20 Снежня

Адно з сямі цудаў Лідчыны

Запалі танцпол
81 0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Непадалёк ад Ліды, пры дарозе на Ліпнішкі, ёсць вёска Цвермы. За ёй на ростанях вось ужо не адно стагоддзе прываблівае людзей незвычайнае святое месца. Яно лічыцца адным з сямі цудаў Лідчыны. Сюды падчас урачыстых набажэнстваў цячэ бясконцая плынь вернікаў розных канфесій.

Кажуць, тады дажджавыя хмары над Цвермамі рассейваюцца, і чамяра перастае даймаць прысутных. А самае галоўнае – людзі тут атрымліваюць ацаленні ад шматлікіх хвароб.

Недатыкальная сасна

Гаворка ідзе пра рэшткі цудадзейнай лекавай сасны і каплічку каля яе, дзе захоўваецца не менш цудадзейнае драўлянае распяцце Ісуса Хрыста. Згодна паданню, каля дарогі, што злучала вёскі Цвермы і Дворышча, расла сасна. Знянацку пачалася навальніца і заспела на дарозе жанчыну з нямым дзіцём. Жанчына вырашыла схавацца пад сасной. Так здарылася, што маланка трапіла ў гэтае адзінае дрэва. Моцна напалоханы нямы хлопчык выгукнуў: «Мама!». Жанчына ад радасці і здзіўлення падняла вочы да неба і ўбачыла, што стаіць пад незвычайным дрэвам. Сасна быццам перажыла нейкія пакуты: усе яе галінкі былі перакручаныя. Неўзабаве пра цуд даведаліся ў наваколлі.

Людзі вырашылі ўшанаваць сасну і паставілі побач драўляны крыж. З таго часу многія тут вылечваліся. У падзяку вешалі на галінкі дрэва вышываныя ручнікі і фартушкі, звярталіся да дрэва з просьбамі, загадвалі жаданні. Сасна лічылася не толькі святой, але і недатыкальнай. Калі хто спрабаваў ускараскацца на яе, то падаў і калечыўся.

 З цягам часу дрэва, з якога быў зроблены крыж, пачало рассыпацца. Вернікі бралі трэскі ад яго, як вялікую рэліквію, і неслі дадому. 

Справядлівае пакаранне

Другое паданне распавядае пра вялікую буру, якая паваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль забраў дахаты фігуру Хрыста з крыжа і паклаў у свіран. На другі дзень Стэфану прысніўся сон, дзе ён пачуў: «Навошта ты трымаеш мяне ў свіране?». Пасля гэтага Стэфан аслеп. Ягоная жонка разам з суседзямі дапамагла  яму зрабіць новы крыж, прымацаваць фігурку Хрыста і паставіць яго на старым месцы. Калі ўсё было зроблена, зрок вярнуўся да Стэфана. Новы крыж таксама, як і сасну, сталі лічыць цудадзейным. Штогод у дзень цуду і да самай смерці Стэфан з жонкай спраўлялі для ўсёй вёскі пачастунак: рэзалі цяля, куплялі піва.

Нараджэнне капліцы

Старажылы вёскі Цвермы сцвярджаюць, што не раз звярталіся да крыжа і сасны, і часта хваробы адступалі.

Адну жанчыну пазбавілі ад сардэчнай недастатковасці, іншых людзей ад сухотаў, ад шкарлатыны, шмат каго ад галаўнога болю і іншых хвароб. Неяк нават з Вільні прыязджала вяльможная пані і ў срэбных рублях паклала вялікую ахвяру.

І католікі, і праваслаўныя ў любое надвор’е ішлі і ехалі сюды, каб памаліцца аб сваім здароўі і здароўі блізкіх. На крыж навязвалі палатняныя фартушкі з нашытымі маленькімі крыжыкамі і аздобленыя ўдзячнымі надпісамі. Іх забаранялася здымаць пакуль самі не спарахнеюць.

Неяк чалавек з суседняй парафіі за свой кошт накрыў крыж цынкавай бляхай. З бакоў абклаў дошкамі, а пад крыжам уладкаваў стол-алтарык. З вуснаў у вусны разышлася вестка, што каля прыдарожнага крыжа аб’яўляецца сам Хрыстос і робіць розныя цуды. З таго часу фурманкі пачалі з’язджацца сюды нават з далёкіх ваколіц. У нядзелю там збіралася некалькі тысяч чалавек. Замест таго, каб пайсці да касцёла на імшу, праводзілі час у малітвах каля сасны пад крыжам, складалі грошы на столік. Тады людзі і вырашылі на тыя ахвяраванні будаваць капліцу. Тры гады ішло будаўніцтва, і на другі дзень Тройцы у 1935 г. капліцу асвяцілі па каталіцкім абрадзе. На свята сабралася каля 15 тысяч вернікаў.

Каплічка Узвышэння Святога крыжа

У 1960 г. камуністы разбурылі святыню, але вернікам удалося выратаваць крыж і перанесці ў Тракельскі касцёл. Пасля знішчэння капліцы, якая была помнікам архітэктуры народнага дойлідства, на яе месцы меркавалі паставіць геадэзічны знак. Сасна, што на той час была велічынёй у тры абхваты, замінала. Яе вырашылі таксама знішчыць. Але, як толькі пачалі пілаваць, з дрэва пацякла смала падобная да крыві. Работнікі спалохаліся і пакінулі хвою ў спакоі. Пасля раны святыня неўзабаве завалілася. Ніхто не наважыўся распілаваць ляжачае дрэва.

У 2007 г. на сродкі вернікаў каля сасны была пабудавана новая капліца. У яе вярнулі і крыж з рэшткамі фігуркі Хрыста, які 47 год захоўваўся ў Тракельскім касцёле. У гэтым жа годзе на Сёмуху каплічку асвяцілі. Яна атрымала назву Узвышэння Святога крыжа. З таго дня штогод на гэтае свята тут адбываюцца фэсты.


З’яўленню капліцы папярэднічала свая гісторыя. Мясцовы фермер яшчэ ў маладосці прысніў сон. Быццам ён стаіць каля векавой сасны і трымае ў руках яе галінку. А па ёй з шыпеннем паўзе змяя. Ён хоча адступіць, але няма куды. Раптам чуе голас: «Не бойся! Яна цябе не кране. Пастаў каля сасны крыж!» Ён прачнуўся і вырашыў паставіць крыж, але не паспяшаў і – захварэў. Тады ў 2006 г. ён разам з жонкай і сынам на гэтым месцы ўсталяваў металічны крыж. Хвароба сышла. Пасля гэтага вырашылі збудаваць тут капліцу.

Сёння старая сасна абдымае каплічку сваімі сухімі разгалістымі галінкамі. Цяпер яны расквечаны рознакаляровымі ахвярнымі стужкамі, якія з прашэннямі і малітвамі навязваюць паломнікі. Яны вераць, што цудадзейнае дрэва выканае іх просьбы.

81 0 43

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх