29 Верасня
29.09.2019

Кастрычнік: зямлю – балоціць, а лес – залоціць

logo
Думкі ўслых
64 0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Працуючы адначасова па сумяшчальніцтве і адрыўным календаром, і гадзіннікавай зязюляй, паведамляю: да нас набліжаецца другі месяц восені! А гэта значыць… Гэта значыць, што мы са шчырай надзеяй чакаем чарговага бабінага лета!

…Паныла пазіраючы на бліжэйшы прагноз (дажджы-дажджы-дажджы, магчымыя і немагчымыя, моцныя і слабыя), яшчэ больш паныла – на батарэі (добра, калі ў нашым Чэрвені сёлета ацяпленне падключаць да Новага года, ага), ужо з настальгіяй прыгадваю сёлетні верасень, хаця ён яшчэ і не скончыўся.

Эх, якое ж сонца грэла нас ва ўкраінскім Закарпацці! У тэрмальных басейнах і чанах, у Мукачаве і Ужгарадзе… Ва ўсіх тых цудоўных мясцінах, па якіх давялося вандраваць… І нават пры пад’ёме на самую высокую ўкраінскую гару Гаверла і спуску з яе мы ўхітрыліся «падсмажыць» твары!

Зрэшты, дваццатыя чыслы верасня нас таксама парадавалі. Асабліва 26-га і 27-га. Таму і хочацца, хутчэй перасягнуўшы сцяну дажджу, зноўку ўвайсці ў сонца! Тым больш, што так паэтычна нашы продкі казалі пра лес у кастрычніку, што ён залоціцца гэтым месяцам. Праўда, пра зямлю не так паэтычна: яна балоціцца, заліваецца дажджамі.

Яшчэ даўней заўважалі, што другі восеньскі месяц даволі капрызлівы, бо не любіць «ні калёс, ні палазоў». Ды і надвор’е ў ім дэманструе свой нораў: то туман, то замаразкі, то дождж, то снег, і ўсё разам – з брудам ды гразёю пад нагамі.

Затое кастрычнік здаўна вызначаўся колькасцю вяселляў! Бо ўраджай сабраны, асноўныя земляробчыя справы паробленыя. Час дбаць і пра сям’ю, засылаць сватоў ды збірацца разам на вячорках.

І ў наш час з раннімі зацемкамі ды познімі світанкамі хочацца, як тым катам, звіваць сабе гняздзечкі ў пледах ды коўдрах альбо вязаць з назапашаных загадзя пушыстых нітак штосьці цёпленькае… А вось калі б яшчэ пасядзець ля каміна!!!

Усе цягнуцца да цяпла… Сінічкі ўсё актыўней чапляюцца кіпцюрыкамі за раму, зазіраюць у акно то зверху, то знізу, то збоку, крцуцяць цікаўнымі галоўкамі ды імкнуцца давесці нам пра штосьці сваё, птушынае. Зразумела, што гэта ўжо, як жартуем мы ў сям’і, заяўка… на сала!

Памятаю, як актыўна ў дзяцінстве ў вёсцы кармілі птушак. Кармушка з хлебнымі крошкамі – для ўсіх, каліна і рабіна – для снегіроў, кавалачак сала – для сінічак…          Зараз усё часцей купляем нясмажаны сланечнік, які так любіць спажываць большасць пярнатых, што наведваюцца да нас пад вокны і ўвосень, і ўзімку, і ўвесну.

Так што самы час перагледзець кармушкі, а можа, і новыя выразаць. А робяцца яны зараз з пластыкавых бутэлек лёгка!

Але вернемся да пана Кастрычніка. Як яго толькі ні называлі ў народзе! І лістападам, між іншым, і пазімнікам… Гразнікам, брудзенем (бр-р-р-р-р-р! Праўда, але ж непрыгожа!), вясельнікам, жоўценем і, вядома ж, акцябром.

А ў народнай мудрасці ён паўстае такім: «Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю», «У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі», «У кастрычніку снег – толькі на грэх», «У кастрычніку гром – зіма без снегу».

Самае вялікае свята, якое чакаецца падчас другога восеньскага месяца, – Пакроў. Але пра яго – у свой час. А зараз… Рыхтуемся сустракаць спадара Кастрычніка – паслязаўтра!

Вось што асабліва цаню ў ім падчас сонечнага (няхай сабе і марознага) надвор’я – дык гэта магчымасць колькі заўгодна шамацець рознакаляровым апалым лісцем у парках! Люблю!!! А вы???

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

64 0 49

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх