздзеянні на арганізм гэтай прылады. Дакладныя стандарты якасці электроннай цыгарэты таксама пакуль не сфарміраваныя.
177 0 93

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх