4 Кастрычніка
04.10.2019

Індэкс масы цела «раскажа» пра клімакс

logo
50+ Другое дыханне
116 0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Празмерна худыя жанчыны, якія знясільваюць сябе фізічнымі нагрузкамі і жорсткімі дыетамі, рызыкуюць «займець» ранні клімакс. Якія яшчэ «маячкі» набліжэння перадменапаўзальнага сіндрому існуюць? Як падрыхтавацца да клімаксу? Што рабіць, калі гарманальная тэрапія супрацьпаказаная? Ці эфектыўныя раслінныя прэпараты? Каму паказаная псіхатэрапія? Менапаўза – далікатная тэма, якую Здаровыя людзі асвятлялі не раз. Аднак вычарпаць усе нюансы гэтага пытання, здаецца, немагчыма.

Журналіст партала пагутарыла са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.

Як «вылічыць» набліжэнне менапаўзы?

Паставіць дыягназ «менапаўза» загадзя немагчыма. Яго канстатуюць у выпадку, калі на працягу 12 месяцаў і больш у жанчыны адсутнічае менструацыя. Аднак прадвеснікі надыходзячай менапаўзы ёсць.

  • Узрост, старэйшы за 45 гадоў.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Калі мы гаворым пра нашу еўрапеоідную расу, дык сярэдні ўзрост надыходжання менапаўзы – 51 год. Нармальна чакаць менапаўзу, пачынаючы з 45 гадоў, бліжэй да 50. Да 45 гадоў яна лічыцца ранняй, да 40 гадоў – заўчаснай.
  • Змена працягласці менструальнага цыклу.

Інтэрвалы паміж менструацыямі падаўжаюцца, а дні месячных скарачаюцца. Менструацыі могуць знікаць на 60 дзён і больш, а затым аднаўляцца. Гэтыя змены кажуць пра тое, што арганізм ужо знаходзіцца ў стадыі менапаўзальнага пераходу, да менапаўзы засталося прыкладна 2 гады.

  • Генетычныя перадумовы.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Менапаўза сапраўды можа быць запраграмаваная генетычна. Ёсць сітуацыі, калі заўчаснае знясіленне яечнікаў надыходзіць да 40 гадоў. І яно часта генетычна абумоўленае. Таму важна і трэба сабраць сямейны анамнэз: калі менапаўза наступала ў бабулі, мамы, старэйшай сястры. Калі ж сваякі па жаночай лініі менструявалі доўга, дык вышэй верагоднасць такога сцэнару.
  • Асаблівасці канстытуцыі жанчыны.

Калі ў жанчыны дэфіцыт масы цела, ёсць жорсткія абмежаванні ў харчаванні або залішнія фізічныя нагрузкі (мала эстрагенаў), хутчэй за ўсё менапаўза наступіць раней. Калі жанчына мае лішак масы цела (шмат эстрагенаў) – менапаўза ў яе, хутчэй за ўсё, наступіць пазней.

  • Хірургічныя ўмяшанні на яечніках.
 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Калі ў жанчыны былі выдаленыя кісты, асабліва – вялікіх памераў, альбо адзін яечнік, можам меркаваць пра раннюю або заўчасную менапаўзу. Хіміятэрапія, прамянёвае лячэнне таксама спустошваюць запас яечнікаў і паскараюць надыход клімаксу. Да спусташэння рэзерву яйцаклетак прыводзіць і эндаметрыёз.

Лячэнне менапаўзы

Менапаўза – не толькі гінекалагічная праблема. У гэты перыяд жанчына скардзіцца на пагаршэнне агульнага стану здароўя. Самымі цяжкімі, як правіла, становяцца некалькі гадоў менапаўзальнага пераходу (перыменапаўзы), калі арганізм яшчэ не адаптаваўся да зменаў. Часцей за ўсё нагодай для звароту да ўрача становяцца «прылівы» – парушэнне тэрмарэгуляцыі, калі сасуды то рэзка пашыраюцца, выклікаючы пачырваненне твару, патлівасць, гарачку, то звужаюцца, прыводзячы да дрыжыкаў. Падзенне ўзроўню эстрагенаў выклікае эмацыянальную нестабільнасць, у больш доўгатэрміновай перспектыве развіваюцца хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, астэапароз, парушэнні мочаспускання...

Існуе некалькі спосабаў палегчыць гэты перыяд:

  1. Менапаўзальная гарманальная тэрапія (МГТ).

Яна лічыцца найбольш эфектыўнай, паколькі дазваляе ўздзейнічаць на сам механізм з'яўлення сімптомаў. Аднак скарыстацца такой дапамогай могуць далёка не ўсе жанчыны. МГТ мае шэраг сур'ёзных супрацьпаказанняў.

  • Цяжкія саматычныя захворванні (у тым ліку печані і нырак);
  • хаця б адзін эпізод трамбозаў (для аральных формаў);
  • атэрасклероз (для аральных формаў);
  • злаякасныя анкалагічныя захворванні ў анамнэзе;
  • мігрэні;
  • узрост пасля 60 гадоў і інш.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Калі жанчына, якая ўступае ў менапаўзу, здаровая, не мае цяжкіх захворванняў і схільнасці да трамбозаў (гэта можна ацаніць, зрабіўшы лабараторныя даследаванні і УГД сасудаў), дык ёй паказана МГТ. Акрамя аральных формаў, якія маюць сістэмнае дзеянне, ёсць гелі або спрэі, якія ўсмоктваюцца ў скуру. Яны валодаюць нізкім сістэмным дзеяннем і мінімальнай рызыкай. Каб знізіць рызыку ўскладненняў і пабочных эфектаў, жанчыне, якая прымае гарманальную тэрапію, па ўсіх міжнародных «залатых» стандартах рэкамендавана як мінімум раз на год наведваць гінеколага і праходзіць абследаванні.
  1. Псіхатэрапія.

Гарманальныя ваганні і змены ў стане здароўя прыводзяць да павышанай стамляльнасці, бяссонніцы, дэпрэсіўных сімптомаў. Другой лініяй дапамогі пры менапаўзе ва ўсім свеце лічыцца псіхатэрапія, калі фокус увагі перамяшчаецца з пастаянных хваляванняў пра стан свайго здароўя на іншыя рэчы ў жыцці. Даказалі сваю эфектыўнасць у гэтых выпадках і антыдэпрэсанты. І хаця многія баяцца нават гэтага слова, але сучасныя прэпараты не выклікаюць прывыкання, дрымотнасці і не спрыяюць набору вагі.

  1. Фітапрэпараты.

Паколькі многім жанчынам нельга прызначаць МГТ з-за супрацьпаказанняў, часцяком альтэрнатыўным выбарам падаецца прымяненне фітаэстрагенаў. Аднак тут усё не так адназначна.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Паводле інфармацыі Міжнароднага таварыства менапаўзы ад 2016 года, эфектыўнасць фітапрэпаратаў не даказаная. У 2008 годзе былі праведзеныя досыць вялікія даследаванні, якія паказалі, што ўплыў адсутнічае зусім або статыстычна нязначны. Асноўныя прэпараты маглі знізіць частату прыліваў на адзін у суткі. Часткова яны маюць эфект плацэба. Фітапрэпарат – не значыць бяспечны. Мы ніколі не ведаем дакладную дазіроўку рэчыва, якое там знаходзіцца, бо стандартызацыю ў фармакалагічных кампаній яны не праходзяць. З фітапрэпаратаў, што ёсць на рынку, максімальна эфектыўныя тыя, што ўтрымліваюць сою. З негарманальных сродкаў добрыя водгукі ёсць на бэта-аланін. Гэтая амінакіслата дазваляе нядрэнна знізіць частату і інтэнсіўнасць прыліваў, але не валодае пабочнымі дзеяннямі, якія характэрныя для гармонаў.
  1. Фізіятэрапія

Павышаная эмацыянальная лабільнасць, хуткія змены настрою стамляюць і вымотваюць. Падыдуць усе працэдуры, якія аказваюць заспакаяльнае, рэлаксуючае дзеянне. Рэкамендаваная ў тым ліку і акупунктура.

Менапаўза – гэта нармальна

Менапаўзу нельга лічыць хваробай. Гэта натуральны працэс у жаночым арганізме, які абавязкова павінен наступіць. Наадварот, калі ў жанчыны менструацыі працягваюцца вельмі доўга, гэта цягне за сабой развіццё анказахворванняў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, у прыватнасці, раку эндаметрыю.

Па рэкамендацыях Міжнароднага таварыства менапаўзы, зрабіць гэты перыяд найбольш мяккім дапаможа той самы здаровы лад жыцця. Усяго некалькі простых правілаў. Аднак яны сапраўды могуць палегчыць стан.

  • Адмова ад курэння, алкаголю;
  • нармалізацыя масы цела. У норме індэкс масы цела павінен складаць ад 18,5 да 25 кг/м2. Адхіленні і ў меншы, і ў большы бок маюць патрэбу ў карэкцыі.
 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Пры менапаўзальных зменах нават у вельмі стройных жанчын адкладваецца тлушчавая тканка ў вобласці жывата, таліі. Страшны не адклад тлушчу ў падскурна-тлушчавай клятчатцы, а абдамінальны тлушч, які знаходзіцца на ўнутраных органах. Лічыцца, што калі ў жанчыны талія большая за 80 см і суадносіны аб'ёму таліі да аб'ёму сцёгнаў больш за 0,85 (рэкамендацыі СААЗ), тады вышэйшая рызыка развіцця парушэнняў вугляводнага абмену і метабалічнага сіндрому.
  • адмова ад залішняга спажывання солі;
  • захаванне рэжыму сну;
  • умераная фізічная актыўнасць. Прагулкі на свежым паветры, хаця б па паўгадзіны штодня, таксама лічацца;
  • практыкаванні на дыханне, медытацыі. Усё, што дазволіць супакоіцца і адцягнуцца ад канцэнтрацыі на сваім стане.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Вельмі важна клапаціцца пра сваё здароўе рэгулярна і загадзя, каб да таго моманту, калі пачнецца менапаўзальны пераход, у нас у арсенале было больш сродкаў дапамогі. Важна разумець, што ўсё індывідуальна. Калі была пасляродовая дэпрэсія, дык, хутчэй за ўсё, і менапаўзальны пераход будзе праходзіць цяжэй. Калі жанчына са стабільнай псіхікай і больш-менш неблагім здароўем, дык, па вялікім рахунку, гэты пераход адбываецца лёгка.

Менапаўза – натуральны перыяд у жыцці кожнай жанчыны. Адмяніць яго немагчыма, аднак можна прыняць меры для таго, каб гэты пераход адбыўся максімальна мякка. Асабліва далікатная тэма інтымнага жыцця ў гэты перыяд. Якія праблемы ўзнікаюць і якія шляхі рашэння ёсць? Ці праўда, што жанчына робіцца «нябачнай» для мужчын з-за зніжэння ўзроўню эстрагенаў? Ці трэба засцерагацца падчас менапаўзы? Пра гэта чытайце ў наступным матэрыяле.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

116 0 31

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх