14 Лютага
14.02.2020

Дні сустрэчаў: закаханых, воінаў-афганцаў і… Зімы з Летам!

logo
Думкі ўслых
141 0 68
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гэта ж колькі нагод для сустрэчаў і стасункаў, успамінаў і падарункаў выпадае нам на сёння і заўтра! Святы далёкія і блізкія, народныя і царкоўныя, вясёлыя і сумныя… 14 лютага – Дзень святога Валянціна, альбо Дзень усіх закаханых. 15-га – Стрэчанне (Грамніцы) і Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. І немагчыма выбраць штосьці адно, каб падзяліцца думкамі ўслых. Таму аб усім – патрошку.

Святы. Святы ў сярэдзіне лютага.

«Закаханым – святкаваць, адзінокім… шукаць пару?!»

З таго часу, як у Беларусі спачатку нясмела, а затым усё актыўней і актыўней пачалі святкаваць Дзень святога Валянціна, стаўленне да яго мянялася. Напачатку казалі: гэта толькі для моладзі. І найбольш актыўна абменьваліся валянцінкамі… школьнікі. Так, гульня ўсё гэта, але ж неблагая, пагадзіцеся?! Увагі, кахання, любові, прызнання хочацца ў любым узросце.

А калі хтосьці скажа, што яму ўсё гэта нецікава… Дазвольце не паверыць! Значыць, проста, як казаў герой Андрэя Мягкова, хаця і з іншай нагоды, у фільме «Службовы раман»… Гэта – «у глыбіні душы… Дзесьці дужа глыбока…»

Вядома ж, чалавеку без пары ў пэўным сэнсе ў гэты дзень сумна. Асабліва, калі вакол усе гэтыя сардэчкі, кветкі, валянцінкі, абдымкі, пацалункі… Але ж гэта – не нагода для засмучэнняў, а тым больш – для дэпрэсіі.

Святы. Дзень святога Валянціна.

Няма каханага?! Затое ёсць любімыя людзі вакол: таты-мамы, бабулі-дзядулі, браты-сёстры, дочкі-сыны, пляменнікі-пляменніцы (патрэбнае падкрэсліць!J). І можна лёгкім рухам рукі ператварыць свята Кахання ў свята Любові. І яно ад гэтага не зробіцца менш цёплым.

Ну, і калі няма завышаных чаканняў, тады няма і вялікіх засмучэнняў, ці не так?! А кветкі, у рэшце рэшт, хаця гэта і «зусім не тое», кожная дзяўчына, жанчына можа набыць і падараваць сабе сама. І ад гэтага яны не перастануць быць кветкамі.

Святы. Дзень святога Валянціна. Кветкі.

Вунь нават дамы замужнія абыгрываюць сітуацыю з гумарам! Пару дзён таму знаёмая распавяла. Маўляў, адна дама кажа свайму мужу:

– Заўтра ж свята…

– Якое?

– Дзень святога Валянціна.

– Дык гэта ж Валянціна свята, а не тваё!

Як кажуць, заслона! 🙂

І тады мая знаёмая прапанавала сваёй… проста ўвечары 14-га (бо ўдзень жа на працы) набыць для сябе, любімых, кветкі. Самім. А што тут такога?! І будзе радасць!

«Прыйшлі Грамніцы – скідай рукавіцы!»

Гэта, мабыць, самая вядомая прыкмета на 15 лютага пра народна-царкоўнае свята – Стрэчанне, альбо Грамніцы, калі Зіма з Летам сустракаецца. І, на жаль, па нашым цяперашнім надвор’і яна зусім не працуе. А яшчэ ж пару-тройку гадоў таму, распавядаючы пра Стрэчанне, я спецыяльна да матэрыялу рабіла здымкі тых варажак… у глыбокім снезе! Вось адзін з іх:

Святы. Грамніцы, Стрэчанне.

І па вуліцах Чэрвеня менавіта 15-га хадзіла ў пошуку ледзяшоў на стрэхах, каб паглядзець, ці закапае з іх ці проста са стрэх вадзіца. Бо другая шырока вядомая народная прыкмета зазначае: «Калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, дык на Юр’я наесца вол травіцы».

А сёлета таму пеўню раздолле: пі – не хачу! Хоць да Грамніцаў, хоць падчас іх. А яшчэ ж «Грамніцы – палова зіміцы». Хаця ў нас праз паўмесяца ўжо каляндарная вясна…

Верыце вы ў тыя прымхі-прыкметы ці не, але 15-га лютага нядрэнна было б у царкве набыць спецыяльную – грамнічную! – свечку. Бо памятаеце?! Іх трэба захоўваць у хаце ці кватэры цэлы год. Лічыцца, што бароняць жытло ад перуна падчас навальніцаў.

Святы. Грамніцы. Грамнічная свечка.

Сёлета страціла сэнс і тое сцверджанне, што першыя грымоты можна пачуць менавіта на Стрэчанне. Бо ў Мінску яны ўжо… былі. Каляндарнай зімой. Вось і думай цяпер, што б гэта значыла. Бо, па народных прыкметах, нават калі ўвесну першы гром загрыміць «на голы лес», быць няўраджаю на палетках ды агародах.

«Афганістан – такое месца, куды ішлі, як у апошні бой…»

Трэба – не трэба, памылка – не памылка, дарэмна – недарэмна… Год за годам мінае, а супрацьлеглыя меркаванні пра вайну ў Афганістане так і працягваюць існаваць. Праўда, ужо з меншым напалам ідуць спрэчкі, але…

Калі ў сярэдзіне 1980-х мой брат павінен быў ісці служыць у войска, дома ўсе перажывалі: толькі не ў Афганістан! Тым больш, што хадзілі чуткі: туды набіраюць хлопцаў «цёмнай масці». Ён падыходзіў. Але, дзякуй Богу, трапіў на Украіну…

Пра тое, як 15 лютага 1989 года аб’явілі пра вывад савецкіх войскаў з Афганістана, я думаю, памятаюць многія, хто тады быў у свядомым узросце. Бо ўсе яшчэ глядзелі тэлевізар, сачылі за навінамі… І, у большасці сваёй, верылі ўсяму сказанаму і ўбачанаму.

Святы. Дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Як журналіст у свой час я сустракалася з многімі воінамі-інтэрнацыяналістамі, якія вярнуліся з Афганістана. Параненымі, з уразлівай псіхікай, блакнотамі вершаў і песень «адтуль»… І бывала на мерапрыемствах у памяць пра тых, хто з вайны не вярнуўся…

Наша вайна, не наша… Трэба было, не трэба… Гэта адназначна была ВАЙНА. Дзе гінулі людзі. Маладыя хлопцы. І дужа ўжывальная нават у тыя часы фраза «Назаўсёды застаўся маладым»… Калі ты стаіш на могілках перад помнікам, а побач рыдае маці загінулага… Цяжка маральна нават старонняму чалавеку. Бо сапраўды, усё можна ў гэтым жыцці выправіць, апрача смерці…

Напярэдадні і непасрэдна 15 лютага, у Дзень памяці і слёз, па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы, на якіх запрашаюцца воіны-афганцы. Ды і звычайна прыгадваюць іх не раз у год.

Святы. дзень памяці воінаў-афганцаў.

Подзвіг – не подзвіг, абавязак – не абвязак… Быў загад. І было падначаленне. І ўсё гэта сапраўды – БЫЛО. І гісторыю не перапішаш. Таму застаецца толькі прыгадваць, шкадаваць і суперажываць…

Вось такія зусім розныя ў нас святы і памятныя дні 14-га і 15-га лютага. Дзе – пра вясёлае, дзе – пра сумнае… Але гэта ж і ёсць – жыццё.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

141 0 68

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх