7 Красавіка
07.04.2019

Дзень адметны: здароўе+вера

logo
Думкі ўслых
99 0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі супадаюць два святы ці больш, гэта заўсёды прыемна, праўда?! Асабліва, калі ў чымсьці яны пераклікаюцца. Зрэшты, ці так гэта, сёння можа паразважаць кожны. У нас – Дабравешчанне (Благавешчанне, Звеставанне) і Сусветны дзень здароўя. А што каму бліжэй, альбо абодва святы тоесныя і іх можна сумясціць, таксама вырашаць кожнаму з вас, шаноўныя сябры.

Ну, а я прапаную пачаць усё ж з разважанняў пра здароўе. Не буду паглыбляцца ў гісторыю – адкуль пайшло свята, чаму абраная менавіта гэтая дата... Пры жаданні кожны ў сеціве зможа знайсці шмат інфармацыі. А мне проста хочацца нагадаць вядомае і папулярнае: «Быць здаровым – здорава!» Думаю, ніхто не будзе з гэтым спрачацца?

Тады давайце паспрабуем быць сумленнымі самі з сабой і задумаемся: а ці ўсё мы робім для таго, каб здароўе сапраўды ўтрымаць, падтрымаць, захаваць... Каб яго – мець. Шкодныя звычкі ёсць? Харчаванне разнастайнае, з садавіной і агароднінай? Час для заняткаў фізкультурай і спортам як часта знаходзіцца? Што? Апошні раз – у мінулым годзе?! У-у-у-у...

І можна колькі заўгодна сябе ўшчуваць і супакойваць, запіваючы расчараванне кубкам кавы з трыма лыжкамі цукру і заядаючы тортам... Але здароўе само сябе не хоча захоўваць – і ўсё тут. Значыць, трэба яму дапамагчы... І калі сёння вы раптам задумаецеся і прыйдзеце да такой жа высновы, а заадно накідаеце план дзеянняў, няхай сабе напачатку і нешматлікіх...

Дык вось і нагода добрая! Сёння, у Сусветны дзень здароўя, адарвацца ад канапы і любімых гаджэтаў ды выйсці на шпацыр. Надвор’е-то якое! Вясна! А можа, у вашым населеным пункце праводзяцца якія-небудзь цікавыя спартыўныя мерапрыемствы?! Паўдзельнічаць было б здорава, праўда?! Ну, і пахварэць за кагосьці, падскокваючы на месцы, таксама нядрэнна.

А калі сёння ніяк, іншыя планы ды задумы... Дык заўтра – самае тое! Бо панядзелак! Наш любімы дзень для пачынанняў! Так што наперад, добраахвотна і з песнямі! І калі хтосьці зацікавіцца, які з варыянтаў абіраю я... І хто здагадаўся з першага разу? Ну, так. Другі! Хто са мной?!

Эх, даўно забытая планка... Прыгадваю, як упершыню стала ў яе. Праўда, тады не чула гэтую назву.  Практыкаванне падавалася як адно з прыналежных (быццам бы) ёгам. І калі на першых жа секундах ад напружання задрыжала ўсё цела... Памятаю сваю першую думку (цытату з фільма): «Лепей бы я памёр ўчора...»

Жарт, вядома ж. Хаця і праўдзівы. З цягам часу я не тое каб планку палюбіла... Проста ёсць такое слова: «Трэба!» Таму звычайна мозг і дасылае целу загад: «Стаяць!!!»

Зрэшты, і матывацыя ў мяне яшчэ з 2012 года – жалезная: « Твой аднакласнік (размова пра трэцяга касманаўта – ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага) паляцеў у космас, здолеў з усім разабрацца, а ты не можаш планку патрымаць?! Стаяць!!!» Спрацоўвае, скажу вам, выдатна, прычым не толькі тут, але і ва ўсіх цяжкіх сітуацыях. Рэкордам пахваліцца не магу, але... У планцы стаю. І заўтра збіраюся прыгадаць усе «цудоўныя адчуванні»... А якое ваша практыкаванне самае любімае?!

Магчыма, хтосьці не зможа пачаць клапаціцца гэтак пра сваё фізічнае здароўе прама сёння па важкай прычыне: ідзе ў царкву, бо Дабравешчанне ж. Вера... Яна не меней важная. А можа, і больш. Агульная, адзіная і... у кожнага свая.

Хтосьці ходзіць у царкву, у кагосьці звычка маліцца дома. А ў іншых такога няма, толькі дзесьці ў асобных выпадках у глыбіні душы... Галоўнае тут, як мне падаецца, – паважаць веру і выбар кожнага чалавека і не навязваць свой пункт гледжання, свае патрабаванні ды паводзіны.

Я звычайна стараюся прыслухоўвацца вось да гэтага, шырока вядомага народнага: «На Дабравешчанне дзеўка касы не пляце, птушка гнязда не ўе». Нашы продкі не займаліся ў гэты дзень цяжкай фізічнай працай – ні ў полі, ні дома. Пад забаронай было вязанне, ткацтва, шыццё. Увогуле, спіс таго, чаго нельга рабіць на Дабравешчанне, даволі значны. Ды яшчэ ў некаторых мясцовасцях былі свае адмысловасці... Так што паўдзельнічаць дзесьці ў спартыўных мерапрыемствах – сапраўды самае тое.

Таму святкуйма сёння так, каб было прыемна душы і целу. І каб любы ваш занятак пайшоў толькі на карысць!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

99 0 38

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх