29 Мая

Прыняцце хваробы: як прайсці стадыі гаравання (+відэа)

SOS
7 0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі чалавек даведваецца пра тое, што сур'ёзна хворы, дык першая эмацыянальная рэакцыя на гэта – шок. Прытым ён зусім не абавязкова выяўляецца нейкай спецыфічнай рэакцыяй і даволі часта праходзіць незаўважна для навакольных. Уключаецца рэжым аўтапілота, пры якім чалавек можа выконваць самыя простыя дзеянні: есці, піць, спаць.

Знешне ён здаецца злёгку безуважлівым, задуменным або сумным. Такая рэакцыя абараняе арганізм ад звышмоцных пачуццяў, выкліканых стрэсам. А калі паступова шок праходзіць, пачынаецца «размарозка» пачуццяў. Чалавек адчувае страх, бяссілле, адчай, раз’юшанасць, віну і яшчэ шмат іншых, не менш моцных пачуццяў.

Адчуваць нават адно часам невыносна. А калі іх так шмат, дык увогуле незразумела, як да гэтага ставіцца. Адсюль моцныя ваганні настрою, парушэнне канцэнтрацыі ўвагі, замкнёнасць, пачуццё адзіноты.

горе и переживание

І вось тут неабходна зразумець вельмі важную рэч. Усе гэтыя пачуцці цалкам натуральныя і звязаныя з тым, што развіццё сур'ёзнага захворвання – гэта страта. Страта здароўя. Страта не проста адной з асабістых характарыстык чалавека (здаровы, прыгожы, паспяховы, шчаслівы), але і ладу жыцця. Страта ранейшага ўяўлення пра сябе і сваю будучыню. Гэта страта ранейшай карціны свету.

Калі мы губляем штосьці вельмі каштоўнае для сябе, наша псіхіка пачынае вырашаць дзве супрацьлеглыя задачы. З аднаго боку, будзе абараняцца ад перажыванняў, блакіруючы іх, а з другога – імкнуцца адаптавацца, каб жыць далей. Чаму гэта супрацьлеглыя задачы? Справа ў тым, што адаптацыя магчымая і праходзіць паспяхова толькі тады, калі чалавек дае сабе дазвол пражыць пачуцці, звязаныя са стратай.

Не блакіруйце пачуцці, дайце сабе час для перажыванняў.

Ёсць некалькі стадый пражывання страты.

  1. Адмаўленне. На гэтай стадыі чалавек не верыць у тое, што з ім здарылася, бо «У нас у сям'і на гэта ніхто не хварэў». Думае, што ўрачы памыліліся. Робіць бясконцую колькасць даследаванняў, падбірае іншыя, менш страшныя дыягназы з падобнымі сімптомамі, хавае ад навакольных і самога сябе з'яўленне новых сімптомаў і г.д.
  2. Крыўда і гнеў. На гэтай стадыі адбываецца прызнанне факту таго, што здарылася, а крыўда і гнеў – гэта рэакцыя на змены, якія прынесла з сабой захворванне. Бо тое, што было даступым, перастала быць гэткім.
  3. Гандаль. На гэтай стадыі чалавек часта шукае прычыну таго, што здарылася, у сваіх ранейшых паводзінах, у тым ладзе жыцця, які вёў раней. Пачынае меркаваць, што гэта такое пакаранне за ранейшыя «грахі», шкадуе пра нейкія ўчынкі. Каецца і прапануе Богу ці Сусвету пагадненне – добрыя паводзіны ў абмен на здароўе, падаўжэнне жыцця, памяншэнне болю і г.д.
  4. Дэпрэсія. На гэтай стадыі асноўнымі пачуццямі робяцца гора і смутак, звязаныя з усведамленнем бяссілля што-небудзь змяніць. Але аплакванне мінулага жыцця, развітанне з ранейшымі планамі і надзеямі вызваляе месца для новых, і чалавек паступова пераходзіць да наступнай стадыі.
  5. Прыняцце. Чалавек пачынае думаць пра будучыню, робіць рэвізію сваіх навыкаў і магчымасцяў, каб закласці іх у аснову новага жыцця. Фарміруецца паўнавартасная карціна свету, у якой чалавек знаходзіць для сябе новае месца і новыя магчымасці. Прымае абмежаванні. У яго з'яўляюцца планы на будучае і стаўленне да мінулага.

Гэтыя пяць стадый розныя людзі праходзяць у рознай паслядоўнасці і з рознай інтэнсіўнасцю. Яны накладваюцца адна на адну, і часам іх цяжка адрозніць. Але цалкам дакладна іх нельга падагнаць намаганнем волі. Важна ведаць, што нават калі вы ўжо наблізіліся або знаходзіцеся ў стадыі прыняцця, гнеў, гараванне, гандаль могуць вяртацца, але іх інтэнсіўнасць будзе ўсё памяншацца.

Памятайце, што прыняцце хваробы і пабудова новай карціны свету не гарантуе, што стратаў больш не будзе, але дае адчувальную перавагу, вопыт і веданне таго, што гэта можна перажыць.

Відэа – Генадзь Сукач.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

7 0 34

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх