3 Сакавіка
03.03.2020

Недзеяздольны?! Як адысці ад крайнасцяў

logo
Псіхічнае здароўе
189 0 313
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У грамадскія арганізацыі і СМІ часта звяртаюцца людзі, пазбаўленыя дзеяздольнасці. З-за захворвання яны істотна абмяжоўваюцца ў правах, губляюць кватэры, трапляюць у інтэрнаты, выйсці з якіх вельмі складана. Псіхіятры – ключавыя фігуры ў гэтым працэсе, ад іх рашэння шмат у чым залежаць лёсы такіх пацыентаў. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый задалі важныя пытанні экспертам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў і псіхіятрам.

Улічваць мінулы вопыт і кампетэнцыі чалавека

 
Алег Граблеўскі
Юрыст асветніцкай праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»
Канвенцыя аб правах інвалідаў зыходзіць з таго, што людзі не могуць ушчамляцца ў правах па прычыне медыцынскага дыягназу. На практыцы ж з-за псіхічнага расстройства пацыенты сутыкаюцца з істотнымі абмежаваннямі. Іх пазбаўляюць дзеяздольнасці па ініцыятыве родных, паліклінік, пракуратуры.

Юрыст прывёў прыклад. Валянціна Карват пісала шмат скаргаў на паліклініку (хаця пазней высветлілася, што яна пісала і падзякі). Замест таго, каб проста спыніць з ёй перапіску ў рамках Закона аб зваротах грамадзян, паліклініка звярнулася ў пракуратуру, якая ініцыявала пытанне аб пазбаўленні яе дзеяздольнасці. І суд вынес гэтае рашэнне, у прыватнасці, на падставе таго, што ў жанчыны «адсутнічае крытыка да сваіх перакананняў».

 
Алег Граблеўскі
Юрыст асветніцкай праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»
Мы не ставім пад сумнеў, што ў жанчыны ёсць медыцынскі дыягназ і пэўныя праблемы. Але яны не перашкаджалі ёй увесь гэты час самастойна жыць у сваёй кватэры. Яна не парушала парадак, не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. Але гэты досвед не быў адлюстраваны ў заключэнні эксперта. У выніку жанчына трапіла ў інтэрнат, яе кватэра адышла гораду, і зараз немагчыма аднавіць дзеяздольнасць, бо яе няма куды выпісаць. Наша практыка паказвае, што суд, прымаючы рашэнне аб прызнанні чалавека недзеяздольным, абапіраецца галоўным чынам на экспертызу эксперта Дзяржкамітэта судовых экспертызаў, які выстаўляе дыягназ і дае ацэнку стану здароўя. Працэдура, на наш погляд, закрытая, на яе складана ўплываць.

Таму галоўнае пытанне медыкам у арганізацыі такое: ці ёсць перадумова да таго, каб ацэнка чалавека рабілася не толькі з пункту гледжання дыягназу і разумення значэння сваіх дзеянняў, але ўлічваліся і яго кампетэнцыі, магчымасці самастойнага пражывання, мінулы вопыт, сацыяльныя сувязі і іншыя сацыяльныя фактары? Як зрушыць фокус на падтрымку, а не на ізаляцыю чалавека? Як праваабаронцы могуць на гэта ўплываць?

Трэба адыходзіць ад «недзеяздольнасці»

Праблема аднаўлення дзеяздольнасці вельмі актуальная для тых, хто пражывае ў псіханеўралагічных інтэрнатах (ПНІ). Многія з гэтых людзей маглі б жыць па-за сценамі ўстановы.

 
Вольга Дамінікевіч
Дырэктар сацыяльна-дабрачыннай установы «Ёсць справа»
Мы да гэтага часу не можам зразумець, навошта з'явілася заканадаўчая норма, што па дасягненні 18 гадоў усе людзі, хто жыве тут, пазбаўляюцца дзеяздольнасці. Прычым аўтаматычна, камісія іх нават не бачыць. Гэта значна ўскладняе працэс дэінстытуалізацыі інтэрнатаў, які дэ-факта павольна прасоўваецца ў Беларусі.

Грамадскія арганізацыі шмат робяць для гуманізацыі сістэмы. У прыватнасці, з 2006 года рэалізуюцца праекты па адкрыцці ў інтэрнатах аддзяленняў суправаджальнага пражывання, мэта якіх – падрыхтаваць людзей да самастойнага жыцця і аднавіць дзеяздольнасць. У рамках праектаў гэта атрымалася ў 33 выпускнікоў. Але працэдуру праходзілі не з першага разу і не ўсе.

 
Вольга Дамінікевіч
Дырэктар сацыяльна-дабрачыннай установы «Ёсць справа»
Выхаванцы былі збянтэжаныя пытаннямі экспертаў камісіі: «Колькі планетаў у Сонечнай сістэме і як яны называюцца?», «Ці ведаеш ты, як патрапіць з Мінска ў Парыж?» Хіба гэтыя пытанні вызначаюць магчымасць чалавека жыць самастойна? Таму нас вельмі цікавіць, ці ёсць магчымасць атрымаць афіцыйныя тлумачэнні па працэдуры аднаўлення дзеяздольнасці і падрыхтоўцы да яе. А таксама – наколькі сёння магчымы іншы падыход: не пазбаўляць чалавека дзеяздольнасці, а вызначаць магчымасць да самастойнага пражывання, зыходзячы з аб'ёму неабходнага суправаджэння?

У развітых краінах выкарыстоўваецца якраз такі прынцып, там ужо даўно няма паняцця недзеяздольнасці, падкрэслівае эксперт.

Прыцягваць не толькі псіхіятраў

МГА «Голас сэрца» таксама даўно распрацоўвае праблему дэінстытуалізацыі дарослага насельніцтва ПНІ. У прыватнасці, яны пралабіравалі ідэю адукацыі.

 
Святлана Блай
Дырэктар МГА «Голас сэрца»
У рамках нашага праекта ў ПНІ былі адкрытыя абсталяваныя ўсім неабходным Цэнтры навучання і развіцця, дзе праходзілі навучанне людзі з патэнцыялам. Іх аказалася нямала. Нацыянальны інстытут адукацыі распрацаваў вучэбна-метадычны комплекс для заняткаў, былі напісаныя праграмы і метадычныя рэкамендацыі для спецыялістаў. 1 верасня з усімі вучнямі ў краіне яны селі за парты атрымліваць веды. Гэта было свята! Бесперапынная адукацыя зрабілася штодзённым заняткам. Але што потым? Мы зразумелі, што надышоў час навучання будучай прафесіі. Але для гэтага нашым «вучням» трэба вярнуць дзеяздольнасць! Мы прасунуліся да трохмесячнага навучання ў каледжы. 12 чалавек атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні курсаў па прафесіі «сталяр», «швачка», «працоўны зелянбуду». Зараз мы атрымліваем доўгачаканы падарунак – частковае вяртанне дзеяздольнасці. Нам здаецца, што нароўні з псіхіятрамі да гэтага пытання павінны падключацца сацыяльныя работнікі і рэабілітолагі.

Новае заканадаўства пашырыць магчымасці экспертаў

Таццяна Астроўская, намеснік начальніка Упраўлення складаных судова-псіхіятрычных экспертызаў Галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертызаў Цэнтральнага апарата ГКСЭ, эксперт-псіхіятр, патлумачыла нюансы іх працы.

 
Таццяна Астроўская
Намеснік начальніка Упраўлення складаных судова-псіхіятрычных экспертызаў Галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертызаў Цэнтральнага апарата ГКСЭ, эксперт-псіхіятр
Наяўнасць дыягназу псіхічнага расстройства не з'яўляецца крытэрыем для пазбаўлення дзеяздольнасці. Эксперт праводзіць комплексную ацэнку розных бакоў жыцця чалавека. Класіфікацыя, якой кіруюцца псіхіятры ў сваёй дзейнасці, мае на ўвазе канкрэтныя, зразумелыя, верыфікуемыя крытэрыі псіхічнага растройства. Без іх дыягназ не можа быць устаноўлены. Іншая справа, што для звычайных людзей крытэрыі расстройства не такія відавочныя, як для псіхіятра, таму можа быць неразуменне нашай працы.

Ацэнка выключна школьных базавых ведаў ніколі не з'яўляецца падставай для вырашэння пытання пра здольнасць чалавека разумець значэнні сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Акрамя базавых ведаў, аналізуюцца навыкі сацыяльнага функцыянавання, сацыяльнай кемлівасці, якія вызначаюць магчымасць жыць самастойна, патлумачыла эксперт.

З 1 жніўня 2020 года ўступяць у сілу папраўкі ў Грамадзянскі кодэкс, якія ўводзяць паняцце «абмежаваная дзеяздольнасць».

 
Таццяна Астроўская
Намеснік начальніка Упраўлення складаных судова-псіхіятрычных экспертызаў Галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертызаў Цэнтральнага апарата ГКСЭ, эксперт-псіхіятр
Абмежаваная дзеяздольнасць дасць нам магчымасць пазбегнуць палярных крайнасцяў: дзеяздольны/недзеяздольны, паменшыць стыгматызацыю псіхіятрыі і пашырыць правы пацыентаў. Судовыя эксперты бралі актыўны ўдзел у распрацоўцы гэтых навінаў і вітаюць іх заканадаўчае замацаванне.

Эксперты гатовыя разглядаць любую інфармацыю пра чалавека, якую бакі працэсу і апекуны могуць прадастаўляць у пэўным парадку, удакладняе эксперт-псіхіятр. Напрыклад, пры падачы заявы аб аднаўленні дзеяздольнасці можна хадайнічаць у судзе, каб былі апытаныя суседзі, сябры, работнікі інтэрната, можна сабраць пакет дакументаў у адвольнай форме з паказаннямі сведак, характарыстыкі чалавека.

 
Таццяна Астроўская
Намеснік начальніка Упраўлення складаных судова-псіхіятрычных экспертызаў Галоўнага ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертызаў Цэнтральнага апарата ГКСЭ, эксперт-псіхіятр
Заключэнне эксперта – толькі адна з крыніцаў доказаў для суда. Пры наяўнасці сумненняў, недастатковай яснасці і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, суд мае права прызначыць дадатковую або паўторную экспертызу.

Дыягназ не абнуляе асобу

Сёння ў свеце адбываецца дэінстытуалізацыя псіхіятрыі і перанос акцэнту з аказання стацыянарнай медыцынскай дапамогі на сацыяльную падтрымку і дапамогу ў грамадстве. Гэта меней страшны і больш дэмакратычны шлях, кажа Аксана Шылава, загадчыца лабараторыі клініка-эпідэміялагічных даследаванняў РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, псіхіятр-нарколаг вышэйшай катэгорыі.

 
Аксана Шылава
Загадчыца лабараторыі клініка-эпідэміялагічных даследаванняў РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, псіхіятр-нарколаг вышэйшай катэгорыі
Слова «страшны» я згадала не выпадкова. Сёння папулярны такі рух, як антыпсіхіятрыя, калі па цэлым шэрагу прычынаў псіхіятры надзяляюцца дэманічнымі рысамі. Маўляў, мы псуем жыццё людзям, ставячы свае дыягназы. Адна з прычынаў у тым, што для звычайных людзей крытэрыі дыягназу незразумелыя. Часта на сваіх прыёмах я чую фразы накшталт: «Вы хочаце сказаць, што мой сын вар'ят?!» І часцяком людзям немагчыма растлумачыць крытэрыі нашай працы, яны не гатовыя слухаць і прымаць. Да прыкладу, тут згадваліся людзі з «сістэмай перакананняў». Гэта вельмі цяжкая жыццёвая драма пацыентаў з хранічным вар'яцкім расстройствам, калі гэтыя перакананні балючыя, не паддаюцца карэкцыі, але парушаюць стан і паводзіны чалавека, што можа прыводзіць да сумных наступстваў. Мяжа паміж абмежаваннем правоў і сацыяльнай абаронай пацыентаў вельмі тонкая. Іх часта знаходзяць у антысанітарных умовах, яны пражываюць у кватэрах з адключаным газам і вадой. Мы разумеем і страх суседзяў/сваякоў, і пакуты пацыента, якога пазбаўляюць дзеяздольнасці і змяшчаюць у інтэрнат па-за яго жаданнем. Гэта два бакі аднаго медаля. Часта псіхіятраў пытаюцца: вы можаце гарантаваць, што гэты чалавек не прычыніць шкоду сабе і навакольным, што справіцца сам? Далёка не заўсёды.

Дыягназ нічога не абнуляе, чалавек застаецца асобай са сваімі асаблівасцямі. Таму было б ідэальным ацэньваць стан з пазіцый аб'ёму неабходнага суправаджэння, як гэта адбываецца ў шэрагу развітых краінаў, дзе зыходзяць не з абмежаванняў, а з магчымасцяў пацыента, дзе развіваецца сістэма памочнікаў, цьютараў, выхавальнікаў. Але наколькі магчымы такі падыход у нас – не медыцынская праблема, а сацыяльная, эканамічная і заканадаўчая, лічыць эксперт.

Як уплываць на працэс

– Заканадаўства дае магчымасць актыўна ўдзельнічаць у працэсе пазбаўлення/аднаўлення дзеяздольнасці, а таксама задаць экспертам пытанні, якія цікавяць, у рамках іх допыту ў судовым пасяджэнні, у выпадку прыняцця такога рашэнне судом, тлумачыць Ганна Жданава, афіцыйны прадстаўнік цэнтральнага апарата ГКСЭ. – Таксама можна хадайнічаць перад судом пра даручэнне правядзення экспертызы або прыцягненні да яе вытворчасці іншых спецыялістаў (сацработнікаў, реабілітолагаў, іншых урачоў, работнікаў навуковых кафедраў медыцынскіх і іншых ВНУ). Судмедэксперт працуе з тымі дакументамі, якія атрымлівае па рашэнні суда. У бакоў ёсць права сабраць пакет дакументаў і прасіць суд перадаць іх для ацэнкі эксперту. Мы адкрытыя для дыялогу.

Заўсёды ёсць магчымасць патэлефанаваць па ўказаных на сайце тэлефонах і ўдакладніць пытанні, якія тычацца розных аспектаў працы эксперта, альбо накіраваць вусны, пісьмовы ці электронны зварот.

Фота экспертаў – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

189 0 313

Журналіст
Наверх