21 студзеня
21.01.2020

Дзіцячы неўролаг – пра нормы развіцця, начныя крыкі і наатропы. Працяг анлайн-канферэнцыі

logo
Вострае пытанне
153 0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На пытанні чытачоў адказваў Леанід Шалькевіч, галоўны пазаштатны дзіцячы неўролаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА, дацэнт, к.м.н. Пачатак анлайн-канферэнцыі – тут.

Анлайн-канферэнцыя. Леанід Шалькевіч.

Ці можна дзіця ставіць на ножкі?

Дзіцяці 8 мес. Яшчэ не садзіцца, не поўзае, не ўстае. Але пераварочваецца з жывата на спіну і назад. У становішчы лежачы на жываце на ручках прыўздымаецца добра і круціцца вакол сваёй восі. Ці ёсць падстава для турботаў? Ці можна дзіця ненадоўга садзіць і ставіць на ножкі?

Асноўныя моманты, якія трэба адсочваць: уменне выцягнуць рукі наперад і ўверх да 7-8 месяцаў, здольнасць перавярнуцца са спіны на жывот з 3,5-4 да 5-6 месяцаў, уменне самастойна сесці – да 9 месяцаў. Калі малыш адстае ад названых тэрмінаў, гэта падстава звярнуцца да спецыяліста. Калі вашае дзіця яшчэ не садзіцца, але ўжо прысаджваецца, можа абаперціся ў становішчы напаўлежачы на баку на адну ручку, значыць, усё добра. Калі яно можа толькі пераварочвацца з жывата на спіну, ёсць падстава для турботаў. Самім ставіць яго на ножкі і садзіць сэнсу няма, гэта ніяк малога не трэніруе. Рэкамендую на ўсялякі выпадак паказацца неўролагу.

Дзяўчынцы 4 месяцы. На 3-м месяцы жыцця пачала плакаць перад начным сном, ноччу таксама прачынаецца з плачам. Ці нармальна гэта? Удзень засынае і прачынаецца добра.

З 3-4 месяцаў у многіх дзяцей з'яўляюцца начныя страхі і кашмары, падчас якіх яны расплюшчваюць вочы, плачуць і крычаць. Гэта пэўны этап сталення. Калі пасля гэтага малышы засынаюць, удзень спяць добра і іх развіццё адпавядае ўзросту, гэта не небяспечна для здароўя. У большай ступені гэта вымотвае бацькоў, малышам ж лячэнне ў такіх выпадках не патрабуецца.

Хлопчыку паўтара года. З нараджэння ўзнікаюць цяжкасці з тым, каб памачыцца, калі спіць: круціцца, плача. Як прачнуўся – праблемаў няма. Гэта трэба неяк лячыць або з узростам пройдзе? Таццяна

Патрэбная кансультацыя ўролага. Але хутчэй за ўсё гэта звязана з асаблівасцямі нервовай сістэмы падчас сну. Па меры таго, як дзіця будзе расці, гэтыя праявы павінны змяншацца: яно будзе альбо спаць спакайней, альбо прачынацца, каб памачыцца. Калі гэтага адбывацца не будзе, мае сэнс звярнуцца да педыятра.

Дзіцяці 7 месяцаў, пры нараджэнні паставілі дыягназ «сіндром рухальных парушэнняў», у 3 месяцы – дыстанічны сіндром, у 5,5 месяца – фізіялагічны стан бліжэй да нормы. Але пры апоры на ножкі дзіця становіцца на дыбачкі і на правай ножцы ёсць абмежаванні ў руху ў галёнкаступнёвым суставе (згінаецца пры намаганні, калі дзіця спіць або ў расслабленым стане). Што гэта можа быць і што рабіць? Развіццё адпавядае ўзросту, вагу набірае добра.

Анлайн-канферэнцыя. Неўралагічныя захворванні ў дзяцей.

Неабходны агляд неўролага. Бянтэжыць абмежаванне руху ў адным галёнкаступнёвым суставе, у норме такога быць не павінна. Гэта можа ўказваць на элементы арганічнага паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы. Таму пры візіце да ўрача мэтанакіравана звярніце ўвагу на гэтыя асаблівасці.

Што адбываецца з нервовай сістэмай дзіцяці, калі на яго крычаць і спаганяюць зло?

Нервовая сістэма дзіцяці – гэта свайго роду падмурак, а надбудова – яго псіхалагічнае развіццё. Калі з неўралагічнага пункту гледжання ўсё добра, але ў працэсе выхавання маюцца пэўныя парушэнні, фарміравання адэкватнага псіханеўралагічнага статусу дзіцяці не будзе. Прычым у будучым пры з'яўленні розных псіхалагічных праблемаў чалавек можа і не здагадвацца, адкуль «растуць» іх карані. Часта асабістыя, прафесійныя праблемы спаганяюцца на тых, хто не можа адэкватна адказаць, – на дзецях. Большасць праблемаў дзяцей – гэта праблемы іх бацькоў.

Малыш б'ецца лбом да сінякоў

Ці могуць наступствы ранняга арганічнага паражэння ЦНС праявіцца ў 20 гадоў? Мама нічым не хварэла, я нарадзілася шляхам кесарава ў тэрмін. Пры абследаванні ў раддоме ўсё было выдатна, прышчэпкі зробленыя па ўзросце, у неўролага не назіралася. Бліжэй да 20 гадоў пачалі выяўляцца бульбарныя, вокарухальныя парушэнні, рэцыдывавальнае паражэнне чэрапных нерваў. Цяпер мне 23, і гэта ўпісваюць у дыягназ «наступствы ранняга арганічнага паражэння ЦНС з мікраачаговай сімптаматыкай».

Апісаная карціна не характэрная для наступстваў ранняга арганічнага паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы, яны не прагрэсуюць і не рэцыдывуюць. Патрэбны якасны агляд у неўролага з праходжаннем МРТ галаўнога мозгу. У вашым выпадку трэба шукаць іншую прычыну наяўных парушэнняў нервовай сістэмы.

У 4 месяцы дзіця перанесла менінгаэнцэфаліт, маюцца атрафія рэчыва мозгу, субдуральныя гігромы, тэтрапарэз. Сутаргі ў выглядзе факальных прыступаў купіраваныя, трахеястома. Ці ёсць у краіне цэнтры рэабілітацыі для такіх дзетак, войта-тэрапія? Як да вас запісацца на прыём?

Для падбору аптымальных метадаў рэабілітацыі варта звярнуцца ў Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі да галоўнага ўрача Аляксандра Мікалаевіча Якаўлева. Ён таксама з'яўляецца галоўным пазаштатным спецыялістам Міністэрства аховы здароўя па дзіцячай рэабілітацыі. Тэл. 200-20-67 (Мінск). Да мяне можна запісацца, патэлефанаваўшы ў  прафесарскі цэнтр БелМАПА.

Анлайн-канферэнцыя. Эксперт – Леанід Шалькевіч.

Дзіця прыкладна з 10 месяцаў б'ецца лбом аб падлогу. Спачатку заўважалі, што так ён рэагуе на якую-небудзь адмову. Можа спецыяльна біць кагосьці, калі заўважыў, што іншаму чалавеку балюча – б'ецца, каб яго пашкадавалі, маўляў, яму больш балюча. Зараз яму амаль 2 гады, але працягвае біццё лбом да сінякоў. Што гэта і якія абследаванні прайсці?

Рэкамендую кансультацыю дзіцячага псіхолага або псіхатэрапеўта. Такія паводзіны дзіцяці кажуць пра тое, што ў яго ёсць паводніцкія асаблівасці. Магчыма, яму не хапае ўвагі, а можа, прычыны больш сур'ёзныя.

Ці трэба прымаць наатропы?

Майму сыну 6 месяцаў, у яго цяжкае перынатальнае паражэнне ЦНС гіпаксічна-ішэмічнага генэзу з энцэфаламаляцыяй, двухбаковымі субдуральнымі гігромамі цемянных аддзелаў, ачагамі гліёзу, парушэннем псіхамаўленчага развіцця са спастыка-гіперкінэтычным тэтрапарэзам, бульбарнымі парушэннямі. Эпілепсія структурная, з наяўнасцю міякланічных і генералізаваных танічных прыступаў. Пасля адмены кланазепаму пачаліся прыступы гіперкінэзу, з-за іх начамі дзіця дрэнна спіць. Прымае дэпакін і ламіктал. Прыступаў эпілепсіі з моманту прыезду з апошняй рэабілітацыі не назіралася, толькі гіперкінэз. Дома штодня выконваюцца ЛФК і лагапедычны масаж для стымуляцыі смактання, глытання, выражэння эмоцый (дзіця было 3 месяцы на зондавым выкормліванні). Ці варта нам прасіць урача вярнуць прыём кланазепаму ў мізэрнай дозе або ператрываць? Ці ёсць спецыяльныя практыкаванні, якія памяншаюць гіперкінэзы? Дзіцяці ставяць частковую атрафію глядзельнага нерва. Ці варта напружваць вочы кантраснымі, каляровымі, ч/б малюнкамі?

Кланазепам сапраўды можа змяншаць выяўленасць гіперкінэзаў, але выклікае прывыканне, валодае тармазным дзеяннем на ЦНС. Пры яго працяглым ужыванні можа фарміравацца або ўзмацняцца затрымка развіцця, таму яго стараюцца не прызначаць на працяглы тэрмін. Пры адмене кланазепаму гіперкінэзы могуць узмацняцца. Калі выяўленыя балючыя гіперкінэзы захоўваюцца на працягу доўгага перыяду часу пасля яго адмены, тады прэпарат могуць прызначыць зноў, нягледзячы на яго пабочныя дзеянні, каб палегчыць стан дзіцяці. Спецыяльныя практыкаванні пры наяўнасці ў дзяцей прыступаў існуюць, гэтым займаюцца рэабілітолагі, інструктары ЛФК, кінэзіятэрапеўты. Што тычыцца частковай атрафіі глядзельнага нерва, трэба зрабіць ЭЭГ з фотастымуляцыяй. І калі пры яе правядзенні параксізмальная актыўнасць не рэгіструецца, тады можна нагружаць дзіця кантраснымі, каляровымі і чорна-белымі малюнкамі.

У дзіцяці па УГД мозгу асіметрыя ПБЖ з пашырэннем левага жалудачка. Кантралявалі ў дынаміцы (пры нараджэнні – 5 мм, у 7 месяцаў – 7 мм). Зараз дзіцяці 7,5 месяца, пераварочваецца са спіны на жывот і назад, поўзае па-пластунску, самастойна не сядзіць. Калі прытрымаць ногі, дык сядзе, але спіна не памацнела – завальваецца на бок. На калені не становіцца, калі паставіць, дык нядоўга можа прастаяць. Гуляе ў ладачкі, прамаўляе асобныя склады. Ставяць затрымку тэмпаў маторнага развіцця з мышачнай гіпатаніяй. Неўролаг выказаўся пра неабходнасць прыёму наатропаў (цэраксон). Хацелася б пачуць ваша стаўленне да прызначэння наатропаў і даведацца пра неабходнасць іх прымянення ў нашым выпадку.

З майго пункту гледжання, наатропы тут не патрэбныя, на дадзеным этапе дастаткова масажу, ЛФК. Трэба ў першую чаргу вызначыць прычыну такога стану, у тым ліку з генетычным абследаваннем. Рэкамендую запісацца на прыём у Рэспубліканскі цэнтр спадчынных нервова-мышачных захворванняў. Тэлефон: 327 55 06 (Мінск).

Дзіцяці 3,5 месяца, галаву, лежачы на жываце, трымае, але хіліць яе ў адзін бок і ляжыць няроўна. Агляд артапеда: крывашыі няма, але ёсць дысплазія тазасцегнавых суставаў (носім падушку Фрэйка). УГД галавы – норма, УГД пазваночніка – гіпертэнзія ў спінным мозгу, гіпатонус сасудаў галаўнога мозгу. Усе адхіленні ад нормы па выніках УГД нязначныя. Аднак неўрапатолаг ставіць дыягназ: перынатальнае паражэнне ЦНС, сіндром рухальных парушэнняў. Прызначае картэксін, навакаін, вітамін B6, масаж і ЛФК. Іншы неўрапатолаг і педыятр кажуць, што эфектыўнасць наатропаў не даказаная, а ў навакаіну супрацьпаказанні: дзіцячы ўзрост да 12 гадоў. Вітаміны трэба даваць толькі, калі лабараторна пацверджаны іх дэфіцыт. Ці варта калоць малышу гэтыя ўколы? Або досыць масажу і ЛФК?

З майго пункту гледжання, медыкаментознае лячэнне і вітаміны тут не патрэбныя. Тое, што дзіця хіліць галаву ў бок, можа насіць фізіялагічны характар. Мы не сіметрычныя, праўшы і ляўшы, таму, калі дзіця пачынае пераварочвацца на жывот у 3,5-4 месяцы, першы час яго галоўка трохі адхіленая ў адзін бок. Гэтая крывашыя – фізіялагічны стан, таму з часам праходзіць. Калі ж яна не знікае, і артапед адзначае, што ёсць скарачэнне ківальнай мышцы, тады карэкцыяй і лячэннем займаюцца дзіцячыя хірургі, артапеды, інструктары ЛФК і масажысты. Наатропныя прэпараты дазваляюць хутчэй дасягнуць пэўных навыкаў, але з пазіцый доказнай медыцыны іх уплыў на стан дзіцяці моцна перабольшаны. Дзіця дасягне патрэбных паказчыкаў і без іх.

Анлайн-канферэнцыя. Неўралагічныя захворванні ў дзяцей. Масаж малышоў.

Як доўга будуць каардынацыйныя парушэнні?

Малышу 9 месяцаў 17 дзён, нарадзіўся млявым, у радзільні паставілі сіндром прыгнёту ЦНС. Прымалі алмібу, рабілі зарадку кожныя 3-4 гадзіны. На 3-м месяцы сіндром знялі. Зараз дзіця вельмі нервовае і раздражняльнае. Калі штосьці не атрымліваецца, адразу дзіка плача, б'ецца рукамі. Неўролаг спісвае на зубы. Ці могуць такія паводзіны быць наступствам сіндрому прыгнёту?

Аднаўленне нервовай сістэмы пасля перыяду прыгнёту сапраўды адбываецца праз этап павышанай узбудлівасці. Знешнія фактары (у прыватнасці, прарэзванне зубоў) могуць узмацняць гэтае ўзбуджэнне. Але калі перыяд гіперузбуджэння зацягнуўся (а ў 9 месяцаў ён ужо не павінен быць моцна выяўленым), варта паказацца неўролагу.

У дзіцяці дыягназ: наступствы ранняга арганічнага паражэння ЦНС, атанічна-астатычны сіндром, затрымка маўленчага развіцця, каардынацыйныя парушэнні. Раз у 3 месяцы робім курс масажу, ЛФК, але каардынацыйныя парушэнні захоўваюцца. Як доўга яны захоўваюцца? Якія наступствы нясуць міякланічныя ўздрыгванні?

Анлайн-канферэнцыя. Неўралагічныя захворванні ў дзяцей. Парушэнне каардынацыі.

Для трэніроўкі каардынацыі ў дзяцей з наступствамі ранняга арганічнага паражэння ЦНС існуюць спецыяльныя прылады: стабіламетрычная платформа. Неабходныя спецыяльныя заняткі з яе выкарыстаннем, якія павінны праводзіцца на рэгулярнай аснове. З павелічэннем узросту хуткасць набыцця каардынатарных навыкаў будзе зніжацца, але даць адназначны адказ, калі каардынатарная недастатковасць набудзе ўстойлівы характар, вельмі складана. Што тычыцца міякланій, дык яны могуць насіць эпілептычны і неэпілептычны характар. У першым выпадку іх трэба лячыць (па выніках заключэння неўролага і дадзеных ЭЭГ), у другім – не. Больш за тое, яны часам спрыяюць станоўчай дынаміцы па неўралагічнаму стану дзіцяці.

Фота эксперта – Яўген Крэч.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

 

 

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

153 0 48

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх