18 Снежня
18.12.2018

Іскрынкі радасці

logo
Думкі ўслых
97 0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Якая адмысловасць свята здольная ў прамым сэнсе запаліць нашы сэрцы, напоўніць іх радасцю? Ну, вядома ж, феерверкі! Іх ніколі шмат не бывае, праўда?! Асабліва ў Новы год! Калі навокал, здаецца, штосекундна хтосьці лёгкім рухам рукі расквечвае неба… І такая казачная прыгажосць, такое хараство ды замілаванне!

Вельмі люблю салюты і феерверкі. Радуюся, як дзіця! Асабліва, калі «прылятае» не з нагоды, а ў звычайны дзень. Бо апошнім часам імі адзначаюць нараджэнні, вяселлі, выпускныя і вечары сустрэчы з выпускнікамі ды шмат чаго іншага. Таму калі чую характэрныя «выбухі», абавязкова нясуся да акна, каб палюбавацца! Свята-а-а-а-а-а-а-аа!!!

Самае цікавае, што звычайна святочныя салюты, якія запускаюць з плошчы ў Чэрвені, мы можам спакойна назіраць з акна кватэры на першым, заўважце, паверсе ў сваім мікрараёне Барыкіна. А само месца «закладкі» знаходзіцца ў 20 хвілінах хады!

Калі рознакаляровыя іскрынкі ў паветры складаюцца ў дзівосныя кветкі, гэта такая прыгажосць! Некаторыя, здаецца, адтуль, з плошчы, ляцяць прама да нашых вокнаў! Такі адмысловы эфект. Заўсёды вельмі ўражваюць  «хрызантэмы», якія распускаюцца на вачах!

А вось што мне не падабаецца, дык гэта адзіночныя петарды, якія дзеці і падлеткі любяць кідаць у самых нечаканых месцах. І нават, бывае, пад ногі прахожым. Гэты аглушальны гук і дым… Не разумею: якое ў гэтым задавальненне?! Што чалавек пужаецца?! Навошта іх увогуле прадаюць? А колькі няшчасных выпадкаў здараецца, калі петарды ўзрываюцца ў руках…

У нас у Чэрвені з гэтым проста бяда. Сезонная. І пачынаецца яна дзесьці ў лістападзе. Але якім было маё здзіўленне, калі характэрныя «выбухі» пачула, знаходзячыся на працы ў Мінску. Ого! І тут таксама любяць хуліганіць?!

Не дужа прыемныя ўражанні і тады, калі феерверкі запускаюць з горкі літаральна  метрах у дзесяці ад нашага пад’езда. Бо такое ўражанне, што ўсё гэта ляціць прама ў вокны! А штосьці ж сапраўды ляціць. Нават выразна чуецца шыпенне, калі гарачае дакранаецца да халоднага шкла… Усё ж каб феерверкі прыносілі асалоду, лічу, трэба запускаць іх правільна і з бяспечнага месца. Інакш сабе радасць, а навакольным?!

Днямі пераглядала адзін з добрых навагодніх фільмаў “Снежны анёл”. І якраз звярнула ўвагу на тое, як пастаўлены сцэны з феерверкамі. Галоўныя гераіні Мая і Васіліса знаходзяцца прама сярод іх, але няма адчування небяспекі. Наадварот, шчыра радуешся разам з імі.

У нас на Новы год можна сваіх феерверкаў нават не закупляць! Толькі паспявай пасля апоўначы перабягаць ад акна да акна, каб палюбавацца на іншыя! І засынаеш гадзін пасля трох яшчэ пад тыя гукі… Вось жа няўрымслівыя нашы людзі! Нястомныя!

…Згледжваю ў знаёмых вялікія скрынкі ў кватэры. «Што гэта?! Шампанскім закупіліся да Новага года?!» – жартую. Так, закупіліся, але не шампанскім. Феерверкамі! Так што свята ў нашага дома будзе абавязкова!

А вам падабаюцца іскрынкі радасці?!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

97 0 25

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх