31 Мая
31.05.2019

«Еўрапейская сталіца перадазіровак». Эстонцы вучаць дзяцей казаць «не» і адмаўляюцца ад рамантызацыі вобраза былых наркаманаў

logo
Будзь незалежны
5 0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Еўрапейская сталіца перадазіровак... Такую сумную славу атрымаў Талін на пачатку XXI стагоддзя. У Эстоніі налічваецца каля 9 тысяч людзей, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі. Траціна з іх пражывае ў сталіцы. Большасць залежных «сядзяць» на фентаніле. Гэты сінтэтычны апіоід у 100 разоў мацнейшы за гераін. Яго ўжыванне цягне за сабой магчымасць атрымаць смяротную дазіроўку. Аднак нават гэта не спыняе. Сярод тых, хто трапляе ў поле зроку спецыялістаў, ёсць такія, хто зрабіў сваю першую ін'екцыю ва ўзросце 10 гадоў. Сітуацыя страшная. Яна змушае супольнасць Эстоніі шукаць новыя спосабы прафілактыкі і лячэння нарказалежных.

Аб прычынах і псіхалагічных аспектах нарказалежнасці, новых рашэннях па яе прафілактыцы эстонскія спецыялісты распавялі ў рамках IV Міжнароднага фестывалю псіхалагічнага майстэрства, які традыцыйна адбыўся ў БДПУ імя М.Танка.

Ужываюць тое, не ведаюць якое

Маленькая Эстонія з насельніцтвам усяго крыху больш за 1 млн 300 тысяч чалавек займае адно з першых месцаў у свеце па паказчыку смяротнасці сярод наркаманаў. Сярод краін Балтыі менавіта тут знаходзіцца больш за ўсё людзей, якія ўжываюць забароненыя наркатычныя рэчывы. А па колькасці тых, хто прымае каноплі, амфетамін, экстазі, эстонцы наперадзе краін Еўрасаюза.

13,6% маладых людзей Эстоніі 15-34 гадоў прызналіся, што спрабавалі наркотыкі на аснове канопляў. Сярод тых, хто звярнуўся па лячэнне, больш за ўсё людзей, якія выкарысталі апіоіды. У апошні час усё больш вострай становіцца тэма лекавай залежнасці, калі прэпараты прымаюць не па прызначэнні, у небяспечных дазіроўках і г.д.

Даследаванні фінскіх спецыялістаў паказалі, што ў апошні час расце колькасць залежных ад лекаў урачоў. Вялікія нагрузкі, неабходнасць дзяжурыць, аперыраваць па начах прыводзяць да таго, што людзі гэтай прафесіі ўсё больш злоўжываюць псіхастымулятарамі. Пра наяўнасць такой праблемы кажуць і эксперты з Эстоніі, Расіі.

 
Ганна Джалалава
Загадчыца аддзялення Цэнтра па лячэнні і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі, стацыянарнага аддзялення г.Сіламяэ (Эстонія), доктар філасофіі, псіхалагічных навук
Раней фентаніл быў вельмі даступным, але цяпер, дзякуючы паліцыі, канал яго пастаўкі перакрыты. Рэчыва здабыць усё больш складана. І гэта, на жаль, прывяло да новых праблем. Калі раней мы мелі ўяўленне пра тое, што менавіта людзі ўжываюць, дык цяпер яны і самі не ведаюць, што колюць сабе. Лічаць, што ўжываюць адно, а нашы тэсты паказваюць абсалютна іншае. Ім прадаюць нейкую сумесь, дзе рэчывы замяшчаюцца вельмі няграматна, і прадказаць іх уздзеянне на арганізм немагчыма. Солі, якія з'явіліся, дзейнічаюць настолькі непрадказальна і так мяняюць структуру асобы, што калі пацярпелыя прыходзяць да нас, працаваць ужо няма з чым: асоба разбураная.

Праблемамі нарказалежнасці ў Эстоніі займаецца таксама спецыяльны аддзел у Інстытуце развіцця здароўя. Цікава, што там ёсць супрацоўнік, які легальна наведвае начныя клубы з наборам рэактываў. Маладыя людзі могуць звярнуцца да яго і праверыць той наркотык, які яны сабраліся спажыць. Пробы паказалі, што яшчэ ні адзін набыты «фентаніл» не быў ім на самай справе. Змяшаныя зусім іншыя рэчывы. З бяскрыўднага: хлопец за вялікія грошы здабыў «какаін». Праверка паказала, што гэта была сумесь амфетаміну і звычайнага аспірыну, парацэтамолу. На жаль, сустракаюцца сумесі нашмат больш разбуральныя для псіхікі і смяротна небяспечныя.

Мабільныя аўтобусы і іншыя сродкі дапамогі

Цэнтр лячэння і рэабілітацыі нарказалежных у Вільяндзі працуе з 2012 года. Галоўная мэтавая група: непаўналетнія, якія не ў стане самі адмовіцца ад ужывання наркатычных рэчываў.

Асноўная праца з нарказалежнымі:

  • Зніжэнне шкоды (абмен шпрыцаў).
 
Рыта Кердман
Дырэктар Цэнтра лячэння і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі (Эстонія), доктар сацыяльных навук
Часам нам кажуць, што мы такім чынам як быццам дапамагаем залежным. Але небяспечныя не толькі перадазіроўкі, а і захворванні, інфекцыі, якія могуць распаўсюджвацца праз агульныя шпрыцы. Наша новаўвядзенне заключаецца ў тым, што цяпер няма проста абменшчыкаў у чыстым выглядзе. Ва ўсіх пунктах працуюць кансультанты зніжэння шкоды (псіхолагі, сацработнікі). Яны могуць абмяняць шпрыц, але асноўная іх задача – працаваць з мэтавай групай, матываваць на змены.
  • Мабільная паслуга зніжэння шкоды. З'явілася яна нядаўна, у лістападзе мінулага года. Два аўтобусы, якія па аснашчэнню нагадваюць «хуткую дапамогу», ездзяць па краіне з мэтай дабрацца да тых людзей, якія па нейкай прычыне не даходзяць у пункты абмену. У камандзе абавязкова ёсць медработнік.
  • Антыдот. Ужо некалькі гадоў у Эстоніі практыкуюць выкарыстанне налаксону – антыдоту, які можа выратаваць чалавека ад смерці пры перадазіроўцы. Ужыванне яго простае: упырскванне прэпарата ў ноздры. Каб атрымаць права на яго выкарыстанне, трэба прайсці месячнае навучанне, дзе спецыялісты раскажуць аб прыкметах перадазіроўкі і прынцыпах работы антыдоту.
  • Дэтаксікацыя. На працягу месяца залежнаму дапамагаюць спраўляцца з фізічнай ломкай.
  • Лячэнне і рэабілітацыя.
  • Паслуга суправаджэння. Пасля выхаду з Цэнтра высокая верагоднасць зрыву, паколькі асяроддзе, у якое вяртаецца чалавек, застаецца ўсё тым жа. Таму падтрымка спецыялістаў важная і пасля курсу рэабілітацыі.

У групе рызыкі... усе

Якія ж асноўныя прычыны прыводзяць да таго, што чалавек пачынае ўжываць наркотыкі, выдатна ведаючы пра іх шкоду?

  • Дэструктыўныя сямейныя адносіны. Гэта не абавязкова гвалт. А, напрыклад, розныя ўзаемавыключальныя стылі выхавання ў сям'і.
  • Псіхалагічны і фізічны гвалт.
 
Ганна Джалалава
Загадчыца аддзялення Цэнтра па лячэнні і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі, стацыянарнага аддзялення г.Сіламяэ (Эстонія), доктар філасофіі, псіхалагічных навук
Калі вызначыць фізічны гвалт не ўяўляе складанасцяў, дык з псіхалагічным усё больш складана. Многія сем'і не разумеюць, што знаходзяцца ў сітуацыі псіхалагічнага гвалту. Зараз у Эстоніі гэта вельмі актуальная тэма, якая абмяркоўваецца на ўзроўні ўрада. Грамадскі рэзананс закрануў школы, дашкольныя ўстановы. Уведзена шмат праграм, якія накіраваныя на тое, каб растлумачыць людзям, што гэта такое.
  • Антысацыяльны жыццёвы стыль, нізкі сацыяльны статус.
  • Псіхалагічная нясталасць, інфантылізм.
  • Паніжаны інтэлект, псіхічныя расстройствы.
 
Рыта Кердман
Дырэктар Цэнтра лячэння і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі (Эстонія), доктар сацыяльных навук
Такіх людзей лёгка падмануць. Яны адчуваюць патрэбу ў стасунках, але з-за расстройства або паніжанага інтэлекту знаходзяцца ў ізаляцыі. І калі ім прапануюць наркотык, дык яны бяруць яго для таго, каб выпрабаваць пачуццё датычнасці да групы. Наіўна мяркуюць, што яны ёй патрэбныя.
  • Эмацыянальная нясталасць.
  • Няўменне выбудоўваць і ўтрымліваць межы.
 
Ганна Джалалава
Загадчыца аддзялення Цэнтра па лячэнні і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі, стацыянарнага аддзялення г.Сіламяэ (Эстонія), доктар філасофіі, псіхалагічных навук
Цяпер у нас забаронена праводзіць прафілактычныя курсы па злоўжыванні наркотыкамі. Замест гэтага ў школах і садках запушчаныя прэвентыўныя праграмы, дзе дзяцей вучаць выразна выказваць сваё меркаванне, казаць «не», з дзяцінства выбудоўваць і ўтрымліваць свае псіхалагічныя межы. Спадзяемся на тое, што гэта зберажэ іх ад вопыту ўжывання.
 
Рыта Кердман
Дырэктар Цэнтра лячэння і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі (Эстонія), доктар сацыяльных навук
Раней у школы прыходзілі роўныя кансультанты. Тыя, хто ўжываў, а потым змог вярнуцца да нармальнага жыцця. Вопыт паказаў, што такі падыход не працуе. Дзеці лічаць, што калі гэты чалавек змог справіцца і нядрэнна выглядае, дык нічога страшнага ў наркотыках і няма. Цяпер мы больш арыентуемся на ўвагу да асобы саміх дзяцей, вучым іх мець стасункі, выказваць эмоцыі. Па прыродзе сваёй эстонцы вельмі стрыманыя. Гаворым, што гэта нармальна – адчуваць і выказваць самыя розныя пачуцці.

  • Спажывецкае стаўленне да жыцця. Назіранне спецыялістаў: людзі з пазіцыяй «свет мне павінен» часцей за ўсё аказваюцца ў складанай сітуацыі, ужываюць цяжкія наркотыкі.
  • Нізкая самаацэнка, неўсвядомленасць сваіх патрэбаў, уменняў і рэсурсаў.
  • Моцныя псіхатраўмуючыя падзеі ў жыцці. Такой падзеяй можа быць усё, што заўгодна. Прычым іншым людзям (у тым ліку бацькам) сітуацыя можа здавацца звычайнай («нічога страшнага»). Але само дзіця яна глыбока параніла.
 
Ганна Джалалава
Загадчыца аддзялення Цэнтра па лячэнні і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі, стацыянарнага аддзялення г.Сіламяэ (Эстонія), доктар філасофіі, псіхалагічных навук
Фактары рызыкі можна апісваць да бясконцасці. Мы ніколі не ведаем, якое іх спалучэнне плюс псіхатраўматычны вопыт, унутрыасобаснае ўладкаванне стрэліць так, што персона зробіцца залежнай. Зараз еўрапейскі досвед паказвае, што на самай справе ў групе рызыкі абсалютна ўсе. Гэта тое, што можа адбыцца з любой сям'ёй. Скончыўся той час, калі мы лічылі, што наркаман – чалавек з антысацыяльнай сям'і ці што ў яго ў сям'і былі, да прыкладу, алкаголікі. Гэты час далёка ззаду. Цяпер такая сітуацыя можа адбыцца з абсалютна сацыялізаванай сям'ёй. У сваёй практыцы бачу не адзін раз, калі прыязджаюць бацькі з ужо дарослымі сынамі і дочкамі і проста не могуць глядзець мне ў вочы, настолькі ім сорамна. Яны лічаць, што нешта зрабілі няправільна. А на самай справе адбылося штосьці зусім іншае. Межы настолькі пашырыліся, што дзяржаве зрабілася зразумелым: трэба нешта памяняць у самой структуры, падыходзе да наркапалітыкі, развіцці і выхаванні дзяцей. Глядзець трэба раней. Не тады, калі ён ужывае, а шмат гадоў таму. Мы прызналі, што перажылі шматразовыя правалы ў сваёй сацыяльнай структуры. І гэта прывяло да такой наркатызацыі. Таму цяпер курс зменены ў бок прафілактыкі і ўвагі да асобы з самых ранніх гадоў.
 
Рыта Кердман
Дырэктар Цэнтра лячэння і рэабілітацыі нарказалежных г.Вільяндзі (Эстонія), доктар сацыяльных навук
Пасля многіх гадоў стасункаў з залежнымі магу вылучыць адну агульную фразу. Усе яны казалі: «Я быў (ла) нікому не патрэбным (патрэбнай)». Гэта адбывалася па розных прычынах. Зараз мы спрабуем змяніць грамадскую думку: ад асуджэння і непранікальнай сцяны паміж тымі, хто ўжывае, і астатнім грамадствам да магчымасці дапамогі. Стараемся данесці, што калі такое здарылася, дык хаваць ні ў якім разе не трэба. Уводзіцца шмат праграм па барацьбе з эмацыянальным, фізічным гвалтам, юрыдычныя паслугі. Праводзіцца паўсюднае навучанне работнікаў розных структур (настаўнікаў, сацпедагогаў, ваенных, чыноўнікаў і інш.), распавядаецца пра асаблівасці гэтага захворвання. Гаворым пра тое, як з ім працаваць і як мінімізаваць яго праяву, умяшацца на самай ранняй стадыі. Бо там лепшы вынік.

Сучаснае грамадства прызнала: у зоне рызыкі па развіцці нарказалежнасці не абавязкова дзеці з няшчасных сем'яў. Спалучэнне фактараў можа прывесці на гэтую сцежку каго заўгодна. Важнай робіцца сама асоба чалавека, уменне абараніць сваю пазіцыю, спраўляцца са складанасцямі іншымі спосабамі, сказаць «не». Менавіта на фарміраванне такіх якасцяў у дзяцей з маленства і накіравана новая сістэма прафілактыкі наркатызацыі ў Еўропе.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

5 0 30

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх