20 Красавіка
20.04.2018

Кантроль ператварае мужа ў «хатнюю жывёлу». 4 міфы пра шлюбныя адносіны (+відэа)

logo
Пабудуй стасункі
85 0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Устойлівыя міфы пра адносіны, на якія мы абапіраемся ў спробе выбудаваць моцны саюз, часта не толькі не прыводзяць нас да месца прызначэння, але і падштурхоўваюць да краху.

«Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды». Парадаксальна, але так бывае, калі мы на разрыў імкнемся палепшыць адносіны і падагнаць іх пад нейкі ўмоўны ідэал. Прычым, адкуль ён узяўся ў нашай галаве і ці сапраўды магчыма быць шчаслівымі, ідучы па такой схеме, мала хто задумваецца.

Якія ж міфы пра сямейнае жыццё могуць шкодзіць нам?

Пра гэта журналісту партала 24health.by распавёў Сяргей Жарабцоў, намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ імя. М. Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт.

Міф 1. Для працяглых адносін неабходна быць ва ўсім падобнымі.

Псіхалагічная сумяшчальнасць разглядаецца з пункту гледжання двух падыходаў. Першы звязаны з прынцыпам падабенства. А другі – адрознення.

 
Сяргей Жарабцоў
Намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ імя. М. Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
Як правіла, калі мы гаворым пра прынцып падабенства паміж мужам і жонкай, то тут маюцца на ўвазе агульныя мэты, густы, сэнсы, жыццёвая арыентацыя. Дзякуючы гэтаму ствараецца агульнасць ладу жыцця. Але ёсць і прынцып кампенсацыі. Там як раз важныя адрозненні. Каб людзям было камфортна адзін з адным, яны павінны быць рознымі па тэмпераменце. Халерык добра сыходзіцца з флегматыкам, меланхолік – з сангвінікам. Халерык і сангвінік маюць вялікую патрэбу ў зносінах. Меланхолік і флегматык гатовыя слухаць. Такім парам не будзе сумна, калі ў іх ёсць агульныя мэты, каштоўнасці, інтарэсы, яны выбудоўваюць сваё жыццё вакол нейкіх агульных тэм. А вось стыль гэтых зносін як раз задасць тэмперамент. Калі ёсць патрэба ў больш дынамічным і экспрэсіўным узаемадзеянні, яго можна атрымаць у іншых кантактах, напрыклад, працоўных.

Міф 2. Трэба праводзіць разам як мага больш часу.

Вядома, добра, калі ў мужа і жонкі ёсць такое жаданне. Але калі гэта не так, не значыць, што адносіны дрэнныя.

 
Сяргей Жарабцоў
Намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ імя. М. Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
Больш важнае не тое, чым муж і жонка жывуць, а тое, што іх захапляе. Іх сустрэчы могуць быць не вельмі працяглыя, але натхняльныя, сагравальныя. Варта звяртаць увагу на якасць адносін і тое, наколькі яны задавальняюць абодвух. Часта бывае так, што агульнасць побыту, немагчымасць жыць асобна або расставацца хоць бы на гадзіну, наадварот, іграюць не на карысць. Тут, як і ў многіх іншых выпадках, можна дамаўляцца, абмяркоўваць, як бы кожнаму хацелася бавіць час. Дзе разам, а дзе паасобку.

Міф 3. Мы можам стаць адзін для аднаго ўсім светам. Нам не патрэбныя іншыя людзі.

Шмат у каго, асабліва маладых, мужа і жонкі ёсць ілюзія, што «я змагу сабою задаволіць усе патрэбы ва ўзаемаадносінах свайго партнёра». Калі раптам яны разумеюць, што іх каханыя могуць з кімсьці жартаваць або добра бавіць час (гаворка не пра здраду), то гэта насцярожвае іх.  

 
Сяргей Жарабцоў
Намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ імя. М. Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
Ведаю жонак, якія раўнуюць да сяброў, да бацькоў, да сваякоў, дзяцей, захапленняў:«твой футбол або рыбалка мяне даканаюць». Але жонка не можа стаць для мужа ні футболам, ні рыбалкай, ні блізкім сваяком. Ніколі адзін, нават самы выбітны чалавек не зможа задаволіць усіх патрэбаў і інтарэсаў іншага. Калі адносіны пабудаваны на кантролі, няма чаго здзіўляцца, што яны ў выніку не задавальняюць абодва бакі. Як толькі мы пачынаем адзін аднаго кантраляваць, маніпуліраваць, пераставаць казаць пра сваё сапраўднае стаўленне адзін да аднаго, адразу ж бачым, што адносіны пагаршаюцца і ператвараюцца ў руціну. Яны становяцца часткай штодзённасці. І муж для жонкі ператвараецца ў «хатнюю жывёлу». Нікому не падабаюцца адносіны, якія абмяжоўваюць. Утрыманне заўсёды становіцца прыкметным, нават калі яно маніпулятыўнае, калі чалавек не кажа наўпрост пра тое, што хацеў бы больш часу бавіць разам ці атрымаць больш увагі. Калі маніпуляцыі выяўленыя, то нічога акрамя раздражнення і жадання аддаліцца яны выклікаць не будуць. Каханне заключаецца ў тым, каб даць магчымасць іншаму быць шчаслівым. Кантраляваць кагосьці самаразбуральна. Мы можам мець пажаданні, але не ў праве патрабаваць чагосьці ад дарослага, свядомага і адказнага чалавека. Іншая справа, ці згодныя мы самі жыць з ім. Такім, які ён ёсць. З яго густамі, звычкамі, стаўленнем да нас. Гэтае пытанне карысна задаваць сабе рэгулярна.

Міф 4. Адносіны павінны заўсёды быць такімі ж, як былі ў самым пачатку. Інакш яны няўдалыя.

Адносіны – гэта працэс. Яны могуць змяняцца, ператварацца і ніколі не будуць такімі, як раней. Але гэта не значыць, што яны не будуць добрыя.

 
Сяргей Жарабцоў
Намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ імя. М. Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
Часта з гадамі каханне становіцца толькі больш моцным. І многія пары сведчаць на карысць гэтага. Так, закаханасць, якая ўзнікае ў самым пачатку, якая падсілкоўваецца жаданнем, можа ўжо не быць такой інтэнсіўнай. Але іншыя рэчы становяцца больш важнымі. Калі людзі з гадамі лепш пазнаюць адзін аднаго, калі яны ўмеюць камунікаваць адзін з адным, кажуць пра свае патрэбы, інтарэсы, тады любоў становіцца глыбей.

Адносіны – прыгода з невядомым фіналам

 
Сяргей Жарабцоў
Намеснік дырэктара Інстытута псіхалогіі БДПУ імя. М. Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт
У якасці альтэрнатывы да ўсіх гэтых міфаў у мяне ёсць сцвярджэнне, у якое я глыбока веру і якое, мне здаецца, можна ўзяць на ўзбраенне. Быць па-сапраўднаму блізкімі, у якасных адносінах могуць самадастатковыя, вольныя людзі. Калі яны самі арыентуюцца на сябе, свае каштоўнасці, перакананні, калі ўмеюць выбіраць. Калі яны не столькі давяраюць звычкам, традыцыям, таму, што кажуць іншыя, колькі сабе. Тады яны без аглядкі на гэтыя ўсе міфы, якіх можа быць бясконцае мноства, спрабуюць зразумець адзін аднаго. Да адносін варта ставіцца як да прыгоды, цуду, паколькі фінал ніколі не вядомы. «Я выбіраю цябе кожны дзень і кожную хвіліну». Калі чалавек усведамляе, што гэта заўсёды можа спыніцца, тады ўзнікае і каштоўнасць. Часта мы грэбуем сваімі каханымі, успрымаем саюз як дадзенасць. І перастаем думаць пра гэта як пра цуд. Ёсць нейкі ўсполах паміж датай нашага нараджэння і датай смерці. І імгненны ў маштабах вечнасці гэты ўсполах неяк пажадана прачуць і перажыць. І калі я сам так каштоўнасна стаўлюся да свайго жыцця, хутчэй за ўсё, буду пяшчотна ставіцца і да жыцця іншага чалавека. Толькі з павагі сваёй індывідуальнасці і сваёй самасці, на прызнанні сваёй волі вырастае каштоўнасць іншага. Я магу ў гэтым разгледзець партнёра не як рэч, а як жывога, іншага вольнага чалавека. Узамен я разлічваю атрымаць тое ж самае. Калі бачу, што мяне ігнаруюць, што з маім выбарам не лічацца, што маё меркаванне не мае значэння, што час размовы абясцэньваецца, тады я сам пачну задумвацца пра сэнс гэтых адносін і пра магчымасць іх спынення.

Мы часам і не ўсведамляем, як міфы і стэрэатыпы, якія мы засвоілі яшчэ з дзяцінства, уплываюць на нашы адносіны. Сапраўды важным бывае спыніцца і разабрацца, якія з перакананняў належаць асабіста нам і адпавядаюць нашаму ўнутранаму адчуванню, а якія проста прынятыя ў наша жыццё без абмеркавання і прыносяць толькі непрыемнасці.

Відэа - Генадзь Сукач

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

85 0 30

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх