10 Лістапада

Калі гучаць званамі ў сэрцы Гервяты, Крэва і Смаргонь...

Думкі ўслых
164 0 55
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Першая хваля нашых вандровак па Беларусі прыпала на пачатак 2000-х. Тады іх арганізоўвала супрацоўніца Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Станіслава Баркоўская. І вельмі зручна было, скажу я вам! З Мінска па нас у Чэрвень прыязджаў аўтобус турфірмы разам з экскурсаводам, і даволі вялікай кампаніяй у некалькі дзясяткаў чалавек (самыя цікаўныя і апантаныя вандроўнікі, знаўцы гісторыі, краязнаўцы і проста ахвотныя) мы ехалі, ехалі, ехалі...

Дзе мы ні толькі тады ні пабылі! Чаго толькі ні пабачылі! Штосьці за апошнія 17-19 гадоў узнавілі – цалкам ці часткова, штосьці зараз працягвае знікаць... На вялікі жаль... А штосьці ўжо схавалася за смугою часу, і нават следу яго на Зямлі не знойдзеш. Хіба толькі ўзгадкі ў гісторыі ды занатаванне ў фотаздымках...

Пазней вандроўкі працягваліся, арганізоўваюцца яны і зараз. Толькі я па пэўных прычынах ужо даўно не езджу. Затое цяпер адкрыліся зусім іншыя магчымасці! І падчас вялікіх выхадных у аднадзённую вандроўку мяне запрасіла сям’я брата – турыстычная кампанія «Адамовіч і К»! Далібог, мне такое запрашэнне даслалі ў сацсетку! 🙂 Доўга рагатала!

Зацаніце прыдумку і стыль: «Шаноўная  Святлана Уладзіміраўна! Турыстычная кампанія «АДАМОВІЧ і К» запрашае Вас заўтра, 8 лістапада, у паездку па маршруце... Даведкі па тэлефоне. :)»

А маршрут нас чакаў такі: Залессе (музей-сядзіба знанага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара паланэзу «Развітанне з Радзімай»), Смаргонь (ну хто ж не чуў пра колішнюю мядзведжую акадэмію і помнік ёй?!), Гервяты (Троіцкі касцёл – беларускі Нотр-Дам). А далей – як складзецца. Забягаючы наперад: у Крэва мы такі завярнулі, хаця і зусім у прыцемках! І гэта атрымалася так крута!!!

Дзівіцеся, што на фотцы практычна белы дзень?! Сама дзіўлюся. А вось такі круты начны рэжым у камеры майго смартфона!

Кожная з гэтых адметных беларускіх мясцінаў заслугоўвае свайго асобнага аповеду. Згодныя?! Так і зробім. Таму сёння падрабязна – пра вандроўку ў Залессе.

... Хто не ездзіў на сваёй машыне ў туман і дождж, той не сапраўдны вандроўнік! 🙂 Жарт, вядома ж, хаця...

Вось і мы выправіліся... Так склалася, што раніцай – у туман, а ўвечары – пад морась. Таму, апрача вадзіцеля (брат), вочы «лупілі» на дарогу яшчэ чацвёра чалавек. Стараліся. Асабліва не заміналі, але дзе-кольвечы голас падавалі. Жаночы «калектыў»! 🙂 Плюс мае пляменніцы яшчэ кіравалі навігатарамі ў тэлефонах. Вось выдатная прыдумка! І як раней без іх ездзілі, разбіраючыся ў лепшым выпадку па папяровых картах?! Яшчэ застала тыя часы... А тут... Маршрут склаў, уключыў – і цябе вядуць.

Туман пакінуў нас толькі на МКАД, падарыўшы шмат непрыемных дзясяткаў хвілін. Але хутка забыўся. Бо вандроўка на любым відзе транспарту... Ды хоць на веласіпедзе ці нават пешшу – гэта так захапляльна!

Каля трох гадзін у дарозе з праездам праз Маладзечна, дзе ледзь не праз 10 метраў – святлафоры ды ляжачыя паліцэйскія плюс аб’езд з-за рамонту дарогі – той яшчэ трэш! Але вось ужо мы пад’язджаем да алеі, за якой удалечыні бачны беленькі дамок. Алея (здаецца, чытала) ліпавая, але позняй восенню не надта разбярэшся. Але і так прыгожая. Атмасфернае месца. Злева пасвяцца коні. Бачна, што пародзістыя: на высокіх нагах, з доўгімі хвастамі.

А мы ўжо са змешчанай перад уваходам на алею інфармацыі даведваемся (а то і прыгадваем) шмат цікавага. І што гэты палацава-паркавы ансамбль – помнік архітэктуры (у стылі класіцызму) пачатку 19 стагоддзя. І што ў свой час сядзібу называлі «Паўночнымі Афінамі». І што на тэрыторыі ёсць альтанка ў стылі антычнага храма – «Альтанка Амеліі»...

...У сам палац заходжу ў прадчуванні цуду сустрэчы са старажытнасцю. У такіх мясцінах, здаецца, сапраўды жыве дух гаспадароў. І падалося мне на хвілінку, што зараз сам Міхал Клеафас Агінскі з’явіцца перад намі на лесвіцы, якая – о, дзіва! – аказваецца, захавалася з тых часоў! І выглядала гэтак жа практычна. А значыць, памятае яго крокі...

Дарэчы, не куплялі права фатаграфаваць унутры сядзібы, таму тут усе фота будуць з сеціва. І не таму, што шкада было капеек. Проста праверана: фатаграфаваць у цемнаватых пакоях без успышкі (а гэта абавязковая ўмова!) – практычна марная справа.

... Гучыць знакаміты паланэз Агінскага, пра які асабіста я ведаю здаўна. Тут у запісе яго ставяць для ўсіх гасцей. А мы нетаропка пераходзім з пакоя ў пакой, разглядаючы рэчы старажытныя і проста падабраныя. Некаторыя драўляныя прадметы датаваныя 16.. і 17.. гадамі!

Першае памкненне, вядома ж, дакрануцца. Але ўсе – дарослыя людзі, і рукі трымаем пры сабе. Тым больш, супрацоўнікі музея, што размяшчаецца тут з 2015 года, пільна сочаць за наведвальнікамі. Таму дакранаемся толькі ў думках. А вось як яны спраўляюцца з дзецьмі?!

Дарэчы, зноў пра супадзенні. Першы чалавек, якога бачу, трапляючы ў палац, – мая даўняя добрая знаёмая, супрацоўніца нашага Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Хасяневіч! Ну вось якая прыемная неспадзяванка! Якраз групу дзяцей сюды яны прывезлі! Менавіта ў гэтае месца, у гэты дзень і ў гэты час! 🙂 Дзіва! Толькі дзеці ўжо носяцца па тэрыторыі – у іх квэст!

А ў нас, на жаль, праз пару пакояў музыкі ўжо і не чуваць. А вось калі б яна гучала ў кожным... Не буду пералічваць, што знаходзіцца ў пакоях. Гэта проста трэба пабачыць на свае вочы – тыя прадметы ў тых інтэр’ерах. Углядаюся ў абліччы людзей на шматлікіх партрэтах. Дзесьці пазнаю знаёмых і радуюся, бы сустрэлася з даўнімі сябрамі.

Тут чамусьці нават размаўляеш шэптам, бы ў храме. Але і размаўляць не хочацца. З задавальненнем пасядзела б, разглядаючы ўсё вакол і наталяючы душу атмасферай. Але ж нельга: мэбля старажытная...

А вось у выставачнай зале, дзе таксама гучыць класічная музыка, – чарговая прыемнасць! Выстава ў гонар нашага земляка, беларуска-польскага кампазітара, аўтара першай беларускамоўнай оперы Станіслава Манюшкі, чые 200-ыя ўгодкі мы святкуем сёлета. І адкрылася яна вось толькі-толькі – 1-га лістапада.

І так цёпла робіцца на сэрцы... Ці то мы прывезлі ад яго прывітанне ў Залессе, ці то ён як добры сябар сустракае нас тут... Але відавочна паядналіся музычныя Чэрвеньшчына і Смаргоншчына...

Паколькі час у нас быў абмежаваны, аранжарэю не наведваем. У кавярні, праз якую праходзім на выхад, таксама не запыняемся, хаця яна вельмі светлая, прыгожая, здаецца, што ўся ў лёгкіх белых карунках. Словам, дадае атмасфернасці...

А мы яшчэ хочам пагуляць па тэрыторыі. Як жа прыгожа тут усё адноўлена! Такое ўсё беленькае, урачыста-святочнае... Уяўляю сабе, як прыгожа тут улетку, калі шмат зеляніны! І як жа хочацца сюды... на старажытны баль...

Стары млын і вадаспад, жорны, альтанкі, лебядзіны востраў, сямейная капліца, памятныя камяні, старыя высозныя дрэвы, якія і без лісця выглядаюць досыць велічна... Тое, што засталося ад старога вязу... Абгароджанага, але так і цягне дакрануцца да яго рукой. І падалося мне, што ён цёплы... Прыгажэнны выгляд на сядзібу з іншага боку... Ну хіба можна ўсё перадаць словамі?! Вось крыху фота, а так...

Абавязкова завітайце ў Залессе – не пашкадуеце! Тут вас чакае сустрэча з Агінскімі, музыкай і спадарыняй Гісторыяй. Наступным разам мы абавязкова і экскурсію замовім! Ну, а зараз кіруем далей – на Смаргонь...

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

164 0 55

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх