6 Красавіка
06.04.2019

Догляд паміраючага: нічога не хаваем і паважаем рашэнне таго, хто сыходзіць

logo
Тэхагляд арганізма
8 0 111
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як сябе паводзіць, калі хвароба роднага чалавека ўжо не паддаецца лячэнню? Што зрабіць, каб забяспечыць таму, хто сыходзіць, псіхалагічны і духоўны камфорт? Сваім вопытам дзеліцца Таццяна Лысова, галоўны спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, у якой вялікі вопыт паліятыўнай дапамогі ў хоспісе.

Прасцей адпускаць

– Пачаўшы працу ў хоспісе, я хацела звольніцца ўжо праз два месяцы, бо цяжка было бачыць смерць кожны дзень, – распавядае эксперт. – Мне здавалася несправядлівым, што я ўсё раблю для хворых, а яны паміраюць. Святар, які наведваў пацыентаў, пачуўшы мае галашэнні, сказаў: «Ты што, Бог? Ты не маеш права вырашаць, каму жыць, каму паміраць. Ты прыйшла дапамагчы – дык дапамагай, палягчай ім пакуты сваімі ведамі і навыкамі». І я засталася ў хоспісе яшчэ на 8 гадоў. Тое ж хачу сказаць і родным: вы не богі, не трэба спрабаваць паскорыць або адтэрмінаваць непазбежнае. Нараджэнне і смерць – натуральны працэс, таму і ставіцца да сыходу блізкага трэба натуральна. У заходняй культуры на смерць рэагуюць больш спакойна, а ў нас устаноўка: «Чалавек павінен жыць вечна, ратуйце, лячыце!» Такі падыход пазбаўляе сям'ю спакою ў апошні перыяд жыцця роднага і нават пасля яго смерці. Бо потым яшчэ пачынаюцца пошукі вінаватых. Як правіла, імі аказваюцца ўрачы, «якія не выратавалі». Часта даводзілася чуць ад сваякоў: «Калі б ён не пагадзіўся на «хімію», калі б яго ўзялі на аперацыю, ён бы яшчэ пару гадоў жыў». І тут жа на наступным візіце: «Калі б ён пайшоў на хіміятэрапію, калі б не рабіў аперацыю...» Такое стаўленне не прыносіць супакою і не палягчае пакуты. Трэба разумець, што ёсць невылечныя хваробы і натуральны ход рэчаў.

Не замоўчвайце дыягназ

– Калі я ездзіла на візіты, часта родзічы сустракалі нас з доктарам яшчэ на лесвічнай пляцоўцы і шапталі: «Вы толькі не кажыце тату, што ў яго анкалогія, што вы з хоспісу». У такіх выпадках мы адказваем: «Прабачце, ваш тата дзеяздольны, пры памяці. Хто вам даў права прымаць рашэнні за яго? Чалавек павінен ведаць, што адбываецца, каб прыняць уласнае рашэнне», – падкрэслівае Таццяна Лысова. – Людзі думаюць, што «гэтая навіна заб'е». Гэта не так. Наадварот, праблемы ўзнікаюць якраз у сем'ях, дзе хаваюць інфармацыю: падапечны не разумее, што адбываецца, пачынае вінаваціць сям'ю і ўрачоў, што яго не лечаць, а прызначаюць толькі лекі, што абязбольваюць. Родныя не ведаюць, што сказаць у адказ, часам пачынаюць бясплённа вазіць па ўрачах. Гэтая хлусня засмоктвае, нагнятае абстаноўку ўнутры сям'і. Трэба прыняць і паважаць права чалавека вырашаць свой лёс самастойна. Таму сядзьце побач і скажыце: «Тата, прыйшоў час пагаварыць – у цябе такая хвароба. Усё, што можна, зробім і пройдзем гэты шлях з табой разам». Спачатку цяжкахворыя людзі могуць не прыняць гэта, але, як правіла, праз нейкі час паклічуць вас і скажуць: «Давай, расказвай». Трэба прадастаўляць усю інфармацыю адкрыта, распавядаць, якія сцэнары развіцця падзей магчымыя, каб чалавек рабіў свядомы выбар.

І тады пасля яго сыходу ў сям'і не будзе згрызотаў сумлення, бо яны рабілі ўсе разам, і канчатковае рашэнне прымаў падапечны.

Да таго ж, перыяд догляду – час шчырых гутарак, дапаўняе эксперт.

– Хаваючы праўду, вы пазбаўляеце свайго блізкага магчымасці сказаць вам патаемнае. Можа, ваш бацька вырашыў, што калі будзе паміраць, нарэшце скажа вам словы любові, якія не казаў пры жыцці, падзякуе вам за ўсё. І вы можаце гэтага ніколі не пачуць.

Слухаем, не дзівімся і выконваем

Людзі, якія сыходзяць, часта хочуць пагаварыць, у тым ліку пра смерць. Гэта нармальна. Не трэба ўцякаць ад размовы, маўляў, табе яшчэ рана пра гэта думаць.

– У мяне была падапечная жанчына 1924 года нараджэння, якая папрасіла ўнучку купіць ёй тры ўбранні для пахавання, – прыводзіць прыклад з практыкі Таццяна Лысова. – Яна іх апранала, клалася на ложак, складвала рукі на грудзях, прасіла яе сфатаграфаваць і глядзела, у чым яна будзе больш прыгожой у труне. Потым яна склала меню на памінкі, спіс прысутных. Спачатку мне таксама было няёмка за гэтым назіраць. Але калі яна памерла, патэлефанавала яе дачка і сказала: «Вы не ўяўляеце, наколькі я ўдзячная сваёй маме. Калі яна памерла, я дакладна ведала, што рабіць, было адчуванне, што мама вядзе мяне за руку. Я зрабіла ўсё, як яна хацела. Мне было так лёгка».

За мяжой прынята складаць завяшчанне пра пахаванне: як, дзе, пад якую музыку пахаваць, што напісаць на надмагільным камені. І гэта нармальна. Адмаўляючы ў такой размове сваім паміраючым родным, мы на самай справе думаем пра сябе – каб не хвалявацца і не гараваць заўчасна. Але ў першую чаргу трэба думаць пра патрэбы паміраючага.

Дапамажыце дарабіць усе справы

Цяжкахворыя людзі часта могуць задаваць пытанне: «Хутка?»

– Я звычайна адказваю: «Як толькі ўсё прывядзеце ў парадак: і думкі, і душу, і побыт, каб дзеці не пабіліся за спадчыну», – распавядае Таццяна Лысова. – Працяглая цяжкая хвароба ў адрозненне ад паспешлівай нечаканай смерці дае магчымасць паспець папрасіць прабачэння, даць наказ, сказаць дарагія словы.

Людзі, якія сыходзяць, разумеюць нашмат больш, чым мы. Яны робяцца вельмі мудрымі. Таму часцей размаўляйце з імі і слухайце. Гэта вельмі дарагі час. Таксама будзьце ўважлівыя да іх просьбаў, нават калі яны нязвыклыя для вас, разыходзяцца з вашымі паняццямі. Хоча чалавек духоўную літаратуру або прычасціцца – забяспечце гэтую магчымасць. Сярод маіх падапечных быў генерал, які здзіўляўся: быццам усе справы закончыў, пра ўсё паклапаціўся, а ўсё ніяк не сыдзе. А потым паглядзеў на кнігу на духоўную тэму, што ляжала на стале з закладкай пасярэдзіне, і сам жа адказаў: «Напэўна, не дачытаў. Буду чытаць... павольна». Ён сышоў, калі прачытаў кнігу.

Не давайце праз меру ежы

Людзі, якія паміраюць, як правіла, у апошнія дні адмаўляюцца ад ежы. І часта родныя з добрых памкненняў хочуць іх усё ж накарміць, быццам гэта верне ім сілы.

– Не трэба гэтага рабіць, – раіць эксперт. – Чалавек памірае і адмаўляецца ад ежы не проста так. Мы нараджаемся голенькімі і галодненькімі. Дык чаму ж павінны сыходзіць з недажаванай катлетай за шчакой?

Прыкметы надыходзячай смерці

Як зразумець, што чалавек дажывае апошнія гадзіны? Ёсць фізіялагічныя і псіхалагічныя прыкметы смерці.

– Скура бляднее, ногі робяцца «мармуровыя», бо парушаецца кровазабеспячэнне. Халаднеюць рукі і ступні. Можа з'явіцца пачашчанае, гучнае, «як клёкат» дыханне. Часта людзі просяць халоднай вады «як з калодзежа» і ніяк не могуць напіцца. Часам просяць родных сысці, каб памерці ў адзіноце. І трэба паважаць гэтую просьбу. А некаторыя, наадварот, будуць да канца трымаць роднага чалавека за руку. Будзьце чулымі да апошняй волі таго, хто сыходзіць, – падкрэслівае эксперт.

Што трэба ведаць пра абязбольванне

Цяжкую хваробу можа суправаджаць пастаянны боль, і тады неабходна абязбольванне. Працэс аказання фармакатэрапіі пацыентам з хранічным анкалагічным і неанкалагічным болем мае выразны алгарытм і замацаваны ў загадах Міністэрства аховы здароўя.

Асноўныя прынцыпы:

  • Дозу анальгетыкаў падбіраюць індывідуальна ў залежнасці ад інтэнсіўнасці і характару болю.
  • Прызначаюць анальгетыкі рэгулярна, строга «па гадзінах» (кругласутачна), а не «па патрабаванні», г.зн. чарговую дозу лекавага сродку пацыент павінен атрымліваць да спынення дзеяння папярэдняй дозы.
  • Анальгетыкі ўжываюць па «ўзыходзячай»: ад максімальнай дозы слабадзейнага лекавага сродку да мінімальнай дозы моцнадзейнага. Дозу «моцных» апіоідных анальгетыкаў павялічваюць да атрымання клінічнага эфекту абязбольвання.
  • Пабочныя эфекты анальгетыкаў павінны папярэджвацца і адэкватна лячыцца.
  • Пацыентам з хранічным неанкалагічным болем у амбулаторных умовах фармакатэрапію ажыццяўляюць урачы-спецыялісты першаснай медыцынскай дапамогі, а кансультатыўную дапамогу – урачы-спецыялісты стацыянараў.
  • Пацыентам з онкапаталогіяй фармакатэрапію хранічнага болю ў амбулаторных умовах ажыццяўляе тэрапеўт участковы, урач агульнай практыкі, педыятр участковы. Кансультатыўна-метадычную дапамогу гэтым урачам аказваюць раённы анколаг па месцы жыхарства пацыента, а таксама ўрачы хоспісаў.
  • Брыгады хуткай медыцынскай дапамогі выконваюць медыцынскія прызначэнні па купіраванні болю ў начны час, у выхадныя і святочныя дні, а таксама самастойна прызначаюць лячэнне пры некупіруемым болевым сіндроме ў адпаведнасці з клінічным пратаколам.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

 

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

8 0 111

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх