1 Кастрычніка
01.10.2019

Ці перадаецца рак палавым шляхам? Тэст на веданне медыцыны

logo
Тэхагляд арганізма
96 0 105
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На працягу года чытачы задавалі нам свае нечаканыя пытанні, дзеля адказаў на якія мы сустракаліся з экспертамі, ладзілі анлайн-канферэнцыі і рабілі падрабязныя матэрыялы. Найбольш цікавыя пытанні мы сабралі ў сённяшні тэст. Для пастаянных чытачоў гэта магчымасць праверыць, ці добра засвоены матэрыял, для новых – даведацца цікавыя факты і ацаніць свае веды ў сучаснай медыцыне. Паехалі!

  1. Ці можна захварэць на рак праз аральны сэкс?

А. Вядома ж, не. Рак – гэта не заразнае захворванне.

Б. Можна, бо на палавых органах шмат мікробаў.

В. Так, падхапіўшы вірус папіломы чалавека.

Адказ: В.

Раней асноўнай прычынай развіцця пухлінаў поласці рота, глоткі, гартані лічыліся курэнне, алкаголь, доўгае ўдыханне розных газаў, гарачага паветра. Сёння да гэтых фактараў рызыкі дадаўся вірус папіломы чалавека (ВПЧ). Па замежных дадзеных, частата выяўлення ВПЧ пры новаўтварэннях вобласці галавы і шыі – ад 19 да 36%. Раней гэты вірус дыягнаставаўся, у асноўным, пры ўрагенітальнай паталогіі, цяпер жа – у верхніх дыхальных шляхах, што адназначна звязана з сэксуальнымі адносінамі. Таму прэзерватывы сёння трэба выкарыстоўваць і пры аральным сэксе, нездарма ж іх робяць з клубнічным смакам. Але лепш за ўсё мець аднаго пастаяннага праверанага сэксуальнага партнёра. Больш пра нечаканыя праявы ВПЧ чытайце тут.

  1. Чаму нельга есці лежачы?

А. Бо кіслата са страўніка патрапіць у стрававод – і будзе пякотка.

Б. Бо ежа не можа ператраўлівацца ў такім становішчы.

В. Бо становішча пазваночніка ўплывае на працэс стрававання.

Адказ: А.

Паміж страўнікам і страваводам знаходзіцца «клапан» – ніжні страваводны сфінктар. Калі ён расслабляецца, гэта прыводзіць да выхаду змесціва страўніка ў стрававод. Тады адчуваецца пякотка, кіслы прысмак у роце, камяк у горле, магчымыя асіпласць голасу, прыступы ўдушша і кашлю. Перапоўнены страўнік у гарызантальным становішчы – якраз выдатныя ўмовы для выхаду змесціва страўніка ў стрававод. Таму есці трэба седзячы! Больш пра захворванні і лячэнне СКТ чытайце тут і тут.

  1. Калі выдаліць пухліну ў мозгу, ці зробіцца чалавек неразумным?

А. Вядома, бо пухліну немагчыма выдаліць, не зачапіўшы частку мозгу.

Б. Не. Няправільна так сцвярджаць.

В. Сучаснае абсталяванне дазваляе выразаць пухліну без пашкоджанняў інтэлекту і іншых важных функцый.

Адказ: В.

Сучасны прынцып нейрахірургіі заключаецца ў тым, каб аперацыя была без незваротных наступстваў. Таму, калі нейрахірургі бачаць, што пры хірургічным умяшанні будуць пашкоджаныя зоны, якія адказваюць за слых, зрок, маўленне, рух, выдаляць пухліну не возьмуцца. Сёння ўжо даступныя мініінвазіўныя аперацыі, якія мінімізуюць траўму здаровых тканак. Для дакладнага вызначэння лакалізацыі пухліны выкарыстоўваюцца аперацыйны мікраскоп, сістэма нейранавігацыі, хірургі выбіраюць найменш траўматычны доступ. Дзякуючы гэтым тэхналогіям можна выдаліць любое новаўтварэнне цалкам. Разумовыя здольнасці пасля выдалення пухлінаў галаўнога мозгу, як правіла, не змяняюцца. Больш пра метады лячэння раку мозгу чытайце тут.

  1. Чым небяспечнае для здароўя вадзіцельскае крэсла з падагрэвам?

А. Будзе пастаянна павышаная тэмпература цела, а гэта шкодна.

Б. Можа быць бясплоддзе.

В. Нічым не небяспечнае, інакш яго б не выраблялі.

Адказ: Б.

Пастаянны перагрэў сперматазоідаў – фактар рызыкі. Абаграванне сядзення машыны негатыўна ўплывае на якасць сперматазоідаў, што разам з іншымі фактарамі рызыкі можа прывесці да мужчынскага бясплоддзя. Сярод нечаканых прычын бясплоднасці аказалася і доўгае ўстрыманне. У 2017 годзе было праведзенае маштабнае даследаванне, якое даказала, што ўстрыманне больш за 5 дзён пагаршае генетычную паўнавартаснасць сперматазоідаў. Больш пра прычыны і лячэнне бясплоддзя чытайце тут і тут.

  1. Ці можна па агульным аналізе крыві зразумець, што ёсць глісты?

А. Не. Гэта пакажа толькі аналіз калу.

Б. Можна, бо ў крыві ёсць спецыяльныя клеткі, якія сігналізуюць пра заражэнне мікраарганізмамі.

В. Можна, але толькі разам з аналізам калу.

Адказ: Б.

Галоўная функцыя лейкацытаў – абарона арганізма ад знешніх і ўнутраных патагенных агентаў. Эазінафілы – від лейкацытаў, якія абараняюць ад алергіі і паразітаў. Павышэнне іх колькасці ў крыві можа гаварыць пра наяўнасць глістоў у арганізме (аскарыдоз, трыхінелёз, таксакароз, эхінакакоз, лямбліёз і інш.). У норме колькасць эазінафілаў складае 0,04-0,35×109/л, або 1-5%.

  1. Ці дапаможа алкаголь і карвалол супакоіцца пры панічных атаках?

А. Катэгарычна – не.

Б. Вядома, гэта здыме прыступ трывогі.

В. Алкаголь – не, а карвалол дапаможа, гэта ж заспакаяльнае.

Адказ: А.

Сапраўды, пасля ўжывання алкаголю трывога памяншаецца, паколькі ён уздзейнічае на бензадыязэпінавыя рэцэптары нервовай сістэмы як тормаз. Аднак, калі яго дзеянне праходзіць, трывога ўзмацняецца яшчэ больш. І чалавек зноў хоча выпіць, каб пазбавіцца ад яе. Так да псіхічнага расстройства можа дадацца яшчэ і алкагольная залежнасць. Сучасныя даследаванні паказваюць, што ў залежных людзей трывожныя расстройствы сустракаюцца часцей. Сістэмны прыём карвалолу таксама не дапаможа, а наадварот, можа справакаваць прыступ панічнай атакі, бо гэта спіртавы раствор фенабарбіталу, гэта значыць, ён дзейнічае, як алкаголь.

Больш пра панічныя атакі і іх лячэнне чытайце тут.

  1. Ці можна выбіраць пол дзіцяці пры ЭКА?

А. Можна, каб пазбегнуць генетычных захворванняў, звязаных з полам.

Б. Вядома ж, не, гэта не справа чалавека.

В. Чаму б і не, гэта права бацькоў.

Адказ: А.

Па нашым заканадаўстве пры ўжыванні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій выбар полу будучага дзіцяці не дазваляецца, за выключэннем сітуацый, калі магчымая перадача ў спадчыну захворванняў, звязаных з полам. «Запраграмаваць» пол малыша рэпрадуктолагі ўжо ўмеюць. Больш пра тое, што можна, а чаго нельга ў сучаснай біяэтыцы, чытайце тут.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

96 0 105

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх