12 Снежня
12.12.2019

Бялок – галоўны гулец у камандзе абароны імунітэту

logo
Здаровае меню
168 0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ахоўная функцыя – адна з найважнейшых, якую выконваюць бялкі ў арганізме чалавека. Яна ўключае фізічную, хімічную і імунную абарону. Апошняй адводзіцца асабліва значная роля.

Тры тыпы бялкоў: імунаглабуліны (антыцелы), інтэрфероны і бялкі галоўнага комплексу гістасумяшчальнасці – складаюць ядро імуннай сістэмы. Яны з'яўляюцца галоўнымі ўдзельнікамі фарміравання імуннага адказу – здольнасці арганізма адэкватна рэагаваць на чужародную інфармацыю і супрацьстаяць уздзеянню патагенаў.

Чаму штодзённае задавальненне патрэбы ў бялку прынцыпова важнае для імуннай абароны? Ці ўплывае бялковы дэфіцыт на цячэнне хваробы і працэс выздараўлення? Што такое амінакіслотны скор і якая яго роля ў задавальненні патрэбы ў бялку? Мы даведаліся ў экспертаў.

Стабільнасць – залог поспеху

 
Аліса Кудлач
Педыятр-неўролаг, асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Недастатковае спажыванне бялку і, як следства, фарміраванне яго дэфіцыту ў арганізме парушае работу ўсіх органаў і сістэмаў, уключаючы паслабленне ахоўнай функцыі. Асноўныя фактары абароны арганізма: імунаглабуліны і сістэма камплементу, роўна як і фундамент клетак-абаронцаў (лімфацытаў), – усё гэта бялковыя структуры. Адпаведна, без задавальнення патрэбы ў бялку імунная сістэма адэкватна працаваць не зможа. Усе імунадэфіцыты рознай ступені выяўленасці так ці інакш суправаджаюцца парушэннямі бялковага абмену. Нават лёгкія формы бялковай недастатковасці, якія не маюць клінічных праяў і працякаюць бессімптомна, аказваюць негатыўны ўплыў на фарміраванне імуннага адказу арганізма на атаку патагенаў, уздзеянне пашкоджвальных і стрэсавых фактараў.

Сінтэз і распад бялкоў у арганізме – працэс бесперапынны. Важнасць захавання яго стабільнасці, у тым ліку для забеспячэння імуннай абароны, абумоўленая тым, што бялок не дэпануецца ў арганізме, г.зн. не назапашваецца для далейшага рацыянальнага выкарыстання. Гэта асабліва актуальна для дзіцячага ўзросту, калі ўсе працэсы ў арганізме праходзяць найбольш інтэнсіўна. А разам з тым на фоне высокіх запатрабаванняў у макра- і мікранутрыентах ды энергіі ў дзяцей маюцца абмежаваныя рэзервы і тэндэнцыя да хуткага іх вычарпання. Недапушчэнне дэфіцыту бялку неабходнае як для гарманічнага росту і развіцця, так і для фарміравання моцнага імунітэту.

Бялок. Бялковая ежа.

Ежа, якая лечыць

 
Алена Палевічэнка
Доктар мед.навук, прафесар кафедры анкалогіі, гематалогіі і прамянёвай тэрапіі педыятрычнага факультэта РНДМУ імя М.І.Пірагова (С.-Пецярбург)
Не ведаю ніводнай сям'і, якая б у адносінах да свайго хваравітага сваяка сказала: давайце будзем карміць яго меней, радзей, горш. Адзін з самых вядомых вучоных у галіне нутрыцыялогіі Бертольд Калецка паказаў, што нават нязначнае павышэнне тэмпературы цела да субфебрыльнах лічбаў павышае патрэбы ў бялку на 150-180% ад базавай патрэбы чалавека ў здаровым стане. Пры абвастрэнні хранічнай паталогіі – на 200-250%, пры траўме – на 300%. Разам з тым, ёсць дадзеныя, што амаль кожны другі пацыент з рэспіраторнымі захворваннямі пакутуе ад нутрытыўнай недастатковасці.

У гэтым кантэксце не забяспечваць хвораму харчаванне, багатае на ўтрыманне бялку, значыць папросту не далечваць яго, перакананая Алена Палевічэнка. Адэкватны стану чалавека, які хварэе, рацыён у гэтым выпадку расцэньваецца не як задавальненне яго базавых патрэбаў, а як адзін з фактараў комплекснай тэрапіі, павышэння імунных і адаптацыйных сіл арганізма. Навукова даказана: штодзённае ўжыванне высокабялковай ежы падчас хваробы і лячэння зніжае верагоднасць ускладненняў, памяншае пабочныя эфекты лекавых сродкаў і паскарае працэс выздараўлення.

Бялок. Бялковыя прадукты.

Бялок ад бялку адрозніваецца

Каб забяспечыць стабільны біясінтэз бялку, а значыць, і адэкватную працу імуннай сістэмы, неабходна пастаянна папаўняць фонд амінакіслотаў у арганізме. Менавіта яны выступаюць галоўным структурным кампанентам бялкоў і ўплываюць на іх функцыянальнае прызначэнне. Крыніцай амінакіслотаў служаць харчовыя прадукты.

 
Алена Гузік
Загадчыца кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт
Бялкі жывёльнага і расліннага паходжання засвойваюцца арганізмам па-рознаму. Так, засваяльнасць малака, малочных прадуктаў, яек складае 96%; мяса, рыбы – 93-95%. А вось бялкі, якія змяшчаюцца ў хлебе, арганізм засвойвае толькі на 62-86%, у бульбе – на 70%, што вызначаецца збалансаванасцю амінакіслотнага складу. Якасць бялку вызначаецца такім паняццем, як амінакіслотны скор, г.зн. збалансаванай наяўнасцю ўсіх незаменных амінакіслотаў у прадукце. Эталонам амінакіслотнага скора прынята лічыць эталонны бялок, распрацаваны экспертамі ФАО/СААЗ, а таксама бялок груднога малака і курынага яйка. Блізкімі да яго – жывёльныя бялкі з мяса, птушкі, малака. Гэтыя ж прадукты выступаюць крыніцай вітамінаў D, А, вітамінаў групы В, кальцыю, фосфару і г.д.

Бялкі.

Спалучэнне ў рацыёне прадуктаў расліннага і жывёльнага паходжання для ўмацавання імунітэту можа расцэньвацца як біялагічна больш паўнавартаснае з-за ўзаемнага ўзбагачэння адных бялкоў амінакіслотамі іншых. Пры гэтым сутачная патрэба ў бялку павінна папаўняць як агульны расход бялку, так і патрэбу ў незаменных амінакіслотах. «Разбалансіроўка» амінакіслотнага складу цягне за сабой парушэнне азоцістага балансу (колькасць спажываных бялкоў павінна быць адэкватная прадуктам іх распаду, якія выдзяляюцца разам з мачой і калам), што ў сваю чаргу вядзе да паслаблення імуннай абароны.

Больш за тое, станоўчы азоцісты баланс (перавышэнне спажывання бялковых прадуктаў над стратамі з мачой і калам) неабходна забяспечыць у перыяды інтэнсіўнага росту і развіцця (у дзіцячым і падлеткавым узросце), павышаных нагрузак на органы і сістэмы (цяжарнасць, лактацыя), падчас хваробы і аднаўлення.

Такім чынам, разам са звыклай ежай, багатай на бялок (мяса, птушка, малако), больш чым апраўданае ўключэнне ў рацыён кісламалочных напояў, якія ўтрымліваюць да 30 г бялку на 250 мл прадукту, узбагачаныя лактабактэрыямі, вітамінамі D і В6. У аснове напояў – сыроватныя бялкі, якія маюць аптымальны амінакіслотны склад і засвойваюцца арганізмам практычна цалкам. Пры адсутнасці апетыту, абцяжараным глытанні яны па сутнасці могуць выступаць асноўнай крыніцай бялку, неабходнага арганізму для павышэння імунных сіл.

Прытрымліваючыся прынцыпаў прэвентыўнай медыцыны, штодзённае, а не толькі ў перыяд хваробы, уключэнне ў рацыён высокабялковых прадуктаў можа служыць сродкам забеспячэння суладнай работы імуннай сістэмы і павышэння рэзервовых і адаптыўных магчымасцяў арганізма перад уздзеяннем патагенаў і знешніх негатыўных фактараў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

168 0 28

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх