16 Жніўня
16.08.2019

Лялькі: лекі без рэцэптаў

logo
Relax
7 0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З душэўным узрушэннем адчуваю, што вярнулася жаданне ствараць лялькі. Традыцыйныя народныя – абрадавыя, абярэжныя, гульнявыя – узялі мяне ў палон шмат гадоў таму, на адмысловай выставе ў Доме-музеі РСДРП у Мінску. Зайшла паглядзець, заінтрыгаваная самім фактам: лялькі ў такой сур’ёзнай прасторы! А там на сценах, у вітрынах – малюпасікі з анучак. Не кідкія, сціплыя. Калі б не ўчытвацца ў «пашпарты»-апісанні, размешчаныя побач з кожнай, зусім не зразумела, праз што ў кнізе водгукаў, якую паглядзела на ўваходзе, столькі захаплення.

Дзесяціручка, Кувадкі і ўсе-ўсе-ўсе…

Вось лялечка, падобная на павучка: Дзесяціручка. Нібыта простая зусім, і хараства асаблівага няма. А сілы – нямеранай! Высвятляецца: першая памочніца кожнай гаспадыні ў хатніх справах.

А тыя, хто звыш хатніх спраў яшчэ і працуе, і рукадзельнічае – без Дзесяціручкі ні кроку! Дакладней, з ёй любая праца спорыцца куды хутчэй: дзесяць рук – гэта вам не дзве! Вось і майструюць жанчыны сабе такіх памочніц, а таксама дораць з пажаданнем спорнай працы іншым.

А вось Неразлучнікі. Іх прынята дарыць на вяселле маладым. Якая філасофія сужэнства закладзена ў іх! Кожны – паасобку, самастойны і з вольнай адной рукой. А другая рука – агульная на дваіх. Нібы знітаваныя сужэнцы лёсам, адказныя не толькі за сваё жыццё, але і за сумесную хаду па жыцці.

Аддарачак на падарачак вучылі рабіць дзетак адмалку. Як сказалі б сёння – і маторыка развіваецца, і выхоўваецца павага да людзей, сярод якіх жывеш. Уважылі цябе, прынеслі падарунак – аддзяч, пакінь пра сябе напамін.

Цікавая традыцыя звязаная з Кувадкамі. Гэта ў сучаснасці іх майструюць для немаўлят і вешаюць над калыскай і як абярэг, і на забаву дзіцяці. А даўней куды больш адказнасці на гэткіх лялечках было.

Справа ў тым, што ўдзельнічалі яны ў абрадзе “Кувады”. Калі пачыналіся роды, мужа парадзіхі выпраўлялі ў лазню. Там ён мусіў сядзець на рэшаце з яйкамі і гучна крычаць, удаючы з сябе парадзіху і тым самым збіваючы з тропу злых духаў.

Яны ж падпільноўвалі з’яўленне новага жыцця і не жывы былі, каб не нашкодзіць і маці, і немаўляці. Дык вось мужчына сваімі крыкамі павінен быў іх падмануць, заманіць да сябе. А падмануўшыся, яны акурат усяляліся ў яркіх лялечак Кувадак. Пасля іх, абцяжараных злымі духамі, альбо закапвалі, альбо спальвалі.

А вось гэта лялечка – Шчасце. Яна куды больш складаная за папярэднія, але такая слаўная, што правесці доўгі вечар, заплятаючы ёй касу, – сапраўды за шчасце.

Сцеражыцеся… ліхаманкі!

Наогул, традыцыйных народных лялек вельмі шмат. Дзесьці чытала – за тры дзясяткі. Дзесьці – пад сотню.  Некалькіх мы вышэй згадалі, а яшчэ бліжэй пазнаёмімся з лялькамі, ад якіх – можа так стацца – наўпрост будзе залежыць здароўе вашае і вашых блізкіх.

Ліха ды гора, як вядома, па аднаму не ходзяць, за сабой прыяцеляў водзяць. Так і Ліхаманкі – злыдухі, якія цягаюцца па зямлі і наганяюць на людзей хваробы.  Першая з іх – Трасавіца. Напаўшы на чалавека, яна пачынае яго трэсці. Другая – Агнея,  ад яе ў хворага ўзнімаецца жар.

Трэцяя – Лядзея, ад яе такі холад у касцях, што і на печы не ўгрэешся. А яшчэ Гняцея – гняце хворага, пазбаўляе апетыту. Грудніца даводзіць да хрыпотаў і харкання; Глушыца насядае на галаву, закладае вушы; Ламея ломіць косці.

Пухнея даводзіць да ацёкаў; Жаўцея мяняе колер скуры на хваравіты; Карчэя – корчыць жылы; Глядзея пазбаўляе сну. Ну, а калі прыстане Нявея, яна ж Агнястра – надзеі на выздараўленне ў хворага няма, бо гэта ліхаманка самая злая!

Праўда, ёсць і за яе страшнейшая – старэйшая сястра ліхаманак Кумоха. Яна – сапраўдны злыдух вясновых застудаў. Вось яна і водзіць ліхаманак па хатах! І пакуль дактары-дыягносты даследуюць прычыны захворванняў, ліхаманкі пад кіраўніцтвам Кумохі арудуюць ва ўсю і здзекуюцца з людзей.

Усяго злыдухаў 13. Не тая, дык іншая ліхаманка дагоніць зганянага стрэсамі і перагрузкамі чалавека – і ён пачынае хварэць. Але, высвятляецца, гэтага наслання можна пазбегнуць! Досыць простым і даступным спосабам: вяжам лялечак. 13, па ліку Ліхаманак: кожная Ліхаманка сваю ляльку знойдзе.

Раней Ліхаманак вывешвалі ля печы. Зараз можна – у вітальні, ля ўваходу. Палезуць хваробы ў хату, падмануцца – і ў лялек ускочуць, людзей не зачэпяць. Трэба толькі не забывацца аднаўляць гэтую «вясёлую» кампанію штогод, каб лялькі не гублялі сваёй сілы.

Як вырабляць, дык з пазітывам!

Варта памятаць аб правілах, без выканання якіх лялькі з сапраўднай моцай не атрымаецца. Сярод неабходных – пазітыўны настрой, канцэнтрацыя на думцы і пажаданні, якое ўкладаеш у ляльку. Перадаецца, праверана!

Да прыкладу, не так даўно я заходзіла да сваёй знаёмай на працу. Бачу  Дзесяціручка ў кніжнай шафе ў кабінеце. Я пазнала яе, хаця дарыла прыяцельніцы больш за дзесяць гадоў таму.

Гэта была адна з першых змайстраваных мной лялечак. Далёкая ад дасканаласці, бо завялікая, і ніткі маглі б акуратней быць перавітымі. Але з якой жарсцю я іх рабіла, з якой радасцю пасля раздорвала! У Швецыі, Украіне, Расіі, Турцыі, Туркменіі, Польшчы жывуць мае лялечкі – вазіла на гасцінцы. А ў Беларусі я імі проста сеяла, так падабалася мне дзяліцца стваральнай радасцю.

Энергетыку гэтую адчувалі людзі, і маіх лялек любілі. Вось і прыяцелька кажа: «Усюды за сабой гэтую Дзесяціручку важу. Колькі пераязджаць з офіса на офіс даводзілася, а яе на новым месцы першай дастаю і – ў «чырвоны куток». Сапраўдная памочніца-натхняльніца!»

Бадай, гэта сапраўды ці не галоўны сакрэт стварэння традыцыйных лялек – пазітыўная энергетыка стваральніка. Канешне, у выраб свой можна і негатыў закласці, і кепскую ды нават знішчальную энергетыку – згадайма лялькі вуду. Таму з такімі бяскрыўднымі самаробнымі «цацкамі» жартаваць нельга. Ствараць выключна са светлымі думкамі і зычэннямі. А калі набываеш, прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў: ці сугучныя?

Метал – пад забаронай

Даўней на выраб лялечак ішлі старыя анучкі. Можна іх выкарыстоўваць і зараз, каб узмоцніць энергетыку лялькі. Лялечак з тканіны з асабістых рэчаў зазвычай майструюць для сябе альбо для блізкіх. Можна майстраваць з новай тканіны. Абавязковая ўмова – матэрыял павінен быць натуральным.

Майструючы, нельга карыстацца металічнымі прадметамі – іголкай, нажніцамі. Нітка абкручваецца няцотную колькасць разоў: адзін, тры, пяць… Згодна правілаў, жанчына майструе альбо ў адзіноце, альбо ў кампаніі з іншымі жанчынамі – мужчын у гэтай кампаніі падчас працы быць не павінна. Апрануцца трэба ў сукенку ці спадніцу. Ну, а майстраваць пажадана ў жаночыя дні, сераду і асабліва – пятніцу.

Быў час – хварэлася, не пісалася – і лялькі не вязаліся. Раскладу анучкі: рукі ўсё памятаюць, а душа нічога рабіць не жадае. І не выходзяць лялечкі! Вось табе і простыя на выгляд.

А неяк днямі як хто ў плечы піхнуў: лялечку скруці! Падумала я – і пачала з Ліхаманак. Абярэг ад хваробаў не зашкодзіць. Для тых жа, хто таксама жадае займець альтэрнатыўны метад лекавання, дзялюся момантамі стварэння гэтых простых у выкананні, але такіх важных у побыце лялек.

Неабходныя матэрыялы:

Тканіна – ільняная ці баваўняная, белая для асновы і каляровая для вопраткі.

Ніткі чырвонага колеру, ільняныя ніткі рознай таўшчыні.

Драўляная аснова (галінка, трэсачка), на якую замацуюцца гатовыя лялькі.

Працэс майстравання

  1. Скруціць асновы для ліхаманак – дванаццаць аднолькавага памеру, на Кумоху – большую. Перавязаць асновы крыж-накрыж чырвонай ніткай.
  2. Апрануць лялек у спаднічкі, фартушкі, завязаць ім па-старэчы хусткі.
  3. Размясціць лялек на аснове і прымацаваць на адведзеным у хаце месцы.

Усё! Універсальныя лекі гатовыя! Карыстайцеся, майструйце – і будзьце здаровымі!

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

7 0 43

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Наверх