8 Снежня
08.12.2019

Мы іх губляем… Стратаў – не злічыць…

logo
Думкі ўслых
138 053
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я яшчэ цудоўна памятаю той час, калі ў святочных калонах на 9 Мая і 3 ліпеня ішло вельмі шмат ветэранаў. Падчас навучання ў школе, калі мітынгі, ганаровая варта ля помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, сустрэчы з тымі, хто ваяваў на фронце альбо змагаўся ў партызанах, былі частымі, здавалася, што ветэраны заўсёды – будуць.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Калі малады, тады не задумваешся пра хуткаплыннасць часу. А ён паляцеў так імкліва, што ў апошнія гады мы толькі і робім, што з сумам назіраем, як пусцеюць падчас святаў крэслы… Як радзеюць калоны і шарэнгі… І ўсведамляем, што ўжо ніколі не сустрэнемся і не паразмаўляем ні з тым, ні з тым і ні з той…

А мне як журналісту балюча робіцца ўдвая, калі даведваюся, што адзін за адным сыходзяць героі маіх аповедаў. Не, розумам усведамляю, што няўмольны час робіць сваю справу, што гэта, так бы мовіць, натуральны працэс… Але чаму ж так шчыміць сэрца ад кожнага сумнага паведамлення, што мы зноў кагосьці страцілі?!

І гэты год, на жаль, не выключэнне… У апошні дзень лістапада не стала цудоўнага чалавека, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, колішняга настаўніка, дырэктара школы з вёскі Ляды нашага Чэрвеньскага раёна Казіміра Ваўжынцавіча Вяржбіцкага. Чалавека інтэлігентнага, прыстойнага, мудрага, актыўнага, які вельмі любіў людзей і жыццё.

Ветэран Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі.

А мы ж сустракаліся з ім два гады таму. Дакладней, я наведвала іх сям’ю. З цудоўнай нагоды, пра якую мне паведаміла добрая знаёмая, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Адзінец.

10 лістапада 2017 года Казімір Ваўжынцавіч і Ала Пятроўна Вяржбіцкія адсвяткавалі брыльянтавае вяселле. Вы толькі падумайце! 60 гадоў сумеснага жыцця! У наш час, калі шлюбы, бывае, распадаюцца ледзь не ў дзень вяселля, такія факты здзіўляюць, прычым вельмі моцна!

Ім тады ўжо цяжка было прымаць гасцей, шмат размаўляць. Бо Але Пятроўне было 80 гадоў, а Казіміру Ваўжынцавічу – за 90. Але яны згадзіліся, каб мы з Таццянай Адзінец да іх завіталі.

Вяржбіцкія.

Памятаю, як яшчэ літаральна за 2-3 гады да сустрэчы гаспадар і ў вельмі шаноўным узросце абавязкова ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі альбо Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І амаль у 90-гадовым узросце ў гэтыя дні ён практычна штогод бываў у Чэрвені, выступаў на мітынгах, ускладаў кветкі да помнікаў у гонар загінуўшых змагароў. І таксама нязмушана думалася, што Казімір Вяржбіцкі будзе. Заўсёды.

Ветэран Казімір Вяржбіцкі ўскладае кветкі да помніка.

Да прыезду 2 гады таму мы не былі асабіста знаёмыя з сямействам Вяржбіцкіх. Але я заўсёды шмат чула пра іх ад сваіх бацькоў-настаўнікаў, ад цяперашняга дырэктара Лядзенскай школы Ірыны Змачынскай. А падчас маёй працы ў раёнцы пастаянна чытала цікавыя роздумы-парады Казіміра Ваўжынцавіча пра выхаванне дзяцей і не толькі, заснаваныя на ўласным вопыце.

У раёнцы друкаваліся і ўрыўкі з «Сямейнай хронікі», якую ён склаў уласнаручна. А якія цікавыя і рэдкія фотаздымкі трапляліся ў яго фотаальбомах, якія мы гарталі падчас прыезду ў Ляды!

Яму відавочна ўжо нядобра было і тады. Цяжка ўтрымліваць увагу, цяжка проста сядзець. Але, тым не менш, ён столькі цікавага распавёў на дыктафон! Пачынаючы ад гісторыі знаёмства сваіх бацькоў з Петраграда да ўласнай сямейнай гісторыі даўжынёй (на той час) у 60 гадоў…

Цеплыню той нашай сустрэчы я памятаю і зараз. І як на развітанне гаспадары абдымалі нас з Таццянай і запрашалі наведваць яшчэ. Больш не выпала, на жаль… І цяпер ужо з Казімірам Ваўжынцавічам мы ніколі не пабачымся на гэтай зямлі.

Ветэран Казімір Вяржбіцкі.

Як і з Лізаветай Іванаўнай Гурэвіч, таксама ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якую мы страцілі ўжо даўно. А гэта ж быў мой першы, так бы мовіць, журналісцкі вопыт – сустрэча з ёй (я хадзіла разам са сваёй мамай), напісанне сачынення, якое надрукавалі ў раёнцы… Я вучылася тады ў шостым класе сярэдняй школы №2 г. Чэрвеня.

Як і з многімі-многімі іншымі. І мне робіцца вельмі сумна: яшчэ крыху – і больш не застанецца жывых сведкаў тых вогненных саракавых. І многія сучаснікі праз некалькі гадоў пра іх проста забудуцца. Але толькі не я! Я памятаю кожнага героя сваіх матэрыялаў. Праз гады і дзесяцігоддзі.

Вы спытаецеся: а навошта мне гэта трэба?! Памятаць пра тое, што было так даўно і сталася ўжо гісторыяй. Прычым гісторыяй вельмі няпростай і спрэчнай. Не ведаю. Магчыма, гэта сапраўды покліч продкаў. І я датуль іх буду памятаць, пакуль буду памятаць свайго дзеда Івана, якога сям’я страціла ў 1944-ым.

Пахаваны ў Літве, ён не адно дзесяцігоддзе чакаў, калі хтосьці з родзічаў наведае яго месца апошняга супакаення. А пахавальная была страчаная. А месца пахавання ў дакументах названае недакладна. І ўсё ж, дзякуючы неабыякавым людзям, рускім і літоўцам, адшукаць яго цягам шматлікіх месяцаў у мяне атрымалася. І наведаць літоўскую Седу – таксама.

І нават калі б я не зрабіла там фота і відэа, дык ніколі не забылася б пра тое наведванне і тое месца пахавання. Яно заўсёды – уваччу, у галаве, душы і ў сэрцы.

… Сыходзяць нашы ветэраны. З-за ўзросту, з-за хваробаў… Ды проста з-за таго, што час прыйшоў! На вялікі жаль, мы не можам паўплываць на гэты працэс. Але можам памятаць іх – заўсёды. А яшчэ – ўяўляць, што зможам калісьці сустрэцца, толькі ў іншым ужо вымярэнні… Светлая ўсім ім памяць!

Фота – з архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

138 0 53

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх