6 Кастрычніка

Пачатак новага жыцця альбо мяжа?! Эксперты пацікавіліся меркаваннем беларускіх мужчын ва ўзросце 45+

40+ Заставайся маладым
112 0 16
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як успрымаюць сябе мужчыны ва ўзросце 45? Як яны ставяцца да жыцця і як збіраюцца выбудоўваць яго сабе далей? Ці ёсць пэўная мадэль паводзінаў сярод мужчынскага насельніцтва ў гэтай узроставай катэгорыі, якая становіцца прычынай высокай смяротнасці сярод беларусаў, старэйшых за 45 гадоў? Знайсці адказы на гэтыя пытанні і выбудаваць тактыку паводзінаў, каб змяніць сітуацыю, якая склалася, – такая мэта ініцыятывы «Самы час!», якая прайшла ў Мінскай вобласці.

У рамках ініцыятывы эксперты правялі сацыялагічнае даследаванне. Яго вынікі аказаліся даволі песімістычнымі. Большасць рэспандэнтаў не лічаць самым галоўным клопат пра сваё здароўе, не жадаюць штосьці мяняць у жыцці ў лепшы бок, а ўзрост 45 гадоў успрымаюць, як пачатак старасці.

Пра вынікі даследавання інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі распавяла наш пастаянны эксперт, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Стыль і ўспрыманне жыцця

Існуе пэўны стэрэатып мужчынскіх паводзінаў: дом-сям'я-праца. Дасягнуўшы пэўных вышынь, большасць мужчын 45+ не бачыць далейшых перспектыў. Жыццё стабільнае і адносна спакойнае. Для многіх гэта і ёсць зона камфорту.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Разам з тым, нашы мужчыны кажуць, што ім не хапае вольнага часу. Для многіх знайсці час для сябе – гэта эгаізм. Але ж выдаткаваць пару гадзін на тое, каб заняцца спортам ці схадзіць да ўрача, – элементарны клопат пра ўласнае здароўе.

Па словах эксперта, многія з рэспандэнтаў адзначалі, што ў іх няма магчымасці расслабіцца і адпачыць. І прычына гэтаму – недахоп фінансаў. Але ж у Беларусі ёсць цудоўныя магчымасці для выдатнага баўлення часу, упэўненая Людміла Жылевіч.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Прыемна, што ў нас з'яўляюцца такія сем'і, якія вандруюць па краіне, выходзяць з намётамі на возера, ходзяць на байдарках. Магчыма, трэба перагледзець і сфармаваць новую мадэль унутранага турызму. Мы выступалі з такой прапановай падчас абмеркавання праекта нацыянальнай стратэгіі (дакумент будзе вызначаць асноўныя напрамкі работы для падтрымання актыўнага даўгалецця сярод пажылых людзей. – заўв.аўтара): развіваць у нашай краіне сямейны адпачынак. Актыўнае жыццё, новыя станоўчыя ўражанні і эмоцыі неабходныя, каб чалавек старэў фізіялагічна.

Жаданні і стаўленне да здароўя мужчын 45+

Асноўнае жаданне – быць здаровым. Але, як правіла, яно прымае якіясьці паталагічныя рысы: ад поўнай пагарды да панікі пры невялікім захворванні.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Любое адхіленне ад нормы імі ўспрымаецца, як катастрофа. На фоне гэтага ўзнікаюць дэпрэсіі, панічныя атакі, інфаркты і інсульты. Вельмі часта мужчыны, старэйшыя за 45 гадоў, у гутарцы кажуць пра сябе ў мінулым часе: «я зрабіў», «гэта ўжо было»... А дзе – «я буду», «у мяне будзе», «я яшчэ зраблю»? Няўжо жыццё ў 45 заканчваецца? Дарэчы, у гэтых адносінах цалкам па-іншаму паводзяць сябе тыя, каму споўнілася 60. Яны поўныя планаў і захапленняў, энтузіязму і жадання жыць.

На жаль, мужчыны ва ўзросце 45+ часта ўспрымаюць гэтую дату, як мяжу. Многія абсалютна ўпэўненыя, што ўжо нельга заставацца здаровым, хаця б адно захворванне ды павінна быць. У гэтай сітуацыі ёсць два бакі аднаго медаля: адны будуць наведваць спецыялістаў з любой нагоды і без, іншыя – абыходзіць дактароў бокам.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Чамусьці ў нас так склалася, што калі мужчына кажа пра свае праблемы са здароўем, значыць, ён слабы. Часам, нават пачуваючыся блага, ён працягвае бравіраваць, пакуль не здарыцца трагедыя. У такой сітуацыі вялікую ролю мы надаем жанчынам: калі трэба, дык варта прымусіць свайго мужчыну, а часам і схадзіць разам з ім на кансультацыі да ўрачоў.

Дарэчы, на пытанне пра тое, што можа захаваць здароўе, усе апытаныя мужчыны адзінадушна адказалі: спорт, правільнае харчаванне і адмова ад шкодных звычак, адсутнасць стрэсаў. На іх думку, менавіта гэтыя чатыры фактары могуць павялічыць працягласць жыцця і скараціць рызыку хранічных захворванняў.

Актыўны лад жыцця

Гэта – хобі, тое, чым можна займацца ў вольны пасля працы час. Так адказала большасць рэспандэнтаў. Шмат каму заняцца спортам перашкаджаюць уласныя перакананні (што падумаюць іншыя) і... лянота, нібыта дрэннае самаадчуванне, недахоп грашовых сродкаў.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Але ж ёсць шмат актыўнасцяў, для заняткаў якімі не трэба ісці ў дарагую спартзалу або набываць спецыяльнае абсталяванне! Хада, бег ды і проста прагулкі на свежым паветры – выдатны сродак для добрага самаадчування і паляпшэння спартыўнай формы. Але пакінуць сваю зону камфорту, а яна часцяком абмяжоўваецца канапай, для многіх – непасільная праца. На жаль, маларухомы лад жыцця вельмі часта прыводзіць такіх мужчын на бальнічны ложак.

Стаўленне да дадатковага навучання

Самымі запатрабаванымі сярод рэспандэнтаў сталі курсы вывучэння замежных моў, камп'ютарныя і будаўнічыя, а таксама курсы кіравання аўтамабілем. Ніхто не выявіў жадання цалкам змяніць сваё жыццё, каб, напрыклад, асвоіць новую прафесію ці адкрыць сваю справу.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Тэзіс пра тое, што трэба ўдасканальвацца, беларускія мужчыны разумеюць і ўспрымаюць. Але пры гэтым не збіраюцца вучыцца чамусьці новаму і глабальнаму.

Выснова

Як распавяла Людміла Жылевіч, даследаванне паказала, што значная частка беларускіх мужчын, старэйшых за 45 гадоў, пачынае актыўна рыхтавацца да выхаду на пенсію. Яны лічаць, што ў такім узросце нельга быць здаровым, перастаюць весці актыўны лад жыцця, ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты. Гэтая мадэль паводзінаў даўно састарэла. Яна прыводзіць да таго, што зніжаецца працягласць і якасць жыцця, расце захворванне на неіфекцыйныя хваробы, абвастраюцца хваробы хранічныя.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Адна з задач – знайсці і прапанаваць мужчынам больш прывабныя мадэлі паводзінаў, чым тыя, што дзейнічаюць зараз, пераламаць стэрэатыпы, якія склаліся. Калі хочаце, стварыць прывабны вобраз мужчыны, які б стаў модным, быў у трэндзе і на яго б раўняліся.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

112 0 16

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх