13 Снежня

«Новы год і 8 Сакавіка – «чорныя» дні ў календары». Шчырыя прызнанні поліамора (+ відэа)

Меркаваннi
156 0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Што прыходзіць вам у галаву, калі вы чуеце слова «поліаморыя»? У большасці беларусаў вусны скрывяцца ў грэблівай грымасе: «распуста нейкая». Аднак такая форма адносінаў набірае папулярнасць ва ўсім свеце. Што ў ёй прывабнага? Сваёй сумленнай гісторыяй пра поліаморыю ў яго жыцці падзяліўся госць праекта «Пра што маўчаць мужчыны» Ігар Лосеў.

Не хачу быць ПАВІННЫМ

Ігар шчыра прызнаецца, што ён – поліаморны мужчына. Але просіць не блытаць гэтае паняцце з палігаміяй. Правілы ў гэтых відах адносінаў зусім розныя.

– У мяне ёсць адносіны з многімі жанчынамі, але гэта менавіта адносіны. А не проста разавыя сустрэчы, як у звычайных палігамных кантактах. У нас таксама ёсць сэкс, але не толькі ён. Усе мае жанчыны ведаюць адна пра адну, падманваць – не ў маіх правілах. І калі я знаходжуся з кімсьці з іх сам-насам, для нас існуем толькі мы, размовы пра іншых – табу. Я магу прыбіць палічку, схадзіць у краму, г.зн. стараюся паклапаціцца пра кожную з маіх партнёрак. Паміж намі ёсць каханне і эмацыянальная сувязь. Вядома, гэта не тыя пачуцці, дзеля якіх я гатовы быў бы памерці. Гэта каханне, якое мае свой тэрмін і рана ці позна скончыцца. Калісьці я быў жанаты і вельмі любіў жонку, ніколі ёй не здраджваў. Але я не мог быць самім сабой. А зараз магу. Калі знаёмлюся з жанчынай, распавядаю ёй пра свае перавагі. Калі ёй не падыходзіць такі варыянт, дык я ўмею чуць «не».

Калі ў цябе ёсць шмат-шмат-шмат маленькіх адносінаў, дык быццам бы ніхто і не можа цябе «забіць». А калі яна адна, дык здаецца, што як толькі здымеш перад ёй усю сваю браню і кальчугу, дык тут жа атрымаеш важкі клінок у спіну. Калі я знаходжуся ў адносінах, дык не магу быць вольным. Мне ўвесь час трэба ўлічваць патрэбы і жаданні іншага чалавека ў поўным аб'ёме. І гэта як быццам дадае шмат цяжкіх камянёў у мой заплечнік. Атрымліваецца, што я з усіх бакоў ПАВІНЕН.

З пункту гледжання псіхалогіі карані такіх перавагаў ідуць з дзяцінства. Халодная маці, а потым можа быць чарада такіх жа аднатыпных жанчын, якія «кастрыруюць». З аднаго боку, я баюся блізкасці. А з другога – ува мне столькі нерастрачанай цеплыні назапасілася за гады ... Мне хочацца аддаць яе як мага большай колькасці людзей. Я адчуваю, што, магчыма, поліаморыя – толькі этап жыцця. Пачынаю ўжо ўсведамляць патрэбу ў тым, каб у маім жыцці была толькі адна-адзіная жанчына для ўсяго. Магчыма, я да гэтага прыйду. Але цяпер мне і так добра. Праўда, ёсць «чорныя» дні і ў маім календары. Напрыклад, 8 Сакавіка ці Новы год...

Поліаморыя ў законе?

Для беларусаў поліаморныя адносіны ўсё ж часцей выглядаюць, як цікавостка. А вось псіхолагі і сацыёлагі ўсяго свету ў апошнія два гады надаюць пільную ўвагу гэтым саюзам і перагляду паняццяў пра рамантычныя адносіны. У жніўні ў Вене нават прайшла ўжо другая па ліку канферэнцыя «Не-манагамія і Сучасная Блізкасць» («Non-Monogamies and Contemporary Intimacies»). Яна была арганізаваная Венскім універсітэтам імя Зігмунда Фрэйда (SFU) і прысвечаная пытанню поліаморыі.

Сам тэрмін з'явіўся ў 1960-х гадах. У даслоўным перакладзе з лацінскай мовы ён азначае «множнае каханне». Поліаморныя адносіны азначаюць, што іх удзельнікі знаходзяцца ў інтымных (сэксуальных і/або эмацыянальных) адносінах з больш чым адным чалавекам пры ўмове згоды, адкрытасці і інфармаванасці пра гэта. Поліаморы вераць у тое, што каханне не мае межаў. Іх лагатып – сэрца з сімвалам бясконцасці ўнутры.

Поліамор. Лагатып. Знак.

Прыхільнікі поліаморыі ўпэўненыя, што такія адносіны больш сумленныя і шчаслівыя, паколькі, на іх погляд, манагамія ў сем'ях ёсць толькі фармальна. Насамрэч як мінімум траціна з іх маюць вопыт шлюбнай здрады.

Поліаморы ставяць пад сумнеў, што адносіны з адным партнёрам – гэта найлепшы варыянт. Яны разважаюць пра саму прыроду кахання так: калі ў вас з'яўляецца брат ці сястра, вы ж не кідаеце любіць тых, якія ўжо ёсць?! Тое ж адносіцца да дзяцей, сяброў. Чаму ж такі тэзіс не можа прымяняцца да закаханых?

Даследаванні па пытанні поліаморыі пачынаюць праводзіцца ва ўсім свеце. Так, па дадзеных Newsweek, яшчэ некалькі гадоў таму ў ЗША больш за 500 тысяч людзей жылі ў поліаморных шлюбах. У асноўным, гэта людзі 30-40 гадоў. Больш за тое, прыхільнікі такіх адносінаў патрабуюць легалізаваць такую форму сям'і нароўні з аднаполымі шлюбамі.

З плюсаў такой арганізацыі сямейнага жыцця поліаморы адзначаюць большае сэксуальнае і эмацыянальнае задавальненне, чым у звычайных парах, больш насычанае і актыўнае жыццё, больш смеласці і падтрымкі для асобаснага росту. Поліаморы лічаць, што іх сем'і робяць больш шчаслівымі і дзяцей, паколькі тыя заўсёды акружаныя ўвагай і маюць больш магчымасцяў для падтрымкі і навучання.

З мінусаў адзначаюць складанасці ва ўсведамленні і выбары для сябе такога шляху, асуджэнне грамадства, неабходнасць спраўляцца з рэўнасцю, пачуццё віны за «няправільны» шлях у жыцці...

Нягледзячы на тое, што многія тэмы перастаюць быць табуяванымі, грамадства глядзіць на поліаморыю з неўхваленнем. Разам з гэтым набірае абароты тэндэнцыя да ўсё большага распаўсюджвання серыйнай манагаміі.

Уцёкі ад адзіноты

Пракаментаваць гэтую далікатную тэму мы папрасілі пастаяннага эксперта рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны», практыкуючага псіхолага, гештальт-тэрапеўта, групавога псіхатэрапеўта, праграмнага кіраўніка рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс» Максіма Пылёва.

– Не хачу гучных слоў пра тое, што такім адносінам няма месца ў нашым свеце. Калі яны існуюць, значыць, гэта ёсць. Але для мяне ў іх прысутнічае пэўны момант дэвіяцыі. Я працую ў рамках гештальт-падыходу, дзе вялікая ўвага надаецца ўсталяванню кантакту, блізкасці паміж людзьмі. Усё ж мне здаецца, што найбольш поўна гэта магчыма ў дыядных адносінах. Для поліаморных параў важнымі будуць пытанні дакладных межаў, рэўнасці. І ўсё ж, думаю, тут маюць месца ўцёкі ад блізкасці. Я аддаю перавагу манагаміі як форме адносінаў паміж мужчынам і жанчынай. Гэта не значыць, што я не заўважаю іншых жанчын ці не магу адчуваць да іх цікавасці. Але гэта азначае мой свядомы выбар не прадпрымаць захадаў для развіцця мноства адносінаў. І гэта не ўшчамленне сябе, а рашэнне. Думаю, што мужчына, які заводзіць такога роду адносіны, спрабуе ўцячы ад мужчынскай адзіноты (пра яе мы шмат гаварылі раней у рубрыцы «Пра што маўчаць мужчыны»). Маўляў, не атрымалася там, дык тут атрымаецца. І тады пытанне з самім унутраным станам гэтага мужчыны. Пажадана з гэтым разабрацца.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Відэа – Святлана Стахоўская, Андрэй Васкрасенскі.

Фота ў студыі – Андрэй Васкрасенскі.

156 0 40

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх