9 Лютага
09.02.2018

Ільінская крыніца

logo
Сакральная Беларусь
53 0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Непадалёк ад вёсак Стайкі, Царкавішча і былой Дзвонь Ушацкага раёна знаходзіцца цудадзейная крыніца. Месца завецца ў народзе Прошчай. Лес вакол Прошчы – хваёвы і лічыцца Святым. Кажуць, што ў ім нават авадні, камары і мухі не вядуцца. Побач Святое возера, куды паводле легенды правалілася Ільінская царква.

Святыня і сапраўды знаходзіцца ў адметным месцы. Пад гарой, на якой у канцы ХІХ cтагоддзя была ўзведзена драўляная царква ў гонар Святога Іллі. У беларускай народнай традыцыі кожны ўзгорак, які вылучаўся на мясцовасці, сімвалізаваў для тутэйшага люду сакральны цэнтр. У старажытныя часы на ўзвышшы месцілася свяцілішча, а ў хрысціянскія часы – храм. Свяцілішча або храм і крыніца пад узгоркам складалі адзіны культавы комплекс. Раней у царкве Святога Іллі знаходзіўся абраз гэтага святога. Побач стаялі дзве маленькія каплічкі і велізарны драўляны крыж. У самым пачатку ХХ стагоддзя каплічку ўзвялі і над крыніцай. Каля крыніцы заўсёды было людна, але асабліва шмат народу збіралася 2 жніўня – у Дзень Святога Іллі.

Пад аховай Іллі

Паводле біблейскага падання, прарок Ілля жывым узнёсся на нябёсы. А па старадаўнім язычніцкім вераванні, гэты святы замяніў сабой магутнага бога Перуна. Таго самага бога, які распараджаўся дажджом і навальніцамі, кіраваў вайсковымі справамі, апекаваўся земляробствам, абараняў ад усялякіх няшчасцяў. Людзі верылі: калі Ілля раззлуецца, то можа наслаць навальніцы, град і сухмень. Таму яго яшчэ называлі Іллём-Грамоўнікам.

Таксама з Іллём звязана мноства народных звычаяў і прыкмет. Пасля Іллі забараняецца купацца, нібыта з гэтага часу чэрці хаваюцца ад стрэл прарока ў ваду і могуць зацягнуць чалавека на дно, каб забраць ягоную душу. З другога боку лічыцца, што вада пасля Іллі становіцца халоднай. Казалі: «Ілля ўкінуў у ваду алядня (лёду)».

 У дзень ягонай памяці ладзілі хрэсны ход і прасілі ў святога дажджу або яснага надвор’я. Працаваць у гэты дзень было непажадана, паколькі верылі, што святы можа за гэта пакараць чалавека няўродам і хваробамі.

Заўсёды лічылася, што крынічная вада ў гэты дзень валодае асаблівай лекавай сілай менавіта да абеду. Яна здымае ўсе хваробы, дапамагае пры хваробах вачэй. Лекуе і хатнюю жывёлу – змывае сурокі.

Як плату за ваду, каля крыніцы клалі палотны, грошы, прадукты… А каб добра вяліся авечкі – воўну. Многія ў гэты дзень «бралі ахвяры», значыць паўзлі ад царвы да крыніцы на каленях і «загадвалі на хваробу», напрыклад, казалі: «прашу, каб вочы добра бачылі». Да крыніцы заўсёды прыходзіла шмат моладзі. Пасля водасвяцця ў лесе ладзілі танцы з гармонікам, заводзілі знаёмствы. Дзяўчаты вадзілі карагоды, а хлопцы мерыліся сілай – біліся каламі. Каб здабыць сабе добрую долю і здароўе на ўвесь год, людзі купаліся ў Святым возеры або абліваліся крынічнай вадой, асвечанай прысутнасцю Святога Іллі-Грамоўніка. Моладзь прыходзіла сюды і на Купалле. Калі дзяўчына хацела хутка знайсці жаніха, ёй трэба было на свята акунуцца ў крыніцу.

Народнае свята

У канцы 1930-ых гадоў царкву разабралі і перавезлі на пабудову калгаснай стайні. Крыж знішчылі. Але людзі працягвалі хадзіць да сваёй спрадвечнай святыні. Крыніца дапамагала ім у жыцці.

У пачатку 1990-х гадоў набажэнствы аднавіліся. На месцы былога храма паставілі вялікі драўляны крыж, крыніцу ўзялі ў зруб. У наш час традыцыйна ў святочны дзень у Стайскі бор прыязджаюць вернікі з розных рэгіёнаў Полаччыны.

Тады на ўзгорку каля крыжа праходзіць урачыстае набажэнства, падчас якога хрэсцяць не толькі маленькіх дзетак, але і сталых людзей. Тут запальваюць свечкі і на паднос ахвяруюць грошы, успамінаюць тых, каго ўжо няма на гэтым свеце. Адбываецца асвячэнне вады.

Калі вада асвечаная, то спецыяльна абраны чалавек чэрпае ваду вядром, прынесеным з храма. Людзі напаўняюць посуд, многія адыходзяць і цалкам абліваюцца вадой. Да калодзежа прымацавана спецыяльная скрыначка, куды ахвяруюць грошы. Пасля ўсіх гэтых дзеянняў людзі сем’ямі рассцілаюць абрусы ў лесе і палуднуюць. У гэты дзень раённае кіраўніцтва арганізуе сюды падвоз людзей аўтобусамі.

У  вёскі Стайкі, Дзвонь і Царкавішча Ушацкага р-на можна патрапіць толькі па вясковых дарогах. Вёска Стайкі нават ёсць не на ўсіх картах. Але яшчэ не было такога, каб жадаючыя патрапіць у Стайскі бор-Прошчу не знайшлі туды дарогі. Славутую Ільінскую крыніцу ведае і ўшаноўвае ўсё наваколле, і кожны пакажа шлях да яе.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

53 0 36

Наверх