8 Лістапада
08.11.2019

Каляска не заб'е смак да жыцця! Як Наташа кахае, танцуе і лётае

logo
Знайдзі сябе
170 0 23
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нядаўна мы знаёмілі вас з барыста Максімам, які марыць шыць прыгожы абутак для людзей з інваліднасцю. Яшчэ адна выпускніца курсаў «Інклюзіўны барыста» Наталля Астаніна з вучняў стала выкладчыкам. Дзяўчына ездзіць па ўсёй краіне і вучыць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі варыць каву. У Наташы нават атрымалася папрацаваць у звычайнай кавярні ў Лідзе. Але працы перашкодзіла... дужа актыўнае сацыяльнае жыццё! Акрамя працы ў якасці барыста, яна скача з парашутам, захапляецца танцамі на калясках, а нядаўна асвоіла яшчэ адну прафесію – майстра па манікюры.

«Калі ёсць магчымасць выпрабаваць штосьці новае – хапаюся за яе. Бяру і спрабую», – такі жыццёвы дэвіз 24-гадовай дзяўчыны.

«Дзяўчынку будуць дражніць»

Амаль 20 гадоў таму быць дзіцем на інваліднай калясцы ў такім невялікім гарадку, як Ліда, азначала адно: магчымасць навучання ў адным класе са здаровымі дзецьмі нават не разглядалася.

– Вы ж разумееце, што вашу дзяўчынку будуць крыўдзіць, – безапеляцыйна заявіў дырэктар школы на спробы бацькоў Наташы дамагчыся навучання дачкі ў школе разам з усімі.

І, нягледзячы на тое, што мама была гатовая асабіста штодня вазіць дзіця ў школу, разлічваць па выніку давялося толькі на хатняе навучанне.

– Мае бацькі заўсёды ставіліся да мяне, як да звычайнага дзіцяці. Так, з асаблівасцямі, але ў цэлым такой жа, як усе, – распавядае Наталля Астаніна. – За гэта я ім вельмі ўдзячная. Хаця я і не наведвала школу, але і дома не сядзела. Пастаянна выязджала на мерапрыемствы, выставы, займалася творчасцю. Але стасункаў з аднагодкамі вельмі не хапала. Усе падлеткавыя «штукі» прайшлі міма мяне. І пасля мне давялося вучыцца сацыялізацыі ўжо ва ўніверсітэце амаль з нуля. Гэта было нялёгка.

Па адукацыі Наташа – педагог-псіхолаг інклюзіўнай адукацыі. І калі школьнае жыццё дзяўчыны прайшло дома, дык смак студэнцкай свабоды атрымалася спазнаць па поўнай – у Маскве! У Маскоўскім дзяржаўным гуманітарна-эканамічным універсітэце абсалютна ўсё прыстасаванае для вучобы людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарата. Інтэрнат, сталовая і навучальны корпус размяшчаліся побач і былі злучаныя паміж сабой пераходамі.

– Больш за палову студэнтаў у нас былі з інваліднасцю: не толькі калясачнікі, але і людзі пасля ампутацый, з ДЦП, нават з парокамі сэрца, – распавядае Наташа. – Былі і здаровыя. Мы ўсе адзін да аднаго вельмі добра адносіліся. Таму навыкі сацыялізацыі я асвоіла вельмі хутка. Не было праблемаў ні з сяброўствам, ні з асабістым жыццём. Пасля выпуску я адпрацавала па спецыяльнасці тры гады, а потым захацелася пераменаў.

Сустрэць свайго чалавека

У наш час «інста-дзяўчынак», фоташопу і фільтраў у комплексах з нагоды сваёй знешнасці захлёбваюцца і зусім здаровыя дзяўчыны. У пагоні за «мужчынам мары» шліфуюць сябе да агіднасці... Такой, калі твары губляюць сваю ўнікальнасць. Як у такой сітуацыі пачуваецца дзяўчына ў інваліднай калясцы?

– Раней у мяне былі замарочкі з гэтай нагоды, – распавядае Наташа. – А потым я зразумела, што, па-першае, трэба самой быць цікавай. А па-другое, верыць, што сустрэнеш менавіта свайго чалавека. Калі я перастала яго мэтанакіравана шукаць і сышла з галавой у актыўнасць, ён нечакана і з'явіўся. Мой малады чалавек з Мінска. Ён цалкам здаровы хлопец. Пазнаёміліся мы ў інтэрнэце. І так атрымалася, што яшчэ да сустрэчы ён убачыў, што я ў калясцы (проста не паспела яшчэ пра гэта расказаць). І... яго гэта не збянтэжыла! Праблемай ён лічыў тое, што мы жывем у розных гарадах. Але я пераканала яго, што ўсё гэта можна пераадолець. Цяпер мы стараемся бачыцца як мага часцей, ездзім адзін да аднаго.

Я думаю, што дзяўчатам-калясачніцам трэба не баяцца паказваць сябе такімі, якія яны ёсць. Выстаўляць фота ў калясцы ў сацсетках, не хаваць і не перабольшваць праўду. Многія саромеюцца гэтага, дэманструюць фота толькі да пояса. А потым здараюцца горкія расчараванні, калі хлопец даведаецца аб праблеме і не жадае працягваць стасункі.

... Верыць у сябе, прымаць сваё цела ў калясцы, умець жыць самастойна Наташа навучылася на танцах.

– З 13 гадоў я займаюся танцамі на калясках, – распавядае Наталля Астаніна. – Мне пашанцавала аднойчы пазнаёміцца са старшынёй Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам Валерыем Кірылавічам Каламійцам і даведацца пра рэабілітацыйны танцавальны цэнтр пад Мінскам. Там усё даступнае для калясачнікаў. Думаю, што менавіта дзякуючы танцам у мяне і здарылася кампенсацыя сацыялізацыі. Бацькі прывозілі мяне на 10 дзён, а самі з'язджалі. Падчас трэніровак мы жывем у доміках, у якіх самі сабе гатуем ежу, потым займаемся ў спартыўнай зале. Так я навучылася самастойна клапаціцца пра сябе. Ну і, вядома, вельмі важнымі былі стасункі з такімі ж маладымі людзьмі, як я сама. Нашымі партнёрамі ў танцах могуць быць і калясачнікі, і здаровыя хлопцы. Танцуем еўрапейскую праграму: вальс, танга, венскі вальс, факстрот, квікстэп... Нашы танцы – паўнавартасны від спорту. Перыядычна ездзім на міжнародныя спаборніцтвы. У верасні занялі трэцяе месца ў Санкт-Пецярбургу разам з маім партнёрам Ігарам Зімніцкім.

... Наташа спраўляецца з інваліднай каляскай па-майстэрску, бо пасябраваць з ёй давялося ад нараджэння. Калі ў танцавальным цэнтры з'яўляюцца новыя дзяўчыны, некаторыя з іх толькі-толькі пасля траўмы, для іх неацэнна важная дапамога менавіта прадстаўніц свайго полу. Каб навучыцца кіраваць каляскай, прымаць сябе вось такой, ды і наогул, развівацца і быць на ўзроўні з іншымі дзяўчынкамі: фарбавацца, укладваць валасы, рабіць манікюр. Псіхалагічна перабудавацца бывае складана.

На адных толькі танцах актыўная Наташа не спынілася! Паралельна дзяўчына займаецца і парашутным спортам. Сёлета скокнула юбілейны 10-ы раз.

– Эмоцыі цудоўныя! – дзеліцца спартсменка. – Мне вельмі падабаецца адчуванне палёту. А раблю я гэта не для таго, каб камусьці штосьці даказаць. Проста заўсёды імкнуся паспрабаваць тое новае, што прапаноўвае мне жыццё.

Мы павінны выжываць

Публікацыі ў СМІ пра тое, як чалавек з інваліднасцю знайшоў працу або стварыў сям'ю, Наташу радуюць. Здзіўляе толькі, што гэта падаецца, як нейкі цуд.

– Я ніколі не рабіла акцэнт на сваю хваробу, жыла, як звычайна. І гэта так і павінна быць, што чалавек з абмежаванымі магчымасцямі можа працаваць і ўступаць у шлюб. Іншая справа, што нам увесь час даводзіцца пераадольваць перашкоды, выжываць. Таму нават звычайныя рэчы здаюцца гераізмам. У Мінску адчуваю сябе больш камфортна. Амаль увесь транспарт прыстасаваны для інвалідаў. Магу спакойна ездзіць у метро, на аўтобусе. У нашай маленькай Лідзе хаця і зроблена ўжо нямала для нас, але нізкападлогавых аўтобусаў мала. Даводзіцца выкручвацца, прасіць кагосьці дапамагчы. Калі надвор'е добрае, прасцей за ўсё ездзіць у горад пешшу (мая любімая фраза!).

Цягні сябе за шкірку!

Як не скаціцца ў дэпрэсію чалавеку з інваліднасцю, калі і многія здаровыя не могуць справіцца з апатыяй і бяссіллем?

– Рэцэпт адзін – выцягваць сябе з зоны камфорту, цягнуць сябе ўвесь час за шкірку, як барон Мюнхгаўзен. Па-іншаму – ніяк, – упэўненая Наталля Астаніна. – Трэба пераступаць праз сябе, выбірацца з дому і мець стасункі з людзьмі, пастаянна шукаць новыя магчымасці. Загрузіць сябе справамі, каб не было часу сядзець і шкадаваць сябе. Напрыклад, цяпер я асвоіла спецыяльнасць майстра па манікюры. Працаваць ім можна нават дома.

Хочацца верыць, што аднойчы такія гісторыі сапраўды стануць для нашага грамадства звычайнымі. А людзі з інваліднасцю змогуць весці звычайнае жыццё, не прыкладаючы да гэтага гераічных намаганняў. А цяпер проста дзякуй сіле чалавечага духу і такім людзям, як Наташа. За ўменне жыць па-сапраўднаму і са смакам у любых абставінах.

Фота з асабістага архіва Наталлі Астанінай.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

170 0 23

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх