4 Красавіка
04.04.2020

Ці дапамогуць ад COVID-19 ствалавыя клеткі?

logo
Кантралюй здароўе
156 0 93
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Згодна з міжнародным рэгістрам Clinicaltrials.gov, шэраг краінаў, у тым ліку і Кітай, ужо анансавалі клінічныя выпрабаванні па лячэнні пацыентаў з каранавіруснай пнеўманіяй пры дапамозе мезенхімальных ствалавых клетак. Падобны праект праходзіць узгадненне і ў Беларусі. Ён ініцыяваны і фінансуецца Нацыянальнай акадэміяй навук, выканаўца – Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі, сувыканаўца – БДМУ (кафедра прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў у асобе прафесара Эдуарда Дацэнкі).

Як ствалавыя клеткі могуць дапамагчы пры цяперашняй пандэміі, інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі распавёў дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі, к.м.н., дацэнт Андрэй Ганчароў.

– Пры вірусных пнеўманіях часцяком назіраецца празмерны імунны адказ арганізма на інфекцыю. У выніку органы і тканкі разбурае не толькі вірус, а і сама імунная сістэма чалавека. Мезенхімальныя ствалавыя клеткі (МСК) – універсальныя імунасупрэсары. Пры ўнутрывенным увядзенні 90% МСК накіроўваюцца ў лёгкія, дзе падаўляюць празмерны імунны адказ, дзякуючы чаму паталагічны працэс памяншаецца і паляпшаюцца шанцы на выздараўленне.

Зараз выкарыстанне МСК – адзін з трох імунабіялагічных падыходаў у лячэнні пацыентаў з каранавіруснай пнеўманіяй. Два іншыя – гэта прымяненне сывараткі перахварэлых пацыентаў з антыцеламі супраць каранавіруса або монакланальных антыцелаў, а таксама выкарыстанне антыцелаў да цытакінаў (супрацьзапаленчых бялкоў, якія ўзнікаюць у перыяд хваробы).

Наш праект знаходзіцца на разглядзе ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Беларусі. Клінічныя выпрабаванні могуць пачацца адразу ж пасля яго ўхвалення. Мы ўжо нарасцілі дастатковую колькасць МСК. Гэта алагенныя пуліраваныя культуры (ад некалькіх донараў), якія валодаюць вялікім імунасупрэсіўным патэнцыялам. Зараз мы паспяхова практыкуем менавіта такую тэхналогію атрымання клетак для лячэння пацыентаў з сістэмнай чырвонай ваўчанкай.

Ствалавыя клеткі. Дапамога пры каранавірусе.

– Каму і як будуць уводзіцца МСК, калі праект будзе ўхвалены?

– Паказанне да прымянення – пагаршэнне стану пацыента ў стацыянары, якое будуць ацэньваць па ўзроўні канцэнтрацыі кіслароду ў крыві. Мэтазгодна ўводзіць МСК да таго, як пераводзіць пацыента на ШВЛ. Мяркуецца, што клеткі будуць знаходзіцца проста ў бальніцы, размарожвацца і тут жа ўводзіцца пацыентам у вялікіх дозах – 1-3 млн на кілаграм масы цела (у сярэднім – 120-140 млн) унутрывенным кропельным шляхам на працягу 30-40 хвілін.

Паколькі гэта клінічныя даследаванні, рэжым лячэння будзе карэктавацца. Першапачаткова будуць выкарыстоўвацца дозы і кратнасць, якія ўжо практыкуюцца пры лячэнні аўтаімунных захворванняў. Клінічныя выпрабаванні запланаваныя з удзелам мінімум 10 пацыентаў-добраахвотнікаў.

Ствалавыя клеткі. Каранавірус.

– Гэта першыя падобныя выпрабаванні на людзях?

– У Беларусі – так. У свеце, па апублікаваных дадзеных, падобнае выпрабаванне было ў Кітаі на 8 пацыентах. Зараз у свеце праведзена шмат даклінічных даследаванняў на жывёлах па ўжыванні МСК пры лячэнні цяжкага наступства пнеўманій – вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому.

– Якія рызыкі?

– Практычна ніякіх. Біямедыцынскі клетачны прадукт (БМКП) бяспечны і добра пераносіцца пацыентамі. Гэта я магу сцвярджаць па нашым вопыце прымянення МСК пры лячэнні іншых захворванняў.

– Некаторыя даследчыкі адзначаюць, што падчас унутрывеннага ўвядзення з-за рызыкі зліпання МСК у мікраэмбаліі можа ўзнікнуць абструкцыя лёгачнага кровазвароту.

– Гэта малаверагодна. Мезенхімальныя клеткі – вельмі маленькія, каля 20 мікраметраў. Да таго ж, уводзіцца суспензія клетак. У мілілітры крыві – мільёны ядраўтрымліваючых клетак. У гэтым «акіяне» 140 млн МСК не змогуць «зліпнуцца».

– Таксама адзначаецца, што МСК валодаюць здольнасцю стымуляваць рост пухлінаў.

– Паколькі МСК падаўляюць імунітэт, гэта спрыяльная глеба для прагрэсавання пухліны. Таму сапраўды іх ужыванне супрацьпаказанае пры наяўнасці анказахворванняў. Іншых супрацьпаказанняў няма.

Ствалавыя клеткі. Супрацьпаказаныя пры анкалогіі.

– Акрамя лячэння каранавіруснай інфекцыі, дзе яшчэ спатрэбяцца вынікі эксперыменту?

– Пры лячэнні ўсіх пнеўманій, выкліканых вірусамі: грыпу, бакавіруса, метапнеўмавіруса, адэнавіруса. Гэта зачын на будучыню, бо той жа грып ад нас нікуды не сышоў: у 2009 годзе ўжо была пандэмія, праз пэўны час хваля можа паўтарыцца. І мы будзем да гэтага гатовыя.

Пра імунітэт, вакцыну і соду

– Зараз у свеце таксама праводзіцца шмат даследаванняў імунітэту пацыентаў пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Якія вынікі: падрываецца імунная сістэма ці наадварот, перахварэўшы, мы ўжо не падхопім COVID-19?

– Вывучаць імунітэт у перахварэлых пацыентаў важна, каб ацэньваць перспектывы: ці застанецца інфекцыя з намі. Калі імунітэт будзе доўгім і моцным, а вірус будзе слаба муціраваць, тады інфекцыя знікне. І наадварот: калі імунітэт будзе няўстойлівым, а вірус моцна муціраваць, цалкам магчыма, што пэўныя штамы будуць працягваць цыркуляваць у свеце і ўздзейнічаць на людзей у будучым. Па апошніх дадзеных, мутацый у віруса не так шмат – каля 25-30. Ён досыць кансерватыўны, гэта ўжо добра.

Але ёсць і меней аптымістычная навіна. Мяркуючы па дадзеных свежага кітайскага даследавання, праз 2 тыдні пасля выпіскі ў пацыентаў рэзка падае колькасць антыген-спецыфічных клетак, значыць, імунітэт робіцца недастаткова стойкім да гэтага штаму. Але пакуль гэта ўсе папярэднія дадзеныя, распрацаванага на дадзеную тэму яшчэ мала.

– Ці будзе вакцына, на Ваш погляд, і як хутка?

– У свеце ўжо больш за 20 заявак на вытворчасць вакцыны ад COVID-19. У ЗША 16 сакавіка пачаліся выпрабаванні. У Кітаі і Вялікабрытаніі набіраюць добраахвотнікаў. Думаю, да заканчэння гэтага года вакцына будзе.

Мне здаецца, што Беларусь пры неабходнасці цалкам здольная распрацаваць уласную вакцыну. Зараз такія распрацоўкі нашмат спрасцілася і не патрабуюць велізарных інвестыцый.

– Напрыканцы спытаюся пра ролік расійскага журналіста Каравулава, які абмяркоўваецца. Яго суразмоўца доктар біялагічных навук Ірына Ермакова заявіла, што новы вірус утрымлівае чужародныя фрагменты, у прыватнасці, сінтэтычнай пажадлівай бактэрыі сінціі, якая смяротная, бо закліканая есці вугляроднае жыццё. Біёлаг сказала, што гэтую бактэрыю ў арганізме можна «падмануць», ужываючы слабы раствор соды. Вашае меркаванне на гэты конт?

Срда і кранавірус. Міфы і рэальнасць.

– Гэты вірус цяпер цалкам даследаваны. Сотні яго штамаў секвенаваныя (г.зн. вывучаная першасная структура) – ніякіх уставак чужароднага кода там не выяўлена. Таму гэтая здагадка неабгрунтаваная.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

156 0 93

Журналіст
Наверх