14 Снежня
14.12.2018

Нервы вадзіцеляў

logo
Думкі ўслых
86 0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Цяпер, калі ўранку-ўвечары еду на маршрутках, асабліва на пярэднім сядзенні ў салоне ці побач з вадзіцелем, калі ўся дарога перад табою… Штораз задумваюся пра тое, якія моцныя нервы ім трэба мець! Каб спакойна весці машыну, часцяком перагружаную, калі пасажыры едуць і стоячы. Халаднакроўна рэагаваць на нестандартныя сітуацыі і хутка прымаць адзіна правільнае рашэнне, каб людзі нават не адчулі, як штосьці магло здарыцца. Не заснуць за рулём у амаль поўнай цемры. Адказваць за чужыя жыцці па некалькі разоў на дзень… Вось проста захапляюся профі!

Тымі, хто сапраўды вядзе машыну плаўна. І калі набірае хуткасць, і калі прытарможвае… Хто ўмее праязджаць «ляжачых паліцэйскіх», каб цябе не падкідвала да столі, не падбрыкваючы заднімі коламі… Хто не падразае сам і па-майстэрску ўхіляецца, калі падразаюць яго. І пры гэтым не мацюкаецца на ўвесь салон і не каментуе, хто, па яго меркаванні, той вадзіцель.

Так, цяпер усё часцей самі вадзіцелі альбо па тэлефоне размаўляюць, альбо ў Вайберы адным пальцам тыцкаюць, каб набраць паведамленне. Пры гэтым едучы з хуткасцю больш за 100 км/г… Вось  тыя, хто ўхітраецца гэтак рабіць, для мяне якраз-такі не профі, а зусім наадварот! А яшчэ ж на «ўсім скаку» трэба грошы ўзяць, рэшту адлічыць, яе падаць… І ўсё гэта – манеўруючы ў горадзе з чатырохпалосным рухам у адзін бок!

Праўда, не ведаю, што чуюць дома сямейнікі вадзіцеляў маршрутак увечары, пасля змены. Магу толькі здагадвацца, колькі негатыву ім дастаецца, хаця б і краем…  Як не ведаю, як расслабляюцца вадзіцелі пасля такіх напружаных дзён… Праца сапраўды нялёгкая. А яшчэ ж капрызлівыя пасажыры бываюць… А ў адказ нахаміць-то нельга! Бо дзесьці ў салоне ўжо і відэакамеры маюцца. Праўда, кажуць, што накіраваныя яны толькі на пасажыраў. Таму тое, як вадзіцель у Вайберы адным пальцам тыцкае, не фіксуецца… Таму і дваякае стаўленне да іх. Але суперажыванне пераважае ўсё ж. Асабліва, калі вадзіцель насамрэч ветлівы.

А вось з ветлівасцю і ўменнем зразумець іншага ў нас апошнім часам ой бяда-а-а-а… Ці не так?! Сустракаю на прыпынку ў Мінску знаёмую прадаўшчыцу, якая працуе непадалёк. «Ой, такія людзі зараз зрабіліся! – скардзіцца. – Злыя якія! Толькі каб нахаміць… На пустым месцы… Ну раней жа такімі не былі, праўда?! Можа, жылі і горш, але адно на аднаго не кідаліся…»

Ну што тут скажаш?! Праўда ў гэтых словах. Назапасіўшы за дзень крыўды і злосць, якую не выплюхнеш на калег, адрываемся ў крамах, на прыпынках і ў транспарце, дома на сямейніках… Самім быццам і лягчэй робіцца (але сапраўды – быццам!) А як жа тым, хто прыняў на сябе негатыў?! І крыўдзімся, і разыходзімся, і хварэем…

А ўсяго толькі трэба паспрабаваць зберагчы нервы – свае і чужыя. Вадзіцеляў і прадаўцоў, сантэхнікаў і прыбіральшчыц, настаўнікаў і бібліятэкараў… Давайце будзем больш уважлівымі адзін да аднаго, больш добрымі, больш цярплівымі… Складана?! А давайце хаця б паспрабуем!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

86 0 32

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх