7 Снежня
07.12.2017

Крыніца пад аховай Святога Яна

logo
Запалі танцпол
80 0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Калі казаць пра гаючыя крыніцы Віцебскай вобласці, то ў першую чаргу трэба ўзгадаць тую, якая знаходзіцца на Глыбоччыне каля в. Чарневічы. Шматлікія вернікі лічаць, што яе цудадзейная вада лекуе амаль усе хваробы. У тым ліку дапамагае зацяжарыць.

Геалагічны заказнік

Гаворка ідзе пра святую Янаўскую крыніцу, што месціцца на тэрыторыі Міёрскага раёну. Раней яна была асвечана каталіцкім прыходам в. Чарневічы ў гонар Святога Яна, а побач з ёй была ўзведзена каталіцкая капліца. Пры Савецкай уладзе капліцу разбурылі. Сёння святыня прыпісана да чарневіцкага праваслаўнага храма Спаса-Параскевы-Пятніцы. Над крыніцай, што афіцыйна мае назву Іаана Хрысціцеля, занава адбудавана і капліца

Крынічка бярэ пачатак з-пад гары на ўскрайку лесу. Невялікай звілістай хваляй, шырынёй у 1 м яна сцякае ўніз і ўпадае ў пойму ракі Авута. На выхадзе з капліцы крыніца ўзятая ў трубу і сыходзіць адтуль вадаспадам. Вада прэсная, увесь час бруіць з-пад зямлі, не перасыхае ў спёку і не замярзае ў люты мароз. Яна заўсёды чыстая як крышталь і доўга захоўваецца. Тэмпература нават летам не перавышае 10 С. Згодна з даследаваннямі, у  вадзе ні па адным з гідрахімічных паказчыкаў не выяўлена перавышэнне нормы. Гэтая крыніца і акаляючая мясцовасць абвешчаны геалагічным заказнікам прыроды мясцовага значэння.

Упарты абраз

Пра з’яўленне крынічкі сярод старажылаў і паломнікаў існуе шэраг легенд. Паводле адной з іх, некалі тут праходзіў сляпы старац, яму захацелася піць. Пачуўшы цурчэнне крынічнай вады, ён абмыў вочы і ўбачыў святло. Удзячны Богу стары пабудаваў тут драўляную капліцу.

Другое паданне сцвярджае, што сотні гадоў таму сюды па ручаіне прыплыў абраз Божай Маці. Па другім варыянце – абраз Святога Яна. Яго некалькі разоў заносілі ў храм, але ён кожны раз вяртаўся туды, дзе яго знайшлі. Тады і вырашылі на гэтым месцы пабудаваць капліцу.

Трэцяя легенда распавядае пра чалавека, які збіраўся высекчы мясцовы бор. Пачаў з яліны, але з яе нечакана палілася кроў. А побач з’явіўся незвычайны чалавек і сказаў: «Я – Іаан Хрысціцель і павінен жыць тут – на вадзе!» Раптам чалавек заўважыў, што з-пад дрэва выцякае крыніца. Людзі пачалі прыходзіць сюды за ацаленнем, вада ўсім дапамагала. Прыязджаў да крыніцы і адзін граф з хворымі дзецьмі, якія таксама вылекаваліся. Тады граф і паставіў тут капліцу.

Існуе яшчэ адна легенда. У старыя часы ішоў праз поле адзін селянін і раптоўна аслупянеў ад убачанага. Над лесам, што знаходзіўся перад ім, высіўся і ззяў у паветры агромністы крыж. Селянін пайшоў на гэтае ззянне і ўбачыў пад крыжам струменні ручая. Хутка пра гэтае месца даведалася шмат людзей. Вырашылі пабудаваць тут капліцу.

Смачная вада

Здаўна людзі масава прыходзілі сюды на Вадохрышча і ў Дзень Святога Яна. Прычым, як праваслаўныя, так і каталікі. Асабліва шматлюдна тут на свята Яна па праваслаўным абрадзе. Штогод 7 ліпеня з самай раніцы паломнікі ідуць і едуць сюды за сотні кіламетраў, і нават з-за мяжы: Латвіі, Літвы, Польшчы. На ўзыходзе сонца ад царквы, што ў вёсцы Чарневічы, на крыніцу ідуць хрэсным ходам і нясуць драўляную скульптуру Святога Яна. Скульптуру, памерам у рост чалавека, потым уладкоўваюць у капліцы над крыніцай. Па дарозе паломнікі збіраюць лекавыя травы. Звычайна стараюцца сабраць менавіта 12 траваў. Потым каля крыніцы адбываецца служба і вадасвяцце.

Вераць, што з гэтага моманту ледзяная крынічная вада робіцца найбольш лекавай і ацаляе нават самыя застарэлыя хваробы. Па мясцовай традыцыі неабходна тройчы перахрысціцца і тройчы акунуцца з галавой у купальні, якую спецыяльна тут пабудавалі. Разам з вадой асвячаюцца і сабраныя зёлкі, якімі потым акурваюць дзяцей ад перапуду. Вада таксама лечыць хваробы вачэй, загойвае раны, дапамагае ад бясплоддзя, болю ў суставах, перапуду і сурокаў. Каб вылечыць язву і іншыя хваробы страўніка, трэба цягам года піць ваду тройчы на дзень. Набіраюць яе і для жывёл і нават для пчол, каб добра вяліся. Вада вельмі смачная: на ёй гатуюць стравы, робяць нарыхтоўкі на зіму.

Як знайсці

Па ўспамінах старажылаў, крыніца спрадвечна карысталася попытам. Нават у часы ваяўнічага атэізму людзі, што прыехалі здалёк, напярэдадні свята начавалі па хатах у бліжэйшых вёсках, а на ўзыходзе сонца ішлі да крыніцы. Тут заўсёды раніцай было вадасвяцце, а ўвечары служба. Як плату за ваду, у каплічцы пакідалі грошы, воўну, палотны, ручнікі, яйкі і нават бульбу. Хто, што меў. Потым святар усё гэта забіраў у царкву. А яшчэ, як раней, так і сёння паломнікі схіляюць галовы і моляцца Святому Яну ў каплічцы, просяць яго пра ацаленне і здароўе. А ў падзяку ставяць свечкі.

Праехаць да крыніцы можна па трасе Глыбокае–Полацк праз пасёлак Празарокі. Там насупраць касцёла раздарожжа. Калі едзеце з Полацка – паварочваеце направа. Калі з Глыбокага – налева. Далей в. Саннікі. Па ёй трэба ехаць увесь час прама, пакуль не будзе паказальнік на в. Чарневічы. Там пасля касцёла і царквы вы ўбачыце ўказальнік на святую крыніцу.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

80 0 42

Наверх