20 Лютага
20.02.2020

Не ўсё тое золата, што блішчыць. Урынатэрапія: сказаць ёй «так» ці «не»

logo
Навiны
157 0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Залаты дождж, вада жыцця, ідэальныя лекі... У гэта складана паверыць, але гаворка пра мачу. Нахвальваючы яе лекавыя ўласцівасці, прыхільнікі ўрынатэрапiі (нетрадыцыйнага лячэння з выкарыстаннем мачы) у падборы эпітэтаў не саромеюцца і падкрэсліваюць: методыка мае тысячагадовую гісторыю. Сапраўды, старажытныя рымляне, грэкі і егіпцяне лічылі, што мачой можна вылечыць усё: ад вугроў да крытычных станаў. Ды што там старажытныя! У 1945-м годзе брытанскі натурапат Джон У.Армстронг лічыў дакладна гэтак жа і нават кнігу гэтаму прысвяціў.

Урынатэрапія. За і супраць.

Нягледзячы на тое, што навуковых пацверджанняў гаючым уласцівасцям мачы няма, урынатэрапія мае нямала паслядоўнікаў па ўсім свеце. Адным захапленнем звязаныя, напрыклад, такія абсалютна розныя людзі, як скандальна вядомы «адкрыты ўрынатэрапеўт» Генадзь Малахаў, які зарабіў на мачы імя і маёмасць, і зорка сусветнай поп-сцэны Мадона. А літаральна на днях брытанскі таблоід Daily Mail зноў нагадаў: «мача ўдарыла ў галаву» – паняцце па-за часам, межамі, узростам і полам...

Лекі ад усяго

30-гадовая Рубі Карыо са штата Мэрыленд (ЗША) п'е сваю мачу і выкарыстоўвае яе замест доглядавай касметыкі ўжо больш за 10 гадоў. Жанчына запэўнівае, што менавіта дзякуючы мачы яна выглядае бездакорна і не скардзіцца на здароўе.

З тонкасцямі ўрынатэрапіі дзяўчыну пазнаёміў уласны бацька, паабяцаўшы, што тым самым зробіць з яе каралеву прыгажосці. Рубі ў сваю чаргу далучыла да ўрынатэрапіі бойфрэнда, ратуючы яго ад заўчаснага аблысення. Нягледзячы на насмешкі і адкрытыя кпіны з боку знаёмых, Рубі застаецца верная сваім перакананням. Яна працягвае штодня ўціраць ў скуру твару порцыю ранішняй мачы і двойчы на тыдзень выпівае па 150 мл «натуральных лекаў».

Урынатэрапія. Рубі Карыо.

Рубі кажа: «Людзі думаюць, што гэта агідна, але потым ідуць і ядуць такія рэчы, як хот-догі ды іншы фастфуд, хаця больш агіднага і больш шкоднага за яго складана штосьці прыдумаць».

Мы не будзем разбірацца ў прычынах, якія штурхаюць людзей на тое, каб разводзіць сваю ранішнюю каву порцыяй свежай мачы. Нашмат цікавейшыя рэчы, якія маюць пад сабой доказную базу: што такое мача, з чаго яна складаецца і якое яе ўздзеянне на арганізм у рэальнасці. Ва ўсім гэтым нам дапамагла разабрацца намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Цэнтральнай раённай паліклінікі №2 Фрунзенскага раёна г.Мінска, тэрапеўт са шматгадовым стажам Ілона Ганчарова.

Урынатэрапія. Ілона Ганчарова.

Уласцівасці мачы. Рэальнасць і міфы

 
Ілона Ганчарова
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Цэнтральнай раённай паліклінікі №2 Фрунзенскага раёна г.Мінска
Мача – гэта прадукт, які ўтвараецца ў нырках у выніку працэсу выдзялення. З мачой з арганізма выводзяцца адпрацаваныя рэчывы, якія ўжо не могуць быць выкарыстаныя ў пэўных карысных мэтах. Прыкладна на 95% мача складаецца з вады. Астатняе – арганічныя і неарганічныя рэчывы: прадукты азоцістага абмену (мачавіна, крэатынін, мачавая кіслата, аміяк), электраліты (натрый, калій, кальцый, магній, хларыд), а таксама гармоны і гармонападобныя рэчывы, вітаміны і г.д.

Самі па сабе складнікі мачы ў большасці сваёй бясшкодныя. Але варта ўлічваць адзін маленькі нюанс: гэтыя рэчывы ўжо адпрацаваныя арганізмам і па сутнасці ўяўляюць сабой «смецце». Кальцый у мачы, напрыклад, зусім не той кальцый, які неабходны арганізму для моцы касцей і здароўя зубоў. Арганізм – складаная і мудрая сістэма. З дапамогай мачы яна выводзіць тыя рэчывы, з якіх узятае ўсё патрэбнае і неабходнае для забеспячэння нармальнага метабалізму і ўнутранага гамеастазу, альбо тыя, якіх ужо шмат і яны могуць прынесці больш шкоды, чым карысці.

Урынатэрапія. Ілона Ганчарова.

Па словах эксперта, выкарыстанне мачы сапраўды валодае пэўным уздзеяннем на арганізм. Але яно мае даказана адмоўны характар. А менавіта:

  • Раздражняльнае дзеянне на страўнікава-кішэчны тракт. Піццё мачы выклікае змену працэсу стрававання, якое можа суправаджацца пякоткай, млоснасцю, ванітамі, расстройствам стулу ды іншымі дыспепсічнымі з'явамі.
  • Таксічнае дзеянне. Мача змяшчае адходы, якія адфільтраваныя ныркамі з кроватоку, – таксіны. Арганізм спрабуе пазбавіцца ад іх, паколькі, застаючыся ўнутры, яны могуць аказваць шкоднае ўздзеянне на органы і сістэмы. Пры ўжыванні мачы канцэнтраваныя адходы зноў вяртаюцца ў арганізм і тым самым аказваюць таксічнае ўздзеянне.
  • Парушэнне функцыі нырак пры доўгім захапленні ўрынатэрапіяй непазбежнае. Паколькі ныркі вымушаныя пастаянна працаваць ва ўзмоцненым рэжыме, забяспечваючы не толькі звыклы працэс выдзялення, але і спраўляючыся з дадатковай нагрузкай па абясшкоджванні і вывядзенні таго, што ўжо было забракаванае.

Урынатэрапія. За і супраць.

Ужыванне мачы можа змяніць нармальную функцыю сінтэзу гармонаў і парушыць працу эндакрыннай сістэмы ў цэлым, а таксама прывесці да электралітнага дысбалансу, паколькі ў мачы ўтрымліваецца соль ды іншыя электраліты.

 
Ілона Ганчарова
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Цэнтральнай раённай паліклінікі №2 Фрунзенскага раёна г.Мінска
Існуе яшчэ адна памылковая думка, нібыта мача валодае раназагойным дзеяннем. Бабулі дагэтуль унукам раяць: параніўся – памачыся на ранку, яна хутчэй зажыве. Гэтую «гаючую ўласцівасць» можна толькі адным растлумачыць: рэзервовыя сілы дзіцячага арганізма на парадак больш вынослівыя і моцныя. І калі ўжо ранка зацягнулася, дык хутчэй насуперак дзеянню мачы, а не дзякуючы ёй. Бо солі, таксіны, кіслоты, якія змяшчаюцца ў мачы, аказваюць на скуру, тым больш пашкоджаную, моцнае раздражняльнае дзеянне, павялічваючы рызыку запаленчых працэсаў.

Насуперак дадумванням, падкрэслівае эксперт, мача не стэрыльная. Чалавечы арганізм – дом родны для розных мікраарганізмаў і бактэрый. Яны ўсюды: на скуры, у кішэчніку, на слізістых абалонках... Шляхі, па якіх мача выводзіцца вонкі, таксама валодаюць пэўнай кантамінацыяй мікрафлоры. Праходзячы па іх, мача робіцца забруджанай. Ужываючы яе ўнутр або прымяняючы вонкава, чалавек падвяргае сябе рызыцы інфіцыравання. І яна шматкроць узрастае, калі прыхільнік урынатэрапіі мае ў анамнэзе хранічныя захворванні, а таксама інфекцыі мочапалавой сістэмы.

Урынатэрапія.

І напрыканцы – самы драматычны міф, звязаны з піццём уласнай мачы ў экстрэмальных сітуацыях для прадухілення абязводжвання.

 
Ілона Ганчарова
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Цэнтральнай раённай паліклінікі №2 Фрунзенскага раёна г.Мінска
Вернемся да таго, што мача змяшчае высокія канцэнтрацыі соляў. Піць мачу пры адсутнасці чыстай вады – усё роўна што піць марскую ваду, толькі яшчэ горш. Адзінае, што ў гэтай сітуацыі атрымае арганізм, – неабходнасць паўторна выводзіць солі і таксіны, канцэнтрацыя якіх штораз будзе ўсё вышэйшай. У канчатковым выніку гэта толькі паскорыць працэс абязводжвання і інтаксікацыі арганізма.

Урынатэрапія.

Урынатэрапія – абсалютны антонім доказнай медыцыны. Навука не пацвердзіла ніводнага факта лекавага ўздзеяння мачы на арганізм чалавека, затое даказала адваротнае. Нягледзячы на гэта, паслядоўнікі ўрынатэрапіі ўсё яшчэ практыкуюць падобнае лячэнне. У практыцы Ілоны Ганчаровай былі людзі зусім рознага ўзросту і сацыяльнага становішча, якія спрабавалі лячыць мачой не толькі раны на скуры, але нават такія сур'ёзныя паталогіі, як бранхіяльная астма. Праблема ў тым, кажа эксперт, што, практыкуючы падобнае лячэнне, чалавек часцяком прапускае час і магчымасць дыягнаставаць захворванне своечасова. І звяртаецца да ўрачоў толькі тады, калі хвароба перайшла ў стадыю, калі патрабуецца непараўнальна больш намаганняў, каб узяць яе пад кантроль. Але што яшчэ горш – бывае, дапамагчы ўжо нічым нельга.

Фота эксперта – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

157 0 17

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх