27 Снежня
27.12.2018

Дзеда Мароза вам у хату!

logo
Думкі ўслых
62 0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вось прама кожнаму – у госці! Хто верыць у яго і не верыць. Дзецям і абавязкова-абавязкова – дарослым. Праз акно, дзверы ці комін. На санках з аленямі ці наварочанай тачцы. Хаця б раз у жыцці… Няхай адбудзецца такі навагодні цуд. І гэтая неспадзяванка сапраўды будзе помніцца доўга і саграваць душу. Нават калі цуд той – «рукатворны»...

І я зараз не пра заказ гэтага персанажа ў пары са Снягуркай для дзетак на дом у навагоднія святы. А сапраўды пра сюрпрыз ад кагосьці. У мяне ён здараўся ўжо. Што самае цікавае – і на працы, і дома. Таму чым бліжэй 31 снежня, тым часцей задумваешся пра тое, хто ж ён такі, гэты загадкавы Дзед Мароз. А можа, ён сапраўды існуе?..

Чамусьці дзіцячых успамінаў пра візіт самага патрэбнага ў Новы год казачнага персанажа мая памяць не захавала. Відаць, не прыходзіў ён тады дахаты да нас з братам. Затое падчас школьных ранішнікаў Дзед Мароз з’яўляўся заўсёды! Варта было толькі ўсім дружна яго паклікаць . Самае цікавае, што ў дашкольным узросце мне нават пашчасціла сыграць ролю яго своеасаблівага памочніка – юнага Новага года – у самым сапраўдным спектаклі!

Жылі мы тады ў вёсцы. Бацькі працавалі ў мясцовай школе. Спектакль ставіў мамін клас. Яшчэ і зараз памятаю, як мяне везлі на санках па школьным калідоры. Ды толькі штосьці намудрылі з дзвярыма ў залу. Санкі ўцягваюць туды за вяровачку, а дзверы пакрысе зачыняюцца прама перад маім носам!

Як адыграла, па шчырасці, не памятаю. Толькі адзін эпізод, калі ўпрысядку пайшлі з адной з галоўных гераіняў – Лодзяй. За акцёрскі дэбют тагачасны дырэктар школы ўручыў мне набор вялікіх навагодніх шароў! Яны яшчэ і зараз перад вачыма. А парачка з іх нават захавалася, праз дзесяцігоддзі, вытрымаўшы пераезды.

А ўпрыгажэнне ёлкі ў хаце?! У дзяцінстве – абавязкова жывой. А чаканне нечага таямнічага, што прыходзіць толькі ў навагоднюю ноч?! Нябачнага, нячутнага, але чароўнага і вельмі-вельмі добрага?! Але ўсё ж не магу сказаць, што гэта было чаканне менавіта Дзеда Мароза…

Пра яго з’яўленне ўпершыню раптоўна задумалася гадоў з 15 таму. Тады не так шырока былі распаўсюджаны паслугі Дзеда Мароза і Снягуркі «па выкліку», якімі зараз поўняцца газеты ды сеціва. «А вось чаму лічыцца, што Дзеда Мароза павінны чакаць толькі дзеці? – падумалася тады. – Мне, напрыклад, і зараз хочацца, каб ён прыйшоў».

Як кажуць, бойцеся сваіх жаданняў, бо яны спраўджваюцца! Мо, не зусім так, як нам уяўлялася, і ўсё ж... «Вось адчыняю дзверы, а на парозе – Дзед Мароз! – мроілася. – І ён зусім не пераблытаў кватэры, а прыйшоў да мяне…»

Тэлефонны званок перапыняе летуценныя думкі. Бяру трубку.  «Прывітанне! А ты дома? Мы зараз забяжым на пяць хвілін!» – чуецца голас маёй сяброўкі, якая жыве нада мною, праз паверх. Званок у дзверы. Зараней усміхаючыся ад прыемнасці сустрэчы з Томай і яе мужам Алегам, адчыняю… І ад смеху проста саджуся на падлогу! Вы не паверыце, але на парозе – Дзед Мароз пры поўным парадзе! А з ім – Снягурка з дыядэмай. Мае сябры. Вось так проста і нечакана спраўдзілі запаветную мару дарослага жыцця.

Па праўдзе, да гэтага часу не ведаю, ці ёсць дзесьці штосьці нязведанае і таямнічае, якое можа, нягледзячы на ўсе законы фізікі, з’яўляцца ніадкуль. Але веру ў гэтае «нешта» і па сёння. А яшчэ дакладна ведаю, што цуды можна і трэба рабіць самім. Для сям’і, для сяброў, для знаёмых і нават незнаёмых. І хто ведае, можа, пасля аднекуль з’явіцца і тое самае, чароўнае, але абсалютна невытлумачальнае?! Чаго ў прынцыпе не можа быць у прыродзе?!

А мая гісторыя мела простае тлумачэнне. У той год муж сяброўкі на тагачасным месцы працы атрымаў ролю Дзеда Мароза. Для яе Алегу выдалі і адпаведны касцюм. Вось яго ён і вырашыў забраць дахаты. 31-га снежня ўвечары разам з Томай зайшоў у звыклай ужо ролі да мяне. Пасля накіраваўся віншаваць сваіх родных, якія жылі зусім непадалёк.

Але пакуль Дзед Мароз са Снягуркай прайшлі тыя некалькі дзясяткаў метраў, іх спынілі, мо, разоў 20! Хто павітацца хацеў, хто сфатаграфавацца. Прахожыя падыходзілі, вадзіцелі спыняліся і выскоквалі з машын. Дарослыя смяяліся, радаваліся і захапляліся, як дзеці!

А да вас прыходзіў Дзед Мароз?!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

62 0 27

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх