8 Лютага
08.02.2020

Калі і як фарміруецца адказнасць у дзяцей? Меркаванне неўролага і псіхолагаў

logo
Навiны
156 0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сучасных дзяцей часта абвінавачваюць у безадказнасці, недысцыплінаванасці і абыякавасці да бацькоўскіх настаўленняў. Ці ёсць на тое аб'ектыўныя прычыны або гэта глабальнае адрозненне пакаленняў?

Дзіцячая адказнасць. Патрабавальныя бацькі.

Раней лічылася, што канчатковае фарміраванне мозгу ў дзяцей адбываецца ў раннім узросце. Сучасныя даследаванні кажуць пра тое, што аддзелы галаўнога мозгу, якія забяспечваюць адказнасць, фарміруюцца толькі ў 14-16 гадоў, таму, да прыкладу, няправільна патрабаваць ад дзяцей самастойнага планавання свайго вучэбнага часу або адказных адносінаў да выканання хатняга задання.

Мы папрасілі спецыялістаў пракаментаваць гэтае сцвярджэнне і даць парады дарослым, як жа вырасціць самастойнага чалавека.

Леанід Шалькевіч, галоўны пазаштатны дзіцячы неўролаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА:

Леанід Шалькевіч.

– У кожным дзіцяці пры нараджэнні закладзеная пэўная генетычная праграма развіцця, якая актыўна працуе да 5-7 гадоў. Менавіта яна вызначае, у колькі дзіця перавернецца, сядзе, устане і пойдзе. Спачатку праграма выяўляецца ў пэўных рэфлексах, потым – у хуткасці засваення інфармацыі і ўменні яе перапрацоўваць, іншымі словамі – у навучанні.

Пасля 7 гадоў надыходзіць некаторая стабілізацыя гэтых працэсаў, і галаўны мозг ужо не фарміруе такой колькасці сінапсаў, як да гэтага. Таму, на мой погляд, зона адказнасці фарміруецца не да 14 гадоў, а нашмат раней. Іншая справа, што прывучаць да яе трэба ў працэсе гульні, пакуль гэта дзіцяці цікава, пакуль яно любіць капіяваць паводзіны дарослых. Потым гэтая цікавасць «сыходзіць».

У 5 гадоў дзяўчынка хоча мыць посуд, а мама ёй не дазваляе, бо яна можа што-небудзь разбіць. У 10 гадоў мама пачынае далучаць дачку да хатняй гаспадаркі, а ёй гэта ўжо нецікава – не прывыкла. Вучыць дзіця прыбіраць за сабой цацкі, складваць вопратку і даручаць яму іншыя нескладаныя абавязкі трэба з ранняга ўзросту, пакуль яму гэта цікава. Пасля гэта ўжо ўваходзіць у звычку (або не ўваходзіць, у каго як).

Дзіцячая адказнасць. Калі малым цікава...

Чакаць, што ў падлеткавым узросце штосьці ўключыцца, дзіця ўсё зразумее і пачне дапамагаць бацькам ці возьмецца за вучобу, калі раней яно гэтага не рабіла, не трэба. Не ўключыцца.

Валянціна Шукан, псіхолаг, каардынатар Цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, «Давер» (структурнае падраздзяленне 8-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска):

– Дадзеныя шматлікіх даследаванняў пацвярджаюць той факт, што пэўныя лобныя долі мозгу, якія адказваюць за сацыяльны кантроль і сацыяльна прымальныя паводзіны, актыўна фарміруюцца ў другім дзесяцігоддзі жыцця дзіцяці, бліжэй да 18 гадоў.

Так, у 7 гадоў дзіця ўжо можа глядзець на сябе збоку, ацэньваць свае ўчынкі, але гэта не значыць, што яно будзе адказным. Да нас у цэнтр ходзіць 14-гадовы падлетак з сям'і ваеннага. Нягледзячы на адказнае выхаванне бацькі, ён увесь час уляпваецца ў праблемныя сітуацыі. І калі мы пытаемся, як жа так атрымліваецца, ён адказвае, што пачынае думаць толькі пасля зробленага.

Дзіцячая адказнасць.

У сілу ўзросту падлеткі проста не бачаць і не ацэньваюць магчымыя наступствы сваіх учынкаў.

Святлана Паляшчук, псіхолаг Цэнтра «Давер»:

– Сёння сярод педагогаў і бацькоў бытуе тыповае меркаванне, што дарослыя нічога не вырашаюць і для падлеткаў аўтарытэтныя толькі аднагодкі. Але нядаўняе маштабнае расійскае даследаванне паказала зусім іншую карціну: у атрыманні, апрацоўцы і асэнсаванні інфармацыі на першым месцы для падлетка стаіць сям'я, на другім – Інтэрнэт, на трэцім – значны дарослы (старэйшы на некалькі гадоў таварыш, трэнер, педагог, дзядзька/цётка і інш.), і толькі на чацвёртым – аднагодкі.

Такія змены заканамерныя. Сённяшняя сацыялізацыя дзіцяці адбываецца ў інтэрнэце, а не ў двары. Так, бацькі водзяць дзяцей у шматлікія гурткі, але ў іх не паспяваюць завязвацца доўгатэрміновыя сацыяльныя кантакты (тое, што мы называем сяброўствам).

Акрамя таго, у адрозненні ад папярэдніх пакаленняў, арыентаваных на агульную задачу, цяперашнія дзеці выхаваныя на каштоўнасцях індывідуальнасці. А калі індывідуальнасці збіраюцца разам, гэта ўжо высокаканкурэнтныя адносіны, а не сяброўскія.

Дзіцячая адказнасць. Канкурэтныя адносіны сярод аднагодкаў.

Так што бацька ці маці сёння застаецца аўтарытэтнай фігурай для дзіцяці і можа ўласным прыкладам уплываць на фарміраванне адказнасці. Аднак сучасныя бацькі раздражнёныя, часта крычаць на дзяцей.

Дзіця штосьці зрабіла не так – мама ў крык, замест таго, каб сесці і разабрацца ў сітуацыі. У выніку дзеці знаходзяцца ў пастаяннай трывожнасці і страху, яны не вучацца аналізаваць свае дзеянні. Другая крайнасць – бацькоўская гіперапека, калі навыкі самастойнасці проста не закладваюцца ў патрэбны час.

Сёння рэдкія дарослыя валодаюць самадысцыплінай, іх рэжым дня далёкі ад здаровага. Пры гэтым яны патрабуюць дысцыпліны ад дзяцей. Але ў падлеткавым узросце дзіця выконвае толькі тыя правілы, якімі жыве ўся сям'я. Немагчыма стварыць для яго асобныя нормы.

Дзіцячая адказнасць. Дзеці пераймаюць усё ад бацькоў.

Таму, калі вы, да прыкладу, хочаце, каб ён праводзіў за камп'ютарам абмежаваны час, адключайце wi-fi і на сваіх гаджэтах.

Робім высновы паводле меркаванняў спецыялістаў.

Тры правілы для дарослых па выхаванні адказнасці ў дзецях:

  • Прывучайце дзяцей да абавязкаў і працы, калі яны выяўляюць да гэтага цікавасць і любяць паўтараць за дарослымі.
  • Не крычыце на дзяцей, а тлумачце, што яны зрабілі не так, разбірайце сітуацыю.
  • Будзьце самі дысцыплінаванымі і выконвайце агульныя сямейныя правілы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

156 0 57

Журналіст
Наверх