6 Сакавіка
06.03.2018

Камень – валадар дажджу

logo
Сакральная Беларусь
72 0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Жыхары вёскі Крамянец здаўна ўшаноўваюць камень-следавік, што знаходзіцца ў лясным урочышчы Святы Камень або Дальжбы. Месца – сучаснае свяцілішча, бо тут дзіўным чынам перапляліся тыпова язычніцкія і хрысціянскія традыцыі. Камень і сапраўды мае цудадзейныя якасці: дорыць людзям здароўе .

Гістарычная каштоўнасць

Непадалёк ад каменя навукоўцы знайшлі курганную групу, а вакол валуна выбрукоўка (агароджа)  з камянёў невялікіх памераў. Большыя з іх ляжаць па краях і арыентаваны па баках свету. Побач прасочваецца падмурак ад колішняй капліцы. Мясцовыя людзі яшчэ памятаюць расказы старажылаў, што раней месца вакол каменя было агароджана тынам з веснічкамі. Шанавалі камень з даўніх часоў. Два разы на год: на Іллю і на Спас тут ладзіліся кірмашы, а святар праводзіў набажэнствы. Усё гэта дало падставы называць гэты комплекс Крамянецкім свяцілішчам. У 1987 г. валун узялі пад ахову дзяржавы. Паколькі мясцовыя жыхары дагэтуль шануюць гэтае месца і захоўваюць легенды, звязаныя з незвычайным каменем, з 2014 г. камень пад аховай ЮНЭСКА.

Лекавыя сляды

На паверхні каменя пяць невялікіх штучных выемак глыбінёй каля 5 см, якія нагадваюць сляды чалавека. Часам кажуць, што сляды пакінулі ці то Божая Маці, ці сам Бог або нехта са святых, калі сыходзілі з неба. Некалі побач бруіла крынічка. Над ёй зрабілі зруб. Дажджавая вада, якая збіраецца ў выемках на камені, і вада з крыніцы-калодзежа здаўна лічылася гаючай. Верылі, што яна асабліва дапамагае ад хвароб вачэй. Людзі з хворымі ныркамі і пячонкай таксама пілі ваду. А каб захаваць прыгажосць і маладосць, трэба кожную раніцу гэтай вадой умывацца. Шанавалі камень і бяздзетныя, якія пасля кантакту з ім маглі мець дзяцей. Пасля вайны калодзеж закідалі зброяй, і вада там знікла.

Раней верылі, што да каменя пажадана прыйсці да світанку. Перад гэтым абавязкова мылі ногі. На камень клалі дары: ежу, грошы, палотны, хусткі, ручнікі, на галінках дрэў развешвалі стужкі. Потым дакраналіся да вады ў слядках. Калі яе там не было, бралі ваду з калодзежа і налівалі ў выемкі. Вада са слядка лічылася асабліва дзейснай, ёй прамывалі хворыя месцы. Калі ж прыходзілі да каменя пасля змяркання, то выкарыстоўвалі ваду, якая збіралася ў калюжыне пад каменем. Ахвяраванні раз у тыдзень збіраў «божы служка» і раздаваў жабракам. На таго, хто асмеліцца ўзяць прынашэнні, камень нашле хваробу.

Адказны за надвор’е

Традыцыя шанавання каменя працягваецца і сёння. На Вялікдзень сюды нясуць фарбаваныя яйкі і велікодны пірог, на Тройцу кладуць зялёныя галінкі, на Купалле – кветкі, на Спас – яблыкі. Некаторыя прыходзяць сюды ў любы час, калі патрэбна дапамога: вылечыць уласныя хваробы, выратаваць хатнюю жывёлу. Калі ідуць у грыбы і ягады, абавязкова просяць у каменя ўдачы, а набраўшы іх, трохі пакідаюць на валуне. У час вяселля да каменя ходзяць маладыя, каб папрасіць добрага сямейнага жыцця. Як і некалі, на камень кладуць падарункі. Цяпер гэта ў асноўным грошы, кветкі, цукеркі, печыва.

Асабліва славуты камень сваёй здольнасцю «рэгуляваць надвор’е». Калі доўга не было дажджу ў засушлівае лета, да каменя прыходзілі дзевяць удоў. Яны падсоўвалі пад валун дзевяць калоў у рост чалавека, прыўздымалі яго і прамаўлялі заклінанне: «Божанька, дапамажы, дожджык прынясі!» Назаўтра або на трэці дзень абавязкова ішоў дождж. Калі дождж быў больш непатрэбны, калы выцягвалі, і камень апускаўся. У выпадку зацяжнога дажджу валун таксама зрушвалі з месца. Такі абрад часта праводзілі да 1985 года, а апошні раз – у жніўні 2012 г. Таму калісьці камень насіў назву Даждзьбогаў. Але цяпер гэтую назву забылі.

Паданні сівой мінуўшчыны

Па павер’ях камень нельга пераносіць у іншае месца. Адна з легенд расказвае, што некалі ў суседняй вёсцы Бабры пан будаваў дом і вырашыў пакласці камень у падмурак. Але камень стаў плакаць, і вакол заўсёды стаяла вада. Дом пачаў гніць, а яго жыхары захварэлі. Пану прысніўся сон, у якім камень прасіў адвезці яго на ранейшае месца. У Бабры камень везлі на чатырох конях, а назад адзін конь лёгка ўправіўся.

Па другой легендзе, камень забіралі ў падмурак капліцы, якую будавалі на могілках. І тут пайшоў моцны працяглы дождж. Аднаму чалавеку прысніўся камень, які прасіў вярнуць яго на спрадвечнае месца. Інакш дождж не спыніцца да таго часу, пакуль ён не пакрыецца вадой. Могілкі ж месцяцца на высокай гары, і людзі ўявілі, што здарыцца патоп. Тады хуценька адвезлі камень на месца.

І новая легенда: камень хацелі забраць у мінскі Музей валуноў. Пагрузілі яго ў машыну, але дно кузава правалілася, а машына не зрушылася з месца. Таму камень вярнулі туды, дзе ён ляжыць не адно стагоддзе.

Як дабрацца?

Калі ехаць з боку Лагойска на аўтамабілі, неабходна праехаць усю в. Крамянец. За вёскай будзе пясчаны кар’ер, за ім поле. Праз поле трэба прайсці сцяжынкай у бліжэйшы лес па правую руку. Пры ўваходзе ў лес справа і будзе камень-следавік.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

72 0 19

Наверх