19 Снежня
19.12.2017

Вынікі Social Weekend 10: Журы – за віртуальную рэальнасць, гледачы – за парк для сталых

logo
Навiны
48 0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У мінскім гатэлі «Пекін» прайшоў заключны этап конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. У фінале ўдзельнікі прадставілі журы 16 ідэй. Большасць з іх вырашае праблемы экалогіі, медыцыны і школьнай адукацыі. 

Так, ініцыятары ZADUMA прапанавалі перапрацоўваць пластыкавыя бутэлькі на модульных апаратах, якія прыдумаў галандскі распрацоўшчык Дэйв Хакенс. Гэтай ідэяй зацікавілася кампанія «Кока-кола Бевриджиз Белоруссия», якая дапаможа камандзе купіць неабходнае абсталяванне для перапрацоўкі. А кампанія AIMatter у асобе Юрыя Мельнічка праспансіруе набыццё 3D-прынтара, каб пашырыць магчымасці перапрацоўшчыкаў-наватараў.

Распрацоўшчыкі Vedex VR Edutainment упэўненыя, што віртуальную рэальнасць можна выкарыстоўваць для правядзення інтэрактыўных эксперыментаў па школьнай праграме. На просьбу хлопцаў дапамагчы з набыццём VR-камплектаў і дапрацоўкай праграмы адгукнуліся AIMatter і галоўны рэдактар праекта «Інфаўрок» Ігар Жабароўскі.

Інфармацыйны анлайн-праект Cardio.today накіраваны на прафілактыку сардэчна-сасудзiстых захворванняў у беларусаў. Адначасова яго каманда збіраецца ствараць у мінскіх офісах мабільныя пункты «Здароўе ў кубе», дзе можна будзе атрымаць кансультатыўную дапамогу па праблемах з сэрцам, памераць ціск. У мецэнатах праекта зноў апынуліся AIMatter і «Інфаўрок».

Заручыўся падтрымкай спонсараў і гомельскі анлайн-часопіс «Культура. Гісторыя. Тэхналогіі», стваральнікі якога хочуць даказаць, што рэгіёны напоўнены творчасцю.

Атмасферныя спектаклі для невідушчых Team Theater (Гомель) у фінале атрымалі не толькі абяцанне матэрыяльнай дапамогі, але і адданых гледачоў. Юрый Мельнічак абвясціў, што набывае два квіткі на кожную пастаноўку тэатра на бліжэйшыя дзесяць гадоў.

Праект «Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі», які стварыла неабыякавая мама з Мінска Вольга Корсун, таксама ўхваліла журы. У прыватнасці, дапамагчы яму ўстаць на ногі паабяцаў Ігар Жабароўскі.

Прыйшлася яму па душы і ідэя «Торбы Шоу». Ініцыятыўныя дзяўчыны прапанавалі замяніць танныя пластыкавыя пакеты ў гіпермаркетах стыльнымі эка-торбамі з тканіны. Ментар параіў дапрацаваць задумку, у чым таксама дапаможа.

Яшчэ адна ідэя, якую падтрымае «Інфаўрок», – «Рэцэпты жыцця». Педагогі і валанцёры збіраюцца навучыць выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната № 7 г. Мінска навыкам гатавання страў, набыцця прадуктаў і абыходжання з грашыма.

Гурманский праект «Мопс-Шмопс», стваральнікі якога маюць намер гатаваць смачныя і карысныя прысмакі для сабак і катоў, таксама падтрымае Ігар Жабароўскі. Акрамя камерцыйнага складніку, «Мопс-Шмопс» мае сацыяльны падтэкст – выпякаць прысмакі будуць людзі з інваліднасцю, якім часта складана знайсці працу ў Беларусі. А частку прыбытку ад продажу сабачага печыва і капкэйкаў атрымаюць зааабаронцы.

Яшчэ адной камандзе распрацоўшчыкаў – DeepDee – журы упэўнена заявіла: вы справіцеся самі! Хлопцы ўжо прыдумалі мабільны дадатак, які дапаможа дыягнаставаць праблемы са зрокам. Удзелам у конкурсе яны задаволеныя, паколькі ён даў ім шмат карысных ведаў і сувязей.

Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) спадабалася ідэя па стварэнні дапаможніка для бацькоў «Як размаўляць з дзецьмі пра сэкс». Кніжку пачалі пісаць педагогі, псіхолагі і медыцынскія спецыялісты. І з дапамогай UNFPA яе сапраўды ўбачыць свет.

Даследчая сетка «Дзейнічай!» задумваецца як анлайн-платформа для школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў, на якой абодва бакі адукацыйнага працэсу змогуць сустрэцца і пагутарыць. Праект адназначна будзе жыць, паколькі на яго звярнула ўвагу кампанія МТС. Таксама хлопцы могуць разлічваць на дапамогу асацыяцыі «Адукацыя для будучыні».

Праект «Неба. Самалёт. Пенсія» па арганізацыі бюджэтных падарожжаў для пенсіянераў, якіх у паездцы будуць суправаджаць валанцёры, таксама апынуўся пад крылом беларускага аператара. Падтрымаў яго і Юры Мельнічак. Дарэчы, многія члены журы запэўнілі каманду, што ўжо падумваюць скарыстацца сервісам, каб «адарваць ад тэлевізара» сваіх мам і бабуль.

Тэрапеўтычны парк для сталых людзей, які ўзяў прыз глядацкіх сімпатый, будзе створаны ў Партызанскім раёне г. Мінска. У зялёным масіве з'явяцца «зона адпачынку з зручнымі лавамі і зона актыўнасці – з пляцоўкай для ўдзелу ў азеляненні і ландшафтным дызайне, з месцам для настольных і вулічных гульняў», гаворыцца ў апісанні праекта. AIMatter цалкам пранспансіруе яго стварэнне.

Зацікавіў AIMatter і сацыяльны праект «Вестачка», ініцыятары якога гатовыя выступіць пасрэднікамі паміж воляй і няволяй. А менавіта, дастаўляць зняволеным у турмы Беларусі лісты і пасылкі ад сваякоў.

Гран-пры дзясятага Social Weekend дасталася камандзе VR Health. У галасаванні журы яна абагнала «Вестачку» на адзін голас. VR Health аб'ядноўвае распрацоўшчыкаў з 4ilab і спецыялістаў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Разам яны стварылі трэнажор для людзей з праблемамі ў каардынацыі рухаў. Заняткі на ім, якія праходзяць у віртуальнай рэальнасці, дазволяць пацыентам аднаўляцца пасля цяжкіх захворванняў. Пагутарыць з удзельнікамі каманды вельмі захацеў Юрый Мельнічак.

«Здаровыя людзі» будуць сачыць за праектамі-фіналістамі і абавязкова раскажуць пра тых, што ўвасобяцца ў жыццё.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

48 0 25

Наверх