4 Ліпеня

На ўсе выпадкі жыцця: збіраем аптэчку вандроўніка

Падарожнічай
55 0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сезон адпачынкаў у самым разгары. Збіраючы чамадан, нярэдка задаешся пытаннем: што ўзяць з сабой у дарожную аптэчку? Бо ў выпадку непрадбачаных сітуацый не заўсёды лёгка знайсці аптэку або неабходны лекавы сродак. Акрамя таго, выбару патрэбных лекаў можа перашкодзіць банальнае няведанне мовы ці незразумелыя назвы прэпаратаў. Часам лекі немагчыма набыць без рэцэпту. Дык як жа ўсё ўлічыць і ўзяць самае патрэбнае?

Інфармацыйны партал Здаровыя людзі сабраў сваю аптэчку «на ўсе выпадкі жыцця». А дапамог у гэтым наш пастаянны эксперт – галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт Вадзім Сушынскі.

Такім чынам, наша аптэчка:

1. Калі вы пакутуеце ад хранічных захворванняў і вам неабходна пастаянна прымаць лекі, загадзя паклапаціцеся пра тое, каб іх хапіла на ўвесь перыяд адпачынку. У шэрагу выпадкаў такія прэпараты прадаюцца толькі па рэцэпце, і набыць іх па першым патрабаванні можа проста не атрымацца.

2. Пры артэрыяльнай гіпертэнзіі, акрамя прэпаратаў, якія варта прымаць штодня, не лішнім будзе мець з сабой і антыгіпертэнзіўныя лекавыя сродкі хуткага дзеяння на выпадак рэзкага павышэння артэрыяльнага ціску. І не забудзьцеся ўзяць з сабой танометр!

3. Сардэчныя лекавыя сродкі: як тыя, якія трэба прымаць пастаянна (асабліва калі вы пакутуеце на тое ці іншае захворванне), так і тыя, якія дапамогуць хутка нармалізаваць стан.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Варта ўлічваць, што ў выпадку цяжкіх формаў захворванняў (напрыклад, стэнакардыя высокага функцыянальнага класа ці сардэчная недастатковасць, рэфрактарная гіпертэнзія) лепей абмяжоўвацца адпачынкам без рэзкай перамены клімату. У любым выпадку, перад паездкай абавязкова трэба пракансультавацца з урачом. Акрамя гэтага, не варта забывацца, што працяглы пераезд, падчас якога чалавек доўга знаходзіцца ў становішчы седзячы, можа негатыўна адбіцца на стане здароўя і стацца небяспечным для асобаў з захворваннямі венаў, парушэннем рытму сэрца, паталогіяй згусальнай сістэмы крыві (высокая рызыка развіцця трамбозу).

4. Абязбольвальныя сродкі. Яны спатрэбяцца на выпадак галаўнога і зубнога болю, а таксама дапамогуць суняць боль пры траўме або апёках.

5. Гарачкапаніжальныя лекавыя сродкі. Яны дапамогуць збіць павышаную тэмпературу, напрыклад, калі прастудзіліся ці ў вас акліматызацыя.

6. Супрацьалергічныя прэпараты. Алергія можа заспець знянацку, нават калі ў вас ніколі не было яе праяў. Напрыклад, яна можа развіцца на прадукты харчавання або ўкусы насякомых. Таму мець такія лекі ў аптэчцы – простая неабходнасць.

7. Лекавыя сродкі, якія дапамагаюць справіцца з сімптомамі прастуды: спрэі для горла, ад насмарку, супрацьвірусныя.

8. Нягледзячы на тое, што дзеці часцей хварэюць на атыты, дарослыя таксама не застрахаваныя ад гэтай напасці. Таму кладзём у аптэчку сродак, які выкарыстоўваецца для лячэння атытаў ці дапаможа зняць болевы сіндром да візіту ў медустанову.

9. Страўнікава-кішэчныя сродкі. Спецыяльныя солевыя растворы – для аднаўлення электралітнага балансу, спазмалітыкі – для пазбаўлення ад болю, а таксама прэпараты, якія валодаюць адсарбуючым дзеяннем, – для зніжэння інтаксікацыі. Не забудзьцеся пакласці ў аптэчку (асабліва, калі вы нярэдка пакутуеце на пякотку і ўздуцце жывата) прэпараты, якія ліквідуюць гэты стан. Ад запораў дапамогуць слабіцельныя.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
У экзатычных краінах высокая рызыка кішэчных інфекцый, таму не забывайцеся пра асабістую гігіену, а таксама меры прафілактыкі вострых кішэчных інфекцый: піце бутыляваную ваду, не купайцеся ў невядомых вадаёмах, не купляйце ежу ў вулічных гандляроў.

10. Сродкі для вонкавага ўжывання. Калі збіраецеся на мора, не забудзьцеся ўзяць сонцаахоўны крэм, а таксама прэпараты ад сонечных апёкаў. Гэта могуць быць любыя сродкі на аснове пантэнолу. Акрамя гэтага, не лішнімі ў вашай аптэчцы будуць прэпараты, якія валодаюць загойвальным дзеяннем на выпадак ранак і драпін, удараў і сінякоў.

11. Калі вас загойдвае ў транспарце, вазьміце з сабой лекавыя сродкі, якія дапамагаюць прыбраць непрыемныя адчуванні.

12. Рэпеленты і сродкі ад укусаў насякомых.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Дарэчы, насякомыя ў некаторых краінах могуць з'яўляцца пераносчыкамі сур'ёзных захворванняў. Рэкамендую, перш чым паехаць у тую ці іншую краіну, удакладніць эпідэміялагічную сітуацыю і пры неабходнасці прайсці вакцынацыю.

13. Акрамя лекаў, не забудзьцеся пра тэрмометр, зялёнку ці ёд, антысептычны сродак, пластыры, перавязачныя матэрыялы (бінты, у тым ліку і эластычныя), нажніцы.

І напрыканцы: на ўсе прэпараты, якія вы возьмеце з сабой, не варта выкідваць інструкцыю па ўжыванні, каб у выпадку неабходнасці дакладна разлічыць дазіроўку.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Браць лекі мэтазгодна ў невялікай колькасці, бо магчымыя абмежаванні па ўвозу лекавых прэпаратаў. Удакладніць магчымасць правозу можна на Інтэрнэт-парталах мытных службаў краіны, якую вы збіраецеся наведаць.

Акрамя гэтага, Вадзім Сушынскі перад выездам за мяжу параіў абавязкова аформіць медыцынскую страхоўку.

Здароўя вам і добрага адпачынку!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

55 0 43

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх