13 Мая
13.05.2017

Не крыўдуй, што танна (недарагія падарожжы)

logo
Падарожнічай
136 0 127
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як правесці адпачынак з мінімальнымі выдаткамі для сямейнага бюджэту і захаваць пры гэтым выключна прыемныя ўспаміны ад паездкі? Дзе можна зэканоміць і пра што лепш дазнацца да пачатку паездкі? На гэтую тэму Здаровыя Людзі пагутарылі з дасведчанай вандроўніцай Наталляй Раманюк.

 
Наталля Раманюк
Мэнэджар па турызме

Якія фактары ўплываюць на кошт падарожжа?

Па-першае, трэба правільна спланаваць будучае падарожжа з улікам магчымых выдаткаў. Асноўныя траты на адпачынку:

  • праезд,
  • пражыванне,
  • харчаванне,
  • экскурсіі.

Выбіраючы, куды паехаць, памятайце, што ў рэйтынгу дарагіх краін Еўропы знаходзяцца Швейцарыя, Нарвегія, Данія, Люксембург, Ісландыя, Вялікабрытанія, Нідэрланды, Фінляндыя, Францыя. У топ-10 самых даступных па кошце ўваходзяць Македонія, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Сербія, Румынія, Балгарыя, Чарнагорыя, Венгрыя і Польшча. У іх танней і харчаванне, і арэнда жылля, пры гэтым можна вельмі годна адпачыць: прыгожая прырода, шмат цікавостак.

У Албаніі, напрыклад, турызм толькі развіваецца, таму кошты невысокія. Венгрыя і Польшча карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў турыстаў дзякуючы свайму тэрытарыяльнаму размяшчэнню. Польшча славіцца хараством архітэктуры і выдатнымі магчымасцямі для шопінгу, у краіне шмат аўтлетаў. Будапешт — перліна Еўропы і горад-курорт, дзе знаходзяцца тэрмальныя купальні, папулярныя ў турыстаў.

У Еўропе лёгка можна наведаць адразу некалькі краін — пералёты паміж імі недарагія.

Калі ж хочацца патрапіць у дзяржаву з далёка не дэмакратычнай цэнавай палітыкай, выбірайце невялікія гарады — многія з іх не саступаюць па прыгажосці папулярным турыстычным цэнтрам. У Нідэрландах гэта студэнцкі горад Утрэхт, у Францыі — партовы Марсель, у Шатландыі вас зачаруе Эдынбург, у Італіі наведайце Сіену ды Пальманову.

Аматары пляжнага адпачынку ацэняць грэчаскія выспы Кос, Мілос, іспанскую Малагу. У Партугаліі ёсць недарагі курорт Картэйра, у Харватыі — Спліт.

Як падарожніку зэканоміць на праездзе?

Замаўляйце квіткі за некалькі месяцаў да меркаванай паездкі. Лепш за паўгода і болей, але не менш, чым за два месяцы.

Авіяпералёты. Самыя танныя квіткі на самалёт можна купіць у лоўкостэраў — Ryanair, Wizzair, Easyjet. Калі ўважліва сачыць за іх зніжкамі і акцыямі, можна знайсці практычна бясплатныя квіткі. Праўда, правоз багажу аплачваецца дадаткова.

Варта памятаць, што квіткі з вылетам у сярэдзіне тыдня каштуюць танней, чым у выхадныя. А самы дарагі дзень для палёту — пятніца. Досыць высокія кошты на авіябілеты перад святамі і доўгімі выходнымі. Квіткі з перасадкамі або складанымі маршрутамі каштуюць танней за прамыя рэйсы.

Акрамя таго, набываючы авіябілеты, трэба ўлічваць сезоннасць (высокі сезон і нізкі сезон). Для кожнай краіны яна адметная. Для Еўропы, курортаў Міжземнага і Чорнага мораў гэта канец траўня — пачатак верасня. Пік сезону прыпадае на жнівень. Адпаведна, і кошты ў гэтым месяцы самыя высокія. У азіяцкіх краінах (Гаа, Тайланд, Шры-Ланка, В'етнам) самае спрыяльнае надвор'е для адпачынку — з лістапада па красавік. Адпаведна, летам пражыванне ў гатэлях і праезд абыдуцца танней. Браніраваць авіябілеты лепш зімой.

Для мегаполісаў (Масква, Лондан, Парыж, Берлін) існуюць свае правілы сезоннасці. Высокі сезон для іх прыпадае на час святаў, а таксама на пік адпачынкаў.

Аўтобусы і цягнікі. Недарагім лічыцца падарожжа аўтобусам і цягніком. Аднак і ў гэтым выпадку варта патурбавацца пра квіткі загадзя. Аўтобусныя перавозчыкі часта ладзяць распродажы (напрыклад, прыбалтыйскія кампаніі Simple Express і Lux Express). Падобныя акцыі ёсць у кампаній Ecolines, Eurolines, Megabus, Fixbus. Іх маршруты праходзяць па ўсёй Еўропе. Польскі аўтобусны перавозчык Polski Bus прадае квіткі па тэрыторыі краіны ад 1 Еўра, у Фінляндыі падобныя кошты ў кампаніі Onnibus.

Квіткі на цягнікі ў Францыі звычайна каштуюць больш за 60 еўра, але загадзя можна купіць за 20, а ў Італіі — за 10 еўра. Увогуле, прадумвайце падарожжа загадзя і своечасова ўдакладняйце кошт праезду.

Паромы. Раней паромы каштавалі дорага, але цяпер кампаніі часцяком ладзяць акцыі. Напрыклад, робяць зніжкі студэнтам і пенсіянерам. Набыты загадзя білет, да прыкладу, з Хельсінкі ў Стакгольм, можа абыйсціся ў 3 Еўра.

Пражыванне.

Пра жытло таксама варта паклапаціцца загадзя. Існуюць розныя сайты, дзе можна знайсці прыдатнае жыллё. Напрыклад, Wimdu, Airbnb, HouseTrip. Многія рэсурсы дазваляюць пры неабходнасці адмяніць замову без фінансавых страт, але заўсёды ўважліва знаёмцеся з умовамі, ці сапраўды магчыма бясплатна адмяніць бронь.

Апартаменты або нумар у гатэлі выбірайце з кухняй — так зможаце самастойна гатаваць ежу і зэканоміць на кафэ і рэстаранах.

Выдатная альтэрнатыва гатэлям — хостэлы. Гэта варыянт еўрапейскага інтэрната, чысты і ўтульны. Знайсці і замовіць можна на сайтах hostelclub.com або hostelworld.com. У іх ёсць і агульныя, і асобныя нумары, якія, у любым выпадку, будуць таннейшыя за гатэль.

Яшчэ адзін недарагі варыянт — кемпінгі, дзе за невялікую плату можна пераначаваць ва ўласных намётах або спальніках. Кемпінгаў у Еўропе шмат.

Ёсць варыянт і з бясплатным пражываннем. На сайце couchsurfing.org можна знайсці людзей, якія прадастаўляюць сваё жытло турыстам на некалькі дзён.

Увогуле, варыянтаў шмат, і кожны можа падабраць месца для пражывання ў адпаведнасці са сваімі перавагамі.

Як зэканоміць на харчаванні?

Самы эканамічны варыянт — купляць прадукты ў супермаркетах і на рынках, самастойна гатаваць ежу.

Калі ж вы стаміліся ад гатавання дома і хочаце ў поўнай ступені атрымаць асалоду ад адпачынку, пры пошуку варыянтаў для перакусу пазбягайце шматлюдных месцаў для турыстаў. Старайцеся харчавацца там жа, дзе і мясцовыя жыхары.

Калі сняданак не ўключаны ў кошт нумара, лепш не купляйце яго ў гатэлі — зазірніце ў кавярню непадалёк. Харчаванне ў гатэлях каштуе даражэй.

І яшчэ. Практычна ў кожным еўрапейскім рэстаране ёсць комплексныя сняданкі і комплексныя абеды. Гэта, вядома, абмяжоўвае ў часе і выбары страў, але мае і свае плюсы. І кошт прыдатны, і добрая магчымасць пакаштаваць новыя стравы, якія самі б вы не замовілі. Смачна, сытна і танна.

Экскурсіі і забавы.

Праезд на грамадскім транспарце ў еўрапейскіх гарадах досыць дарагі. Выдатная альтэрнатыва —ровар напракат. Паколькі ўсе славутасці ў асноўным месцяцца ў цэнтры, давядзецца шмат хадзіць пешшу, і тут ровар стане незаменным памочнікам.

Але калі збіраецеся карыстацца грамадскім транспартам, набывайце праязны. Ён уключае ўсе віды транспарту і дзейнічае пэўны час (адна гадзіна, адзін дзень ці некалькі дзён).

У многіх гарадах можна скарыстацца бясплатнымі экскурсіямі, якія праводзяць добраахвотнікі з ліку мясцовых жыхароў. Турыстаў водзяць па самых вядомых помніках архітэктуры.

У музеі таксама ёсць магчымасць трапіць бясплатна. Некаторыя ўвогуле не бяруць плату за ўваход. Напрыклад, шмат бясплатных дзяржаўных  музеяў у Нарвегіі, у Вялікабрытаніі (Брытанскі музей), у Лондане (Нацыянальная галерэя). Практычна ўсе музеі рэгулярна адмяняюць плату за ўваход на адзін дзень (як правіла, гэта першая або апошняя нядзеля месяца). Але больш падрабязную інфармацыю варта шукаць на сайце канкрэтнага музея.

Добры спосаб зэканоміць — набыць турыстычную карту. Самым галоўным яе плюсам з'яўляецца бясплатны праезд у грамадскім транспарце і зніжкі або бясплатны ўваход у большасць музеяў. Акрамя таго, вы атрымліваеце даведнік і якасную гарадскую карту.

Змена асяродку станоўча ўплывае на нервовую сістэму і эмацыйны стан. А паколькі адпачынак можа быць яшчэ і эканомным, не адмаўляйце сабе ў гэтым задавальненні. Проста выдаткуйце трохі часу на яго папярэдняе планаванне.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

136 0 127

Глядзіце таксама
Наверх